Аб усім патроху

 

Мірыцеся безь зьнявагі

Больш за ўсё раздражняе спроба Малафеева зваліць віну за прайграную гульню з украінцамі на Хацкевіча і Бялькевіча. Стары трэнэр зборнай Беларусі сам зрабіў дзьве фатальныя памылкі: выпусьціў на поле двух неадпаведных узроўню гульні нападнікаў (Качуру і Валадзянкова) і замест гульні ад абароны пачаў гуляць у адкрыты футбол. Таму так і нэрваваўся Хацкевіч: у лініі атакі беларусаў мяч не затрымліваўся, уся нагрузка клалася на паўабарону і абарону. Качура і Валадзянкоў выпалі з гульні і ня ўдзельнічалі ў барацьбе. Украінская каманда пачакала, калі наша паўабарона стоміцца і спакойна пайшла наперад.

Калі б Малафееў выставіў правераных нападнікаў Рамашчанку і Васілюка, патрэбная нам нічыя была б вельмі рэальнай справай. Мы апераджалі ўкраінцаў на два ачкі – здавалася б, гуляй ад абароны, лаві на контратаках і ўся тактыка. Дый Бялькевіч з Хацкевічам займаліся б сваімі справамі і выглядалі, як заўсёды, пераканаўча.

Ну добра, памыліўся трэнэр, хацеў зьдзівіць, заблытаць Лабаноўскага, выставіўшы новых, незнаёмых нападнікаў, якія “добра зарэкамэндавалі сябе ў чэмпіянаце краіны”. Здаецца, прызнай сваю памылку – з кім не бывае? А ён абвінаваціў ва ўсім Бялькевіча і Хацкевіча... Яны, відаць, першыя зразумелі, у чым справа, і ім прыкрылі гэтым абвінавачаньнем рот. Між тым Малафеева таксама можна абвінаваціць у тым, што ён аддаў гульню Ўкраіне, неразумна пабудаваўшы стратэгію. Бяздоказна валіць усё на невінаватых, каб схаваць свае асабістыя хібы – гэта ў горшых традыцыях таталітарнага часу. Мы Вас любім, Эдуардзе, але мы любім і Бялькевіча з Хацкевічам. Таму мірыцеся безь зьнявагі адзін да аднаго.

Кастусь Травень, Менск

 

Плявок у дыктатара

Сёньня, 4 верасьня 2001 г., я зрабіў тое, што хацеў зрабіць ужо сем гадоў. Зрэалізаваў запаветную мару.

 

А дзявятай гадзіне вечара я сустрэўся зь сястрой і сябрамі на Купалаўскай, і мы пайшлі ў “Ракаўскі Бровар” сьвяткаваць адну радасную падзею ў маім жыцьці. Да Нямігі замест мэтро вырашылі пайсьці пехатой па сьвежым паветры. З Скарыны мы збочылі да пляцу Волі. Насупраць “Патсдаму-Крыніцы” пераходзілі на другі бок, бо мусілі завітаць у “Кароль Хмелю”: мой сябра меў там справу. Як толькі мы выйшлі да пераходу, на сьвятлафоры загарэлася чырвонае сьвятло. Яно загарэлася і замерла. Чырвонае. Першая хвіліна. Другая. Трэцяя. Аднекуль зьявіліся даішнікі ды мянты. Перакрылі рух. Мы зразумелі – едзе дыктатар.

Нарэшце, на вуліцу Леніна збочвае картэж. З маланкавай хуткасьцю шасьцісотыя мэрсы набліжаюцца да нас. Я набіраю паветра. Зьбіраю ўсю сьлізь, што назапасіў у вантробах. Увесь бруд, што асеў у нутры за сем гадоў. Усе бактэрыі грамадзтва, усе брудныя вадкасьці. Я маю толькі адзін стрэл. Другой кулі няма. Я раблю ПЛЯВОК. І, Божа, дзякуй Табе, ён трапляе акурат у цэль. Зь мярзотным усплескам сьлізкая вадкасьць разьбіваецца аб лабавое шкло правага мэрсэдэсу.

Гэты гук усё яшчэ гучыць у мяне ў вушах. Сябры таксама яго пачулі.

Сястра паглядзела зь вясёлай і добрай зайздрасьцю: “Які плявок!”.

А я адчуў дзікую радасьць і палёгку. Я зрабіў гэта! Я зрабіў! Маё alter ego гэтага не зразумела: “Як ты, боўдзіла, можаш атрымліваць асалоду ад пляўка, калі ты звычайна атрымліваеш СВАЮ асалоду з балету “Рамэа і Джульета” ў пастаноўцы Елізар’ева, з кнігаў Мілаша, з карцінаў Пікаса!?” Гэта была жывёльная і бескантрольная радасьць, як першы аргазм. У гэтым яго вартасьць, гэта яго якасьць. Плявок у дыктатара зьнішчыў жывёлу, якая гадавалася ў маёй сьвядомасьці.

Р., Менск

 

А мо Крыжаноўскі?

Хочацца, каб газэта і яе чытачы вярнуліся да пытаньня вылучэньня адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі.

 

Мы сутыкнуліся з праблемай адарванасьці апазыцыі ад грамадзтва. Апазыцыя выбрала Ганчарыка менавіта для сябе. Крытэры, па якіх абіраўся адзіны кандыдат, ніколі ня будуць зразумелыя сярэднестатыстычнаму чалавеку ў Беларусі. У абываталя зусім іншая сыстэма ацэнкі кандыдатаў – голас аддаецца таму, хто выкліча сваім выглядам большыя сымпатыі, і асобе, больш вядомай. Заўважце, колькі жанчын млее ад зьяўленьня Лукашэнкі ці Пуціна на тэлеэкране. І нікога не цікавіць, што пры ўладзе аднаго зьнікаюць людзі сярод белага дня, а другі кіруе генацыдам у Чачэніі.

Застаецца толькі шкадаваць, што мы ня можам запрасіць у якасьці кандыдата якую-небудзь галівудзкую зорку.

Уладзімер Пячкоўскі, Дзятлава

 

Гамафобія

Гей-парад, правядзеньне якога заплянавана сёньня ў Менску, зьяўляецца правакацыяй беларускіх спэцслужбаў.

Ейная мэта – дыскрэдытацыя беларускай апазыцыі і фактычная перамога на выбарах Лукашэнкі. Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’ 97, адзін з кіраўнікоў гей-аб’яднаньня “Лямбда” Эдвард Тарлецкі зьяўляецца агентам Камітэту дзяржбясьпекі. Сёньняшняя заява арганізатараў гей-параду ў падтрымку апазыцыі і зьяўляецца самай сапраўднай правакацыяй”, — з такой заявай выступіла “Хартыя’ 97”.

 

Беларуская мова – вельмі загадкавая. У ёй гэтулькі адсутных словаў, словаў-табу, словаў-дысыдэнтаў. Напрыклад, двухтомны “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” слова “гомасэксуальнасьць”зьвязвае з “анармальнасьцю”, “анамальнасьцю” і г.д. Безумоўна, абсурдна вінаваціць усіх лінгвістаў у гамафобіі. Папросту звычка беларусаў быць нэўтральнымі ў справах асабліва далікатных стварыла маразм у пытаньні мовы, дзе нават просты “травень” набыў фашыстоўскае адценьне, ня кажучы ўжо пра “гамафобію”.

Канкрэтнай ці штодзённай гамафобіі ў нас сапраўды амаль няма (зрэшты, ніхто не зьбірае інфармацыю пра выпадкі агрэсіі ў дачыненьні да гомасэксуалістаў і лесьбіянак), але няма ў публічнай сфэры і заўважнага руху за правы геяў і лесьбіянак. Людзі не прызвычайваюцца да разнастайнасьці густаў, поглядаў, паводзінаў і сэксуальнасьцяў. Талерантнасьць не перадаецца генэтычна, ёй трэба вучыцца. Пакуль беларуская дзяржава не сьпяшаецца вучыць сваіх грамадзянаў талерантнасьці ў дачыненьні да адрынутых і маргіналізаваных учорашнім савецкім невуцтвам групаў.

Эмоцыі людзей выбухаюць пры сутыкненьні з тэмай гомасэксуальнасьці, якая ніяк не гармануе для іх з вобразам партызанскай, вэтэранскай і калгаснай Беларусі.

Так, у Віцебску коласаўцы ставілі п’есу паводле Ў.Тэнэсі “Дакрануцца вуснамі да нябёсаў”. Цудоўная п’еса пра чалавечую самоту. Але “культурная публіка” з квіткамі па прафсаюзнай лініі зрабіла выснову, што п’еса была пра двух вычварэнцаў. Проста падчас дзеі адна глядачка залямантавала: “Вычварэнцы!”, калі героі эмацыйна адкрываліся адзін адному. Акторы не зьвярнулі ўвагі, хоць відаць было, што яны ледзь стрымліваліся ад рогату.

Уладзіслаў Гарбацкі, Страсбург

 

Хварэем за палякаў

Пасьля верасьнёўскіх футбольных матчаў маем на адзін пункт менш за Ўкраіну. Наступныя гульні адбудуцца 6 кастрычніка. Беларусам трэба згуляць на выезьдзе ў Валіі, украінцам — у Польшчы. Само сабой, нам трэба выйграваць, але асноўная надзея ўсё ж на братоў-палякаў. Толькі ці будзе іхная каманда дастаткова змабілізаванай, каб даць бой Украіне, якая набрала добры ход?

Другое месца ў нашай групе выводзіць беларусаў на Нямеччыну або на Англію. Гэта вялікае нешанцаваньне для Ўкраіны. Пройгрыш у стыкавых двубоях (калі Ўкраіна, а не Беларусь апынецца на другім месцы) будзе роўны нацыянальнай трагедыі. Вось мы, калі й прайграем, моцна сумаваць ня будзем.

Але што адбылося ў матчы з палякамі 5 верасьня? Здаецца, дасюль у афіцыйных матчах наша каманда яшчэ не забівала больш за два мячы. Гэты “прарыў” павінен быць псыхалягічна вельмі важны.

Парадаксальна, але звычайнаму беларусу лацьвей трапіць на матч у Польшчы, чым ва ўласнай сталіцы. Квіткі там прадаюцца ў касах, а не разьмяркоўваюцца паміж “чэснымі” (якім футбол часьцяком “да фені”). У палякаў не прыжыліся паняткі “працоўны калектыў” ці “перадавік вытворчасьці”. Там нават адмовіліся ад спэкулятыўнага выкарыстаньня слова “народ” і пераназвалі газэту Trybuna ludu у проста Trybuna.

Так што хварэем за палякаў і разьбіваем валійцаў на іхным полі. Дарэчы, на чужых палёх мы яшчэ не перамагалі, а з валійцамі маем адмоўны балянс (адна перамога пры двух паражэньнях). Ёсьць магчымасьць разабрацца.

A.U.

Беларусы ўмеюць жыць

О родны кут, як ты мне мілы.

Забыць цябе ня маю сілы!

 

А цяпер, у далечы, я сумую па табе, Беларусь! Я вярнуўся ў тую краіну, якая мяне нарадзіла, у тую краіну, якая беларусам уяўляецца месцам, дзе людзі пераважна п’юць піва. Паверце мне, мае дарагія беларусы – нават у Нямеччыне ня ўсё тое золата, што блішчыць. Так, праўда, немцы жывуць у дабрабыце, але навошта ўвесь гэты дабрабыт, калі людзі ня ўмеюць жыць, піць, сьвяткаваць.

 

У гэтай краіне, у якой мне зноў даводзіцца жыць, сьвяты спраўляюць вось так: куча бутэлек піва на стале, пасярэдзіне вялізарная каструля бульбяной салаты, можа яшчэ якісьці густы суп з гуляшу, госьці “раскіданыя” па ўсім пакоі, утвараючы маленькія групкі, усе крычаць адначасова, перабіваючы адзін аднаго, замест таго, каб размаўляць адзін з адным. Дарагі беларускі народ, так сьвяткуюць немцы. Няўжо Ты таксама хочаш быць такім?

Колькі разоў запрашалі мяне ў госьці ці то ў студэнцкім інтэрнаце, ці то на прыватную кватэру! Людзі сядзяць разам, гутараць, задаюць пытаньні ды адказваюць на іх, пры размове глядзяць адзін аднаму ў вочы. І гэта важна. На стале процьма ўсякіх прыгожанька згатаваных страваў. Мяска, каўбаска, рыбка, салацікі, бутэрбродзікі, хлеб. Стол ломіцца ад ежы, так што ўжо амаль бракуе месца для талерак і чарачак. Сьвяточны стол узначальвае велічэзная каструля з бульбай. І не адсутнічае, вядома, гарэлачка. Бляск у вачах гасьцей гаворыць не пра вялікі апэтыт, а хутчэй пра нецярплівае чаканьне прыемнага. І потым ядуць, п’юць, жартуюць, сьмяюцца, чаркуюцца. Шум, але гэта ня страшна. Усім весела ў кампаніі. Гаспадыня – альбо гаспадар – вельмі пастаралася, каб гэты вечар быў удалы. Такое сьвята для беларуса – гэта рытуал.

На Новы год прыехала ў Беларусь мая сям’я – бацька, маці, брат, яго нявеста. Мне здаецца, што яны трохі зразумелі, чаму мяне пастаянна цягне ў Беларусь, што мяне там такі доўгі час затрымлівала. Маю сямейку ня раз зьдзіўлялі беларускія абрады. На Новы год мы прыехалі ў госьці, замарожаныя моцным сьнегападам, стомленыя паездкай беларускай электрычкай – і смачная ежа ўжо паравала на стале.

— Толькі маленькая перакуска, — супакоіла нас гаспадыня, напэўна, мяркуючы, што на стале стаіць занадта мала. Ды ў параўнаньні з тым, што яна потым прынесла, гэта на самой справе не было вельмі шмат. Нявеста майго брата дастала фотаапарат ды ўвекавечыла асалоду на стужцы.

— Гэта ж немагчыма, — мармытала яна.

Ужо што тычыцца гэтай першай перакускі, гаспадыня дужа пастаралася. Належыць частавацца, каштаваць усё патрошку. Так, пасьля таго, як я ўсіх перазнаёміў, мы сапраўды сагрэліся, паелі, папілі.

Захоўваюць старыя сяброўствы і набываюць новыя, адпачываюць пры гутарцы пра “сусьветныя праблемы”. Можа й узьнікне якаясьці спрэчка, пра якую, аднак жа, хутка, за наступнай чарачкай, забудзеш: урэшце, абодва мелі рацыю.

Я захапляюся Тваімі людзьмі, Беларусь. Мужыком, што ў абменным пункце спрабуе прадаць свае рублі. Хатняй гаспадыняй, што мые акно. Хлопчыкамі, што граюць у футбол. Маладой мамай, што корміць сваё дзіцё. Бабуляй, што, змораная доўгім жыцьцём, глядзіць у акно альбо вядзе гутарку зь іншай бабуляй на бальконе насупраць. Панкамі, што валяюцца каля стадыёну “Дынама”, п’юць піўцо, бяз працы, без пэрспэктываў на будучыню. Сямейнай парай (зь вялізнымі торбамі), што едзе зь лецішча ў сталіцу, каб прадаваць садавіну. Паэтам, што чытае свае вершы. Я захапляюся маленькімі падрабязнасьцямі беларускага жыцьця, зусім чужымі немцу, які ж усё ведае і ўсё ўмее.

Дарэчы, наконт чэргаў перад вінным магазінам. Так, такое таксама сустрэнеш. Жыцьцё такое. Што зробіш? Стаіць мужык зь велічэзнай, зношанай торбай ля прылаўка, складае ў яе 15 набытых бутэлек “Крыжачка”. Іншы чалавек за ім, відаць па выглядзе, сабраў і здаў бутэлькі, каб тут і цяпер купіць хаця б пляшачку.

Немцы, між іншым, час ад часу таксама п’юць. Толькі што гарэлка тут, у Нямеччыне, называецца “шнапсам”. І ён павінен быць смачны. Немцы хочуць, каб водка альбо “шнапс” меў смак. Інакш яны “ясьненькага”, як яшчэ размоўна называюць “шнапс”, ня п’юць. Як увогуле можна піць гарэлку? — запытваюць сябе многія немцы. У гарэлкі няма смаку. Напэўна, вось таму яны й прайгралі вайну. Жыць ня ўмеюць.

Беларусы, аднак, умеюць жыць, умеюць выкруціцца з найцяжэйшага становішча. Гарэлка не гарэлка – а я паважаю Цябе, беларускі народ. За ўменьне жыць паважаю. (Хоць гарэлку я таксама п’ю з задавальненьнем.)

Андрэ Бём, Ляйпцыг

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0