17.06.2007 / 11:58

Гэта страшнае слова "дэфолт" Чаму ім вырашыў стрэліць афіцыйны кіраўнік? 3

Фінансавыя абвалы не ў апошнюю чаргу спараджаюцца менавіта панікай, псыхозам шырокай публікі. Дык нашто будзіць ліха? Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Як вядома, страшнаватае слоўца "дэфолт" стала гуляць апошнімі днямі сярод нашай палітызаванай (і "эканамізаванай" :-) публікі з падачы самога афіцыйнага лідэра. Прэзэнтуючы новага начальніка Міншчыны ("губэрнатара", як кажа афіцыёз, хоць у тытулах смакуючы атрыбутыку заходняга ладу :-), Лукашэнка ашаламіў прызнаньнем, што падчас нафтагазавай вайны Беларусь была на валасок ад дэфолту. Вось вам і ўся славутая стабільнасьць!

Круціцца, аднак, пытаньне, чаму кіраўнік сам вырашыў стрэліць гучным тэрмінам. Звычайна на прэсу ды незалежных экспэртаў цыкаюць за "распальваньне нездаровых жарсьцяў" кідкімі слоўцамі. Бо фінансавыя абвалы, напрыклад, не ў апошнюю чаргу спараджаюцца менавіта панікай, псыхозам шырокай публікі. Дык нашто будзіць ліха?

Гэтае ды іншыя пытаньні будуць абмяркоўвацца ў чарговым "Праскім акцэнце", што выйдзе ў этэр "Свабоды" сёньня а 18-й. Аўтар і вядоўца Юры Дракахруст сфармуляваў тэму так: "Пэрспэктывы "дэфолту": эканамічнага, палітычнага і псыхалягічнага".

Беларускі кіраўнік проста недакладна апэруе тэрміналёгіяй, мяркуе маскоўскі ўдзельнік перадачы Павал Шарамет. З фрагмэнтамі ягоных разважаньняў ужо зараз можна азнаёміцца на сайце "Свабоды". Геніяльныя думкі іншых суразмоўцаў Юры Дракахруст вырашыў раней часу не рассакрэчваць :-)

Распавядаю пра перадачу не таму, што сам фігурую сярод удзельнікаў, а каб зьвярнуць увагу сеціўнай публікі вось на што: сайт радыёстанцыі на вачох становіцца ўсё болей апэратыўным ды зьмястоўным. І заканамерна, што ён сярод лідэраў ў мэдыйным сэгмэнце інтэрнэт- рэйтынгаў.

Зручнай рэччу ёсьць, напрыклад, анонсы перадачаў дня. Хаця сам я, шчыра кажучы, кантэнт "Свабоды" звычайна ня слухаю, а менавіта чытаю на сайце. Бальшыня маіх знаёмых перайшла на такі самы фармат.

Рэч нават ня ў тым, што надта ня купіш прыймач з кароткімі хвалямі. Мая яшчэ савецкая "Сэлена" хоць і працуе безадмоўна, але зарастае пылам, бо няма часу ўключаць ды ганяцца за капрызнай хваляй. У крайнім выпадку нейкую цікавую перадачу ў аўдыёфармаце можна спампаваць з таго самага сайту.

Сёньня з улікам гэтых рэаліяў беларуская служба "Свабоды" пераносіць акцэнт працы менавіта на ўэб-складнік. Тым самым шляхам ідзе, наколькі я ведаю, і "Радыё Рацыя". І хоць калегі-радыйнікі трохі бурчаць, што даводзіцца дадаткова шчыраваць (інтэрнэт-афармленьне кладзецца пераважна на саміх журналістаў), але выйгрыш для аўдыторыі несумненны.

Увогуле, кажучы гучна, сёньняшняя катаржная праца незалежных мэдыяў увойдзе ў падручнікі гісторыі айчыннай журналістыкі. У разьдзел "Дарэвалюцыйны пэрыяд" :-)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Scaner / Адказаць
18.06.2007 / 00:51
Сп.Аляксандр. Ды Радыё Свабода ужо 5 год нельга прымаць у Менску.На каго яны працуюуць? Трэба спытаць у іх. Але у раёнах яно чутна.Ды там я так разумее, яго мала хто слухае. Але і БТ ніхто зараз не глядзіць. У вёсцы таксама. А з горада зараз паехалі у вёску. Раскажам там ПРАЎДУ..............
0
Halina von Leipzig / Адказаць
18.06.2007 / 14:50
U Germanii Svaboda nje prymaecca-a-a-a-a!!!! :-(((( Chytaju na sajcje. A u Belarusi u tyh, hto uzrostam starejshy, Interneta zazvychaj njama. A pasluhac' - cjazhka, pryjom u Belarusi kepki. Defoltam ih tam, defoltam!
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ 2 Scaner, Halina von Leipzig / Адказаць
18.06.2007 / 15:37
Пра кепскі прыём і я казаў калегам не аднойчы. Але ж гэта не ад журналістаў залежыць. На болей магутныя перадатчыкі грошы патрэбныя, як я разумею. Ну а беларуская рэдакцыя "Свабоды" можа хіба што парады на сайце друкаваць, як пры дапамозе розных там дратоў, пачэпленых на гаўбцы, палепшыць лоўлю хваляў :-))
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру