На ўсё свой час

Досьвед барацьбы дэмакратаў з дыктатарамі на выбарах у Вэнэсуэле, Пэру, Югаславіі

Дзьве гэтыя лацінаамэрыканскія і балканская краіны маюць падобны да беларускага досьвед барацьбы з дыктатарамі-папулістамі. І Фухіморы, і Мілошавіч, і Чавэс прыйшлі да ўлады шляхам выбараў. Дыктатарамі яны сталі пасьля выбараў. Дэмакратычныя сілы, якія спрабавалі змагацца зь імі, даводзячы людзям высокія каштоўнасьці свабодаў, доўга цярпелі паразу. Тым ня менш, харызматычных дыктатараў у Пэру і Югаславіі ўрэшце перамаглі такія ж харызматычныя і крыху папулісцкія дэмакраты.

 

1992. Мілошавіч — Паніч

У 1992 г. першы прэзыдэнт новай Югаславіі пісьменьнік Добрыца Чосіч запрасіў на пасаду прэм’ера амэрыканскага бізнэсмэна-мільянэра югаслаўскага паходжаньня, кіраўніка фармацэўтычнай кампаніі ICN Паніча. Для гэтага нават давялося прасіць дазвол у прэзыдэнта ЗША. Паніч прыехаў з камандай кансультантаў і спрабаваў правесьці пераўтварэньні, але ахопленая крызысам Сэрбія цікавілася больш ваеннымі падзеямі, чым вольным рынкам. Празь нейкі час паміж прэзыдэнтам Саюзнай Югаславіі Чосічам і прэзыдэнтам Сэрбіі Мілошавічам пачынаецца канфлікт, бо Мілан Паніч на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах у Сэрбіі высоўвае ў процівагу Мілошавічу сваю кандыдатуру. Ён абяцае сэрбам росквіт, шматмільярдныя амэрыканскія пазыкі й грамадзянскія свабоды. Аднак выбарцы аддаюць уладу Мілошавічу, які, граючы на патрыятычных струнах душы ахопленага ваяўнічым настроем грамадзтва, казаў пра Вялікую Сэрбію й адстойваў правы сэрбаў у Харватыі і Босьніі. Мілан Паніч пасьля паразы зьехаў у ЗША.

На наступных выбарах у 1996—97 г. супраць Мілошавіча выйшаў партыйны блёк на чале зь ня менш папулісцкімі за Слабадана Драшкавічам і Джынджычам і здолеў атрымаць уладу ў рэгіёнах.

Канчаткова перамог Мілошавіча ў 2000 г. былы дысыдэнт, цэнтрыст Воіслаў Каштуніца. Заходняя прэса цяпер зьдзіўляецца падабенству стыляў кіраўніцтва Мілошавіча і цяперашняга югаслаўскага кіраўніцтва. Таму й перамаглі, што былі падобныя да Слабадана.

 

1995. Фухіморы — Пэрэс дэ Куэльяр

У 1990 г. на прэзыдэнцкіх выбарах у Пэру кандыдата ад правіцы, вядомага пісьменьніка Марыя Варгаса Льёсу перамог Альбэрта Фухіморы. Аграном паводле адукацыі, ён пачаў палітычную кар’еру за год да таго, як стаў прэзыдэнтам, стварыўшы сваю партыю “Перамены 90” на пустым месцы. Пасьля свайго абраньня Фухіморы распусьціў парлямэнт і скасаваў Канстытуцыйны суд – маўляў, ва ўладу трапілі тэрарысты і мафіёзі. Народ яго падтрымаў. У 1993 г. была прынятая новая Канстытуцыя, што гарантавала прэзыдэнту мала ня вечнае праўленьне.

У свой першы прэзыдэнцкі тэрмін (1990—1995 г.) Фухіморы разграміў лявацкія рухі, пасадзіўшы за краты каля 3 тысячаў сябраў мааісцкай Sendero Luminoso, якая доўгія гады лічылася самай магутнай партызанкай кантынэнту, узяў пад свой кантроль наркабізнэс. Вайна з наркотыкамі вялася асьцярожна з увагі на тое, што, проста зьнішчаючы коку, у такой краіне, як Пэру, можна лёгка зьнішчыць і народную любоў. Таму рабілі інакш — паступова прымушалі вяскоўцаў вырошчваць іншыя культуры. Афіцыйная статыстыка спраўна паказвала, што плошча пасеваў кокі зьменшылася да 1995 г. прыблізна ўтрая, а краіна хоць і засталася беднай, але крыху мадэрнізавалася, і нават у самыя далёкія вёскі была праведзеная электрычнасьць і вадаправод. Людзям зрабілася лягчэй жыць, і ніхто не зважаў на тое, што найбліжэйшы Фухімораў паплечнік, “шэры кардынал” Мантэсінас, пры дапамозе “эскадронаў сьмерці” “Каліна” забіў у 1993—94 г. шэраг палітычных апанэнтаў рэжыму.

Дзякуючы наяўным эканамічным посьпехам, папулізму і кантролю за СМІ, на чарговых выбарах у красавіку 1995 г. Фухіморы зь лёгкасьцю перамог кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, былога міністра замежных справаў Пэру і генсакратара ААН Пэрэса дэ Куэльяра, атрымаўшы 64% (адрыў ад Куэльяра перавысіў 40%). Галоўнай вартасьцю Куэльяра называлі “нязьменны й непарушны спакой”. Слабы аргумэнт супраць міратворцы й змагара з наркамафіяй. Куэльяр пасьля правалу на выбарах палічыў за лепшае пераехаць у Парыж.

У 2001 г. дыктатара здолеў перамагчы — выкрыўшы выбарчыя фальсыфікацыі — Аляхандра Таледа, якога фухімораўцы не прымалі спачатку да ўвагі. Індзеец-кечуа зь беднай сям’і, які пачынаў з чысткі абутку, а ўрэшце зрабіўся супрацоўнікам Усясьветнага банку і толькі напярэдадні выбараў стварыў нейкае падабенства сваёй партыі. Перад выбарамі ён аб’езьдзіў ледзь ня ўсе куточкі Пэру, бо на агітацыю іншага роду ў яго не было грошай і такім чынам за месяц падняў свой рэйтынг з 4 да 40%. Не дапамагло нават тое, што Фухіморы загадаў задарма выдаваць муку й малако траціне насельніцтва.

 

1999-2000. Чавэс-Кардэнас

Пасьля няўдалага путчу й турмы, Чавэс з паплечнікамі-вайскоўцамі стварыў у Вэнэсуэле дзеяздольную масавую партыю і выйграў прэзыдэнцкія выбары. Гэта было няцяжка, бо іншыя партыі скампрамэтавалі сябе карупцыяй і сувязямі з мафіяй. У Вэнэсуэле нават слова “дэмакрат” пэўны час гучала як лаянка. Таму праўдалюба-Чавэса, які выкрываў “нячэснасьць” палітычных апанэнтаў, без перабольшаньняў лічылі нацыянальным героем.

Прэзыдэнт Чавэс, шляхам рэфэрэндумаў і стварэньня Нацыянальнай канстытуцыйнай асамблеі, зьмяніў Канстытуцыю “пад сябе”: падоўжыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў, а парлямэнт ператварыў у дарадчы орган. Чавэс зьбіраецца заставацца на сваёй пасадзе да 2013 г. – “да поўнай перамогі над карупцыяй і галечай”. Гэта гучыць актуальна для краіны, дзе поўнае беспрацоўе ахапіла 15%, а частковае – 50% насельніцтва.

Венэсуэльскі прэзыдэнт умее прывабіць да сябе. Ён цытуе Біблію, творы дзэн-будызму, клясыку, любіць паўтараць, што абуў боты ўпершыню толькі 12 год таму, любіць называць сябе “сынам народу” ды вінаваціць у пагардзе да народу ўсіх — ад палітыкаў да каталіцкіх ксяндзоў (“людзей у сутанах, якімі кіруе д’ябал”). Чавэс адмовіўся ад прэзыдэнцкага заробку, які складае 1200 даляраў, пакінуўшы сабе толькі вайсковую пэнсію, і перадаў сродкі на стыпэндыі для трох студэнтаў ВНУ. А яшчэ ён адну са сваіх рэзыдэнцыяў аддаў пад школу.

Народу гэта падабаецца больш, чым дэклярацыі Чавэсавага суперніка Кардэнаса пра патрэбу “змагацца супраць аўтарытарызму цяперашняга ўраду, за сапраўдныя свабоды і праўдзівую дэмакратыю”. А Чавэс перад выбарамі паабяцаў даць жытло ўсім каракаскім бяздомным. І на наступны дзень пасьля перамогі камандантэ на выбарах яны сапраўды засяліліся ў 20 тысяч дамоў, што стаялі пустыя, бо ў людзей не было грошай, каб іх купіць. Маючы ўладу, лёгка быць добрым, асабліва калі гэта табе на руку… Гэта сумны факт.

Іншы факт усьцешвае болей: Беларусь пакуль лёгка параўноўваецца з лацінамэрыканскімі і ўсходнеэўрапейскімі рэжымамі. Не з афрыканскімі пакуль.

Сяргей Рак