Цэнзура

Самая прыкметная зьява ў сёньняшнім грамадзкім жыцьці — цэнзура. Даўняя знаёмая, яна захінае сваімі белымі прасьцірадламі ня толькі лічбы і факты, але й жывых людзей. Яна злавесная і бязьлітасная, нелягічная, амаральная і нахрапістая, яна ўсюдыісная. У страху ёй прыслужваюць малыя і вялікія начальнікі, падымаюць яе сьцяг паспалітыя грамадзяне. Хтосьці кідаецца, каб сарваць ейныя прасьцірадлы, але большасьць паўтарае нібы заклён: так і павінна быць.

 

Сёньня цэнзура забароненая беларускім заканадаўствам. Яна супярэчыць міжнароднай Дэклярацыі правоў чалавека. Тым ня менш, яна ёсьць.

Цэнзура прыйшла ў Беларусь з прыходам расейскае адміністрацыі 200 гадоў таму. Адно зь першых сьведчаньняў знаходзім у лісьце Яна Чачота да сябра. 1822 год. Гаворка ідзе пра творы Адама Міцкевіча, якія будуць друкавацца ў Варшаве, бо тут, у Вільні, — піша Чачот, — зубатая цэнзура. Ужо тады — зубатая. Гэта і зь ейнымі зубамі будуць змагацца паўстанцы 1831 і 1863 г.

Машына расейскае цэнзуры прыйшла ў Беларусь на штыхах, забараніла друкаваньне па-беларуску і была цынічна адкрытаю. Кнігі і часопісы без пазнакі “Дазволена цэнзурай” не выходзілі або друкаваліся за мяжой — ва Ўсходняй Прусіі. Творы Янкі Лучыны выдалі ў сталіцы імпэрыі — Санкт-Пецярбургу, але з пазнакаю “На болгарском языке”, каб увесьці ў зман цэнзуру. Першая беларуская газэта “Наша Доля” ўжо пасьля дазволу беларушчыны ўсё адно забаранялася цэнзурай, яе нумары канфіскоўваліся. Сякая-такая адліга настала ў першыя савецкія часы, прыблізна да 1929 г. Але той пэрыяд — перад рэпрэсіямі — нібы кароткі ўздых на поўныя грудзі. Пасьля вайны пачаліся доўгія гады адваёўваньня ў цэнзуры то слова, то імя, то нават літары. З найдрабнейшых крупіцаў здабывалася тое сваё поле, на якім можна было б зноў ажыць беларушчыне.

Пасьля распаду СССР загаварылі пра наступствы Чарнобылю, гістарычную праўду, сталінскія рэпрэсіі. Але неўзабаве і гэтая адліга скончылася.

Гісторыя найноўшае цэнзуры бярэ свой пачатак ад газэтаў, што выйшлі ў 1995 г. зь белымі плямамі па волі Лукашэнкі й Фядуты, ды са зьняцьця выставы мастацкай суполкі “Пагоня” ў 1996-м. Пасьля “экскурсіі” ў Палац мастацтва чыноўнікаў з Лукашэнкавай адміністрацыі, на паседжаньні ў Саюзе мастакоў было вырашана выставу зьняць. Галоўным непажаданым творам стала калектыўная праца мастакоў: балотнае пудзіла ў касцы з гумовым дручком, тэніснай ракеткаю й бярозавым венікам. З таго разу ці не на ўсіх выставах “Пагоні” адбываюцца традыцыйныя скандалы: то творы здымаюць і ставяць да сьцяны, то яны проста прападаюць…

Сутнасьць цяперашняй цэнзуры можна параўнаць з хрушчоўскай. Тады хіснуліся падгнілыя палі сталінізму, сёньня — разьвітага сацыялізму. Сутнасьць цэнзуры ні тады, ні цяпер не зьмянілася. Папросту цяперашні рэжым таксама яшчэ не завершыў сваёй крышталізацыі, яшчэ ня стаўся татальным.

Калі пасьля выбараў ён захаваецца, будуць зробленыя новыя крокі ў гэтым кірунку. Як пасьля першых выбараў былі ліквідаваныя недзяржаўныя электронныя мэдыі, так цяпер мусяць быць зачыненыя і друкаваныя. Зусім як пасьля хрушчоўскае ідэалягічнае замінкі. А там і да мастакоў вернуцца так званыя мастацкія рады зь людзьмі ў цывільным.

Цэнзурнае дзеяньне скіроўваецца найперш супраць усяго беларускага, нацыянальнага. За ўсю гісторыю для Беларусі, яе нацыі і культуры існавала і існуе толькі адна цэнзура — чужая. Ніякай сваёй мы ніколі ня ведалі й ня ведаем.

Сяргей Паўлоўскі

 

 

 

Выйшаў 15-ы нумар маскоўскага часопісу “Досье на цензуру”. Гэта расейская вэрсія ангельскага выданьня “Index on Censorship”. Чарговы нумар цалкам прысьвечаны Беларусі. Журналісты, эсэісты, навукоўцы распавядаюць расейскаму чытачу пра наш край.

 

У 96-м прысьвячаўся Беларусі і нумар ангельскага выданьня, якое знаёміла з выпадкамі цэнзуры, падавала пераклады забароненых тэкстаў. Там пераважалі пісьменьнікі і літаратурныя тэксты. Сёньняшні расейскі часопіс карэнна адрозьніваецца. Ён больш журналісцкі, калі не сказаць газэтны. Аўтары робяць калектыўную разборку паняцьцяў Беларусь, беларуская нацыя, мова, беларускі лёс. Яны абвяргаюць і даказваюць існаваньне Беларусі.

Нумар называецца “Дрыгва на краі Эўропы”.

Аналізу мэханізмаў цэнзуры ў Беларусі, як і самых прыкладаў, у часопісе няма. За выключэньнем хіба што нататкі Аляксандра Фядуты пра тыя скандальныя “белыя плямы” ў “Советской Белоруссии” і іншых афіцыёзных выданьнях на месцы антыкарупцыйнага дакладу. Сканчаецца тая нататка горычным уздыхам аўтара: “А змагаемся ўсё болей са справамі рук сваіх”.

Індэксу фактаў часопіс не дае, хоць фактаў больш чым дастаткова. Прычына ў тым, што часопіс разьлічаны на расейскага чытача і што для расейскага інтэлігента цэнзура — гэта зьява свая, расейская. Так склалася гістарычна. Чыя ўлада, тых і цэнзура. З цэнзурных камітэтаў там выходзілі майстры пяра, клясыкі літаратуры. І тут прынцыповае адрозьненьне зь беларускай сытуацыяй, дзе цэнзура заўжды была прышлай і антыбеларускай. Ці то ўласна расейская царская цэнзура, ці цэнзура марыянэткавага ўраду, ці прарасейскага цяперашняга.

Расейскаму інтэлігенту ўласьціва разважаць пра цэнзуру і дэмакратыю, містыфікуючы гэтыя паняцьці. Дэмакратыя, кажуць яны, абстрактная, а карані цэнзуры — у недасканаласьці сьвету. На тое й цэнзура, каб яе ўмела абыходзіць, — кажа расейскі пісьменьнік. Цэнзура ў Расеі можа быць уважлівай і чуйнай, “нястрогай”, схаванай і адкрытай, беларуская — толькі рэпрэсіўнай. Расейцы спрачаюцца пра цэнзуру на карысьць грамадзтва. Словам — цэлая палітра фарбаў. Для беларушчыны цэнзура — без адценьняў. Гэта заўсёды адназначна нэгатыўна — як сьмерць, як забойства.

Тое, што расеец можа ўспрымаць як літаратурную гульню, у нас разумеецца толькі як ганебнае — самацэнзура. Гульня з уласнай грамадзянскай годнасьцю і сумленьнем. Нарэшце, у расейскай літаратуры нярэдка можна сустрэць выраз — “айчынная цэнзура”, уявіць які ў Беларусі зусім немагчыма.

Гэткае зусім рознае значэньне цэнзуры ў Расеі і Беларусі і прывяло да адсутнасьці ў маскоўскім часопісе “Досье на цензуру” фактаў. Затое расейцы дасьледуюць іншую тэму — Беларусь. Што ж гэта за штука такая, як яе зразумець? Аўтары ў большасьці сваёй імкнуцца знайсьці Беларусь у самых сабе — просяць яе адгукнуцца. Іншым разам небеспасьпяхова.

Мне згадваецца герой аднаго гішпанскага фільму — стары настаўнік, які кажа зусім простыя словы: “Толькі адно пакаленьне павінна вырасьці ў свабоднай Гішпаніі, і Гішпанія больш ніколі ня будзе несвабоднай краінай”. Ішоў 1936-ы год, пачатак фашызму. Настаўніка расстралялі, але праўда ягоных словаў засталася. Што для Гішпаніі, што для Беларусі.

C.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0