03.09.2001 / 13:00

Праграма Ганчарыка

№ 36 (245), 3 верасьня 2001 г.


Праграма Ганчарыка

Дабро Вашаму дому!

 

Газэты “Звязда” і Советская Белоруссия здолелі адцэнзураваць нават тую мізэрную інфармацыю, якую кандыдат ад апазыцыі меў права надрукаваць у іх паводле закону. Яны патлумачылі гэта тым, што “ў тэкст тэзысаў былі... ўключаны сьцьвярджэньні, якія ўтрымліваюць агульную і суб’ектыўную крытыку іншых кандыдатаў у Прэзыдэнты”. Гэта не перашкодзіла ім побач надрукаваць заяву С.Гайдукевіча, дзе ён, ня стрымліваючы сябе ў выразах, аблівае брудам У.Ганчарыка. Дротавая сетка “Беларускае Радыё” была адключаная ў некаторых раёнах рэспублікі на час апошняга выступу Ў.Ганчарыка. Таму мы палічылі патрэбным коратка выкласьці тут асноўныя палажэньні праграмы адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

 

У.Ганчарык лічыць, што першачарговай праблемай новага прэзыдэнта будзе эканоміка, а таксама пераадоленьне расколу нацыі, аб’яднаньне яе. У.Ганчарык не зьбіраецца ўсё ламаць, каб потым адбудаваць нанова. Паступальны рух павінен ісьці на аснове таго, што ўжо існуе.

Эканоміка

Сярэдні заробак у Беларусі павінен быць ня 100, а 300 даляраў. Цяпер ён нізкі, бо, выплочваючы 1 рубель заробку, прадпрыемства аддае дзяржаве 4 рублі ў выглядзе падаткаў. Потым зьдзіўляемся, чаму “ніхто не працуе”. Для таго, каб людзі добра працавалі, ім трэба плаціць. Гэта асноўны закон эканомікі. Зьнізіць падаткі, зьняць усе перашкоды на шляху да актыўнасьці грамадзянаў і прадпрыемстваў, стварыць спрыяльныя ўмовы для прыцягваньня інвэстыцыяў — вось шлях да зьменаў без узрушэньняў. Будуць скасаваныя ўсе неабгрунтаваныя абмежаваньні – пачнуць разьвівацца ўсе формы ўласнасьці. Будзе стабілізацыя рубля. Усе грошы павінны быць у бюджэце – празрыстым, кантраляваным ня толькі прэзыдэнтам, але й парлямэнтам.

Пошук зьніклых людзей

Кажуць, што ў нас моцная ўлада, а тут людзі зьнікаюць, і ня можам знайсьці. У такім выпадку альбо гэтая ўлада слабая, альбо яна сама мае дачыненьне да зьнікненьняў, і тады вінаватых трэба судзіць. Дасьледаваньне гучных справаў і пакараньне вінаватых – справа гонару будучага прэзыдэнта.

Канстытуцыя

Трэба забясьпечыць незалежнасьць судовай улады, даць свабоду вытворцам, рэабілітаваць незаконна абвінавачаных, звольненых. Далей сапраўды можна будзе правесьці зьмены ў Канстытуцыю, абмежаваць уладу прэзыдэнта і ўзмацніць паўнамоцтвы парлямэнту, адбудаваць мясцовае самакіраваньне. Толькі пасьля канстытуцыйнай рэформы можна пераабраць парлямэнт.

Сымболіка

Для пачатку трэба прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню” за нацыянальную сымболіку, а потым працаваць з грамадзкай думкай, каб прымірыць усе пункты гледжаньня. Нельга дапусьціць, каб зьмена дзяржаўнай сымболікі зноў раскалола грамадзтва.

Мовы

Ніхто нікога не павінен прымушаць размаўляць ані па-расейску, ані па-беларуску, але родную мову трох чвэрцяў грамадзянаў краіны трэба шанаваць. Таму на дзяржаўным узроўні павінны быць створаныя ўсе ўмовы для таго, каб грамадзянін мог размаўляць, атрымліваць адукацыю, слухаць навіны як на беларускай, так і на расейскай мове.

Саюз з Расеяй

Добрыя стасункі з Расеяй зьяўляюцца вельмі важнымі для нашай краіны. Гэтыя стасункі трэба разьвіваць, паляпшаць. У першую чаргу неабходны эканамічны саюз, бо за апошнія сем гадоў у эканоміцы мы значна адсталі. Адносіны Расеі й Беларусі ў будучым мусяць быць сяброўскія, партнэрскія, у рамках Канстытуцыі Беларусі і на ўмовах абароны эканамічных і палітычных інтарэсаў Беларусі, бяз страты незалежнасьці.

Адносіны з Эўропай і Амэрыкай

Мы павінны аднавіць давер і сяброўскія адносіны з Захадам, вывесьці Беларусь з тупіку ізаляцыі. Мы не павінны мець ворагаў ані ў Эўропе, ані ў Амэрыцы. Там ніхто не чакае нас з шырокімі абдымкамі, але мы гэтага і не патрабуем. Мы папросту будзем супрацоўнічаць, гандляваць з усімі, хто гатовы да гэтага.

Чарнобыльская праблема

У.Ганчарык за тое, каб вярнуць чарнобыльскія ільготы.

Мэдыцына

З-за рэшткавага фінансаваньня мэдыцына сталася, фактычна, платнай. Дзяржава абавязаная вырашыць гэтую праблему, зрабіўшы медыцын-скае абслугоўваньне як даступным, так і сучасным. Важна прыняць таксама дзяржаўную праграму па барацьбе з п’янствам. Але не ў такім выглядзе, як у гады перабудовы. П’янства немагчыма забараніць, але можна прапанаваць чалавеку жыцьцё, заняткі й інтарэсы, вартыя чалавека.

 

Праграма Ў.Ганчарыка дапаўняецца падрыхтаваным плянам практычных дзеяньняў будучага ўраду, які, у выпадку перамогі Ў.Ганчарыка, мае ўзначаліць Сямён Домаш. Больш аб праграме можна прачытаць на Інтэрнэт-сайце www.goncharik.org

 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру