Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Асьветнікі зямлі Беларускай: Энцыкляпэдычны даведнік / Рэд. калегія: Г.Пашкоў ды інш.; Мастак У.Жук. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2001. — 496 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-11-0205-9

Станіслаў Дубянецкі, загадчык рэдакцыі філязофіі, эканомікі й права выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя», заўважыў недакладнасьці ў папярэдняй нататцы пра кнігу. У даведніку зьмешчаныя артыкулы пра жыцьцёвы й творчы шлях блізу 750 прадстаўнікоў філязафічнае й грамадзкае думкі Беларусі ад Х да ХХ ст. Кніга створаная на матэрыялах энцыкляпэдычнага даведніка «Мысьліцелі й асьветнікі Беларусі» (Менск, 1995), але ў сёлетнім выданьні на 100 пэрсаналіяў больш. Затое ў новым даведніку няма ўрыўкаў з твораў мысьляроў, тлумачальнага слоўніка ды іменнага паказьніка — відаць, за гэты час мы крыху паразумнелі. Кніга каштуе 2,6 т. р. у кнігарні «Энцыкляпэдыя» (Акадэмічная, 15 а) і 3,4 т. р. у іншых крамах.

С.Рудовіч. Час выбару: Праблема самавызначэньня Беларусі ў 1917 г. — Менск: Тэхналёгія, 2001. — 201 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-458-001-6

Манаграфія прысьвечаная гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў часе першае сусьветнае вайны й распаду Расейскае імпэрыі. Кніга складаецца з разьдзелаў: «Падзеньне расейскага царызму й Беларусь», «Грамадзка-палітычная барацьба ў Беларусі па нацыянальным пытаньні ў лютым-кастрычніку 1917 г.», «Кастрычніцкае паўстаньне й пытаньне пра лёс Беларусі». Пры канцы ёсьць паказьнік імёнаў. Каштуе крыху больш за 2,5 т. р.

Н.Гиль. У времени в плену. — Москва: Можайск-терра, 2001. — 224 с. — Наклад 2000 ас. ISBN 5-7542-0084-6

Кніга напісаная братам народнага паэта Ніла Гілевіча — Міколам Гілём пра Генадзя Карпенку. У ёй распавядаецца пра жыцьцёвы шлях Карпенкі ад народзінаў да скону, падаецца неафіцыйная вэрсія сьмерці вядомага палітыка. У кнізе багата фатаздымкаў зь сямейнага альбому. Прыканцы зьмешчаныя колькі артыкулаў і найлепшыя фрагмэнты выступаў Карпенкі. Няясна, ці будзе кніга ў кнігарнях, шукайце праз арганізацыі «трэцяга сэктару».

Падрыхтаваў Віктар Мухін

 

Беларускі Гістарычны Агляд

Том 7 Сшытак 2 (13). Сьнежань 2000

Днямі выйшаў з друку 13-ы нумар “Беларускага Гістарычнага Агляду”. Кожны, каму цікавая гісторыя, знойдзе ў ім матэрыял па сваім гусьце. Мэдыявісты пачытаюць артыкул Васіля Вароніна пра полацкіх путных слугаў у ВКЛ, аматары БССРаўскай спадчыны — дасьледаваньне Сяргея Хоміча пра этапы фармаваньня тэрыторыі Рэспублікі, той, хто цікавіцца рэлігійнымі праблемамі — пра “Пашырэньне праваслаўя ў Беларусі ў ХІХ ст.” Андрэя Пятчыца.

Маладыя гісторыкі з Вэстфальскага ўнівэрсытэту ў Мюнстэры Морыц Люк і Цім Рыхтар падаюць артыкул “Паляваньне дазваляецца”: барацьба з партызанамі ў “генэральным камісарыяце Беларутэнія”. На падставе нямецкіх дакумэнтаў яны распавядаюць пра жудасныя акцыі супраць партызанаў, якія ператвараліся ў вынішчэньне мірнага насельніцтва. Дасьледчыкі не абцяжараныя ідэалёгіяй і палітычнымі ўстаноўкамі, таму глядзяць на падзеі вайны аб’ектыўна, па-нямецку пэдантычна: “Насельніцтва, якому пагражалі нападзеньні партызанаў… з аднаго боку, і калектыўныя расправы, што праводзіліся немцамі… з другога, апынуліся паміж савецкім “молатам і нацыянал-сацыялістычным кавадлам”. Вільгельм Кубэ энэргічна пратэставаў супраць зьнішчэньня людзей. У тэксьце падаюцца ягоныя цытаты: “Беларусы — надзвычай прыстойны, старанны народ…”, “Мы ж маем справу ня з нэграмі!”.

Лявон Юрэвіч знаёміць паспалітага чытача зь беларускай кнігавыдавецкай справай часоў апошняй вайны. За нямецкай акупацыяй, побач з мастацкай літаратурай, выходзілі й кнігі прыкладнога характару: граматыкі, падручнікі, лемантары, календары для сялянаў. Прыкладам, 6-е выданьне “Граматыкі” Тарашкевіча выйшла накладам у 100 тыс. асобнікаў, “Беларусь учора і сяньня” Найдзюка — 50 тыс. Значная частка гэтых кніжак ляжыць і цяпер на гарышчах у людзей.

Апрача гэтых матар’ялаў, у нумары “БГА” ёсьць багата іншага — напрыклад, тэксты Гуінза Прызна “Вусная гісторыя”, Ігара Войніча “Сільвэстар Косаў — Язафат Кунцэвіч”. У нумары рэцэнзуецца шмат гістарычнай літаратуры. Ёсьць інфармацыя пра дысэртацыі, абароненыя па гісторыі ў 2000 г. — каб болей не пісалі на такія тэмы.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0