Нью-Ёрк

 Чаканьне працягу

Шматкроць паўтораныя па TV сюжэты з падзеямі аўторкавай раніцы зрабілі ўвесь сьвет нібыта непасрэдным сьведкам трагедыі. Жыхарам Нью-Ёрку й дадаць, здаецца, няма чаго. Нам засталося іншае, не такое трагічнае, не такое пампезнае: жыцьцё ў горадзе, напалоханым тэрорам. Напалоханым магчымасьцю тэрору. Чаканьнем.

 

Міжвольныя параўнаньні зь Менскам: нязвыкла перапоўненыя аўтобусы і цягнікі — зь непрыстасаванымі да такіх умоваў нью-ёркцамі, якія праз гэтую непрыстасаванасьць робяцца яшчэ больш нэрвовымі. Кідаюцца ў вочы рэчы дробныя, неістотныя: калі звычайна ўранку амаль кожны другі ў цягніку — з New York Daily ці New York Times, дык цяпер толькі адзінкі наважваюцца разгарнуць газэту, бы робячы што непрыгожае. Хочацца даць сабе адпачынак ад навінаў, ад бясконцага вяртаньня да тых падзеяў. Нездарма тэлевізія, паўтараючы зьнятыя з розных ракурсаў сьмяротна прыгожыя выбухі, не наважваецца паказаць, як выкідваюцца з вокнаў людзі, як кінуўся адзін мужчына, як паляцелі, узяўшыся за рукі, мужчына і жанчына.

Цягнік “F” з Брукліну, дзе я жыву, у Мангетан, дзе я працую, пераважна ідзе пад зямлёй і выходзіць на паверхню ўсяго на два прыпынкі, але гэтага хапае, каб злавіць вокам Статую Свабоды і – яшчэ нядаўна — турыстычны, паштоўкавы краявід з блізьняткамі Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру. Менчукі прызвычаіліся да мірных тэрактаў улады: зьнясеньня, разбурэньня, зьнішчэньня гмахаў, комплексаў, раёнаў, але ў галаве жыхара Нью-Ёрку лягчэй укладзецца страта блізкага чалавека, дзясяткаў тысячаў чалавек, чым тое, што ў ягоным горадзе ня будзе гэтых вежаў.

Ты хоць і жыхар Нью-Ёрку, але дзякуеш Богу, што прыехаў сюды параўнаўча нядаўна і ў цябе надта мала шанцаў, каб пацярпеў хто з тваіх блізкіх. І ты з удзячнасьцю адказваеш на званкі, e-mail’ы блізкіх беларусаў з розных гарадоў і мястэчак Амэрыкі, а таксама зь Менску, Таронта, Прагі, Вільні, Стакгольму. З удзячнасьцю, да іх і да лёсу, пішаш: жывыя. Яшчэ жывыя.

Аўторак быў страшны сваёй імгненнасьцю, наступныя дні — жахлівыя чаканьнем. Далёка ня ўсё, што адбываецца, ідзе ў этэр. Жывеш чуткамі: спынілі машыну з бомбамі па дарозе ў Нью-Ёрк, знайшлі бомбу на мосьце ў Брукліне; быў замінаваны Empire State Building. Калега выйшла на абед, і яе ледзь не затаптаў натоўп, што бег з Grand Central Station (з Цэнтральнага вакзалу), дзе шукалі бомбу. Каля 9-й у чацьвер эвакуююць нашую бібліятэку: ахова атрымала званок з пагрозаю. Праз паўгадзіны дазволілі вярнуцца. А яшчэ праз паўгадзіны эвакуявалі, таксама на няпэўны час, іншую бібліятэку, за колькі кварталаў ад нас.

Пасьля нападу на Пэнтагон і World Trade Center арабы могуць перайсьці на тэрор побытавы: машыны, дамкі, крамкі, маленькія станцыі. А значыць, наблізіцца да твайго ўласнага сьвету. Я пішу “арабы” — іхная віна яшчэ не даведзеная афіцыйна, але сумневу няма. Прынамсі, у жыхароў тых самых дамкоў. І калі ты яшчэ сам ня здольны разумова, фізычна ўхапіць бэйсбольную біту, дык ужо стае нутраной пустэчы глядзець, маўкліва ўхваляючы, на пагром арабскіх крамак, бо яшчэ колькі хвілінаў таму адтуль неслася шчасьлівае гергатаньне пад гукі тэленавінаў. Паліцыянты спыняюць бойку, толькі каб абараніць нападніка ад арабскіх нажоў…

Калі я пішу гэтыя радкі, у Нью-Ёрку шэрая залеўная раніца, моцны дождж. Супрацоўнікі майго аддзелу спазьняюцца на працу на паўгадзіны і болей. Недзе пад зямлёй спыніўся цягнік, даючы дарогу іншаму, але ўсчалася паніка, хтосьці згубіў прытомнасьць; у іншым цягніку хтосьці забыўся тэчку: спынілі рух, была выкліканая паліцыя.

Дождж прыб’е пыл, які ўжо дзень вісіць над Мангетанам, якім прапахла мая хата ў Брукліне. Будуць першыя халодныя выходныя. Пачынаецца восень. Звычайна радуешся адпачынку пасьля нью-ёркскага лета. Сёлета разумееш: усё толькі пачынаецца.

Лявон Юрэвіч


Як паводзіць сябе пры тэракце

Аўтобусы і самалёты — улюбёныя аб’екты тэрарыстаў. Лепей прыяжджаць на вакзал ці ў аэрапорт як мага бліжэй да адыходу цягніка, аўтобуса ці да пачатку рэгістрацыі. У аэрапорце трэба хутчэй прайсьці ўсе фармальнасьці і чакаць пасадкі ў адмысловым ахоўваным сэктары. Абіраючы дату падарожжа, супастаўце яе з календаром: ці не прыпадае яна на якое рэлігійнае сьвята, памятную падзею ці гадавіну тэракту. У дарогу апранайцеся непрыкметна, не бярыце з сабой упрыгожаньняў і не дэманструйце крыжыкаў і іншых знакаў рэлігійнасьці. Лепш ляцець эканомклясай, бо салён першае клясы тэрарысты захопліваюць у першую чаргу і разьмяшчаюць там свой “штаб”. У аўтобусе сядайце ў сярэдзіну салёну. У самалёце найбольш небясьпечныя месцы каля праходаў і аварыйных люкаў, празь якія спэцназ пачынае свае апэрацыі. Галоўнае — не ўступаць з тэрарыстамі ў кантакты, не супраціўляцца і не выяўляць ініцыятывы. Не глядзіце ім у вочы, ня скардзіцеся, нічога не патрабуйце, не выказвайце страху і будзьце непрыкметным. Той, хто мітусіцца, загіне першым. Памочнікі тэрарыстаў могуць быць і сярод пасажыраў, таму ні з кім не размаўляйце. Нічога не даставайце з кішэняў або сумкі. Сядзіце ціха і прышпіліцеся рамянём, бо пры выбуху ў расколіну зацягваюцца ня толькі прадметы, але й людзі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0