Дзяўчына вярнулася ў ліцэй

Навучэнка 11-й клясы Сьветлагорскай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Сафія Зобава, якая на пачатку навучальнага году перайшла ў 11“Б” — ліцэйскую клясу СШ №9, правучылася там толькі тыдзень. А потым забрала дакумэнты і вярнулася ў ліцэй.

 

“Пасьля ліцэю вучыцца ў школе я не змагла. Той атмасфэры, той сыстэмы адносінаў паміж настаўнікам і вучнямі, што склаліся ў ліцэі, да якой я прывыкла, у школе няма й блізка”, — кажа яна.

Вяртаньне Соні ў ліцэй дакладна супала па часе з загадам аддзелу адукацыі Сьветлагорску аб закрыцьці ліцэю.

Фармальнай падставаю для такога загаду стала тое, што ў новым Статуце менскага Беларускага ліцэю не прадугледжаныя філіі. А значыць, няма й юрыдычнай падставы для фінансаваньня Сьветлагорскага ліцэю. Такой лёгікай кіравалася загадчыца Сьветлагорскага гарана Галіна Філіповіч, падпісваючы загад. Яшчэ адной падставай для закрыцьця сталася тое, што ў ліцэі засталіся толькі дзьве клясы і ўсяго 27 вучняў — набор у 9-ю клясу Статут ліцэяў не прадугледжвае. А ўтрымліваць калектыў пэдагогаў для такой малой колькасьці вучняў “нерэнтабэльна”.

Зачыняецца ўстанова, чые гадаванцы навучаюцца зараз у самых прэстыжных ВНУ Беларусі, Расеі, Індыі і ЗША. Толькі ў 2001 г. з 20 выпускнікоў 19 зрабіліся студэнтамі. Былі выпускі, калі ўсе, хто скончыў ліцэй, паступалі ў ВНУ.

12 верасьня сьветлагорская суполка ТБМ накіроўвае старшыні Сьветлагорскага гарвыканкаму Баляславу Пірштуку заяву, у якой прапануе ператварыць Сьветлагорскую філію Беларускага ліцэю ў Сьветлагорскі гарадзкі гуманітарны ліцэй. У той самы дзень а 8-й раніцы навучэнцы, бацькі, вольныя ад працы, і пэдагогі ладзяць на плошчы перад выканкамам пікет, пратэстуючы супраць закрыцьця.

А 15-й адбываецца сход пэдкалектыву ў ліцэі. Прысутнічае і тлумачыць сытуацыю спн.Філіповіч. Выступы эмацыйныя. Ніхто з пэдагогаў ня згодны пераходзіць на працу ў СШ №1. Загадчыца гарана кажа, што настаўнікі могуць вучыць дзяцей у ліцэі, але зарплаты не атрымаюць. Выкладчык фізвыхаваньня і спэцпадрыхтоўкі Яўген Мухін кажа, што згодны выкладаць свае прадметы бясплатна, абы толькі ў ліцэі. Яго падтрымліваюць і іншыя пэдагогі.

Сюжэты пра Сьветлагорскі ліцэй гучаць на Радыё Свабода, Рацыя, паведамленьне зьяўляецца на першай старонцы “Народнай Волі”.

13 верасьня навучэнцы разам з пэдагогамі ладзяць ужо два пікеты. Намесьнік старшыні гарвыканкаму сп.Зьвягін і міліцыянты спрабуюць запалохаць пікетоўцаў. А палове на сёмую ў ліцэі адбываецца бацькоўскі сход. Бацькі складаюць діст да міністра адукацыі з патрабаваньнем захаваць у Сьветлагорску ліцэй, пераўтварыўшы яго ў Сьветлагорскі гарадзкі гуманітарны ліцэй.

Да абароны правоў сьветлагорскіх ліцэістаў далучаецца старшыня ТБМ Алег Трусаў, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, журналіст БелаПАН Марат Гаравы. Рыхтуюцца лісты віцэ-прэм’еру Міхалу Дземчуку, кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Ўралу Латыпаву. Для апошніх справа ліцэю, відавочна запачаткаваная шчэ Замяталіным, магла б стаць добрай нагодай засьведчыць свой палітычны рэалізм.

14 верасьня а палове на восьмую ліцэісты і пэдагогі зноў на цэнтральнай плошчы з тымі ж лёзунгамі. Сёньня іх ужо ніхто не палохае, але кіраўніцтва гораду да пікетоўцаў не выходзіць.

Напярэдадні гэтых падзеяў, 7 верасьня, у Сьветлагорск прыяжджалі Ўладзімер Арлоў, Вальжына Цярэшчанка і Зьміцер Бартосік.

Іхная сустрэча з чытачамі адбылася ў адной зь ліцэйскіх клясаў, выдзеленых у СШ №1. У часе імпрэзы ў аўдыторыю двойчы ўрывалася ў суправаджэньні афіцэра міліцыі дырэктарка школы спн.Маслава. Яна абуралася, што “палітычная” акцыя адбываецца ў ейнай школе бязь ейнага дазволу, ды яшчэ напярэдадні выбараў прэзыдэнта.

Ці ня гэтая падзея, ды яшчэ тое, што навучаньне ў ліцэі вядзецца на беларускай мове, што вучні рэгулярна ўдзельнічаюць у навуковых канфэрэнцыях, конкурсах, нават бываюць на стажыроўках за мяжою, і стала падставай такога недарэчнага рашэньня кіраўніцтва гарадзкога аддзелу адукацыі?

Соня Зобава вярнулася ў ліцэй. Ці дазволяць ёй атрымаць ліцэйскі атэстат?

Вадзім Болбас, Сьветлагорск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0