Вячаслаў Будкевіч:
“У беларускага ВПК вялікія магчымасьці”

На пытаньні карэспандэнта “НН” адказвае Вячаслаў Будкевіч, ваенны аглядальнік агенцыі БелаПАН

 

“НН”: Якімі ўзбраеньнямі цяпер гандлюе Беларусь? Гэта ўсё яшчэ рэшткі савецкіх запасаў ці цяпер гэта ўжо сучасная прадукцыя беларускай вытворчасьці? А мо мы толькі пасярэднікі для расейскага “шэрага бізнэсу”?

В.Б.: Гандлюем пераважна тым, што засталіся ад Беларускай ваеннай акругі: танкамі, баявымі самалётамі й гелікоптэрамі, артылерыйскімі сыстэмамі, элемэнтамі зэнітна-ракетных комплексаў, стралковай зброяй. Пасьля распаду СССР у беларускіх арсэналах засталася вялізная колькасьць стралковай зброі. У адным з палажэньняў Канцэпцыі ваеннай рэформы, якая распрацоўвалася ў 1996 г., гаварылася, што ў выпадку вайны беларуская армія можа быць разгорнутая да мільёну чалавек. Дык можна сабе ўявіць, колькі мы маем стралковай зброі.

Што датычыць продажу баявой тэхнікі, дык ўлады інфармавалі грамадзкасьць толькі пра адну гандлёвую ўгоду з Вугоршчынай, якая ў красавіку 1996 г., у рамках Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, купіла ў нас 100 танкаў Т-72. Калі б Беларусь не прадала гэтай тэхнікі, яе давялося б парэзаць на Барысаўскім танкарамонтным заводзе.

У 1996 г. Беларусь прадавала зьнішчальнікі Міг-29 і штурмавікі Су-25 у Пэру. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтае інфармацыі дагэтуль няма, аднак днямі камандуючы ВПС Беларусі генэрал Булыгін на пытаньне: “Ці мае Пэру прэтэнзіі да Беларусі з-за таго, што сёлета вясною падчас дэманстрацыйнага палёту разьбіўся адзін зь Мігаў?” — адказаў: “Не, ня мае”. Фактычна за 5 год гэта адзінае пацьверджаньне такой угоды. Колькасьць і кошт кантрактаў па цяжкіх узбраеньнях не афішуюцца ўладамі Беларусі. Я атрымліваю зьвесткі з сусьветных інфармацыйных агенцыяў, аналітычных цэнтраў, якія займаюцца гэтым. Толькі так робіцца вядомым, што й куды беларускія ўлады прадаюць. У 1993 г. былі прададзеныя ў Брытанію рэактыўныя сыстэмы залпавага агню “Ўраган” (колькасьць невядомая), у 1993 ды 1998 гг. – у Анголу прадалі дзьве партыі баявых машынаў пяхоты БМП-1 (21 і 7 машынаў), кошт другога кантракту склаў мільён даляраў. У 1994 г. у Амэрыку прадалі кампанэнты зэнітна-ракетнага комплексу. У Альжыр у 1996 і 1998 гг. прадавалі зьнішчальнікі Міг-29 і бамбавальнікі Су-24. Але гэта стала вядома, паўтараю, зь неафіцыйных крыніцаў. Беларусь гандлюе савецкай зброяй з Паўночнай Карэяй, Руандай, Марока, Пакістанам, Конга, Малдовай, Сьера-Леонэ, Угандай, Папуа-Новай Гвінэяй, Швэцыяй. Апошняя купіла ў нас не цяжкое ўзбраеньне, а аптычныя прыборы. Пра гэты выйграны Беларусьсю тэндэр афіцыйныя паведамленьні былі.

“НН”: За кошт чаго мы ўзьляцелі аж да восьмага месца ў сьпісе экспарцёраў зброі?

В.Б.: Усё яшчэ за кошт савецкіх запасаў. Аднак у апошнія гады і беларускія прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу зрабілі прарыў на сусьветным рынку ўзбраеньняў. Той швэдзкі тэндэр выйграла наша ўласная аптычная прадукцыя. Беларусь лічылася зборным цэхам СССР, але ніколі не выпускала канчатковага прадукту. Адзіная вайсковая тэхніка, што цалкам зьбіралася на Менскім заводзе колавых цягачоў — машыны для перавозкі балістычных ракетаў. Беларусь працавала на космас, на патрэбы войскаў сувязі, зэнітна-ракетных войскаў, авіяцыі, ствараючы камплектуючыя часткі ўзбраеньняў. Яны ствараюцца й зараз, толькі ня ў тых аб’ёмах. У краінах СНД маюць попыт беларускія аўтаматычныя сыстэмы кіраваньня й камандныя пункты кіраваньня для патрэбаў абароны. Зрэшты, тое, што Беларусь стварае зброю, мае не такое значэньне, як тое, што мы здольныя мадэрнізаваць узбраеньні для краін Блізкага Ўсходу, Афрыкі, СНД, былых удзельніц Варшаўскай дамовы – словам, усім, хто мае савецкую зброю. Аднак тут складана прабіцца ў канкурэнтнай барацьбе, бо заходнія краіны і Расея таксама прапануюць свае паслугі.

У беларускага ВПК вялікія магчымасьці. У 1998 г. галоўная дзяржаўная кампанія па экспарце ваенных паслугаў і прадукцыі, “Белтэхэкспарт”, выдала каталёг, у якім, на 700 старонках, пералічаныя кампаніі і прадпрыемствы, задзейнічаныя ў сыстэме ВПК — ад БДУ да Менскага заводу колавых цягачоў, 140-га авіярамонтнага заводу, 140-га танкавага заводу й 558-га заводу авіяцыйнай тэхнікі ў Баранавічах.

А наконт 8-га месца… Краіна магла ўзьляцець на 8-е месца толькі пры ажыцьцяўленьні нейкіх буйных кантрактаў. Беларусь была на 9-м месцы ў 1996 г, калі прадала Пэру самалёты.

“НН”: Ці шмат мы можам яшчэ прадаць?

В.Б.: Дакладных лічбаў колькасьці ўзбраеньняў не афішуюць. Але можна падлічыць наступным чынам: згодна з Дамовай аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, існуюць узроўні ўзброеных сілаў і тэхнікі, якія Беларусь ня мае права перасягнуць. Напрыклад, пасьля скарачэньня войскаў паводле Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў Беларусі павінна было застацца каля 80-ці зьнішчальнікаў Міг-29. Я бачыў справаздачу Нацыянальнай агенцыі па кантролю і інспэкцыі аб выкананьні Беларусяй Дамовы. Пры канцы 2000 г. Міг-29 засталося каля 45-ці. Праўда, Беларусі няма патрэбы мець гэтулькі цяжкой тэхнікі, таму яна можа свабодна прапаноўваць яе на рынак. Камандуючы ВПС нядаўна казаў пра магчымасьць скарачэньня авіяцыі, маўляў, больш сродкаў застанецца на паліва для палётаў і г.д. Няма нічога ганебнага ў самім продажы зброі. Але толькі тады, калі гэта ажыцьцяўляецца ў рамках міжнародных дамоваў, каб не пасылаць зброю ў гарачыя кропкі, экстрэмісцкім рэжымам.

Праблема ў тым, што няма неабходнай празрыстасьці пры продажы зброі – каму, за колькі, куды пайшлі грошы… Гэтыя кантракты заключаюцца негалосна. Грамадзтва можа болей ведаць пра тое, куды прадаецца зброя ўласна беларускай вытворчасьці, але нічога ня ведае пра тое, куды прадаецца тэхніка, што засталася ад СССР. Калі б атрыманыя сродкі ішлі на пабудову жыльля для вайскоўцаў, гэта было б проста файна! Бо за апошнія гады грошы на жыльлё для афіцэраў і прапаршчыкаў, пабудаванае за кошт продажу зброі, складаюць мізэрны адсотак ад аб’ёму продажаў.

Гутарыла Сьвятлана Курс