Гарачая кропка by

Кібэрвайна ў беларускім Інтэрнэце 9 верасьня

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у беларускім Інтэрнэце адбыліся падзеі, якія, напэўна, увойдуць у гісторыю апошняга як “Першая беларуская кібэрвайна”. Менавіта так мы называлі паміж сабой гэтую зьяву. Калі я кажу “мы”, маю на ўвазе тых, хто на працягу гэтых шалёных дня і ночы жадаў шчыра й дакладна асьвятляць сытуацыю ў краіне і апынуўся ў стане неабвешчанае вайны зь дзяржаўным апаратам.

Пасьля кожнага прагляду інфармацыйных праграмаў на БТ у мяне мацнела ўражаньне, што ўсё большае й большае месца ў думках адміністрацыі ППРБ займае Інтэрнэт. І тут няма нічога дзіўнага: інфармацыя па ўсіх гучных справах: і “справа доктара Шчыгельскага” [www.lukaisill. f2s.com], і першыя заявы пракурораў пра “эскадроны сьмерці” [www.charter97.org], і выкіды інфармацыі ад нібыта кадэбэшнай групы Y [[email protected]] — усё гэта ішло празь Сеціва. Таму і паўстаў загад “разабрацца з Інтэрнэтам” на час выбараў. Зрэшты, зроблена ўсё было досыць лібэральна. Мы рыхтаваліся да больш жорсткага разьвіцьця падзеяў. Асабіста я чакаў спыненьня вонкавага трафіку (поўнага адлучэньня Інтэрнэту), балазе ў нас гэта можна зрабіць простым націсканьнем на пімпачку POWER галоўнага сэрвэра-роўтэра (кампутара, які кіруе перасылкай інфармацыі), што належыць “Белтэлекаму”. Такім чынам можна было б пазбавіць беларусаў магчымасьці атрымліваць інфармацыю з тых сайтаў, што месьцяцца ў замежжы (а гэта фактычна ўсе беларускія электронныя СМІ). 8 верасьня пад 23-ю я атрымаў інфармацыю, што старонка “Дзед Талаш” [dt.home.by] ня бачная з-за мяжы. Тое самае здарылася з сайтам Белорусской Деловой Газеты [www. bdg.by], яшчэ праз некаторы час вялікая колькасьць беларускіх сайтаў перастала быць бачнай і ў Беларусі. Сярод іх — усе сайты беларускай адукацыйнай сеткі unibel.by [www.unibel.by], усе сайты, што месьціліся на беларускім правайдэры Network Systems [www.nsys.by], частка сайтаў у зоне *.org.by, частка сайтаў у зоне *.minsk.by — у тым ліку сайт менскага прадстаўніцтва Рады па міжнародных дасьледаваньнях і абмене ў Беларусі IREX [irex.minsk.by] і сайт газэты Белорусский Рынок [www.br.minsk.by], усе сайты ў зоне home.by, у тым ліку старонкі часопісу ARCHE [arche.home.by] і “Дзеда Талаша”. Таксама быў адлучаны velcom.by (апэратар сотавае сувязі). Не працавала й старонка Сямёна Домаша [www.domash.by], сайты БДГ-Онлайн [www.bdg.by] і БДГ-Выбары [www.vybory.bdg.by]. Не прымалася электронная пошта, што адносілася да згаданых сайтаў, у тым ліку і паштовыя скрынкі “НН”. Гэта было зроблена шляхам адлучэньня двух сэрвэраў — IREX і home.by. Хто адлучаў іх? Можна сказаць досыць пэўна — адміністратары Нацыянальнага цэнтру бясьпекі інфармацыі пры Радзе бясьпекі Беларусі ці “Адкрытага кантакту” [ok.open.by].

Маленькі лікбез — адрас кожнага сайту мае ў Сеціве лічбавы код. Калі вы ўводзіце электронны адрас, кампутар спачатку пасылае запыт да DNS-сэрвэра, дзе захоўваецца інфармацыя пра адпаведнасьць імя гэтаму коду, а ўжо потым вы атрымліваеце адказ ад самога сайту. Такім чынам, першым мэтадам барацьбы зь “нячэснымі” рэсурсамі стаўся шлях вынішчэньня тым ці іншым спосабам з базы DNS іхных лічбавых кодаў. Гэтую праблему мы абышлі даволі хутка — проста паведамілі людзям гэтыя коды.

Але ў Беларусі працуе толькі адзін, падкантрольны дзяржаве вонкавы канал, празь які адсылаюцца паведамленьні, і з дапамогай няхітрых тэхнічных сродкаў можна заблякаваць доступ да тых сайтаў, што знаходзяцца за межамі Беларусі. “Пад раздачу”, згодна з загадзя падрыхтаваным сьпісам, трапілі інфармацыйныя сайты “Хартыя 97” [charter97.org], “Белапан” [www.belapan.com], “Белапан-Выбары” [elections.belapan. com], BARCnews [barcnews.org], “Дранікі” [www.draniki.com], “Радыё Рацыя” [racyja.pl], “Радыё Свабода” [www.svaboda.org], “Наша свабода” [www.svaboda. com]; сайты арганізацыяў: Праваабарончы цэнтар “Вясна” [spring96.org], “Зубр” [zubr-belarus.com], “СПА Край” [spa-kraj.org], “Малады Фронт” [mfront.org], сайт У.Ганчарыка [goncharik.org]; сайты праектаў: “Выбірай!” [vybiraj.org], vybary.net, vybary.org, dereh.com.

Фільтар быў пастаўлены прыблізна 9 верасьня каля 12-й.
Але й гэтая праблема была пераадоленая — мы распаўсюдзілі інфармацыю (у тым ліку праз ICQ i форумы) пра тое, што старонкі можна бачыць праз ананімайзэры ці праз проксі — своеасаблівыя сайты-пасярэднікі, у першую чаргу заходнія. Таксама рабіліся дублікаты сайтаў. Але й “праціўнік” ня спаў, забараняючы ўсё новыя адрэсы, сайты, ананімайзэры, проксі… Цягнулася ўсё гэта да раніцы наступнага дня — прыблізна а 4-й 10 верасьня блякада была зьнятая. Галоўнай ейнай мэтай было паралізаваць дзейнасьць апазыцыйных СМІ і “Незалежнага Назіраньня”. Улады вельмі баяліся паўтарэньня “югаслаўскага сцэнару”. Як выявілася, дарэмна — “Незалежнае Назіраньне” зьвестак сабраць ня здолела і такой ужо вялікай патрэбы ў блякадзе Сеціва не было.

Пасьля “кібэрвайны” засталося прыемнае пачуцьцё атмасфэры сяброўства — ад працы, у якой бралі ўдзел кампутаршчыкі як мінімум зь дзесяці краінаў сьвету. Застаўся досьвед. Улады ж, натуральна, сьцьвярджаюць, што ня маюць дачыненьня да “фокусаў” зь Сецівам 9 верасьня. Як сказаў кіраўнік “Белтэлекаму” Мікалай Крукоўскі, “у сувязі з падвышанай цікавасьцю да сёньняшніх падзеяў у краіне, на працягу дня адбываліся збоі з-за вялікіх перагрузак лініяў”.

Асабістая падзяка Драніку А. [www.draniki.com] і Ліцьвінскаму Зубру [www.mylib.com] за дапамогу пры падрыхтоўцы матар’ялу

Янук Латушка, [email protected]

Янук Латушка стваральнік беларускамоўнага Інтэрнэт-парталу http://dt. home.by. Жыве ў Маскве.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0