Аб усім патроху

 

Шчыльнымі радамі

Каб перашкодзіць магчымым спробам фальсыфікацыі вынікаў выбараў, 10 верасьня апазыцыя плянуе правесьці ў Менску шэраг акцыяў. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец заклікаў усіх, “каму дарагая праўда і свабода”, выйсьці на плошчу Незалежнасьці, каб “адсьвяткаваць перамогу дэмакратычнага кандыдата або каб адстаяць сваю перамогу”. Са словаў Севярынца, у дзень выбараў з Воршы, Берасьця, Гомелю й Маладэчна ў Менск накіруюцца калёны дэмакратычна настроенай моладзі. Яны пойдуць пешшу, каб да іх маглі далучыцца ўсе ахвотныя.

 

 

Ганчарык абяцае рэабілітацыю

У.Ганчарык паабяцаў у выпадку сваёй перамогі на выбарах аднавіць працоўныя правы 58 рабочых менскага мэтрапалітэну, звольненых падчас страйку ў 1995 г. Ганчарык і раней зьвяртаўся да генэральнага пракурора, старшыні менскага гарвыканкаму і прэзыдэнта з просьбай аднавіць мэтрапалітэнаўцаў на працы, але тыя яго ня слухалі.

Б.Т.

 

Удакладненьні

У артыкуле Юліі Андрэевай “Караоке па-беларуску”, надрукаваным у №21 (230) “НН”, былі дапушчаныя недакладнасьці: замест “на вул.Каліноўскага” трэба чытаць “на вул.Сядых”, замест “У 1970 г. у Менску адбываўся Ўсесаюзны конкурс піяністаў” трэба чытаць “У 1972 г. …” і г.д. па тэксьце.

А ў №33 “НН” ад 13 жніўня замест “акадэмік Мікалай Кастэль” трэба чытаць “акадэмік Мікалай Картэль”.

Просім прабачэньня ў нашых чытачоў.

 

Пацярпелыя за Беларусь

У Віцебску за распаўсюджаньне недзяржаўнае прэсы затрымалі пэнсіянэрку Людмілу Церашонкаву. Таксама былі затрыманыя зуброўцы Алесь Сухадолаў, Зьміцер Семянкоў, Кірыла Волкаў, Зьміцер Рабаконь, Ёран Максімаў, Зьміцер Калашнікаў і няпоўнагадовы Ігар Альшанка. У Горадні 19 жніўня былі затрыманыя маладафронтаўцы Алег Заблоцкі, Валер Руселік, Тацяна Саковіч, Юры Сьвірыдзенка, Вольга Камягіна, Кастусь Грынчанка, Аляксей Ткачук, Вадзім Саранчукоў, Алеся Сідлярэвіч. 23 жніўня таксама за расклейку перадвыбарных плякатаў У.Ганчарыка былі затрыманыя Вадзім Села і Максім Губарэвіч. У Менску былі затрыманыя маладафронтаўцы Кастусь Зьмітрыевіч, Алесь Васілеўскі, Віталь Кошалеў, Аляксей Кошалеў, Алесь Янкоўскі.

21 жніўня ў Віцебску падчас пікету КХП-БНФ былі затрыманыя Ўладзімер Плешчанка і маладафронтавец Андрэй Капорыкаў.

У той самы дзень у Магілёве падчас пікету затрымалі Ўладзімера Гайдукова, Аляксея Шываронка і Валер’я Разумава. У гэтую ж ноч міліцыянты затрымалі маладафронтаўцаў Андрэя Качароўскага і Ганну Зюзіну, якія расклейвалі партрэты Ганчарыка. У вёсцы Галубіца Петрыкаўскага раёну затрыманыя зуброўцы Зьміцер Карпенка і Дзяніс Чыкелеў. 23 жніўня ў Менску быў затрыманы зубровец Ігар Сюльда. 25 жніўня ў гарадзенскім гатэлі “Маналіт” быў затрыманы грамадзянін ЗША, супрацоўнік амэрыканскага Цэнтру міжнароднай працоўнай салідарнасьці Робэрт Філбінг. Яго вінавацяць у парушэньні пашпартнага рэжыму і зьбіраюцца дэпартаваць з краіны.

 

Лявон Ачапоўскі, Віталь Кошалеў, Дзяніс Мархаток, Аляксей Талстоў, Франц Корзун, Зьміцер Чарткоў, Павал Красоўскі, Аляксей Уланаў, Віктар Барысаў, Зьміцер Ляшчынскі, Яўген Мурашка з Жодзіна, а таксама Алесь Торап, Эдуард Саранчук, Сяргей Гардзіевіч, Аляксей Жура, Юлія Шкурко, Руслан Лютарэвіч, Кірыла Ксяндзоў, Мая Бобрык, Аляксандар Іваноў, Андрэй Ігнаценка, Сяргей Сарока, Аляксандар Сямашка зь Сьветлагорску, памылкова названыя ў мінулым нумары “НН” зуброўцамі, насамрэч зьяўляюцца маладафронтаўцамі.


Лісты ў рэдакцыю

 

Ня хочуць быць вольнымі

У пятніцу 17 жніўня Глыбоцкае аддзяленьне “Белсаюздруку” адмовілася браць у продаж газэту “Вольнае Глыбокае”.

 

Заснавальніку газэты Ўладзімеру Скарабатуну загадчыца аддзяленьня гэтую зьяву матывавала наступным чынам: “Ваша газэта прыгожая і танная. Вядома ж, яе купляюць хутчэй, чым “Советскую Белоруссию”. Мы нават ня можам прадаць 5 асобнікаў “Советской Белоруссии”, якія паступаюць у кожны кіёск. Мы павінны прадаваць у першую чаргу свае газэты, якія знаходзяцца на датацыях дзяржавы. Ад вашай газэты нічога ня маем, не патрэбныя нам і гэтыя 25 —працэнтаў за рэалізацыю. Калі мы ня выканаем пляну, нас пазбавяць прэміяльных, так што рвем дамову. Прадавайце самі”.

Адна чытачка, якая набывала газэту на рынку ў распаўсюдніка, сказала: “Чула, што раніцой начальства патэлефанавала ў “Белсаюздрук”, каб ня бралі вашай газэты ў продаж, таму вось і пайшла на рынак...”

Праблема ўзьнікла адразу, калі “Вольнае Глыбокае” пачало выходзіць штотыднёва з каляровым дадаткам “Плюс ТВ”. Але праблема, відавочна, ня ў гэтым. Наперадзе прэзыдэнцкія выбары! Трэба, каб адным вольным словам стала менш.

Л.Шпак, Глыбокае

 

Загаварыць на Мове

У пачатку 90-х беларусам-вяскоўцам далі дэмакратыю. Тыя паглядзелі і спачатку нічога не зразумелі.

 

Тады дэмакратыю спрасьцілі да простага адказу на пытаньне: “Хто з прапанаваных людзей вам больш падабаецца?”. Вяскоўцы паказалі пальцам на такога ж вяскоўца, як і яны. Так у Беларусі зьявіўся першы прэзыдэнт, які ўзяў курс на кансэрвацыю традыцыйнага грамадзтва.

Што ж рабіць, каб з народнасьці стварыць нацыю? А нічога. Не інтэлігенцыі гэта справа. Яна сама створыцца. Як паказаў А.Чобат, нельга ў горадзе жыць па вясковых законах вечна. Да таго ж цывілізаваная Эўропа пад бокам: глядзі й вучыся.

Затое інтэлігенцыя можа садзейнічаць нацыяналізму. Але для гэтага трэба самому цьвёрда вызначыцца, бо любыя перамены трэба пачынаць зь сябе (а не ад улады іх патрабаваць). А то ў нас шмат такіх “нацыяналістаў”, якія ў краме баяцца беларускае слова сказаць. А тут яшчэ гэтыя “зубры”. На чужыя грошы нацыі не пабудуеш, а прыход да ўлады ненацыяналіста нічога прынцыпова не вырашае. Каб нешта атрымалася, трэба сабой ахвяраваць. І тут не абавязкова пасьці ў баі – дастаткова загаварыць на Мове. Вытравіць зь сябе калгаснага халуя. Ад інтэлігенцыі нічога больш і не патрабуецца. Але калі ты гэта зрабіў, то можаш, калі хочаш, пачынаць вучыць іншых: ці займацца палітыкай, ці прапагандаваць беларускую музыку, ці пашыраць нацыянальную ідэю праз існую сыстэму адукацыі. Толькі трэба гэтыя намаганьні, як слушна піша Вадзім Шышко, скіраваць на моладзь. Думка Марыі Салаўёвай, што “жудасны сьветапогляд бацькоў” трэба пераадольваць пры дапамозе асьветы, творчасьці, грамадзкіх ініцыятываў і любові, зьяўляецца ўтапічнай. Сьветапогляд фармуецца ў маладыя гады, потым яго не пераадолець. Дзякуй Алесю Чобату!

Зьміцер Віцько, Аталезь (Стаўпеччына)

 

Жніво, або думкі ўніз галавой

Каторы ўжо дзень шчырую зь сярпом. Пшаніца вырасла неблагая, але камбайн падыдзе не раней, як празь месяц, калі мая збажына паляжа, заб’ецца травой і часткова будзе абмалочаная птушкамі. Нічога больш не застаецца, як завіхацца зь сярпом.

Серп – вынаходніцтва вельмі даўняе, ледзь не з каменнага веку. А вось дажыў жа і да нашых дзён. Прынамсі, у Беларусі, дзе гадоў 20 таму быў ужо амаль пабудаваны камунізм, а зараз будуецца нейкі новы тып грамадзтва. У аснове гэтага “новага” грамадзтва – людзі сталага веку, пэнсіянэры, якія звыклі працаваць да сёмага поту. Асноўныя прылады іх працы: плуг, рыдлёўка, каса, вілы, мех ды вось яшчэ гэты рэлікт – серп. Менавіта дзякуючы іхнай самаадданай працы існуе ўся сыстэма з вэртыкальлю і гарызанталямі. Мой бацька таксама з гэтых людзей. Старому 78 гадоў, пэнсія ці не ўдвая большая за мой заробак, а ён яшчэ 2 каровы трымае, 5 сьвіней, коніка ды гектар зерневых і 70 сотак бульбы пасадзіў. Ня можа чалавек не працаваць. Яму ўсё жыцьцё зламалі, калі сьсялілі з хутара і загналі ў калгас. Ён памаладзеў год на 10, калі зноў свайго коніка займеў.

Начальнікі кажуць, што без калгасаў мы не пражывем. Начальнікі, можа, і не пражывуць. А гаспадары выжывуць, ды яшчэ па дзясятку чалавек змогуць пракарміць. Гараджане могуць захвалявацца: як жа бяз таннай сельгаспрадукцыі, якую дае вёска. Яны і зараз ні прадуктамі, ні зарплатай не абдзеленыя, бо калі іх пакрыўдзіць – могуць выйсьці на вуліцы і сказаць сваё моцнае пралетарскае: “Далоў!”. А ў вёсцы сапраўдны ГУЛАГ атрымліваецца: хоць і на свабодзе, а цэлы дзень галавой уніз ад цямна да цямна і амаль што бясплатна працуюць.

А то рапартуюць з усіх бакоў: валавы нацыянальны прадукт падвышаецца, заробак падвышаецца, надоі і прывесы таксама. Вось-вось узроўню таго самага недабудаванага камунізму дасягнем... Галавой уніз на санцапёку ці гэтаксама пад дажджом на бульбянішчы.

Стоячы ўніз галавой, думаю яшчэ і аб тым, што будзе сёньня есьці сям’я. Ашчаджаеш кожны рубель, а ў выніку іх усё адно не хапае нават на самае неабходнае. Дзякуй Богу, грыбы ў лесе пайшлі. У лесе цяпер поўна людзей, тут хутчэй знаёмага сустрэнеш, чым на вуліцы, усе нейкі пажытак шукаюць.

Мне здаецца, што большасьць людзей у нашай краіне так і жыве – галавой уніз. Адны ад несупыннай напружанай працы выпрастацца ўжо ня могуць, другія – перад начальствам звыклі стаяць у такой позе, а большасьці проста так зручней: перавернешся галавой уніз — і ўсё ў жыцьці робіцца зразумелым, ВНП расьце. Шчыруе сяло. Па гектару зямлі дазволілі ўзяць і каня займець. Цяпер не хвалюйся, прэзыдэнт, – не падвядзем. І з рэформамі ня трэба сьпяшацца. Навошта нешта мяняць, калі можна проста стаць уніз галавой. Вось толькі за будучае крыху трывожна: што будзе, калі вымруць усе тыя, каму зручна ўніз галавой? Моладзь саладзейшага жыцьця хоча, нагледзеліся па тэлевізары, як у іншых краінах жывуць, ня хочуць стаяць ракам.

Георгі Станкевіч, вёска Старыя Рэчыцы (Бешанковіччына)

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0