Яны пралічацца

Гутарка з галоўным рэдактарам “Пагоні” Міколам Маркевічам.

“НН”: Арышт накладу — новая рэалія ў беларускім жыцьці. У Горадні такога ўвогуле яшчэ не здаралася. Як гэта адбылося з “Пагоняй”?

Мікола Маркевіч: 12 верасьня апоўдні нам патэлефанавалі з друкарні і абвясьцілі, што арыштаваныя нашыя грошы, якія знаходзіліся на іхным рахунку, і папера, што была на складзе ў друкарні. Гэта, маўляў, зьвязана з расьсьледаваньнем крымінальнай справы супраць “Пагоні” па факце паклёпу на адрас прэзыдэнта ў 36-м нумары. Гэта азначала, што нам трэба наноў плаціць грошы, шукаць паперу. Мы знайшлі і тое, і другое. Пасьля абеду прыйшоў ліст з пракуратуры: на 27 верасьня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прызначанае паседжаньне па справе закрыцьця газэты і ліквідацыі рэдакцыі. Ініцыятар — пракуратура Гарадзенскай вобласьці, якая, чамусьці, прадстаўляе інтарэсы Дзяржаўнага камітэту па друку. Як быццам, гэтыя людзі ня могуць самі сябе прадстаўляць. А судзьдзя мае такое цікавае прозьвішча — Жандараў.

Але мы падрыхтавалі нумар, і ў 17.30 я аднёс дыяпазытывы ў цэх. А потым быў выкліканы на допыт да сьледчага абласной пракуратуры Алега Кулевіча, якому перадалі нашую крымінальную справу. І падчас допыту я зьвярнуў увагу на тое, як увечары ў пустынным будынку штосьці забегалі пракуроры, зашумелі. У мяне сэрца адразу літаральна ёкнула. Я пытаю: што, і гэты нумар канфіскуеце? Мне са шчырай, душэўнай усьмешкай адказалі: не, вы што, як вы маглі падумаць?.. І я да 10-й, як добрасумленны грамадзянін, даваў паказаньні. Між тым, наклад, усе 8 тысяч асобнікаў, ледзьве надрукавалі — адразу ж арыштавалі ўвесь і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Відаць, ёсьць нейкі склад у пракуратуры, бо я не ўяўляю, дзе можна трымаць такую гару газэт. Гэта амаль 11 тысяч мінулага нумару і 8 тысяч — гэтага.

А 13-га, ледзьве я прыйшоў на працу, прыехалі пракуроры Танкевіч і Кулевіч і ператрэсьлі рэдакцыю па ўсіх правілах — з панятымі, з супрацоўнікамі міліцыі. Пералапацілі літаральна ўсё. Гэта ўжо чацьверты ператрус у гэтым памяшканьні. Тое самае было і ў старым, на Дамініканскай. Склалі пратакол. Забралі абсалютна легальныя кантрольныя вывады палосаў і забракаваны мною артыкул Максіма Краеўскага “Графіці на банкнотах”. Я думаю, пракурорам трэ было неяк апраўдацца — што яны рабілі некалькі гадзінаў у рэдакцыі “Пагоні”. Бо, калі нічога не канфіскавалі, значыць, яны марнуюць народныя грошы... Год таму ў Горадні адбыліся адна за другой таямнічыя сьмерці маладых прыгожых дзяўчат. Шэсьць ці сем фактаў. Мы падымалі гэтую тэму, да нас прыходзіла маці адной зь іх, паказвала фатаздымкі. Яе абурала, што яе маладую прыгожую дачку, якая хацела жыць, праваахоўныя органы залічылі ў самагубцы, тым самым паправіўшы сваю статыстыку, і што ніхто не шукаў ніякіх сьлядоў. Абласной пракуратуры не было ніякай справы да таго, што ў горадзе зьявіўся свой Чыкаціла, а цяпер яна “капае” пад “Пагоню”.

“НН”: Наступны нумар будзеце рыхтаваць ці гэта немагчыма?

М.М.: Калі сьледчыя пракуратуры скончылі абшукваць, я спытаўся ў іх: можа, нам ня варта рыхтаваць наступны нумар, бо гэта ўсё-ткі вельмі вялікія грашовыя выдаткі? Яны кажуць: можаце рыхтаваць, але там не павінна быць ані слова паклёпу на Аляксандра Рыгоравіча. Я спытаў: а хто вызначаў і надалей будзе вызначаць — ці ёсьць паклёп у газэце? І малады сьледчы Алег Кулевіч адказаў: я. Тады я ў яго спытаўся: дык можа мне газэту, перш чым у друкарню здаваць, да вас прыносіць, каб вы прагледзелі і санкцыянавалі? І ён на поўным сур’ёзе адказаў: так, прыходзьце, калі я чагосьці ня здолею зразумець, мне дапамогуць старэйшыя таварышы. Я ня стаў удакладняць, хто гэтыя старэйшыя таварышы, але яны, відаць, у стане сёньня выдаць індульгенцыю любому пракурору, каб ён памахаў сякерай або кувалдай, у якасьці якой выкарыстоўваецца Крымінальны кодэкс.

Цэнзура ў Рэспубліцы Беларусі забаронена, але ў пракуратуры мелі і маюць магчымасьць чытаць “Пагоню” яшчэ да таго, як яна трапляе на друкарскі варштат. І я не зьдзіўлюся, калі высьветліцца, што друкарня ўзяла сабе на працу штатнага цэнзара.

“НН”: Чым жа “Пагоня” пакрыўдзіла ўлады?

М.М.: Напярэдадні агульнага паседжаньня сэсіі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі рэдакцыя атрымала па факсе заяву невядомай Рады камандзіраў беларускай нацыянальнай самааховы. Там паведамлялася, што гэтая арганізацыя здымае зь сябе ўсякую адказнасьць за жыцьцё дэпутатаў, якія прыедуць у Горадню.

“НН”: Прайшло ўжо тры месяцы. І ўсе жывыя і здаровыя, здаецца.

М.М.: Акрамя “Пагоні”. Пасьля нас вельмі моцна трос КДБ. Іх нават не цікавіў гэты ліст, іх цікавіла структура рэдакцыі, фінансаваньне, аўтары, раскрыць псэўданімы прасілі. Пазьней, у жніўні, спрабавалі вэрбаваць супрацоўнікаў. І мы пра гэта напісалі, бо ў нас ёсьць толькі адна зброя супраць “жалезных рыцараў”. І літаральна на наступны дзень нас выклікалі ў пракуратуру. Можа, гарадзенскія пракуроры на нас пакрыўдзіліся, бо мы напісалі, што яны непісьменныя. Пазоўная заява ў гаспадарчы суд была аформленая настолькі непрафэсійна, што яе вярнулі назад. А мо гэта вэртыкальшчык Саўчанка — з Магілёва родам — па сваёй ініцыятыве такую злую газэту, з такой назвай і на такой мове зьнішчыць надумаў. Мо гэта нават пробны камень па зьнішчэньні ўсяго незалежнага друку. Улады вырашылі адпрацаваць схемы, мэтады барацьбы. Паглядзець, як адрэагуюць нашыя дэмакраты, міжнародная супольнасьць.

“НН”: Колькі каштавалі арышты двух газэтных нумароў?

М.М.: Страты можна ацаніць у 3 тысячы даляраў. Ня ведаю, што будзе далей. Вось, 27-га суд. Згодна з законам, можна закрыць газэту, калі яна мае два і болей папярэджаньні ад Дзяржкамдруку на працягу году. У нас адно папярэджаньне. Але яны прымаюць справу да разгляду. Калі б гэта быў незалежны суд і ня шэйманаўская пракуратура... Да якой рысы яны дойдуць, я пакуль ня ведаю. Можа, яшчэ ім трэба і Маркевіча ў турму пасадзіць, каб рэдактары астатніх 30 незалежных газэтаў ня вякалі?

“НН”: Але пакуль рэдакцыя існуе. Што зьбіраецеся рабіць далей?

М.М.: Газэту. “Пагоня” ў Інтэрнэце рэгулярна выходзіць. Нават калі давядзецца рабіць нелегальную газэту, мы будзем яе выдаваць. У “Пагоні” ёсьць чытач, і яе лёс не залежыць ад волі нават самых кепскіх чыноўнікаў. Павінна быць такая газэта, і яна існуе і будзе існаваць.

Так, калі ў нас зьнянацку канфіскавалі сыстэмныя блёкі ўсіх кампутараў, людзі пачалі тэлефанаваць у рэдакцыю, прапаноўвалі сваю дапамогу. Прынесьлі свае кампутары. Дзеля гэтага варта працаваць, варта жыць.

“НН”: А якая крамола была ў апошнім, 37-м нумары?

ММ.: У пракуратуры ў мяне спыталі: каго вы мелі на ўвазе ў трэцяй страфе верша “Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць”? Я кажу: гэта літаратурны твор, ніякага імя там ня згадваецца, ніякай пасады, герой твора — зьбіральны вобраз чалавека, які шмат абяцае і нічога ня робіць. Сьледчы ў мяне пытаецца: а ці не прэзыдэнта вы маеце на ўвазе? Я сказаў: ну, як вы маглі такое падумаць! Але яны за нас усё адно ўзяліся. Каб зьнішчыць Пагоню як герб, цэлы рэфэрэндум Лукашэнка прыдумаў. А тут нейкая газэта, з гэтай назвай. “Пагоня” ідзе насуперак палітыцы русіфікацыі і дэнацыяналізацыі, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі, каб прасьцей было арганізаваць з Расеяй новую “імпэрыю зла”. На агульным фоне далёка не баязьлівай незалежнай прэсы мы заўсёды былі трошкі больш вострымі, трошкі больш хуткімі, больш радыкальнымі. Гэта выклікала трывалы галаўны боль у тых, хто сёньня кіруе намі. Таму яны з такой асалодай і задавальненьнем пайшлі на нас у атаку. Але яны пралічацца.

Гутарыў Сяргей Краўцоў

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0