Трапілі ў дзясятку

Беларусь заняла восьмае месца ў сьвеце па аб’ёме экспарту зброі

 

Экспэрты з Інфармацыйнай службы амэрыканскага Сэнату па міжнародным гандлі зброяй цьвердзяць, што ў 2000 г. наша краіна ўвайшла ў васьмёрку найбуйнейшых экспарцёраў зброі ў сьвеце.

Тры першыя месцы за ЗША, Расеяй і Францыяй. Летась ЗША прадалі зброі на 12 млрд. 600 млн., Расея – на 7 млрд. 400 млн., Францыя – на 2 млрд. 100 млн. даляраў. Нас апярэджваюць таксама Вялікая Брытанія, Кітай, Нямеччына й Італія. Украіна летась была на 10-м месцы. Праўда, у папярэднія гады мы ад яе адставалі. З 1997 па 2000 г. яна прадала сваім замежным кліентам узбраеньня на 1,5 млрд. Беларусі гэткага кшталту гандаль прынёс, паводле ацэнак, 1 млрд. 100 млн. даляраў.

З моманту аднаўленьня незалежнасьці й да 1996 г. прысутнасьць Беларусі на міжнародным рынку ўзбраеньняў адчувалася слаба. У 1995 мы не ўваходзілі нават у трыццатку найбуйнейшых гандляроў зброяй у сьвеце. Але ўжо ў 1996 г., паводле зьвестак Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру, Беларусь апынулася ў першай дзясятцы.

Большасьць таго, што цяпер ідзе на продаж – гэта спадчына самай баяздольнай у СССР Чырваназорнай вайсковай акругі (тры франтавыя запасы). Частка тае зброі мусіла быць скарочаная згодна з дамовай аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Трэ было зьнішчыць 2171 танк, 1420 БМП і бронетранспарцёраў, 167 баявых самалётаў. Але многія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што афіцыйныя лічбы былі істотна заніжаныя, а ў рэальнасьці беларускія запасы зброі былі яшчэ большыя. Праверыць такія вэрсіі немагчыма.

Кіраўніцтва краіны вырашыла, што зброя — гэта жывыя грошы і нішчыць яе ня варта. Былі створаныя спэцыялізаваныя замежнагандлёвыя арганізацыі: “Белтэхэкспарт” — галоўная ў сваёй сфэры, “Беларусзамежгандаль”, “Белспэцтэхніка”, “Белзамежспэцтэхніка”, якія атрымалі выключнае права на продаж узбраеньняў пад патранатам Рады бясьпекі.

Зьвесткі аб продажы Беларусяй вайсковай тэхнікі няпоўныя і няпэўныя. Часта яны грунтуюцца на супастаўленьні розных крыніцаў інфармацыі, на ўскосных сьведчаньнях і могуць выявіцца памылковымі. Можна меркаваць, што:

— да 1996 г. Беларусь прадала Пэру 150 танкаў Т-72, 16 зьнішчальнікаў Міг-29С і два Міг-29УВ (з запчасткамі й наземным абсталяваньнем) на суму 385 млн. даляраў, а таксама 12 штурмавікоў Су-25 і 10 зэнітна-ракетных комплексаў (або “Аса”, або “Страла”);

— Вугоршчыне — 100 танкаў Т-72 і авіябомбы ФАБ-500 і ФАБ-1500;

— Чэхіі — 100 танкаў Т-72;

— Судану — 10 тыс. аўтаматаў АКМ і боепрыпасы да іх.

Ніякіх ідэалягічных прыярытэтаў Менск тады не выяўляў — падчас сэрбска-харвацкае вайны беларуская зброя магла прадавацца абодвум бакам. Гэта ўжо пасьля, у кастрычніку 1998 г., дэлегацыя Рады бясьпекі на чале з В.Шэйманам, у складзе якой былі заўважаныя прадстаўнікі “Белтэхэкспарту”, спэцыялісты па ўзбраеньні беларускіх СПА, экспэрты па ваеннай прадукцыі прадпрыемства “Агат” і “БелОМА”, наведала Югаславію для аказаньня “братняй вайсковай дапамогі”.

Празь беларускія фірмы прадаецца й частка расейскай зброі — у тых выпадках, калі Масква не жадае пэцкацца ў сумнеўных справах. Так было, напрыклад, з продажам у ЗША сакрэтнага зэнітна-ракетнага комплексу ў 1994 г. У жніўні 1999 г. Менск закупіў у Росвооружения 8 зьнішчальнікаў Міг-29УБ. Выказвалася меркаваньне, што пасьля іх перапрадалі Альжыру у рамках кантракту на пастаўку 36-ці Міг-29.

Была гэтаксама інфармацыя аб продажы ў адну з афрыканскіх краінаў (відаць, Анголу) франтавых бамбавікоў Су-24. У 1998—1999 г. Беларусь, верагодна, прадала Анголе 7 БМП-1, некалькі адзінак сыстэмаў РСЗА “Град” (саракаствольная ракетная ўстаноўка) і боепрыпасы для артылерыі і стралковай зброі на 1,4 млн. даляраў, а таксама рэалізавала кітайцам 2 палявыя вайсковыя трубаправоды і сродкі іх транспартаваньня на базе аўташасі “КрАЗ” за 300 тыс. даляраў. Таксама беларусы дапамаглі Расеі прадаць Альжыру Су-24, рыхтуючы альжырскіх спэцыялістаў для працы з гэтымі машынамі.

Многім гешэфтам перашкодзіла канкурэнцыя з боку іншых былых савецкіх рэспублік. Так, Індыя ў 1995 г. плянавала купіць 12 баявых гелікоптэраў Мі-35, што доўгі час эксплюатаваліся, але былі ўкамплектаваныя штатным ракетным узбраеньнем, запчасткамі й патрэбным наземным абсталяваньнем. Агульную суму гешэфту ацэньвалі нават у 1,5 млрд. даляраў, але перашкодзіла расейская кампанія Росвертол, што прадстаўляла інтарэсы вытворцы і гарантавала індыйцам яшчэ й фірмовае абслугоўваньне гелікоптэраў.

Гандляры зброяй не абавязаныя прадстаўляць СМІ ўсю інфармацыю пра гандаль зброяй і маюць права не публікаваць зьвестак, што разглядаюцца імі як канфідэнцыйныя. Тым ня менш, час ад часу інфармацыя праточваецца ў друк — і беларускі, і замежны. Расейскія аналітыкі падлічылі, што за 1995--98 г. невядома куды падзеліся 298 беларускіх танкаў Т-80. Менск у тыя гады быццам бы прадаваў нейкія танкі КНДР, але ці гэта былі Т-80, ці нейкія іншыя танкі, і куды ў такім разе падзеліся Т-80 — невядома.

З год таму Менск абвінавацілі ў пастаўцы зброі ангольскім групоўкам. Пасьля брытанскі друк лямантаваў, што “Белтэхэкспарт” зьбіраецца мадэрнізаваць іранскія ваенна-паветраныя сілы й сродкі супрацьпаветранай абароны. Афіцыйны Менск усё адмаўляў. Сакратарыят Рады бясьпекі выступіў з заявай пра міралюбную замежную палітыку Беларусі, якая заўжды пільнавалася й пільнуецца рашэньняў ААН, нормаў і прынцыпаў міжнароднага права.

На беларускай зямлі збройным бізнэсам спрабуе займацца ня толькі дзяржава. У чэрвені 99-га БелаПАН паведаміў, што Беларуская вайсковая пракуратура разглядае крымінальную справу па факце знаходкі на тэрыторыі вайсковага палігону ва Ўруччы шасьці рэактыўных рухавікоў для зьнішчальнікаў Міг-29. Сьледчыя выявілі, што ў 1995 г. злачынная групоўка, у якую ўваходзілі былыя супрацоўнікі КДБ СССР і Штабу ваенна-паветраных сілаў, скрала ў Расеі авіяцыйнай маёмасьці на некалькі мільярдаў даляраў. Крадзенае транспартавалі празь Беларусь. Знойдзеныя рухавікі коштам 2 мільёны даляраў кожны, былі прызначаныя для продажу ў Альжыр і КНДР. Па дакумэнтах яны праходзілі як рухавікі самалётаў грамадзянскай авіяцыі.

Беларусы таксама актыўна асвойваюць пастаўкі запчастак былой савецкай тэхнікі, але разьлічваць на рост прыбыткаў ад гэтага бізнэсу не выпадае. Так, прынамсі сьцьвярджае расейскі часопіс Экспорт вооружений.

З новай прадукцыі ВПК Беларусь выпускае вялікагрузныя аўтамабільныя шасі для разьмяшчэньня ўзбраеньняў, оптыка-электронныя сыстэмы назіраньня і кіраваньня агнём разнастайных прызначэньняў, аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня зброяй і войскамі і г.д. Гэта досыць прывабныя для сусьветнага рынку вырабы. Гэтак, у Менску хадзілі чуткі, што Менскі завод колавых цягачоў удала збываў сваю прадукцыю у Паўночнай Карэі, якая вырабляла ракеты “Скад” і, быццам бы, ставіла іх на нашыя шасі. А ў Кітаі наагул дзейнічае сумеснае прадпрыемства па зборцы колавых цягачоў падвойнага прызначэньня зь менскіх запчастак. Расейскія аўтамабільныя часопісы пісалі таксама пра рэалізацыю дамовы Беларусі з Турэччынай аб пастаўцы туды 200 цягачоў-танкавозаў і палівазапраўшчыкаў.

Ад свайго Міністэрства абароны некаторыя прадпрыемствы беларускага ВПК не атрымлівалі ніводнае замовы зь сярэдзіны 1990-х, ажыцьцяўляючы толькі рамонт ваеннай тэхнікі і, зрэдчасу, мадэрнізацыю невялікіх партыяў узбраеньня.

Беларускі ВПК завязаны на расейскую абаронную прамысловасьць, якая зьяўляецца на сёньня асноўным замоўшчыкам і спажыўцом беларускіх вырабаў. Расейцаў цікавіць таксама магчымасьць рамонту тэхнікі на нашых заводах. У Міністэрстве абароны Беларусі сьцьвярджаюць, што практычна любыя ўзбраеньні і тэхніка (больш за 4000 назваў) могуць быць адрамантаваныя на беларускіх прадпрыемствах, за выняткам некаторых сродкаў супрацьпаветранай абароны і самалётаў СУ-24.

Зь іншымі краінамі СНД і ўдзельнікамі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы супрацоўніцтва менш інтэнсіўнае, чым з Расеяй. Найбольш актыўнае — з Таджыкістанам (можна выказаць гіпотэзу, што насамрэч пад псэўданімам “Таджыкістан” хаваецца аўганскі антыталібскі хаўрус Ахмада Шага Масуда) і Арменіяй.

Гандаль сьмерцю беларусаў не палохае.

Сяргей Радштэйн

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0