Погляд зь Менску

Мы з чачэнцамі

Пасьля крывавага замаху на стабільнасьць амэрыканскае дзяржавы адзін мой знаёмы беларус зь Нью-Ёрку, сьведка падзеньня хмарачосаў, прызнаўся ў лісьце, што цяпер ён па-іншаму глядзіць і на арабаў, і на чачэнаў. Цяпер, піша, ён разумее, чаму расейцы ваююць на Каўказе. Такая пераацэнка адбылася і ў мільёнаў ягоных суродзічаў між Дзьвіной а Прыпяцьцю. “Гэтых нельга распускаць! Правільна Пуцін іх б’е!” Або з прэтэнзіяй на сур’ёзнасьць: “Аднаго балота чэрці: што ў Аўганістане, што ў Палестыне, што ў Чачэніі”.

 

Ніколі пасьля канфлікту ў Косаве хрысьціянская, “белая” цывілізацыя не адчувала гэткае еднасьці, як пасьля атакі на Амэрыку. Небясьпека гуртуе.

Вядзецца гаворка пра стварэньне сусьветнай антытэрарыстычнай кааліцыі. Анахранічнай здаецца крытыка амэрыканскіх плянаў стварэньня больш сучаснай сыстэмы проціракетнай абароны, што нядаўна гучала з калідораў бела-чырвонага палацу на вуліцы Леніна ў Менску. Масава згадваюць стары добры выраз “цывілізаваны сьвет”: “Выклік кінуты ўсяму цывілізаванаму сьвету”.

Расейцы ловяць момант для дыпляматычнага забесьпячэньня сваіх акцыяў на Каўказе. Так атрымалася, што менавіта прарасейскія сілы даўно і беспасьпяхова змагаюцца з талібамі, якія прыгрэлі кублы бэн Ладэна. І Расея ж, пастаўшчыца зброі рэжымам кшталту лібійскага (ці сама, ці рукамі сатэлітаў), натхняльніца канфліктаў, кшталту палестынскага, якія прыносяць ёй вялізарны рост нафтагазавых прыбыткаў, выяўляецца незаменным зьвяном антытэрарыстычнай кааліцыі…

Вялікай прыкрасьцю было б, каб заходні сьвет паспрабаваў сілай вырашыць “ісламісцкую праблему”, забыўшыся пра неабходнасьць міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялёгу. Бамбёжка Аўганістану цераз тэрыторыю Туркмэністану ня дужа зьмяніла б ні першы, ні другі.

Прыкра было б, каб у афэкце сьвет заплюшчыў вочы на чачэнскую драму. Агрэсарам у Чачэніі 7 гадоў былі расейскія войскі. Яны зруйнавалі гарады, зрабілі дзясяткі тысячаў людзей уцекачамі, амаль зьнішчылі адну з самых самабытных культураў Эўропы. “Чачэнскі тэрарызм” – ня больш чым газэтны стэрэатып, што грунтуецца на сумнеўных абвінавачаньнях у падрыве будынкаў у Маскве і на растыражаваных расейскімі ж СМІ заявах псыхічна непаўнавартых асобаў, кшталту кантужанага Радуева. Не было ніякага чачэнскага тэрарызму да першага расейскага ўварваньня ў Чачэнію.

Чачэнцы – эўрапейскі народ, што змагаецца за незалежнасьць і сваю культуру. Пра гэта не забываймася.

Беларускія татары на мінулым тыдні выступілі з заявай: тэрарысты – гэта людзі бяз Бога і без нацыянальнасьці. Чачэнцы, як і беларусы, людзі з Богам і нацыянальнасьцю.

Барыс Тумар

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0