Сто дзён Лукашэнку

 

Не прынята крытыкаваць новаабранага кіраўніка дзяржавы ў першыя сто дзён ягонага мандату. Яму даюць ажыцьцявіць свае задумы ў спакойнай абстаноўцы.

 

Але Лукашэнку?.. Пасьля сьцяга, пасьля Ганчара, пасьля тысячаў затрыманьняў? Сама ідэя зьмірэньня апазыцыі здаецца блюзьнерствам: каб яму тых ста дзён не перажыць…

Беларускае грамадзтва пастаўленае перад неабходнасьцю вызначыцца “як жыць з Лукашэнкам”. З аднаго боку, у Лукашэнкі ўлада. Зь іншага — пытаньне “як жыць з Лукашэнкам” для многіх гучыць усё адно што “як жыць з хваробай”. Неяк трэба, але як?

Аўтарытарныя рэжымы звычайна мяняюцца ад жорсткіх да ўсё больш лібэральных, таму першыя тры месяцы кіраваньня дадуць істотныя адказы на істотныя пытаньні. Як улады будуць душыць грамадзянскую супольнасьць, у тым ліку прафсаюзы і прэсу? Якая ступень эканамічнай свабоды будзе дадзеная суб’ектам гаспадараньня і ў якой меры ўрад мае адстойваць інтарэсы беларускага капіталу і маёмасьці перад расейскімі? Ці адрозьнівае новы ўрад беларускія эканамічныя інтарэсы ад расейскіх? Ці наважаны прыслухоўвацца да Эўропы і Амэрыкі? Ці зьбіраецца далей трымаць мову і культуру на аркане? Ці хопіць сьмеласьці прызнаць справы аб палітычных забойствах і пакараць вінаватых?

У другі ж дзень мандату ня выйшлі Свободные Новости. У Крупках за палітыку звольнілі настаўніка, у Маладэчне — аптэкарку. У Курапаты прыбылі бульдозэры.

Варта было б прытрымацца правіла “ста дзён”. Вось толькі як?

Андрэй Дынько

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0