Пацярпелыя за Беларусь

5 верасьня ў Чэрвені быў затрыманы выбарчы назіральнік Генадзь Матусевіч. У Віцебску затрымлівалі Юрася Корбана, Зьмітра Найверта, Аляксандра Прахарэнку, Сяргея Шапіру, Зьмітра Брыджыцкага і няпоўнагадовага Аляксандра. 6 верасьня ў Шклове за распаўсюд агітацыйных налепак затрыманы Алег Даўганькоў. Хлапцу далі 15 сутак арышту. У Шклове пакараньні традыцыйна найстражэйшыя. 8 верасьня ў Менску пасьля канцэрту “Рок-інтэграцыя” трое невядомых у цывільным і міліцыянт зьбілі актывістку Маладога Фронту Ірыну Вяткіну. 10 верасьня ў Менску на пл.Незалежнасьці затрымалі супрацоўніка “НН” Аляксея Чарняева і Зьмітра Касьпяровіча, якія заступіліся за хлапца зь бел-чырвона-белым значкам, якога дапякаў міліцыянт. А старшыню Гарадзенскай арганізацыі Маладога Фронту Вадзіма Саранчукова супрацоўнікі КДБ у той дзень два разы здымалі зь менскага цягніка. 11 верасьня ў вёсцы Дабрэйкі Шклоўскага раёну міліцыянты ўчынілі ператрус у кватэры кіраўніка “Незалежнага Назіраньня” А.Фёдарава. Забралі стос газэтаў “Навіны БНФ” і мех агітацыйных налепак. 13 верасьня Барысаўскі гарсуд даў 20 мінімальных заробкаў штрафу Анатолю Аскерку за ўдзел у акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”. У той самы дзень з 4-га курсу Магілёўскага палітэхнікуму адлічылі актывіста Маладога Фронту Зьмітра Букатава. З той самай установы адлічылі двох “зуброўцаў” Алесяў: Каліту і Паўловіча. У бліжэйшым часе гэткі ж лёс абяцаюць камандзіру тамтэйшых “зуброў” Сяргею Пашкевічу. Адразу пасьля выбараў зь ліцэю адлічылі сябра Маладога Фронту М.Ільіна. З Магілёўскага дзяржунівэрсытэту адлічылі двух студэнтаў, якія перакладалі назіральнікам ад АБСЭ ў часе іхнага візыту ў Магілёў. Афіцыйная падстава для ўсіх – прагулы.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0