Алесь Чобат

Дзеці тлуму

 

“Тлум дзяцей”, альбо сучасная беларуская савецкая нацыя, у апошнія дзьве дэкады ХХ ст. пусьціла новыя парасткі. Маю на ўвазе ня толькі “пакаленьне васем-дзясятых”, каму цяпер па дваццаць год, але і саракагадовых, чые погляды, характары і жыцьцёвыя лёсы канчаткова дафармаваліся ў 80-я і 90-я.

 

БНФ

Трапіўшы вясной 1989 г. у гэты “шырокі грамадзкі рух”, я доўга намагаўся зразумець, чаму эклектычная Праграма БНФ імкнецца асягнуць неабсяжнае, чаму дзьве траціны Сойму складаюць камуністы, чаму пасьля ўсталяваньня шматпартыйнасьці кіраўніцтву БНФ ані да галавы было падлічыць, нарэшце, сваё рэальнае ядро ў тым фікцыйным “шырокім руху” і трансфармавацца ў нармалёвую цэнтрысцкую, рэспубліканскую (у сэнсе адстойваньня незалежнасьці і недапушчэньня дыктатуры ў выглядзе прэзыдэнцтва) партыю. Чым далей, тым выразьней гэты “шырокі рух” ператвараўся нават ня ў “клюб па інтарэсах”, але ў прахадны двор недалёка ад бочкі зь півам.

Тлусты крыж на сабе як на зародку палітычнай рэаліі БНФ паставіў на пачатку 1992 г., калі ягоная дэпутацкая група на чале з Пазьняком, падмяніўшы сабой Сойм і Зьезд, ініцыявала рэфэрэндум пра роспуск Вярхоўнага Савету. Ня маючы ні новай Канстытуцыі, ні нават новага закону аб выбарах. А паводле “старой” Канстытуцыі распусьціць ВС БССР і прызначыць новыя выбары мог толькі сьпікер Шушкевіч.

“Айцы-заснавальнікі” БНФ як дзьве кроплі вады падобныя да сацыялістаў-рамантыкаў пачатку ХХ ст. Прыгожыя словы, гісторыка-паэтычныя фантазіі накшталт вяртаньня Вільні, Смаленску і Беластоку шляхам перамоваў, спа-дзяваньні, што да іх на мітынгі будзе заходзіць народ савецкі і “рускагаварашчы”, а выходзіць зь мітынгаў “сьвядомыя і шчырыя беларускамоўныя патрыёты”.

“Айцы-заснавальнікі” не заўважылі, што на двары ўжо ня “змрочная брэжнеўшчына” зь яе саплівым падпольлем, творчымі паддашкамі, сяброўскімі суполкамі, рукапіснымі бюлетэнямі, калі ўся Беларусь была для іх двума дзясяткамі сяброў-аднадумцаў (часта з адной думкай у галаве). Новы час патрабаваў іншага маштабу дзеяньня і куды шырэйшага сьветапогляду, больш глыбокай філязофіі будучыні Беларусі, чым лёзунгавае “адраджэньне”.

Хаос у структурах БНФ адпавядаў асабістым амбіцыям Пазьняка ды ягонага атачэньня. Бо калі рэгіянальная арганізацыя БНФ у сто пяцьдзесят чалавек дэлегуе на Зьезд аднаго дэлегата з адным голасам, а тры чацьвертыя дэлегатаў заходзяць з вуліцы як землякі, сваякі і аднадумцы-мастакі “айцоў-заснавальнікаў”, то пры такіх штатных дэлегатах і асабліва дэлегатках любы Пазьняк можа руляваць вечна. Бязгрэшны і неабмыльны. Як пісалі яшчэ ў “нефармальным самвыдаце”, Хрыстос-Зянон; гэта ўжо потым Васіль Быкаў панізіў яго да апостала.

БНФ меў сэнс толькі да канца камунізму. Далейшае ж яго існаваньне — гэта сьмешная спроба купкі “ісьцінных беларусаў” захаваць нейкае гета беларушчыны, нейкі “чысты нацыяналізм”, абвясьціць сябе і толькі сябе “адзінымі носьбітамі”. Як гэта па-вясковаму зразумела! Як шкада выкінуць старое і даўно зношанае з хаты! Бо столькі з тым старым і зношаным зьвязана сэнтымэнтальных успамінаў пра маладосьць...

 

Камсамольцы

Пад агульным тэрмінам камсамольцы разумею пакаленьне 1950—60 г. У той ВЛКСМ-ЛКСМБ нас запісвалі пагалоўна і не пыталіся. Потым адны дэградавалі, другія рабілі дробную кар’еру, трэція вэгетавалі ў “серадняках”: вядучы спэцыяліст, начальнік цэху etc. Пад дробнай кар’ерай маецца на ўвазе “раённая намэнклятура” – дырэктар школы, старшыня калгасу, начальнік участку “Горадняэнэрга”. Адрозьненьне паміж імі і сапраўднай намэнклятурай, якая была дапушчаная дзяліць і кіраваць, прыблізна такое, як паміж навонак бліскучымі ды вечна сытымі і прапітымі капітанамі, маёрамі і падпалкоўнікамі з правінцыйных гарнізонаў і ружовамордымі палкоўнікамі ў папахах зь менскіх штабоў і вучэльняў. За савецкім часам кожны цудоўна ведаў, вышэй чаго ён ніколі ня скочыць. Правінцыйны дырэктарскі, ад сілы дробнакалібэрны сталічны кабінэт быў тваім верхам, тваім “сёмым небам” і надмагільным каменем адначасова. Таму, калі выбары 1990 г. у Вярхоўны Савет БССР – у сувязі з маскоўскімі падзеямі – выйшлі з-пад кантролю ЦК КПБ, у дэпутаты кінуліся г.зв. “кіраўнікі сярэдняга зьвяна й спэцыялісты”. Ганчар, Булахаў, Лукашэнка, Кучынскі, Грыбанаў, Ціцянкоў, Грыб, Каратчэня... Пазьней дэпутат Лукашэнка ўтварыў групу “Коммунисты за демократию” менавіта са сваіх аднагодкаў, гэта была партыя пакаленьня, якое не жадала змарнець пад старымі порхаўкамі з ЦК. У адрозьненьне ад іншых кандыдатаў у прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г., Лукашэнка меў сваю сацыяльную клясу, сваё апірышча – “маладую намэнклятуру”, пакаленьне заблякаваных, пазбаўленых пэрспэктывы. Лучыла іх агульнае выхаваньне, то былі дзеці тлуму, “лепшыя хлопцы зь мястэчак”, “дзеці Імпэрыі”, чыёй нацыянальнасьцю і рэлігіяй сталася асабістая кар’ера. Гэта была рэальная – у адрозьненьне ад сонных кебічаўскіх чыноўнікаў і шматмоўных пазьнякоўскіх хлопцаў! – сіла. З практычным досьведам работы ў нашай беларускай рэальнасьці, зь веданьнем псыхалёгіі тлуму дзяцей. “Просты народ” ніколі і нідзе ня быў нічыёй сацыяльнай базай. Ня можа быць сацыяльнай апорай, а тым больш палітычна самастойнай сацыяльнай клясай той, хто жыве адным днём і каго распусьціла, як цыганскую пугу, савецкая ўлада, кормячы з лыжачкі (кватэра ад фабрыкі, лецішча ад фабрыкі, садок ад фабрыкі, пакет з сухой каўбасой ад фабрыкі). Гэткая “кляса” ня мае другіх інтарэсаў па-за шкурнымі і хвіліннымі, таму купіць яе можна адной прамовай, а застрашыць звальненьнем трох крыкуноў. Што і назіраем у Менску і на правінцыі апошнія дзесяць год.

Перамога Лукашэнкі на выбарах 1994 г. пазначала зьмену пакаленьняў у Беларусі. Натуральна, тая “рэвалюцыя народнага прэзыдэнта” адбылася ў асяродку беларусаў савецкіх, а беларусы беларускія былі і застаюцца па-за гульнёй. Дарэчы, у другім туры ў 94-м за Лукашэнку галасавала самае меншае палова тых, хто ў першым туры быў за Пазьняка і Шушкевіча, усё “намэнклятуру” карцела скінуць...

 

Лукашэнка

Афіцыйнай ідэалёгіяй новаабраны прэзыдэнт абвясьціў... настальгію па мінулым. Гэта выявілася ў дэманстрацыйным зьдзіраньні і таптаньні ціцянковымі-пашкевічамі ўсяго бел-чырвона-белага, чарговым прыступе “народнай гістэрыі” “против фашистов” ды “вместе с Россией”, арыентацыяй гаспадаркі на “показатели 1990 г.” і ў паступовай рэфармацыі канстытуцыйнага ладу, у ператварэньні Беларусі ў пажыцьцёвую прэзыдэнцкую рэспубліку.

Лукашэнка ня меў выбару. Настальгія па мінулым была адзіным, вакол чаго мог хоць неяк скансалідавацца здэмаралізаваны і разгублены постсавецкі тлум дзяцей. Прэзыдэнт інстынктыўна адчуў, што ў гэтай краіне і ў гэтым традыцыйным грамадзтве, клане кланаў, нічога нельга зьмяняць. Нічога новага тут ня толькі не нараджаецца, але нават не прыжываецца — ужо гатовае, зробленае, прывезенае і аддадзенае пад ключ! Лукашэнка апынуўся ў сваім часе на сваім месцы. Гэткі малады і энэргічны кансэрватар і рэстаўратар. Пытаньне ў тым толькі, ці доўга можна займацца кансэрвацыяй і рэстаўрацыяй... Усе дэмаграфічныя і гаспадарчыя выкладкі сьведчаць, што Лукашэнка і ягонае пакаленьне – як любое пакаленьне! – маюць ня больш дваццаці гадоў. Гэта значыць, эпоху 1994—2016.

Сэнс “рэжыму Лукашэнкі” ў тым, каб традыцыйнае грамадзтва — “тлум дзяцей” альбо “небольшой колхоз” — канчаткова вычарпала сябе. Але пакуль моладзь у большасьці сваёй адно бяздумна сьмяецца што з “рэжыму”, што з “апазыцыі”, пакуль уважае палітыку ня вартай часу дурнотай, а самыя “палітызаваныя” лічаць за грамадзянскі подзьвіг схадзіць на вуліцу і атрымаць па мордзе ад АМОНу, бо гэта модна — ідыятызм традыцыйнага грамадзтва, якое спрабуе перасесьці на «БМВ» і за кампутар, яшчэ ня вычарпаны. Бо маладыя такія самыя, як іхныя бацькі і дзяды. У такіх самых катэгорыях разважаюць – толькі замест традыцыі вёскі цяпер традыцыя двара і вуліцы. Пераляцеўшы на працягу пакаленьня да места, наша сярэднявечная вёска цяпер рэгенэруе ў спальных мікрараёнах і на дачных сотках. Рэжым Лукашэнкі тэарэтычна мог бы існаваць вечна, бо маладое пакаленьне абвясьціла яму байкот, які насамрэч ёсьць спрыяльным для рэжыму “нэўтралітэтам”.

Куды больш небясьпечнай за ўсю “апазыцыю” для Лукашэнкі зьяўляецца намэнклятура ўсіх узроўняў – і старая савецкая, і тая, што прыйшла зь ім разам, вынесла сябе й яго на самы верх. “Небольшой колхоз” — гэта ўсё-такі мэтафара. На справе Беларусь немалая краіна — 10 млн. чалавек, 600 на 600 кілямэтраў, хітраспляценьні інфраструктуры, поцемкі і таямніцы калідораў улады ў кожным асобна ўзятым міністэрстве, мястэчку, фабрыцы, банку, устойлівыя традыцыі, закасьцянелыя кланы... Мяне заўжды сьмяшыла да сьлёз, што ў нашым 400-тысячным губэрнскім мястэчку мэр ужо ці пяты, ці шосты, а сакратарка ўсё тая самая. Хто намі кіруе, халера?!

Лукашэнка зрабіў вельмі мудра — не пайшоў на масавыя чысткі, абмежаваўся ператасоўкай “каралёў”, “дамаў” і «валетаў”. А “шасьцёркі” хутка зарыентаваліся, што пры зусім іншай сутнасьці рэжыму (у параўнаньні з “машэраўскім”) знадвору ўсё выглядае гэтаксама да дробязяў. Што галоўнае ў працы — “паказьнікі”, даўно знаёмая савецкая паказуха. Падвойныя лічбы, падвойная мараль, падвойнае жыцьцё ідэальна пасуюць беларускаму савецкаму шызафрэніку ўвогуле і беларускаму савецкаму чыноўніку ў прыватнасьці.

Пэўны час для мяне была загадкай неабачлівасьць, а нават легкадумнасьць прэзыдэнта: прэм’ер-міністра — у турму, простага міністра — у турму, старшыньку Нацыянальнага банку — у турму, толькі былых найбліжэйшых сяброў — прэч з пабітай мордай... Разгадка выявілася вельмі простай. Паглядзіце на сьпіс кандыдатаў у прэзыдэнты-2001 – кожны “бывший” – кожны! – “на чале апазыцыі”. Кожны гаворыць пра кансалідацыю, а ў глыбіні душы гатовы перадушыць усіх “паплечнікаў”. Патэнцыйна-апазыцыйны “электарат” ужо просіць-моліць: за каго галасаваць? І ў рэшце рэшт, махнуўшы рукой (“той ужо набраўся, мо хоць ён красьці ня будзе”), аддае свой голас Рыгоравічу...

Нашым апазыцыянэрам паміж сабой дамовіцца гэта тое самае, што нашым жанчынам чаргу ў краме кінуць, у якой дзьве гадзіны стаялі. Лукашэнка ведае тлум дзяцей, зь якога вырас. Папярэджваў ён у сваім часе: “Што, думалі, Лукашэнка дурны?! Не-е, Лукашэнка не дурны! Гэта вы дурныя, бо вас многа, а я адзін”. Сьмяяліся зь яго. А дарэмна.

 

Тэхнакраты

Калі ў Расеі на працягу 1991—97 г. нафтагазавыя каралі і алюміневыя бароны на чале з Чарнамырдзіным і Вольскім правілі баль, беларускі дырэктарскі корпус быў поўнасьцю правінцыйны, бездапаможны і дэмаралізаваны. Пыха “камандзіраў ВПК” выявілася па-дзіцячаму сьмешнай, немаштабнай, хоць за савецкім часам хваліліся, што ім для поўнага шчасьця бракуе аднаго prima noctis, права першай ночы! Гэтак на ваенным заводзе ў Горадні адзін дырэктар накрыў сабе дом тытанавай страхой. Другі, распрадаўшы абсталяваньне, уцёк у Маскву.

Усё жыцьцё яны падпарадкоўваліся наўпрост Маскве. Калі Масква раптам адвалілася, пачалася гістэрыка, як на “Тытаніку”. Сыстэма савецкай “абаронкі”, “вялікай хіміі” і розных “цяжкіх і сярэдніх” машынабудаваньняў, “электронікі” ці “оптыкі” адбірала найлепшых выканаўцаў. Ніхто зь іх нават красьці толкам ня ўмеў, ня тое, што казённыя грошы лічыць. Жылі на пайкaх, на выпрошваньні ўсяго-ўсягуткага ў маскоўскіх кабінэтах, мясцовай адміністрацыяй грэбавалі, ніякіх паралельных суседзкіх сувязяў ня ведалі і не хацелі ведаць. Жылі як у сьне – і абуджэньне ў 1991—92-м было нават не кашмарам. Шокам! Паралічом!

Тутэйшыя гора-тэхнакраты нават на хвілінку не задумваліся над праблемай улады ў 1994 г. Менавіта таму на сцэну выйшлі два тутэйшыя кланы – аграрнікі і камунальнікі.

Паводле самой тэхналёгіі, яны існавалі ў традыцыйным тутэйшым замкнёным коле (“пасяўная” і “ўборачная” ў адных, “зіма” і “падрыхтоўка да зімы” ў другіх”). Цяпер у Беларусі амаль уся адміністрацыя аграрна-камунальнага паходжаньня, з апаведным спосабам думаньня і плянаваньня – на адзін дзень наперад.

Асобнай увагі заслугоўвае наш “малы” і “сярэдні” прыватны бізнэс. У нас на легальным рынку практычна няма рамесьніка, майстра паслугаў. Толькі-толькі паўсталыя, яшчэ ў выглядзе савецкіх каапэратываў, рамонтна-будаўнічыя ці транспартныя фірмы былі першымі задушаныя падаткамі. “Дзевачкі із інспэкцыі” рыхтавалі глебу для сябе і сваякоў, а што старая савецкая, што новая аграрна-камунальная намэнклятура глядзелі на рамесьніка як на паразыта. Той жыў не з гандлёвых накрутак, але з працы, пагражаў зрабіцца незалежным, тут сьмярдзела зьненавіднай прыватнай маёмасьцю, а значыць дэмакратыяй у палітыцы, свабоднымі выбарамі і зьменнасьцю адміністрацыі. Таму рамесьнік быў задушаны, застаўся адзін гандляр, “таргаш”. На рынку паслугаў адміністрацыя пільнуе манаполію для фірмаў-“сябровак”: ніколі вас не дапусьцяць праводзіць людзям у катэджы газ і цяпло, калі такая фірма ўжо ёсьць. У Гародні, напрыклад, газам і цяплом на 400 тысячаў жыхароў займаецца адна фірма. Цэны большыя, чым у Польшчы, а якасьць і тэрміны работы горшыя, чым за саветамі. “Сярэдняя” ж фірма будаўніча-рамонтнага кірунку сёньня выглядае так: сем-восем работнікаў, адзін “прораб”-падганяла і сем-восем бабаў-каляжанак бухгальтарскіх спэцыяльнасьцяў, якія той будоўлі ў вочы ня бачылі, але маюць сяброўства зь “дзевачкамі із інспэкцыі”. Кожны зароблены фірмай мільён дзеліцца так: шасьцьсот тысячаў бабам, сто “прорабу”, сто-дзьвесьце на “непрадбачаныя” выдаткі, а рэшткі-капейкі тым, хто рамантуе-будуе. Бізнэс па-беларуску — бізнэс паразытаў і люмпэнаў.

Трэцяя кляса, хрыбет нацыі, гэта менавіта сумленны рамесьнік, які жыве са сродкаў вытворчасьці ў прыватнай маёмасьці. А беларускія “гандляркі” жывуць з паразытызму і манаполіі зь непарыўнай лучнасьці “нашага” і “нянашага” – як за саветамі. Крах камунізму ў Беларусі спарадзіў не свабодны рынак, а местачковы кірмаш з дрэннай якасьцю, соннай працай і поўнай абыякавасьцю да кліента, да сябе і да заўтрашняга дня.

Чым не задавальняе гэтых “бабаў” і “дзевак”, гэтых “дырэктароў” і “мэнэджэраў” гаспадарчая бязглузьдзіца цяперашняга рэжыму? Навошта ім “лезьці ў палітыку”, дабівацца пераменаў, усталяваньня простых і ясных правілаў гульні? Чым мутнейшая вада, тым лепей ловіцца рыбка...

Словам, “тэхнакраты”, “прадпрымальнікі” і “сярэдняя кляса” ў Беларусі гэта альбо частка адміністрацыі альбо паслугачы адміністрацыі, якая, у сваю чаргу, гарантуе недатыкальнасьць, безадказнасьць і сваволю нашага дамарослага “бізнэсу”. Сьмеху вартыя спадзяваньні, што на базе такой “сярэдняй клясы” можа ўзьнікнуць нейкая палітычная сіла, хоць бы з адказнасьцю за свой уласны лёс, лёсаў Айчыны і нацыі ўжо не памінаючы...

 

Домаш

У верасьні 1991 г., пасьля правалу ГКЧП, забароны КПСС і развалу СССР, сэсія гарсавету ў Гародні тапілася ў крыку і гвалце. “Гдзе вы былі 19 аўгуста? – А вы гдзе былі 19 аўгуста?! – Сам дурак! – Ат дурака слышу!..” Сьмешна гэта і сумна, калі правінцыялы “займаюцца палітыкай”, але тады больш за іншых насьмяшыў мяне, рэпарцёра мясцовай Перспективы, мэр Горадні Сямён Домаш. Палез ён на трыбуну гарачыя галовы супакойваць.

— Политика дело хорошее, — сказаў Домаш, — но ведь с нас не за это спросят...

Сказаў ён тое, што думаў. А думаў ён так, як жыў сорак гадоў. Жыцьцё было тыповым для паваеннай Беларусі. Хлопец зь беднай вясковай сям’і, маючы галаву і рукі, скончыў тэхнікум на аўтамэханіка, не баяўся работы, у дваццаць сем быў ужо дырэктарам найбуйнейшага ў губэрні аўтакамбінату. Потым кабінэтная служба ў транспартных аддзелах партыйнай і дзяржаўнай улады, нарэшце крэсла мэра 100-тысячнай Ліды, а потым і 400-тысячнай Горадні... Пасьля крымінальнага забойства губэрнатара Арцымені Домаш быў абраны кіраўніком адміністрацыі 1,2-мільённай Гарадзенскай вобласьці, уважанай у Беларусі за “найлепшую па ўсіх паказьніках”. Абраны быў дэмакратычна, але пераважнай большасьцю галасоў – бо напрацаваў імя.

А потым у Горадню прыехаў прэзыдэнт Лукашэнка і на сэсіі абласнога Савету дэпутатаў сказаў так:

— Ну, усё ў цябе добра, Сямён Мікалаевіч! І надоі, і ўраджаі, і пэнсіі выплочваюцца… Кругом ты найлепшы па ўсіх паказьніках, і здымаць цябе няма за што. Але — я цябе здымаю. Бо я абяцаў сваім выбаршчыкам, што здыму ўсіх міністраў і губэрнатараў. Ты зразумей, што такое палітыка

З часам навука прэзыдэнта прынесла плён, і здольны савецкі адміністратар Домаш знайшоў месца на збаламучанай і цьмянай палітычнай сцэне Беларусі. Упоравень са “сталічнымі” “апазыцыянэрамі” стаў правінцыял – раней ні БНФ, ні сацыял-дэмакраты, ні “гражданы” банкіра Багданкевіча правінцыялаў не падпускалі блізка. Вескаўня, што здолела ўцячы адразу ў Менск, правінцыі баялася. “Правінцыял” у палітыцы нагадваў менскім сталічным палітыканам іх уласную вясковую правэнэнцыю. Хоць ніякай “сталічнай эліты” ў Беларусі няма, бо Менск — гэта такая самая вёска з бэтону, толькі не 100-тысячная, а 2-мільённая...

Зразумела, што ня так проста здольны Домаш зрабіў кар’еру – і ён меў “лапу”, і яго “цягнулі”. Дык ідыётаў ніхто ня цягне; нават бліжэйшых сваякоў паціху сьпіхваюць на адмыслова выдуманае для іх крэсла, а не пускаюць прымаць рашэньні... Домаш — найбольш выразны прадстаўнік пакаленьня з пасьляваеннай вёскі, якое зрабіла само сябе. Self-made-man, па-цывілізаванаму кажучы. Практычна ўсе “бывшие”, каго сьпіхнуў Лукашэнка, або зазналі поўнае фіяска, або вэгетуюць на пэрыфэрыі. Домаш пяць гадоў насіўся з канца ў канец Беларусі і гойсаў ад Цюрыху да Масквы. У прэзыдэнцкую кампанію 2001 г. мaе першыя плёны: блізу 160 тыс. подпісаў, роўна набраных ад Гародні да Гомелю, найлепшая з усіх кандыдатаў дынаміка росту рэйтынгу папулярнасьці... магчыма, пачатак легенды?! І нарэшце, разуменьне таго, што гэтыя выбары не апошнія. Сёньняшні Домаш на тры галавы перарос мэра Домаша ўзору 1991 г.

Але ў Домаша ёсьць адна слабасьць, якая можа пераважыць усе моцныя бакі – слабасьць тыпова беларуская. “Трэба рабіць справу з тымі людзьмі, якія ёсьць, бо другіх няма і ня будзе”. Вакол палітыка маюць быць супрацоўнікі нават ня роўныя яму, але лепшыя за яго – справа лідэра партыі, шэфа ўраду альбо прэзыдэнта толькі іх заўважыць, угадаць і на адпаведнае месца паставіць. Вось чым адрозьніваецца дзяржаўны дзеяч ад працавітага адміністратара! А праводзіць любыя рэформы з “тымі людзьмі, што ёсьць” — дык лепш іх зусім не праводзіць – як Лукашэнка. Бо любы сонны чыноўнік аўтаматычна сабатуе, што б яму не даручылі, калі ён да гэтага “не прывык”, калі “не разумее”. Бліжэйшыя пяць гадоў пакажуць, здольны будзе Домаш вырасьці на дзяржаўнага дзеяча, а ня проста “аднаго зь пяцёркі”, “аднаго з апазыцыянэраў” – гэта залежыць ад яго самога, бо ня так проста ад свойскага, нашага, тутэйшага спосабу думаньня ўзьняцца да разважаньня ў катэгорыях дзяржаўных інтарэсаў. У беларускага тлуму дзяцей на месцы “інтарэсаў Беларусі” толькі асабістыя, “шкурныя інтарэсы” кожнага асобнага кляну, кожнага індывідууму – як жа ж, “народ пакутуе”! Дзяржаўны дзеяч — гэта той, хто працуе на інтарэсы дзяржавы, а не на “інтарэсы народу”, бо няма насамрэч такіх інтарэсаў. Ёсьць такія перадвыбарчыя лёзунгі для “электарату”. Словам, Домаш мае час.

А гэтыя выбары не ягоныя праз банальную беларускую глупоту, праз той падзел на “заходнікаў” і “ўсходнікаў”, адпаведна якому шанцы маюць толькі хлопцы са Шклову. Сталічнай “эліце”, нашым “менчукам” і “мянчучкам” ніяк ня прыйдзе да галавы, што калі Менск з мэтрапалітэнам і Камароўкай прэтэндуе на эўрапейскую сталіцу, то і жывуць у Менску і ў радыюсе электрычак таксама “западнікі”. “Западнікі” — то эўрапейцы, “васточнікі” — то саветы. Ёсьць у Беларусі тыя і тыя. Эўрапейцы пераважаюць на Захадзе і ў Менску, саветы дамінуюць на Магілёўшчыне, “беларускай Тамбоўшчыне”, чырвоным пасе Беларусі. Каб “менчукі” і “мянчучкі” зразумелі, што раз яны хочуць быць эўрапейцамі, то яны пагэтаму “западнікі”, што гэта “западнікі” – не “васточнікі”! – у колькаснай перавазе, то ніякая шклоўска-магілёўская каманда болей не была б ля ўлады... Усё проста, як белы дзень. Толькі трэба троху падумаць... сваёй галавой.