Сьвет не перавярнуўся

Прадказальны вынік выбараў прывёў да прадказальнае грамадзкае дэпрэсіі. Шмат хто загаварыў пра эміграцыю. Апазыцыйная прэса схавала зубкі. Пасьля ілюзіяў надышло расчараваньне.

 

На першы погляд, няма нічога больш нязьменнага, чым беларуская мэнтальнасьць і беларуская палітыка, але гэта толькі бачнасьць. Маладая беларуская нацыя ўдзячна адгукаецца на кожнае праяўленьне палітычнай волі, і апошняя выбарчая кампанія таксама істотна нас зьмяніла. Ад таго, якія высновы будуць зробленыя з паразы, залежыць, ці адкладзецца выбарчы досьвед у галовах палітыкаў каштоўным капіталам, ці застанецца толькі прыемным успамінам, выкліканым у памяці мабільнымі тэлефонамі, якія масава ўвайшлі ў іх штодзённае жыцьцё за апошнія паўгоду.

Зручна апраўдваць пройгрыш 9 верасьня няўдалым выбарам адзінага кандыдата, як гэта робяць шматлікія актывісты правіцы, або абмежаванасьцю часу на кампанію, пра якую кажа Ганчарык.

Прасьцей было б, калі б зараз у апазыцыі быў відавочны лідэр. Ня трэба рабіць з Ганчарыка ахвярнага казла, аднак не сакрэт, што ягоная палітычная будучыня ня менш прыўкрасная, чым Шушкевічава ці Пазьнякова. Дай Бог дэмакратам зараз адстаяць свае пазыцыі ў прафсаюзах увогуле.

На жаль, кампанія Домаша і ягоная хвароба спалілі патэнцыял гэтага гарадзенца, прывабнага кандыдата ў лідэры будучай “супэрпартыі”, але “непрэзыдэнтабэльнага” сёньня. Дый ніхто зь “сямёркі” ня выявіў сябе асабліва. Месца будучага візаві Бацькі вакантнае.

Ад спрошчанага тлумачэньня прычынаў 9 верасьня засьцерагае тое, што апазыцыя прайграла ня нейкі адзін сэгмэнт кампаніі — яна саступала патроху на кожным з этапаў, за рэалізацыю якіх адказвалі розныя палітычныя сілы.

Мабілізацыйную кампанію апазыцыя скіравала на моладзь і інтэлігенцыю, тады як Лукашэнка сваёй цэліў у сілавікоў, бізнэс-колы, вяскоўцаў і пэнсіянэраў.

Вылучэньне кандыдата апазыцыя даверыла вузкаму колу самотных палітыкаў, а не максымальна шырокаму прадстаўніцтву, хоць калектыўны розум больш схільны ставіць грамадзкія інтарэсы над прыватнымі.

Ужо само тое, што Ганчарыка кансультавалі палітолягі і іміджмэйкеры, якія ў большасьці — жыхары Беларусі толькі ў першым-другім-трэцім пакаленьні, абумовіла адарванасьць ягонай PR-стратэгіі ад беларускай рэальнасьці. Советской Белоруссии засталося толькі падкрэсьліць гэта бліскучай пародыяй “Время выбора”.

Адзіны кандыдат выйшаў на выбары без праграмы, з аднымі “агульнымі кірункамі”. Ягоная кампанія была скіраваная на “балота” — выбарцаў бяз пэўнае пазыцыі. Нібыта слушна, але пры гэтым ён разьлічваў на народны ўздым. Але “балота” ня зробіць рэвалюцыі. Калі празь пяць гадоў у 20.05 хлябі нябёсныя над Менскам ізноў раскрыюцца. Зрабіць рэвалюцыю могуць людзі ідэі, прыехаўшы зь Дзятлаўскага і Валожынскага раёнаў на “лазіках”, нягледзячы на залевы. А на якіх людзей ідэі мог разьлічваць Ганчарык, нават Пагоні не прызнаўшы да канца?

“Незалежнае Назіраньне” ўлады таксама сарвалі, апытаньні на выхадзе з участкаў не былі праведзеныя.

А ўсё, відаць, таму, што фінансавыя рэсурсы апазыцыі былі ў дзясяткі разоў меншыя за Лукашэнкавы. Відаць, меншыя настолькі, наколькі канцэрт Еўдакімава каштуе таньней за выступ Алсу. Лукашэнка шматмільярднымі ўліваньнямі ў нацыянальную і рэгіянальную прэсу, тэлебачаньне, радыё і спэцслужбы прывёў у дзеяньне агромністую прапагандысцкую машыну. Дык і перамог у інфармацыйнай вайне.

У кожнага з дробных паражэньняў, зь якіх склалася адно агульнае, ёсьць канкрэтныя вінаватыя. Добра было б, каб аналіз памылак пацягнуў за сабой кадравыя зьмены ў апазыцыі. Мэта гэтых зьменаў — вярнуць людзям веру ў моц апазыцыі. Без такой веры ёй не перамагчы — і сёлетняя кампанія гэта пацьвердзіла.

Ганс-Георг Вік, маючы да беларускае апазыцыі вельмі ўмоўнае дачыненьне, стаўся, між тым, адным з сымбаляў ейнае слабасьці. Просты беларус ніколі не паверыць у сілу Захаду і ягоную здатнасьць неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, пакуль у Менску Вік, які ўсе гэтыя гады быў няздольны адэкватна рэагаваць на рытуальнае прыніжэньне з боку Бацькі.

Папулярнасьць Лукашэнкі неўзабаве рэзка зьнізіцца. Зашмат прыйшлося яму блефаваць, перастрахоўваючы перамогу. Стодаляравыя заробкі пры пяцікапеечных цэнах немагчымыя. Бацька чакае рэзкага падзеньня сусьветных цэнаў на нафту і зьвязанага зь ім новага расейскага крызысу, каб сьпісаць на яго эканамічныя цяжкасьці, але такога можа і ня здарыцца.

А Гавал прыняў Быкава. Значыць, сьвет не перавярнуўся і менскі рэжым чакае складаная будучыня.

Выкладзеныя вышэй дыскусійныя заўвагі варта разглядаць як запрашэньне чытачоў і аўтараў “НН” да дыскусіі на старонках газэты — з думкай пра наступныя выбары і будучага “прэзыдэнтабэльнага”.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0