17.09.2001 / 13:00

Сяргей Абламейка. Грамадзтва

№ 38 (247), 17 верасьня 2001 г.


Канстатацыі

Грамадзтва

Сяргей Абламейка

 

Колькі надзеяў віруе ў галаве згодніка! А між тым, рэдка які зь іх не падрыхтаваў сабе пагібелі, патураючы сваволі тырана.

Нават калі тыранія мае самы паслухмяны і абыякавы народ, яна сёньня ня мае шанцаў абвесьціць сябе богаабранаю. На гэта ўжо ня хопіць людзкое дурноты.

Розьніца паміж кіраўніком калектыву зь пяці чалавек і прэзыдэнтам краіны мінімальная. Іх яднае ігнараваньне інтарэсаў падначаленых.

Калі нехта абяцае прынесьці вялікую карысьць грамадзтву, можна не сумнявацца, што яшчэ большую карысьць ён прынясе сабе.

Пэўная катэгорыя людзей належыць да тыпу, які можна вызначыць як “лідэр сэкты”. Гэта ня тое самае, што проста лідэр. Лідэр сэкты ў любой грамадзе найперш сябе адасабляе ад астатніх, а пасьля пачынае шукаць у ёй блізкіх сабе па духу. Але шукае ён іх толькі для таго, каб узначаліць...

Каб навязаць людзям свае погляды, не абавязкова выказваць іх уголас.

Трагедыя чалавецтва палягае на тым, што частка людзей адстойвае свае погляды, падсьвядома, а часам і сьвядома ведаючы, што яны памылковыя.

Пэўная катэгорыя дзеячоў мае ўсьвядоміць сабе, што цынізм — мэдаль двухбаковы. Ён ня толькі дапамагае свайму носьбіту перамагаць, але й робіць яго патэнцыйнай ахвярай аднадумца.

На вяршыні кар’еры — адстаўка.

Мы агулам наракаем на кансэрватараў, забываючыся, што каштоўнасьць некаторых рэчаў для нас заключаецца менавіта ў іх нязьменнасьці.

Лідэрам уласьціва дадатнае асабіста для іх блытаць з агульнай карысьцю.

Выкарыстаньне дэмагогіі ў палітычнай барацьбе наўпрост залежыць ад маральнага ўзроўню барацьбітоў. Залежнасьць простая: чым больш дэмагогіі — тым менш маралі.

Нацыяналіст — гэта той, чыя краіна не адпавядае ягоным уяўленьням.

Патрыятызм — гэта ня тое самае, што любоў і замілаваньне да радзімы. Высокая патрыятычная рэфлексія, на жаль, можа быць уласьцівая і апошняму хаму.

 

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру