17.06.2007 / 21:07

Парушэньне абмену рэчываў 1

Дыпляматыя апазыцыі можа і павінна змагацца за вяртаньне прэфэрэнцый. Камэнтар Рэдакцыі.

Дыпляматыя апазыцыі можа і павінна змагацца за вяртаньне прэфэрэнцый. Камэнтар Рэдакцыі.

Рашэньне прынятае. Беларусь пазбылася прэфэрэнцый у гандлі з Эўрасаюзам.

Гэта азначае, што ЭС ня лічыць пагрозу далучэньня Беларусі да Расеі рэальнай. Ён ня бачыць бяды ў дадатковай пераарыентацыі беларускіх гандлёвых патокаў на Расею.

Эўрасаюз верыць у мэтазгоднасьць мэтаду санкцый. ЭС лічыць магчымым зьмяніць уладу ў Беларусі і не выключае хуткай дэстабілізацыі эканамічнай сытуацыі. Пры гэтым ЭС прыйшоў да разуменьня, што лукашэнкаўцы рэагуюць толькі на фінансавыя аргумэнты. І мяркуе, што Лукашэнка ня будзе бясконца павялічваць сваю залежнасьць ад Масквы. Міжнароднае прафсаюзнае і праваабарончае лобі ўплывае на Брусэль у пытаньні Беларусі ў большай ступені, чым у пытаньні, скажам, Узбэкістану, што тлумачыцца меншым уплывам бізнэс‑групаў, у Беларусі непрысутных.

Санкцыі — гэта матэрыялізаванае непрыманьне эўрапейцамі самае натуры беларускага рэжыму. Як сказаў пасол Бэнэт, яны хутчэй з плоскасьці псыхалягічнай, а не практычнай.

Расея кіравалася зусім іншымі матывамі, касуючы свае гандлёвыя прэфэрэнцыі з пачатку гэтага году. Дамову аб зьняцьці бар’ераў у гандлі лабіравалі якраз прамысловыя групы. Пры гэтым у знак падтрымкі палітычнага курсу Масква захавала істотныя энэргетычныя прэфэрэнцыі, узамен за «Белтрансгаз».

Непасрэдныя эканамічныя страты ад рашэньня ЭС будуць невялікімі. Закрануты беларускі экспарт у памеры прыкладна 400 млн эўра, дык страты дзяржаўнага бюджэту, імаверна, не перавысяць 10—20 % ад гэтай сумы. Гэта не сьмяротна. Такія неістотнасьці не дадуць імгненны палітычны эфэкт. Аднак яны, нібы, парушэньне абмену рэчываў, будуць уплываць на арганізм беларускай эканомікі. Калі парушэньне акажацца зацяжным, ягоны эфэкт будзе выключна нэгатыўным.

Беларусь мае патрэбу ў эўрапейскім рынку, прычым ня толькі для нафтапрадуктаў, а ўсё больш для хіміі, харчовых прадуктаў, тэкстылю. Між тым без прэфэрэнцый мы будзем заўжды прайграваць канкурэнтам з суседніх краінаў. Санкцыі адштурхоўваюць Беларусь ад эўрапейскага рынку, а эўрапейскіх інвэстараў — ад Беларусі.

У нацыянальных інтарэсах Беларусі — змагацца за вяртаньне прэфэрэнцый. Дыпляматыя апазыцыі можа і павінна падключыцца да вырашэньня гэтай задачы. У гэтым бачыцца палітычны шанец для яе.

0
Василь / Адказаць
19.06.2007 / 20:30
Вы требуете от опозиции бороться за свободу профсоюзов, ведь так? Или, все-таки, требуете, чтобы опозиция "продавила" положительную оценку условий создания и функционирования трудовых союзов в стране? P.S. Все-таки, приятнее читать подписанные материалы, за которыми стоит личность. Ведь не автоматически же этот поток сознания сублимировался на страничке. А вдруг ...?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру