15 тысяч назіральнікаў на 6500 участкаў

На пытаньні “НН” адказвае Алесь Бяляцкі, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Незележнае назіраньне”.

 

“НН”: Адзін з дэвізаў сёлетняга назіраньня — “Кожны голас будзе ўлічаны!” Дзе гарантыі гэтага? Які будзе мэханізм кантролю за сумленнасьцю выбараў?

А.Б.: Назіраньне ажыцьцяўляюць дзьве вялікія кааліцыі арганізацыяў: Цэнтральная каардынацыйная рада па назіраньні за выбарамі і Асамблея няўрадавых арганізацыяў. Каля 15 тыс. асобаў выказалі жаданьне назіраць. І гэта на 6500 выбарчых участкаў у Беларусі. Пад ціскам з боку адміністрацыяў, мясцовых уладаў, праўда, хто-ніхто ўрэшце адрачэцца назіраньня. Улады спрабуюць абліць брудам сам панятак назіраньня. Міністэрства юстыцыю публікуе ўжо трэцюю заяву, дзе выказвае сумнеў у законнасьці нашай грамадзкай ініцыятывы. Аднак большасьць людзей не спалохаецца. Яны аб’яднаныя жаданьнем зьмяніць сытуацыю, вылезьці з таго бруду, у якім нас трымае сёньняшняя ўлада. Людзі хочуць, каб не адбылося падмены бюлетэняў, а гэтага напэўна можна чакаць ад нашай улады.

“НН”: Як Вы зьбіраецеся перашкодзіць фальсыфікацыям у часе датэрміновага галасаваньня?

А.Б.: Так, мы баімся папярэдняга галасаваньня, так, скрыні не падпісаныя назіральнікам, і назіральнік ня ведае, што са скрыняю робіцца ўначы, так, мы атрымліваем копіі пратаколаў, не падпісаныя сябрамі камісіі, мы ня можам прымусіць сяброў камісіяў падпісаць гэтыя пратаколы, што робіць нашую копію проста прыватнымі нататкамі назіральніка. Але справа масавай фальсыфікацыі простая тады, калі грамадзтва абыякава ставіцца да выбараў. А калі грамадзтва актывізаванае, калі ёсьць жаданьне зьмяніць сытуацыю, калі ўзьнікае грамадзкая ініцыятыва кшталту нашай, сытуацыя ўскладняецца. Я веру, што тая грамадзкая сытуацыя, якая створыцца да 9 верасьня, і тыя маральныя прынцыпы, якія ёсьць у беларускім грамадзтве, не дазволяць значнай колькасьці фальсыфікацыяў. А калі іх будуць прымушаць гэта рабіць, мы атрымаем тысячы сьведчаньняў гэтага.

Праўда ўсплыве. Такія маштабы не схаваць. І вельмі важна, што ў нас будуць міжнародныя назіральнікі. Прысутнасьць назіральніка, атмасфэра грамадзтва, якое жадае зьменаў, прымусіць і сяброў камісіяў, і прадстаўнікоў мясцовай улады заняць нэўтральную пазыцыю. У размовах з назіральнікамі “вэртыкальшчыкі” неаднаразова падкрэсьлівалі: нават і пальцам не варухну, каб фальсыфікаваць выбары. А нам толькі гэта і трэба.

Нам трэба праўдзівыя вынікі. Калі кампанія Лукашэнкі, выкарыстоўваючы свае сродкі й рэсурсы, СМІ, уладу й г.д., пройдзе больш пасьпяхова, чым кампанія Ганчарыка, мы вымушаныя будзем зафіксаваць перамогу Лукашэнкі. Усе гарады, мястэчкі, цэнтры, будуць забясьпечаныя назіраньнем, блізкім да 100%. На вясковых участках сытуацыя больш складаная, бо людзі там моцна залежаць ад выканаўчай улады.

Сыстэма назіраньня адпавядае выбарчай сыстэме Беларусі. На 158 адміністратыўных раёнаў у нас 158 раённых камандаў назіральнікаў. На чале кожнай — два каардынатары, якім дапамагае юрыст, які адсочвае законнасьць выбарчых працэдураў. Выбарчы працэс ідзе ўжо 2 месяцы, і яны адсачылі фармаваньне раённых участковых выбарчых камісіяў, рэгістрацыю назіральнікаў. І за гэтыя два месяцы яны напісалі каля 300 скаргаў у вышэйшыя камісіі, у пракуратуру, і на асабліва грубыя парушэньні закону там вымушаныя рэагаваць.

“НН”: Як хутка Вы атрымаеце інфармацыю пра вынікі галасаваньня?

А.Б.: Да раніцы 10-га мы атрымаем інфармацыю з большасьці ўчасткаў і зможам рабіць рэальныя прагнозы. Для большай дакладнасьці інфармацыі мы будзем выкарыстоўваць паралельную сыстэму падліку галасоў, апрабаваную ў некалькіх дзясяткаў краінаў, якая дае магчымасьць уведаць папярэднія вынікі галасаваньня праз 2—3 гадзіны пасьля сканчэньня выбараў. Яны складзеныя на падставе 5-працэнтавай выбаркі пратаколаў выбарчых камісіяў, раскладзенай прапарцыйна паміж вёскай, раённымі цэнтрамі й вялікім гарадамі. Гэтая выбарка зробленая навукоўцамі, сацыёлягамі, статыстамі. Пад яе была створаная адмысловая кампутарная праграма. Яе спраўджвалі спэцыялісты, навукоўцы, якія ня маюць дачыненьня да “Незалежнага назіраньня”. Мы атрымаем зьвесткі раней за ЦВК, але абнародуем іх пазьней, падмацаваўшы копіямі пратаколаў, якія назіральнікі возьмуць у выбарчых камісіях, пратаколамі парушэньняў, што ў выпадку масавых фальсыфікацыяў паслужаць матэрыялам для судовых працэсаў. Варта сказаць пра адказнасьць за парушэньні на выбарах. Паводле арт.192 Крымінальнага кодэксу Беларусі, “фальшаваньне дакумэнтаў на выбарах ці парушэньне таямніцы галасаваньня, ці сьвядома няправільны падлік галасоў, ці іншае скажэньне вынікаў галасаваньня, зьдзейсьненае сябрам камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ці іншай асобай, якая прымала ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў — караецца штрафам, ці пазбаўленьнем права займаць пасады такога кшталту або займацца пэўнай дзейнасьцю, ці папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленьнем волі на той самы тэрмін”.

“НН”: А чаму гэтая сыстэма так дэманізуецца ў афіцыйных СМІ?

А.Б.: Чалавек, які не крадзе, нічога й не баіцца. Тое ж самае з нашымі ўладамі. Калі ёсьць з-за чаго ЦВК перажываць, дык яна й перажывае.

“НН”: А як Вашыя назіральнікі ўведаюць, за каго галасавалі тыя людзі, што прыйшлі на выбары? Апытаньне выбарцаў на выхадзе забаранілі…

А.Б.: Сыстэма паралельнага падліку галасоў будзе складацца па выніках афіцыйных пратаколаў выбарчых камісіяў з 500 участкаў. Натуральна, калі назіральнік адзначыць, што прагаласавалі 200 чалавек, а потым у скрыні выявіцца 500 бюлетэняў, такі вынік будзе пастаўлены пад сумнеў. Паралельны падлік галасоў фактычна выключае магчымасьць перапісваньня пратаколаў на выбарчых участках пасьля сканчэньня выбараў. Самы небясьпечны момант — перавоз пратаколаў з выбарчых участкаў у тэрытарыяльныя камісіі. Бо старшыня з сакратаром могуць зайсьці ў любы кабінэт выканкаму ды перапісаць пратакол на свой капыл. А паралельны падлік галасоў выключае такую магчымасьць. Я думаю, таму наша ўлада так і хвалюецца.

Нам трэба нармальна правесьці гэтыя выбары, і кожны з нас павінен якасна зрабіць сваю працу — змабілізаваць выбарцаў, праназіраць як сьлед. Я не дапускаю думкі, што мы можам кепска спрацаваць, мы павінны спрацаваць добра. Досыць нам ужо абы-як працаваць.

Гутарыла Сьвятлана Курс


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0