Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Беларускі Гістарычны Агляд. Т.VII. Сш.2. – Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2000. – С.303–623. – Наклад 500 ас. ISSN 1392-902Х

У гэтым выпуску вы знойдзеце шмат рэцэнзіяў, напісаных І.Ганэцкаю, І.Клімавым, А.Краўцэвічам, В.Пазьняковым, С.Рудовічам, Л.Баршчэўскім ды інш. Цікавымі шырокаму колу чытачоў будуць тэксты А.Пятчыца “Пашырэньне праваслаўя ў Беларусі ў сярэдзіне–другой палове ХІХ ст.”, С.Хоміча “Асноўныя этапы фармаваньня тэрыторыі БССР (1918–1926)”, Л.Юрэвіча “Беларуская кнігавыдавецкая дзейнасьць у часе ІІ сусьветнае вайны” ды інш. Часопіс можна набыць у сядзібе БНФ і ў “Акадэмкнізе”.

В.Быкаў. Выбранае / Для старэйшага школьнага веку. – Менск: Ураджай, 2001. – 415 с. – (Школьная бібліятэка.) – Наклад 36240 ас. ISBN 985-01-0388-8

У кнігу з сэрыі “Школьная бібліятэка” ўвайшлі аповесьці “Абэліск”, “Жураўліны крык”, “Аблава”, “Сотнікаў” і апавяданьні “Ружовы туман” ды “Сьцяна”. Каштуе 520 р.

С.Ёрш. Усевалад Родзька. Правадыр беларускіх нацыяналістаў. – Менск: Выд-ва “Голас Краю”, 2001. – 36 с.

У.Родзька – кіраўнік Беларускае Незалежніцкае Партыі, маёр Беларускае Краёвае Абароны ў часе апошняе вайны. Апрача жыцьцяпісу гэтага дзеяча, у кнізе зьмешчаныя цікавыя дакумэнты Ўправы вайсковых справаў Беларускае Цэнтральнае Рады.

Metriciana. Дасьледаваньні й матэрыялы Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Т.І / Athenaeum, Аддзел сацыяльна-гістарычных навук Інстытуту гісторыі Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі. – Менск: Athenaeum, 2001. – 186 с. – Наклад 300 ас.

У кнізе сабраныя артыкулы з вынікамі досьледаў Літоўскае мэтрыкі: У.Сьвяжынскі “Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнае мовы Вялікага Княства Літоўскага”, В.Мянжынскі “Пацьвярджальны прывілей 1552 г. месту Менску на Майдэборскае права” ды інш. Прадаецца ў сядзібе БНФ і ў краме “Акадэмкніга”.

Хрысьціянскі філязафічны зборнік. – Менск: Энцыкляпэдыкс, 2001. – 168 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6599-30-Х

Зьмешчаныя артыкулы сучасных філёзафаў (Ж.Кат’е, Д.Басты, А.Малінара, Б. дэ Анджэліса), а таксама Тамаша Аквінскага ў перакладзе на беларускую мову. Пры канцы кнігі зьмешчаны лацінска-беларускі слоўнік філязафічных тэрмінаў.

Г.Осипов, А.Зиновьев. Белорусский фронт. – Масква: ИСПИ Российской академии наук, 2001. – 50 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 5-7556-0176-3

Перадвыбарнае выданьне. Асьвятляе сытуацыю ў Беларусі з расейска-шавіністычных пазыцый. “Неабраньне Лукашэнкі прывядзе да адрыву Беларусі ад Расеі, да арыентацыі Беларусі на Захад”, – сьцьвярджаецца ў выданьні. Брашура разьлічаная на прамываньне мазгоў тым славянафілам і адстаўнікам, чыя вера ў Лукашэнку пахіснулася.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0