Сабачыя гісторыі

 

Ад Сабакі

У мінулым нумары “НН” быў зьмешчаны ліст ад тав.Граждана наступнага зьместу:

 

“Што піша пра мяне Віця Шніп – няпраўда. Брэша аблыжнік вусаты.

А дзела было так:

Зайшоў я неяк у фільгармонію паслухаць чаго-колечы сьвежанькага з кампазытара Чымарозы. Купіў трубачку марозіва, спускаюся, аблізваючы, у нужнік, а там – гаўна-гаўна-а!.. Мабыць, Віця апярэдзіў, — падумалася.

І пра сабаку – чыстая няпраўда.

А дзела ж было так:

Прапала ў магазынах мяса. А я тым часам іду сабе ўзьлесьсем Купалаўскага сквэру. Бачу: ляжыць карова здохлая. Мабыць, воўк зарэзаў! – падумалася. А ў Лявіце напісана ж: здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым.

З пашанай, Ваш Граждан”.

 

Брэша пра мяне ня толькі аблыжнік вусаты Віця Шніп, але і ў Граждана гэта нядрэнна атрымліваецца.

А дзела было так:

Быў і я ў той дзень у фільгармоніі. Крыху і я, як Граждан, паслухаў таго-сяго сьвежанькага з кампазытара Чымарозы. Купіў і я трубачку марозіва, сыходжу, аблізваючы, у нужнік, а там – гара гаўна, а на ёй Граждан з чырвоным сьцягам сядзіць. “А дзе Віця?” – пытаюся. А Граждан і кажа: “Ня вынесла душа паэта...”

І пра карову – чыстая няпраўда.

А дзела ж было так:

Прапала ў магазінах мяса. А я тым часам іду сабе ўзьлесьсем Купалаўскага сквэру. Бачу – ляжыць карова здохлая. “Мабыць, Шніпа начыталася!” — падумалася. Ды не, бачу — Граждан сядзіць на дрэве і Лявіт чытае: “Здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым”.

З пашанай, Ваш Сабака

 

Ад Шніпа

Тое, што пішуць пра мяне гэтыя Граждан і Сабака, як пра аблыжніка вусатага, — няпраўда.

А дзела было так:

Быў і я ў той дзень у фільгармоніі і слухаў тое-сёе кампазытара Чымарозы. Купіў трубачку марозіва, сыходжу, аблізваючы, у нужнік, а там дзьве кучы гаўна, а на іх Граждан і Сабака сядзяць і пілуюць пудовыя гіры. “Мабыць, у мяне ўкралі!” – падумалася.

І пра карову – чыстая няпраўда.

А дзела ж было так:

Прапала ў магазінах мяса. А я тым часам іду сабе ўзьлесьсем Купалаўскага сквэру. Бачу – ляжыць карова здохлая. “Мабыць, у цырку зарэзалі!” – падумалася. А калі ж прыгледзеўся – Сабакам закормленая, а Гражданом задоеная.

З пашанай, Ваш Шніп

 

Ад Студэнта

І вусаты аблыжнік Віця Шніп, і Сабака з Гражданом напісалі пра сябе няпраўду.

А дзела было так:

Быў і я ў той дзень у фільгармоніі і слухаў тое-сёе з Чымарозы. Купіў трубачку марозіва, сыходжу, аблізваючы, у нужнік, а адтуль выбягае Шніп, а сьледам Сабака з Гражданом. “Капцы! Затопчуць!” – думаю. Ды не, павіталіся і далей пабеглі. Праўда, у нужніку было гаўна-гаўна-а!

І пра карову – чыстая няпраўда.

А дзела было так:

Прапала ў магазінах мяса. А я тым часам іду сабе ўзьлесьсем Купалаўскага сквэру. Бачу – ляжыць карова здохлая. А побач Шніп, Сабака і Граждан чытаюць устаў КПСС. “Што гэта вы робіце?” – пытаюся. А Шніп, як самы разумны, і кажа: “Карова перад сьмерцю прасіла...”

З прывецікам, Ваш Студэнт

 

Ад Прафэсара

Закалябалі мяне гэтыя Студэнты разам са Шніпом, Сабакам і Гражданом! Усё, што яны тут брахалі – брахня!

А дзела было так:

Быў і я ў той дзень у фільгармоніі. Марозіва не купляў, а вось у нужнік схадзіў. Сапраўды, гаўна там было мнагавата. І падумаў я: “Хлопцы, вас бы ў свой час на Лысую гару да пісьменьнікаў! Цаны б вам не было! А так зьвязаліся са Шніпом і цяпер бегаеце з марозівам у нужнік...”

І пра карову – чыстая няпраўда.

А дзела ж было так:

Прапала ў магазінах мяса. А я тым часам іду сабе ўзьлесьсем Купалаўскага сквэру. Бачу – ляжыць карова здохлая. “Мабыць, ва ўнівэрсытэт не паступіла!” – падумалася. А тут раптам па радыё перадалі: “Хто знайшоў карову здохлую, просім вярнуць яе на жывадзёрню, бо Граждану з Сабакам няма чаго рабіць, а Шніп есьці хоча...”

З прыветам, Ваш Прафэсар

Ад Гаўна

Ня верце гэтым аблыжнікам з вусамі і без вусоў.

А дзела было так:

Нікога з гэтых паноў у той дзень у фільгармоніі не было. І ніякі кампазытар Чымароза не іграў. А проста забеглася ў нужнік нейкая карова, паглядзела, падумала і далей пабегла. А слава ўся Віцю!..

З радасьцю, Ваша Гаўно

 

Ад Каровы

Нікому ня верце!

А дзела было так:

У магазінах прапала мяса. А я, здохлая, ляжала на ўзьлесьсі Купалаўскага сквэру. І ніхто да мяне не падыходзіў і нічога не чытаў. І толькі Граждан паехаў на лыжах па праспэкце, а ўсьлед прабег Сабака з крыкам: “Не вінаваты я! Карова здохлая сама захацела здохнуць!”

З паклонам, Ваша Карова

 

Між тым, Рэдакцыя атрымала чарговы ліст ад сп.Граждана. Паколькі ў нас свабодная краіна і кожны мае права на выказваньне ўласнае думкі, лічым патрэбным давесьці яго да Вашага ведама.

 

“Паважанаму спадару начальніку паважанай газэты “Наша Ніва” ад пэрсанажа Шніповых пасквіляў спадара Граждана.

У №31 Вашай газэты была надрукаваная інфармацыя наступнага зьместу:

 

“Адзін сабака трапіў на банкет. Хацеў выпіць і закусіць, а лысы Граждан яму і кажа: “Піва адпускаецца толькі членам прафсаюзу і нежанатым кавалерам ордэна Чырвонай зоркі...”

Брахня сабачая! Піва зусім не давалі.

 

А дзела было так:

Быў я аднаго разу ў рэзыдэнцыі на банкеце бяз гальштукаў. Былі жэншчыны. Віці і дзевачак не было — пускалі толькі чэсных і культурных. Давалі чорны кавяр з дранікамі — пад “Трох буслоў” і калінавы ўзвар зь ляндрынкамі, пад “аглаблёвую”, ну, каб не паўпіваліся лішне. Падыходзіць да мяне адзін такі, як Віця кажа, лысы, дай пытаецца: “Как ты находзіш у нас дзесерт?” — “Зай гізунд!, — кажу,— дай даем, а там разам пашукаем, одцэдзімы картофэлькі!”

З пашанай,

Ваш Граждан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0