ЛЮСТРА ДЗЁН

Навіна

Праект закону “Аб вайсковым абавязку” ўжо прадстаўлены на разгляд у Савет міністраў. Паводле праекту, асобы без вышэйшай адукацыі ў памежных і ўнутраных войсках будуць служыць 12 месяцаў. Тэрмін службы выпускніка ВНУ ў любых войсках складзе 9 месяцаў. Будуць прызывацца й выпускнікі вайсковых катэдраў ВНУ, чаго раней не было. Служыць ім 6 месяцаў.

Б.Т.

 

Бульдозэры ў Курапатах

Пачалося актыўнае пашырэньне Менскай кальцавой дарогі ў раёне Курапатаў. Гарадзкія ўлады вырашылі, што пашырацца яна мусіць ня ў бок гораду (дзе няма ніякіх пабудоваў і камунікацыяў, якія давялося б руйнаваць), а менавіта ў бок масавых пахаваньняў. Бульдозэры ўжо “расчысьцілі” ад магілаў паласу ў 15 м. Праца кіпіць нават у суботу й нядзелю. Працуюць галоўным чынам магілёўскія й бабруйскія рабочыя, шмат хто нават не падазрае, што тут могільнік.

Перад тым невядомыя барбары зруйнавалі мэмарыял “Народу Беларусі ад народу ЗША”, да якога некалі ўскладалі кветкі Шушкевіч ды Клінтан. Гэты мэмарыял немагчыма разбурыць без бульдозэра. А значыць, дзейнічалі не выпадковыя хуліганы.

У суботу а 13-й сябры згуртаваньня моладзі “Эўрапейскі шлях” ды сябры КХП-БНФ ладзілі акцыю супраць руйнаваньня нэкропалю. Людзі з малітвамі й сьпевамі ўмацавалі на дрэвах, што вырасьлі на магілах, абразы й крыжы. Бальшыня рабочых спынілі працу, але адзін зь іх пачаў ганяцца за людзьмі на бульдозэры, ледзьве не раздушыў дзьвюх кабетаў аб камель дрэва, а потым выскачыў з кабіны з манціроўкаю, але быў занадта п’яны, каб каго-небудзь ударыць.

Учора а 15-й акцыя паўтарылася са сьпевамі й малітвамі. Сёньня і заўтра ўвечары актывісты зьбіраюцца ставіць у лесе новыя крыжы. Да «Эўрапейскага шляху» маюць далучыцца сябры Маладога Фронту і іншых суполак.

Зьнішчаць магілы няможна. Гэтую банальную ісьціну будаўнікі не спасьцігаюць. Магіла для іх чамусьці нічога ня значыць.

Сьвятлана Курс

 

Наступ на незалежны друк

На мінулым тыдні адзін з заснавальнікаў газэты Свободные новости Сяргей Атрошчанка абвесьціў пра звальненьне калектыву выданьня. Атрошчанка валодае 60% акцыяў газэты, 40% належаць калектыву. Дзяржкамдрук спачатку наклаў забарону на выпуск нумару, але ў пятніцу ўвечары стала вядома, што нумар усё ж выйдзе ў панядзелак.

У Пінску пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу пра абарону гонару, годнасьці й рэпутацыі старшыні Пінскага гарвыканкаму В.Шуста супраць пінскай газэты “Правінцыялка”. Карэспандэнт “Правінцыялкі” і “НН” Аляксей Дзікавіцкі напісаў, быццам Шуст прымушаў падначаленых агітаваць за Лукашэнку й нават пагражаў ім. Справа выглядае настолькі безнадзейнай для газэты, што А.Дзікавіцкі пасьпяшаўся выехаць у Польшчу разам зь сям’ёй. Віктар Ярашук, іншы супрацоўнік “Правінцыялкі” і актывіст Хэльсынскага камітэту, вырашыў пакінуць газэту і забраў з сабою свой лязэрны прынтэр. Ігнацюк узбудзіў супраць Ярашука крымінальную справу — маўляў, той скраў ягоны прынтэр. Во такое робіцца ў правінцыі.

Па словах прэзыдэнткі Беларускай асацыяцыі журналістаў сп-ні Літвіной, “распрацавана некалькі варыянтаў расправы з газэтамі. Супраць “Пагоні”, “Правінцыялкі” й “Вольнага гораду” ўзбуджаныя крымінальныя справы. У “БДГ”, “Нашай Свабодзе” й “Народнай волі” вядуцца фінансавыя праверкі. Трэці шлях — узьдзеяньне на заснавальніка, як гэта было з Свободными новостями. Дый Міністэрства сувязі зноў падвысіла і так разьдзьмутыя распаўсюдныя тарыфы”. Жанна Літвіна мяркуе, што ўратаваць беларускую прэсу можа толькі замежны ціск на беларускі ўрад.

С.К.

 

Навіны гаспадарскія

Запалім беларускія

Як і летась, няма попыту ў Расеі на беларускую бульбу — польская таньнейшая. Каб ня страціць усходняга рынку, “Белкаапсаюз” мусіць заніжаць цэны. Купляць у людзей бульбу будуць усяго па 85—90 рублёў за кіляграм.

З продажу ў Беларусі могуць зьнікнуць танныя цыгарэты замежнай вытворчасьці, найперш L&M, Bond, Magna, “Союз-Аполлон”. Урад зьбіраецца часова забараніць увоз у краіну імпартных цыгарэтаў бязь фільтру, а таксама цыгарэтаў зь фільтрам цаной менш за 26 цэнтаў за пачак, каб падтрымаць прадукцыю Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі і менскага СП “ТытуньІнвэст”. Абмежавальныя квоты, відаць, увядуць і на замежнае піва.

Прыкладна на 10 даляраў павялічыўся з пачатку верасьня кошт арэнды кватэраў у Менску. Цяпер зьняць аднапакаёўку можна толькі за 50—70, а двухпакаёўку – за 90—120 даляраў у месяц.

Крыху менш будуць спаганяць грошай зь людзей творчых прафэсіяў. Падатковы камітэт вырашыў, што з агульнага гадавога даходу, які ўносіцца ў дэклярацыю, могуць вылічвацца 20% ганарараў за літаратурныя творы і кампутарныя праграмы, 30% ганарараў за кіно і фатаграфаваньне, 40% ганарараў за музычныя творы, а таксама творы выяўленчага і прыкладнога мастацтва.

Сяржук Іваноўскі

Шпіёна памілавалі

Грамадзянін Нямеччыны Крыстофэр Лец, якога вайсковы суд прызнаў шпіёнам, пакінуў нашую краіну рэйсам авіякампаніі «Люфтганза». Лукашэнка памілаваў яго ў дзень сваёй інаўгурацыі.

МАЗ прадаюць

Менскі аўтазавод у хуткім часе можа страціць самастойнасьць, увайшоўшы ў расейскі холдынг «Сібірскі алюміній». Прадпрыемству патрэбныя інвэстыцыі, трэба абнаўляць тэхналёгію, а само па сабе ва ўмовах канкурэнцыі яно ня выжыве. Патрэба Беларусі ў МАЗах невялікая. Больш як 90% машынаў прадаецца ў Расею. Кіраўнік «Сібірскага алюмінію» Алег Дзерыпаска запатрабаваў, каб беларускія ўлады паскорылі прыватызацыю МАЗу. Некалькі месяцаў таму гэты расейскі алігарх усталяваў кантроль над Яраслаўскім маторным заводам, які пастаўляе беларускаму прадпрыемству рухавікі. Калі дзяржава знойдзе альтэрнатыву яраслаўскаму рухавіку, МАЗ можа захаваць самастойнасьць. Калі ж дойдзе да акцыянаваньня, будуць масавыя скарачэньне работнікаў. Сібіракі не паглядзяць на патрэбу “захаваць працоўныя калектывы”.

Б.Т.

Пацярпелыя за Беларусь

“Зубровец” Андрэй Жукаў быў затрыманы краснапольскай міліцыяй цяпер за тое, што падчас перадвыбарчай кампаніі расклейваў партрэты Ганчарыка.У Крупках звольнены з працы сацыяльны пэдагог СШ №1, дапісчык “НН” Андрэй Аляхновіч, які ў часе выбараў вёў агітацыйную працу. Стала беспрацоўнай і загадчыца маладэчанскай аптэкі Нэлі Шлойда, каардынатарка “Незалежнага Назіраньня” ў Маладэчне. 22 верасьня ў Шклове моцна зьбілі рэдактара газэты “Шклоўскія Навіны” Аляксандра Шчарбака. Суд Цэнтральнага раёну Менску даў мільён і 125 тысяч рублёў штрафу актывісту АГП Уладзімеру Раманоўскаму за ўдзел у Дні Волі. Пракуратура Крычаўскага раёну зноў распачала допыты супрацоўнікаў газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, Вадзіма Стэфаненкі і Мікалая Маторанкі. На былога кіраўніка Свабоднага прафсаюзу Менскага аўтазаводу Міхаіла Марыніча завялі крымінальную справу па абвінавачаньні ў фінансавых злачынствах. У Магілёве на Віктара Ясюкевіча і Тамару Леўскую, актывістаў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка, таксама завялі крымінальныя справы – вінавацяць у супраціве міліцыі. Узбуджаная крымінальная справа і супраць Алега Мяцеліцы, каардынатара “Незалежнага Назіраньня” ў Бялынічах, які адбывае 15 ночаў адміністрацыйнага пакараньня.

 

Дакумэнты

Апошні шанец уратаваць сынагогу

Шанцаў на ўратаваньне будынку на Дзімітрава, 3, пра пляны разбурэньня якой “НН” пісала яшчэ два гады таму, застаецца ўсё менш. 2 верасьня Аляксандар Элентух і я пачалі збіраць подпісы за вяртаньне будынка на вул.Дзімітрава, 3 (да 1920 г. там была сынагога, пасьля – слынныя мастакоўскія майстэрні) габрэйскай грамадзе Беларусі. Мы склалі зварот да кіраўнікоў трох найбольш аўтарытэтных габрэйскіх арганізацыяў Беларусі (Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў, Юдзейскага рэлігійнага аб’яднаньня, Аб’яднаньня юдзейскіх рэлігійных абшчынаў) з прапановай супольна абмеркаваць пытаньне ўратаваньня будынку. Супольны, адначасовы, рашучы пратэст усіх габрэйскіх арганізацый, зь якімі лічыцца ўрад, застаецца адзіным шанцам спыніць разбурэньне помніка. Але пакуль што ўсе зацікаўленыя бакі цягнуць коўдру на сябе, дзейнічаюць бессыстэмна...

Няпраўда, што габрэі заўжды трымаюцца разам. Габрэяў Беларусі засталося ўжо менш за 30 тыс., мо хопіць ім есьці адзін аднога?

Дом на Дзімітрава, 3 — якраз тая кропка, дзе супадаюць габрэйскія і беларускія памяць і інтарэсы. Калі й зараз функцыянэры габрэйскіх арганізацый не забудуцца на свае рознагалосьсі, гэта будзе зьнявагай людзей, якія хочуць, каб старасьвецкі будынак вярнуўся сапраўдным гаспадарам. У Менску юдзеям ня вернуты ніводзін з будынкаў былых сынагогаў. Хто-ніхто з габрэяў наракае на адсутнасьць «Закону аб рэстытуцыі», але ж каталікі вярнулі сабе Чырвоны касьцёл! Зразумела, юдзейскіх вернікаў менш, але мы лічым, што дом у цэнтры гораду патрэбны ўсім габрэям — і рэлігійным, і нерэлігійным. Можна было б зрабіць тамака музэй габрэйскай гісторыі і культуры.

14--17 верасьня ўсе адрасанты атрымалі наш «Зварот», падпісаны дзеячамі габрэйскай і беларускай інтэлігенцыі.

На 22 верасьня сытуацыя не палепшылася: адрасанты не сустрэліся, не прынялі супольных і рашучых захадаў, дом абнесены плотам і разбураецца будаўнікамі. Шмат зь якіх вокнаў вынутыя шыбы, дах амаль зьняты. Пару дзён таму Я.Гутман, прэзыдэнт Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў атрымаў ліст з камітэту архітэктуры, датаваны 18.09.2001. Там ёсьць спасылка на рашэньне Менгарвыканкаму (12.09.2001, №1203 (п.2) пра распрацоўку дакумэнтацыі “шматкватэрнага дому з падземнай аўтастаянкай, мастацкай галерэяй і памяшканьнямі для працы зь дзецьмі па вул.Дзімітрава, 3”.

Вольф Рубінчык

 

Прэзыдэнту Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў Леаніду Левіну

Прэзыдэнту Юдзейскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юр’ю Дорну

Старшыню Рады Аб’яднаньня юдзейскіх рэлігійных грамадаў у Беларусі Эдуарду Парыжу

зварот

Мы, жыхары гораду Менску, зьвяртаемся да кіраўнікоў габрэйскіх арганізацыяў з прапановай супольна абмеркаваць пытаньне аб будынку былой сынагогі на вуліцы Дзімітрава, 3 з тым, каб у далейшым аб’яднаць намаганьні па вяртаньні гэтага будынку габрэйскай грамадзе Беларусі.

Рубінчык В., асьпірант РІВШ БДУ; Кобец-Філімонава А., пісьменьніца; Рэлес Р., паэт; Варановіч А., сябра Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі; Сініла Г., дацэнтка БДУ; Абрамаў Д., выканаўчы дырэктар Юдзейскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі; Казлоў Л., генэральны дырэктар фірмы «Арты-фэкс»; Гурэвіч Л., музыкант, заслужаны артыст Беларусі; Шухман А., артыстка; Лейзераў А., прафэсар БДУ; Харык Д., загадчыца бібліятэкай МАЯК імя Ізі Харыка; Барадулін Р., паэт; Конан У., пісьменьнік; Бушлякоў Ю., лінгвіст; Баршчэўскі Л., пэдагог; Улан Н., журналістка ды іншыя. Усяго 116 подпісаў.

На мінулым тыдні невядомы зрэзаў кавалак вушака драўлянай брамы з паглыбленьнем для мэзузы — адзіную памятку, сымбаль габрэйскага мінулага Менску — з дому на рагу Ракаўскай і Вызваленьня. Экскурсіяў да “дому з мэзузай” можна болей не вадзіць...

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0