Турызм і іміграцыя

Днямі прачытала ў адной таронцкай расейскамоўнай газэце дасьціпную показку. Чалавеку на тым сьвеце дазволілі выбіраць паміж пеклам і раем. Паказалі яму рай — цішыня, спакой, ніякіх забаваў… Сумна. Завялі ў пекла — а там карты, віно, дзявахі… Той чалавек і выбраў пекла. А яго адразу цоп — і ў кацёл са смалой. “Гэта ж зусім ня тое, што мне паказвалі!” — лямантуе бядак. І чуе ў адказ: “Ня блытай турызм з іміграцыяй…”

Пасьля публікацыі ў “НН” артыкулу “Краіна непалоханых вавёрак” я атрымала некалькі лістоў на свой электронны адрас. Найчасьцей паўтаранае пытаньне было прадказальным: я згодны перажыць які заўгодна эміграцыйны шок, толькі падкажыце — як адсюль зьехаць?

Пра эміграцыю зь Беларусі думае шмат хто. Яшчэ да ад’езду ў Канаду ў маім нататніку зь менскімі тэлефонамі амаль на кожнай старонцы трапляліся выкрасьленыя радкі, побач зь якімі стаялі новыя адрасы: Польшча, ЗША, Нямеччына, Чэхія, Ізраіль…

Пакіну ўбаку палітычныя матывы, што змушаюць людзей да такога кроку. Урэшце, ня толькі ад нэндзы, безнадзейнасьці і “найгоршага ў сьвеце начальства” ўцякаюць эмігранты — інакш не былі б нашымі суседзямі тут учорашнія жыхары Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі. Павінен быць яшчэ нейкі чыньнік, хоць маленькая, але ўласная важкая прычына, здольная канчаткова спыніць ваганьні “ехаць — ня ехаць” на карысьць першага. Надзвычай важна, каб гэты асабісты чыньнік не дэвальваваўся. Бо тут яго не аднойчы давядзецца даставаць з кішэні, каб ізноў ды ізноў ураўнаважваць ім расхістаныя шалі…

Іміграцыя толькі пацьвердзіла вядомую ісьціну: добра там, дзе нас няма. Я б расшыфравала гэты выраз так: мусіш ведаць, што за кожны плюс і выйгрыш сумленна заплаціш нейкім мінусам і пройгрышам, прычым цябе загадзя не папярэдзяць — якім менавіта. Магчыма, не такім, да якога ты рыхтаваўся.

(Наагул, з эміграцыяй — як з замужжам: чым менш ілюзіяў і спадзяваньняў, тым большая верагоднасьць прыемных сюрпрызаў…)

Тыя, хто прыехаў з надзеяй трапіць у капіталістычны рай, расчароўваюцца вельмі хутка. Працаваць шмат і цяжка — неадменны шлях кожнага новага імігранта. Амаль усе навічкі прызнаюцца, што дома не былі прызвычаеныя да такога напружанага рэжыму — калі пасьля 10-гадзіннага працоўнага дня няма моцы нават размаўляць, ня тое што цікавіцца спортам або сачыць за навінкамі літаратуры (таму імігранты звычайна мала чытаюць). Нехта толькі што падумаў: не баюся я працы, няхай яна толькі адэкватна аплачваецца. Але да “адэкватнай аплаты” яшчэ плысьці і плысьці… Напачатку амаль усе сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, замаскаванай пад патрабаваньне канадыйскага “эксьпірыенсу”, то бок досьведу. Нават калі ўладкоўваешся падлогу мыць — перш-наперш запытаюцца пра гэты самы эксьпірыенс. А пачуўшы, што яго няма, абавязкова за- плацяць менш.

…Але пераскочым гэты этап адразу. Уявім, што новы імігрант выбіваецца на больш-менш пры-стойную купіну: дом, машына, сталая праца… Мая знаёмая жыве ў Канадзе чатыры гады. Займае добрую пасаду, прафэсія яе зьвязаная з кампутарамі (прычым набывала яна прафэсію ўжо ў Канадзе — а гэта вельмі нялёгка!). Муж таксама працуе, яны маюць машыну, сёлета ўзялі ў банку пазыку і купілі дом. Дзеці добра вучацца ў школе, адна дачка займаецца музыкай, другая — маляваньнем…

Яна патэлефанавала мне пару тыдняў таму і паскардзілася на эмацыйны голад. “Калі ў Менску мы хадзілі на дэманстрацыі са сьцягамі і нас арыштоўвала міліцыя — кроў кіпела, жыцьцё віравала… А тут нічога не адбываецца. У жыцьці ўтварылася пустэча, якую кожны запаўняе па-свойму. Адзін, шукаючы вострых адчуваньняў, кожныя выходныя плавае на байдарцы па камяністых канадыйскіх рэчках, другі пачынае шмат есьці, у такі спосаб выпрацоўваючы “гармон шчасьця”, трэці ўсе грошы адкладае на вандроўкі па розных краінах… Сумна мне тут. Сябры ўсе засталіся ў Менску, і хоць у Таронта шмат знаёмых — усё гэта ня тое…”

Мы размаўлялі, займаючыся кожная сваёй справай. Яна пстрыкала мышкай, ганяючы кампутарных чорцікаў. Я, прыціснуўшы слухаўку плечуком, цыравала дзірку на старой канапе, якую нам пакінулі суседзі, зьяжджаючы на новую кватэру і ў лепшае жыцьцё. (Першая нашая канапа, якую мы знайшлі на вуліцы перад домам, да гэтага часу зусім развалілася.)

Ня ведала я, што ёй адказаць. Адчувала толькі, што праблема, зь якой яна сутыкнулася, нашмат цяжэйшая за ўвесь набор імігранцкіх цяжкасьцяў першага пэрыяду. І што непазьбежна надыдзе й мой дзень, калі рытмічная ўпарадкаванасьць дабрабыту стане ўпоперак горла…

Але жыцьцёвыя праблемы можна вырашаць толькі “ў парадку паступленьня”. Няма калі пераймацца заўтрашнім магчымым голадам ад сытасьці, калі насоўваецца рэальная небясьпека фінансавага крызысу. Гэта тыповая фобія чацьвертага месяцу імігранцкага жыцьця. Прывезеныя з сабой грошы амаль праедзеныя, ангельская школа яшчэ ня скончаная, працы пакуль няма. А ці хопіць рэшты даляраў, каб дацягнуць да першых самастойных заробкаў? А калі давядзецца прасіць “вэлфэр” (дапамогу беспрацоўным) — дык ці дадуць? Вунь і гэтаму не далі, і таму адмовілі…А што, як ня будзе чым заплаціць за кватэру?

Усім, хто напісаў мне электронныя лісты, я адказала пэрсанальна. А праз газэту хачу дадаць яшчэ адно. Падлічваючы свае “балы” і шанцы на праходжаньне інтэрвію ў канадыйскай амбасадзе, пралічыце і сваю здольнасьць адаптавацца ў абсалютна чужым асяродзьдзі. Ня вы будзеце перайначваць яго, а яно — вас. На жаль, надламаныя лёсы і згаслыя вочы я ўжо пасьпела тут пабачыць таксама.

Зрэшты, нікога не адгаворваю, як нікога і не намаўляю. Эміграцыя існавала і будзе існаваць. Да прыкладу, 20% канадыйцаў мараць стаць грамадзянамі ЗША. (Горкая іронія лёсу ў тым, што вынікі апытаньня былі апублікаваныя ў канадыйскім друку літаральна напярэдадні 11 верасьня.) І нават нашыя дзяціныя мары — “эміграваць усім разам і дзесьці на новай зямлі ўтварыць вольную Беларусь” — падаюцца не такімі ўжо вар’яцкімі, калі ўзгадаць пра адзін Квэбэк, што па плошчы ў тры разы перавышае тэрыторыю Францыі.

Вядома, і мне, жывучы ў Таронта, хацелася б бачыць навокал ня пяць дзясяткаў, а дзесяць тысячаў беларусаў, каб можна было аб’яднацца па інтарэсах, а ня толькі па нацыянальнай прыкмеце. Зайздросна, што адна мая суседка аддала дзіця ў школу імя Лесі Ўкраінкі (няхай там украінская мова і напалам з ангельскай), а іншая суседка на выходныя езьдзіла з усёй сям’ёй на фэст у парк імя Ігната Падэрэўскага, дзе выступала каля дзясятку польскіх гуртоў. Я, што праўда, таксама дома не сядзела — Згуртаваньне беларусаў Канады ладзіла ў беларускім культурным цэнтры “сяброўскую вечарыну”. Але ці то людзі там сабраліся занадта розныя, ці то замала іх было, толькі ні песьні не сьпяваліся, ні полька ня танчылася…

На “плазе” (гандлёвым пляцы) побач з нашым домам ёсьць тры польскія крамы (мы наагул пасяліліся тут у “славянскай Эўропе” — недзе паміж Польшчай, Украінай ды Сэрбіяй). На польскай кавярні былі вывесілі аб’яву: “Potrzebna sprzedawczyni na soboty i nedzielę. Толькі сабралася я прапанаваць ім свае паслугі, як мяне апярэдзіў муж суседкі — украінец. Пайшоў да гаспадыні з той самай прапановай, што гатовая была зьляцець у мяне зь языка: польскую мову разумею выдатна, размаўляю збольшага па-ўкраінску, але з пакупнікамі вашымі дамовіцца здолею. Не ўзялі — каб не раскідаць яшчэ аднаго польскага гнязьдзечка, не парушаць ягонай утульнасьці. Каб які-небудзь пан Войцех заходзіў туды штораніцы па сьвежыя булкі — і на пяць хвілін нібыта вяртаўся ў родны Гданьск ці Варшаву.

Ня ведаю, што засмучае мяне болей — ці тое, што ў Таронта пакуль няма свайго Траецкага, ці тое, што з гэтай віртуальнай беларускай кавярні мне нават у думках не было б куды вяртацца.

Віялета Кавалёва

[email protected]


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0