Сьмелыя паасобку, асьцярожныя разам

Беларускі ПЭН-цэнтар быў створаны ў 1989 г. як непалітычная грамадзкая арганізацыя. У траўні 1990 г. ён увайшоў у Міжнародны ПЭН-клюб.

 

У 1994 г. ПЭН-цэнтар устанавіў дзьве штогадовыя літаратурныя прэміі — імя Алеся Адамовіча й імя Францішка Багушэвіча. Першая ўручаецца штогод 3 верасьня за лепшыя публіцыстычныя творы й мае выгляд мэдаля, дыплёму і грашовай сумы. З 1996 г. ляўрэатамі прэміі сталі Сяргей Пятроўскі, Рыгор Барадулін, Віталь Тарас, Аляксандар Ступнікаў, Людміла Хейдэрава, Ігар Гермянчук, Барыс Хамайда, Герман Кірылаў, Жанна Літвіна, Сяргей Дубавец, Міхась Скобла, Сяргей Шупа. Прэмія імя Багушэвіча ўручаецца штогод 22 сакавіка за выдатную гістарычную прозу. Яе ляўрэатамі сталі з 1996 г. Кастусь Акула, Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандар Лукашук, Васіль Сёмуха, Іван Саверчанка, Тацяна Процька, Ала Сакалоўская, Вячка Целеш, Алесь Белы.

У ПЭН-цэнтар уваходзяць 54 беларускія пісьменьнікі. Сярод іх — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Міхась Тычына, Валянцін Тарас, Карлас Шэрман і інш. ПЭН-цэнтар абараняе аўтарскія правы, дапамагае пры заключэньні дамоваў, у т.л. з замежнымі выдаўцамі, бярэ ўдзел у Міжнароднай праграме ўзаемных мастацкіх перакладаў з мэтай стварэньня бібліятэкі сучаснай сусьветнай літаратуры. Адным са сваіх абавязкаў Беларускі ПЭН-цэнтар лічыць абарону грамадзянскіх, эканамічных і культурных правоў пісьменьнікаў і журналістаў.

Аднак у вачох беларускага грамадзтва ПЭН-цэнтар ня стаўся сапраўды ўплывовай арганізацыяй. Кожны пісьменьнік паасобку нібыта й мае маральны аўтарытэт, але яны не сумуюцца ў супольны аўтарытэт БПЦ.

Магчыма, гэта можна патлумачыць пасіўнасьцю ПЭН-цэнтру да грамадзкіх справаў. Між тым, у грамадзтве ўсталявалася атмасфэра хамства й вульгарнасьці, якую насаджаюць людзі, што мусілі б несьці культуру ў масы — працаўнікі тэлевізіі, радыё, дзяржаўных выданьняў. Зьбіваюць творцаў — Артура Вольскага, Юр’я Хашчавацкага, Паўлюка Канавальчыка, Славаміра Адамовіча, музыкаў з NRМ (Лявон Вольскі з-за свае вядомасьці не рызыкуе сядзець у кавярнях у цэнтры гораду). Менскі бард Уладзімер Бобрыкаў пасьля выкананьня сваёй “Лукініяды” быў зьбіты ля грымёркі і месяц прабыў у рэанімацыі. І ніхто не шукаў выканаўцаў.

Сёньня адбудзецца арганізацыйны сход Беларускага ПЭН-цэнтру, на якім маюць пераабраць віцэ-прэзыдэнта арганізацыі. Прэзыдэнтам зьяўляецца Васіль Быкаў, але ён на эміграцыі, таму фактычна ад віцэ-прэзыдэнта залежыць палітыка ПЭН-клюбу. На гэтай пасадзе 12 год прапрацаваў Карлас Шэрман, які апошнім часам цяжка хварэе. “Не надавайце такога значэньня звычайнаму арганізацыйнаму сходу, — просіць ён. — Мы проста зьбіраемся пераабраць віцэ-прэзыдэнта ПЭН-цэнтру. Я хворы і не магу больш несьці такія нагрузкі. Рада ПЭН-цэнтру рэкамэндуе Адама Мальдзіса. ПЭН-цэнтар будзе працаваць, бо нашыя мэты нязьменныя і ня так ужо залежаць ад пэрсаналіяў”.

Адам Мальдзіс фактычна прыступіў ужо да працы ў якасьці віцэ-прэзыдэнта. У Скарынаўскім цэнтры яго выцесьнілі з пасады кіраўніка на карысьць, калі верыць неафіцыйнай інфармацыі, “больш элястычнай асобы”. Рада ПЭН-клюбу, перш чым вылучыць Мальдзіса, разглядала кандыдатуру Ўладзімера Арлова. Для маладзейшых сябраў ПЭН-цэнтру гэта быў вельмі жаданы кандыдат, аднак старыя зубры вырашылі, што Арлоў — чалавек свабодных часоў, а на час ненармальнай дзяржаўнай палітыкі ў сфэры культуры трэба шукаць больш кампрамісную фігуру, якая мае кантакты і зь дзяржаўнымі органамі, і зь беларусамі замежжа.

Адам Мальдзіс сказаў, што сябры Рады дамовіліся не даваць ніякіх інтэрвію, пакуль сход ня скончыцца. Журналісты на сход дапускацца ня будуць. Пасьля сходу адбудзецца ўручэньне прэміі імя Адамовіча й круглы стол, прысьвечаны ўгодкам пісьменьніка. Тады можна будзе й атрымаць інфармацыю. У.Арлоў лічыць, што “ў беларускага ПЭН-цэнтру значна больш праблемаў у сэнсе забесьпячэньня свабоды творчасьці ў Беларусі. Улада пазірае скоса, былі складанасьці зь перарэгістрацыяй. Гэта звужвае магчымасьці для працы ПЭН-цэнтру. У будучыні мы, да прыкладу, зьбіраемся зрэалізаваць нашыя пляны пра часопіс беларускага ПЭНу і выданьне бібліятэкі ягоных сяброў”. З Саюзам пісьменьнікаў, па ягоных словах, ПЭН-цэнтар ніякіх супярэчнасьцяў ня мае: “Многія сябры СП зьяўляюцца адначасна й сябрамі ПЭНу. Гэта нармальна — мець некалькі пісьменьніцкіх асацыяцыяў. Праўда, у некаторых старых пісьменьнікаў існуюць рэліктавыя ўяўленьні пра ПЭН-цэнтар. Так, нядаўна, на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў адзін зь іх патрабаваў пазбавіць сяброў ПЭН-цэнтру права вырашальнага голасу”.

Адкрытымі застаюцца пытаньні, ці здольны БПЦ стацца арганізацыяй, якая забясьпечыць культурны працэс заўтра, якое месца Цэнтар будзе займаць у беларускім грамадзтве, у тым ліку адносна СП, якую ролю будзе граць у выдавецкіх праектах і ў лёсах пісьменьнікаў ва ўмовах неадэкватнае дзяржаўнае культурнае палітыкі. А роля гэтая можа быць выключнаю.

Сьвятлана Курс


ПЭН у віртуальнай прасторы

ПЭН-цэнтраўскі сайт (www.pen.unibel.by) мае прыемны выгляд пад рэтра, пясочны колер, працуе апэратыўна, але беднаваты на інфармацыю. Навіны не абнаўляліся з 25 траўня. Форуму няма, няма з кім і літаратуру абмеркаваць. Ні на водным зь вядомых тэматычных літаратурных і культурных сайтаў я не знайшла спасылкі на ПЭНаўскі сайт. А на добры лад менавіта ПЭН як сучасная пісьменьніцкая арганізацыя мусіць актыўна працаваць у Сеціве, мець сеткавую бібліятэку, сайт, форум, інсьпіраваць зьяўленне беларускай “сеціратуры” й г.д. Наклады беларускіх папяровых выданьняў малыя і таму высоказатратныя. Многія аўтары ня могуць дазволіць сабе выдаць кнігу. А вось у Сеціве яе можна зьмясьціць за капейкі. Набраў, адсканаваў, зьмясьціў, прарэклямаваў — і такім чынам дайшоў да чытача.

Гэтак, дарэчы, робіць Лявон Вашко, пісьменьнік з Мастоў. Рассылае па пошце “аляктронную ведамку “Духахрам” і заманьвае на сваю старонку.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0