Якуб Кенігсберг: “Трэба плянаваць усё з улікам, што радыяцыя застанецца з намі на 300 гадоў”

Пра Чарнобыль трэба думаць. На гэтым мы пагадзіліся, калі нядаўна пісалі пра дыскусію, выкліканую артыкулам Барыса Тумара “Перабольшаны Чарнобыль” у адным з красавіцкіх нумароў “НН”. Грамадзтва ж выбрала іншы шлях: забываньне Чарнобылю, ігнараваньне гэтае тэмы, якую ўзьнімаюць толькі рытуальна, пад юбілеі катастрофы. Вось і ў праграмах кандыдатаў у прэзыдэнты пра Чарнобыль не было анічога канкрэтнага. Таму што рэальна ніхто нічога ня можа прапанаваць? Таму што Брагіна зь Менску не відаць? Але кожнага разумнага чалавека тэма Чарнобылю непакоіць штодзённа. Гэта нармальна: гэта клопат пра сябе, сваіх дзяцей, здароўе краіны. На пытаньні “НН” адказвае прафэсар Якуб Кенігсбэрг.

“НН”: Як Вы пракамэнтуеце тое, што ў СМІ апошнім часам пачалі ўзьнікаць наступныя выказваньні: “Чарнобыль — прыбытковы міт”, “Чарнобыль — самы вялікі блеф ХХ ст.”? Ці можна казаць, што праблема сапраўды разьдзьмутая?

Якуб Кенігсберг: Лічу гэта другой крайнасьцю. Другой, бо першая — крычаць, што нацыя ўжо ўчора вымерла. Гэта абсалютна ня так.

Мы ня першы раз спрабуем давесьці да людзей наступнае: немагчыма пакуль дакладна ведаць, чым у будучыні выбухне (і ці выбухне ўвогуле) для нас Чарнобыль, таму што прайшло ўсяго 15 гадоў. Скуль мы можам ведаць, што нас чакае там, калі досьведу такога папросту ня маем? Японцы робяць назіраньні за пацярпелымі з 1945 году, але канчатковых высноваў так і не зрабілі.

Дай Божа, каб нічога нас там не чакала, і лекары з навукоўцамі ня мелі “жывога матэрыялу” для дасьледаваньня.

Але казаць цяпер пра перабольшанасьць... Гледзячы, зь якога боку.

Сьцьвярджаю, што Чарнобыль — гэта ня проста праблема ці трагедыя. Гэта — Катастрофа. І ня столькі таму, што людзі атрымалі дозы апраменьваньня, а радыеэкалягічную сытуацыю дачарнобыльскага часу проста немагчыма будзе ўзнавіць (не навіна!), але ж таму, найперш, што адбылася дэструкцыя звычыйнага ладу жыцьця агромністай колькасьці насельніцтва, што апынулася ў “зоне”. Натуральна, што адразу пасьля аварыі першаснай задачай было як мага хутчэй выдаліць фактар непасрэднага ўзьдзеяньня радыяцыі на арганізм пацярпелых — і людзей вывозілі на “чыстыя” тэрыторыі. А вы ўяўляеце сабе, што гэта такое — рэзкая і поўная замена звычнага рытму, умоў і ўкладу жыцьця, асабліва для людзей сталага веку? Бяда. Псыхалягічны і фізіялягічны стрэс для чалавека. Вось яна, сярэдзіна праблемы.

(Дарэчы, ёсьць такія цікавыя дадзеныя, што ў перасяленцаў у Нямеччыну (памятаеце хвалю іміграцыі з СССР у др.п. ХХ ст.?), прыкметна павялічыўся рост захворваньняў сардэчна-сасудзістай, нэрвовай ды інш. сыстэм, а яны ж у лепшыя эканамічныя ўмовы траплялі!)

“НН”: Тады, натуральна, узьнікае пытаньне: ці ёсьць хоць якая карысьць ад часовага вывазу чарнобыльскіх дзяцей за мяжу? Па-мойму, той самы стрэс, акліматызацыя, потым зноў вяртаньне ў старыя ўмовы?

Я.К.: А па-мойму, карысьць ёсьць хаця б з такіх прычынаў: магчымасьць для дзяцей адпачываць у лепшых умовах і бачыць, як жывуць людзі ў цывілізаваных краінах. Можа, калі-небудзь узгадаюць тое лепшае ды прынясуць гэта ў нашае жыцьцё...

“НН”: Існуе такая думка, якая прапагандуецца афіцыйнымі ўладамі, быццам бы мы ня ў стане самастойна справіцца з гэтай бядою ні матэрыяльна, ні маральна — а значыць, нас выратуе зьвяз з Расіяй...

Я.К.: Давайце спачатку разьбяромся, што ж мы разумеем пад “справіцца зь бядою”. Залежыць ад таго, чаго мы хочам дасягнуць. Напрыклад, справіцца з экалягічнымі зьменамі — заражанымі глебамі, мёртвымі лясамі і да т.п. — на забруджаных тэрыторыях. Дык гэта на практыцы немагчыма, ва ўсякім разе, сёньня і заўтра і яшчэ даволі доўга. Няма яшчэ такіх тэхналёгій у сьвеце. Тады, можа, у каго ўзьнікае пытаньне: як справіцца з дозамі апраменьваньня, што атрымалі нашыя суайчыньнікі? Ізноў такі трэба выразна сабе ўсьвядоміць: нельга пазбавіцца ўжо атрыманай дозы, яна застаецца з чалавекам на ўсё жыцьцё. Трэба дбаць пра тое, каб не дапусьціць паўторнага апраменьваньня, абавязкова праводзіць шырокае мэдабсьледаваньне і выхоўваць т.зв. радыяцыйную культуру.

Вы пытаецеся, ці можам самі вырашыць свае надзённыя праблемы. Вядома, бо маем высокакваліфікаваны і высокакампэтэнтны навуковы штат, які трывала зарэкамэндаваў сябе за мяжой. Але ніхто не сумняецца, што ў супольнасьці з такога самага ўзроўню навукоўцамі Эўропы, ЗША, Японіі і суседніх Украіны з Расіяй мы зможам працаваць хутчэй і эфэктыўней — гэта відавочна.

“НН”: Якую ролю, на Вашую думку, адыгрывае інфармацыя і інфармаваньне насельніцтва?

Я.К.: Думаю, адну з найгалоўнейшых. Але тут ёсьць свае цяжкасьці: пацыент заўсёды чуе тое, што хоча пачуць, не жадае ведаць праўду пра сваё здароўе. І выйсьце мне бачыцца ў несупыннай працы з грамадзтвам, у настойлівым тлумачэньні, дзеля чаго трэба рабіць так (напрыклад, сэпараваць малако) і не рабіць гэтак (напрыклад, не зьбіраць грыбоў), каб не прызвычайваліся быць толькі пасыўнымі спажыўцамі, але адказвалі самі за сябе і жадалі сабе лепшага. Можа, гучыць рэзка, але трэба прымусова насаджаць радыяцыйную культуру (веданьне нормаў і спэцыфікі жыцьця ў радыяцыйна небясьпечных раёнах), бо неабходна навучыць людзей жыць у такіх умовах, каб яны сьведама трымаліся нормаў радыяцыйнай бясьпекі і не апускалі рук. Дарэчы, цяпер рэалізуецца такая француска-беларуская супольная праграма па рэабілітацыі насельніцтва ў натуральных умовах існаваньня — Ethos. Навукоўцы працуюць з жыхарамі канкрэтнай палескай вёскі Альманы, што на Берасьцейшчыне.

“НН”: І ўсё ж у мяне выразнае адчуваньне, што не да канца пасьлядоўна праводзіцца такая праца. Я асабіста за ўсе 15 гадоў ні разу не трымала якой-кольвек “лікбезаўскай” брашуркі, а сярод народу часьцяком чуваць: няма ніякай радыяцыі, выпетрылася ўжо. Значыць, так і ня выхавалі ў простага чалавека неабходнасьць у веданьні? Хіба гэта не парафія дзяржаўнай улады?

Я.К.: Не магу пагадзіцца з тым, што мала было зроблена дзеля элемэнтарнай адукацыі жыхароў “зонаў”. Была агромністая колькасьць брашураў, ініцыятыўных групаў, дабрачыннымі фондамі ствараліся спэцыяльныя клюбы, дзе чыталіся папулярныя лекцыі. Памятаеце, напачатку ў газэтах друкаваліся мапы і табліцы са зьвесткамі па забруджанасьці тэрыторый. А ў сярэдзіне мінулага дзесяцігодзьдзя ў бытнасьць рэктарам Сахараўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Люцко падрыхтаваў некалькі грунтоўных падручнікаў па радыяцыйнай бясьпецы для вучняў пачатковай і сярэдняй школак, што так і не былі выдадзеныя прыстойным накладам, а тыя статыстычныя публікацыі ў газэтах таксама хутка прыпыніліся. Чаму? А на маю думку, таму, што не выглядала на эпатажнае або, як зараз кажуць, “камэрцыйнае”. Не магу не ўстрымацца ад таго, каб абвінаваціць некаторыя СМІ, якія шмат шкоды нарабілі, гонячыся за сэнсацыяй. Дазвалялі сабе пісаць тое, што хацелі, а ня тое, што было на самой справе, штосьці накшталт “нацыя памірае”, “Беларусь загінула ўчора”, жахлівікі пра генэтычных вырадкаў ды інш. У выніку — людзі страшэнна перапалохаліся, а потым і ўвогуле апусьцілі рукі, стаміліся.

Інфармацыю фармуюць тыя, ад каго яна выходзіць, значыць, вельмі важна, каб гэтыя інстанцыі былі кампэтэнтнымі і добра разумелі сваю адказнасьць, бо яны прычыняцца да фармаваньня правільнага ўспрыняцьця радыяцыйнай рызыкі. Менавіта з прычыны таго, у якім выглядзе падаецца інфармацыя, залежыць, як людзі будуць успрымаць небясьпеку. Да зьяўленьня ў нашай сьвядомасьці т.зв. ваеннага радыяцыйнага фактару ў чалавека не было боязі перад радыяцыяй як такой, боязь — вынік стварэньня ядравай бомбы, і значыць, пагрозы вайны.

“НН”: А ці значыць гэта, што тая паніка, што ў першыя гады пасьля аварыі ахапіла нашых людзей, была штучна справакаваная якраз адсутнасьцю дакладнай інфармацыі і ўвогуле яе даступнасьці? І па-мойму, з той самай прычыны цяпер — ухіл у радыкальна супрацьлеглы бок: усеагульная апатыя і абыякавасьць, нежаданьне самастойна змагацца і імкнуцца да паўнакроўнага жыцьця — “усё адно памром”?

Я.К.: Паніка сярод насельніцтва пасьля катастрофы на ЧАЭС сапраўды разгарэлася найперш з прычыны непадрыхтаванасьці і элемэнтарнай неадукаванасьці. Патлумачу: Францыя, да прыкладу, што займае 2-е месца ў сьвеце па выкарыстаньні электраэнэргіі, што выпрацоўваецца АЭС, мае выключны досьвед, зь якога ня шкодзіла б скарыстаць, — там станцыі адчынены для наведваньня, ладзяцца экскурсіі, дзе даступным чынам тлумачыцца, як працуе аб’ект, што можа здарыцца і як сябе паводзіць тады.

Дапушчальна, калі такога кшталту аб’екты, як ЧАЭС, — закрытыя, але да той пары, пакуль не здараецца штосьці такое, што выходзіць за яго фізычныя межы (як у выніку буйной аварыі). Вось тады ўкрыцьцё сапраўднай інфармацыі можа прынесьці большую шкоду, чым сама аварыя. У такой сытуацыі надзвычай важная апэратыўнасьць. Палякі тады адразу раздалі сваім ёд, мы — не, тады як Беларусь спрадвеку эндэмічны рэгіён па ёдзе, і трэ было думаць пра гэта ў першую чаргу. Праз злачынны недадум маем на сёньняшні дзень праблему ў выглядзе росту захворваньняў на рак шчытападобнай залозы — больш як 1500 выпадкаў сярод тых, хто ў 1986 г. быў у веку да 18 гадоў.

“НН”: Ці існуе сувязь паміж узроўнем захворваньняў і ўзроўнем забруджанасьці тэрыторыі?

Я.К. Нельга ўвогуле казаць пра такога кшталту карэляцыю. Залежнасьць можа быць толькі паміж узроўнем захворваньняў і памерам дозы апраменьваньня, атрыманай канкрэтным чалавекам. (Нельга забываць, што кожны асобны чалавек індывідуальна рэагуе на пэўную дозу, залежна ад шмат якіх фактараў — асаблівасьцяў імунітэту, спадчыннасьці, стану здароўя на момант атрыманьня дозы і г.д.)

На сёньняшні дзень можна ўпэўнена казаць толькі пра сувязь дозы апраменьваньня і росту захворваньняў на рак шчытавіцы, бо існуюць адпаведныя дасьледаваньні і дадзеныя. Наконт іншых відаў онказахворваньняў такіх навуковых доказаў пакуль няма. І ня дай Божа, каб зьявіліся праз 15 гадоў, калі скончыцца гэтак званы лятэнтны, ці патайны пэрыяд.

“НН”: Ці ёсьць у Вашай галіне якія-небудзь сапраўды сур’ёзныя праблемы, недапрацоўкі (найболей набалелае), што Вам хацелася б зьмяніць, каб зрабіць сваю працу больш камфортнай?

Я.К.: Зьмяніць стаўленьне грамадзтва да чарнобыльскай праблемы. Я маю на ўвазе разуменьне грамадзтвам і ўладамі, што гэтая праблема застанецца з намі на працягу ня менш чым 300 гадоў (г.зн., 10 пэрыядаў паўраспаду цэзію-137 і стронцыю-90). Таму ўсё жыцьцё на забруджаных тэрыторыях трэба плянаваць з улікам чарнобыльскага фактару.

Я з аптымізмам гляджу ў будучыню, бо лічу, што падрасьце сьвядомае і неабыякавае пакаленьне, якое захоча жыць на сваёй зямлі і працягне нашую справу па пераадоленьні наступстваў катастрофы.

Гутарыла Надзея Бракар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0