Беларускі стандарт выбараў

 

Ці ня самая вялікая праблема нашага грамадзтва ў тым, што большасьць выбарцаў разглядае выбары як несур’ёзную акцыю, ад якой дабрабыт сям’і не залежыць ніякім чынам. Сапраўды, калі ўсе папярэднія больш-менш адкрытыя выбары 1990, 1994, 1995, 2000 гадоў выклікалі толькі пагаршэньне жыцьця, дык ці ня лепш зусім у іх ня ўдзельнічаць? Або захаваць уладу Лукашэнкі: “Ён ужо накраўся, можа, больш ня будзе”.

 

Дый каманда Ганчарыка ня здольная была дзейнічаць эфэктыўна. Выбарцы палічылі, што прызначэньне Ганчарыка адзіным кандыдатам – кулюарная перамога экс-намэнклятуры, а не дэмакратычных сілаў. Вельмі часта гучала пытаньне: “Чаму Домаш зьняў сваю кандыдатуру?”. Да гэтага трэба дадаць бяздарна праведзеную агітацыйную кампанію.

Да фальсыфікацыі вынікаў выбараў у буйных гарадах дадалася практыка масавага датэрміновага галасаваньня ў правінцыі, калі гарантаваць захаванасьць скрыняў для галасаваньня немагчыма. Найбольш адданыя ўладзе кіраўнікі “параілі” сваім супрацоўнікам прагаласаваць датэрмінова.

Афіцыйныя 14% датэрміновага галасаваньня ў правінцыі ператварыліся ў 25–58%. Менавіта такія лічбы характэрныя для бальшыні вёсак Гарадоччыны. Напрыклад, на Прудніцкім выбарчым участку з 518 выбарцаў датэрмінова прагаласавалі 303, на Маскалянецкім з 221 – 110, на Лясным участку (вайсковая частка) з 291 – 151. Відаць, такое самае становішча і на іншых вясковых участках краіны.

Масава галасавалі выбарцы і дома. На Болецкім участку дома галасавалі 126 выбарцаў з 251, на Астраўлянскім участку – 198 з 372, на Віраўлянскім – 165 з 389 і г.д. Дабрацца да іх назіральнікі маглі толькі на сваім транспарце.

Ня дзіва, што ўчасткі ў дзень выбараў былі паўпустымі – выбары адбыліся датэрмінова і дома. Так, у дзень выбараў на Маскалянецкі ўчастак прыйшлі 28 выбарцаў з 217, на Пралетарскі – 63 з 305, на Бычыхінскі – 198 з 781, на Прудніцкі – 64 з 518.

Найбольш адданыя “вэртыкалі” старшыні ўчастковых камісіяў не давалі незалежным назіральнікам афіцыйнай інфармацыі пра тое, колькі выбарцаў прагаласавалі па хатах і на ўчастку. Так рабілі старшыні зь Межанскага, Вярхоўскага, Стадалішчанскага ўчасткаў.

Выбарцы ня мелі інфармацыі пра адзінага кандыдата. Гарадоцкі райвыканкам дазволіў разьмяшчаць агітацыйныя матэрыялы на вітрынах крамаў і інфармацыйных стэндах прадпрыемстваў, але яны адтуль зьнікалі. Дый раённая газэта друкавала матэрыялы толькі ў падтрымку Лукашэнкі.

Вось у такіх умовах улада забясьпечыла тое, што “правадыр” назваў “элегантнай перамогай”.

Прэзыдэнцкія выбары 2001 г. канчаткова замацавалі беларускі стандарт выбараў, які амаль нічога супольнага ня мае з эўрапейскай выбарчай сыстэмай.

Леанід Гаравы, Гарадок

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0