Партыя, што аб’яднае нацыю

Аляксей Янукевіч

 

Аналіз вынікаў прэзыдэнцкае кампаніі-2001 працягваецца як на партыйных сходах, так і на старонках незалежных выданьняў. Пры гэтым прычыны паразы называюць самыя розныя, а некаторыя наагул сьцьвярджаюць, што апазыцыя зусім не прайграла. Што ж датычыць меркаваньняў аб станоўчым выніку выбараў для апазыцыі, яны надзіва аднадушныя: “Апазыцыя здолела згуртавацца”. Менавіта ўтварэньне Шырокай Грамадзкай Кааліцыі разглядаецца большасьцю палітычных лідэраў як асноўны й адзіны пазытыўны вынік іх працы ў 2001 г. Насамрэч, аб’яднаньне палітычных суб’ектаў з супрацьлеглымі інтарэсамі каштавала задорага, каб цяпер ім не ганарыцца. У ахвяру Кааліцыі былі пакладзеныя ня толькі партыйныя інтарэсы, эфэктыўнасьць дзеяньня апазыцыі, палітычная ініцыятыва і, у выніку, сама перамога на выбарах. У ахвяру кааліцыі была пакладзеная Нацыянальная Ідэя.

Натуральна, перамога адзінага кандыдата магла б адкрыць новыя магчымасьці для рэалізацыі інтарэсаў нацыянальных сілаў: парлямэнцкія выбары, разьняволеньне грамадзтва й г.д. Аднак кааліцыя пацярпела паразу. І – павінна была спыніць сваё існаваньне.

Відавочна, што апазыцыйнасьць да існуючага рэжыму была вельмі нетрывалым грунтам дзеля пабудовы рэальнай, эфэктыўнай кааліцыі. Сёньня ж, калі праблема атрыманьня дэмакратычнымі сіламі ўлады на нацыянальным узроўні адкладаецца на няпэўны час і перад апазыцыяй стаяць зусім іншыя задачы, суб’ектаў Кааліцыі-2001 аб’ядноўваюць хутчэй не супольныя інтарэсы ці пляны на будучыню, але супольнае мінулае й адмоўны палітычны досьвед.

Разам з тым, дзейнічаць паасобку таксама не выпадае. Прынамсі тым палітычным сілам, якія маюць падобныя інтарэсы й каштоўнасьці. Менавіта цяпер надыходзіць час дзеля стварэньня новай кааліцыі, што мае аб’яднаць усе нацыянальныя, незалежніцкія сілы на грунце нацыянальнай ідэі. Тым больш, што кампанія-2001 засьведчыла: няма іншых сілаў у Беларусі, здольных рэальна ўплываць на грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне, апроч сілаў нацыянальных.

Новая кааліцыя павінна ўтварыцца як мага хутчэй, да пачатку палітычнага сэзону 2002 г., каб не паўтарыць лёсу сваёй папярэдніцы. У адрозьненьне ад Шырокай Грамадзкай, Нацыянальная Кааліцыя здолее рэальна змабілізаваць наяўныя рэсурсы сваіх суб’ектаў, перадусім самыя каштоўныя – людзкія, дзеля вырашэньня супольных задачаў. У бліжэйшыя два гады Нацыянальныя Сілы ў складзе сваёй кааліцыі павінны пераняць і ўтрымліваць палітычную ініцыятыву, усталяваць кантакт з грамадзтвам і вярнуць ягоны давер да сябе, забясьпечыць сабе падтрымку з боку нацыянальных элітаў і, нарэшце, падрыхтавацца й пасьпяхова правесьці сваіх кандыдатаў у мясцовыя Саветы на выбарах 2003 г.

Натуральна, што існуючую ўладу ў рэжыме рэагаваньня перамагчы немагчыма ў прынцыпе. Мы павінны навучыцца ня толькі думаць і дзейнічаць хутчэй, чым нашыя апанэнты, але й пралічваць наперад магчымыя наступствы тых ці іншых палітычных падзеяў. Кааліцыя нацыянальных сілаў павінна мець свой інфармацыйна-аналітычны цэнтар, інакш нашыя стратэгічныя пляны й надалей будуць разьбівацца аб рэчаіснасьць палітычнага жыцьця яшчэ да пачатку іх ажыцьцяўленьня. Перайманьне палітычнай ініцыятывы патрабуе дзеяньняў, скіраваных на дасягненьне канкрэтных мэтаў. Практыка глябальных сымбалічных кампаніяў павінна быць спыненая. Мы ня мусім разьлічваць на тое, што за 3—4—6 месяцаў сытуацыя можа істотна зьмяніцца, але павінны дзейнічаць малымі крокамі, ставячы рэальныя мэты й абавязкова іх дасягаючы. Агульнанацыянальны посьпех будзе складацца з тысячаў невялікіх мясцовых перамогаў. Каб зьмяніць сытуацыю на сваю карысьць, нам патрэбная пэўная крытычная маса станоўчых вынікаў. І, вядома, трыманьне палітычнай ініцыятывы вымагае адпаведнай палітычнай волі. Трэба быць моцнымі й ісьці да канца, калі мы нешта пачынаем.

Сіла кожнай палітычнай партыі вымяраецца ейнай рэальнай падтрымкай у грамадзтве. Менавіта грамадзтва вырашае, хто будзе кіраваць краінай, нават пры аўтарытарным рэжыме, які мы маем у Беларусі.

Вялікай памылкай нацыянальных сілаў было супрацьпастаўленьне сябе грамадзтву. Натуральна, для ўсіх добры ня будзеш. Але мы, ня здолеўшы знайсьці ў нашым грамадзтве падтрымкі некаторых нашых ідэяў, падзялілі грамадзтва ў сваім уяўленьні на “сьвядомых” і “манкуртаў” (“люмпэнаў”, “саўкоў” і г.д.), пакінуўшы самім сабе ролю меншасьці. Адукаванай, разумнай, годнай абсалютнай меншасьці. Нам трэба абавязкова разбурыць у сваёй сьвядомасьці стэрэатып, што грамадзтва нас не падтрымлівае і ніколі не падтрымае. Зь іншага боку, мы павінны пачаць прыслухоўвацца да грамадзтва, мы павінны імкнуцца адпавядаць грамадзкім патрэбам, абараняць рэальныя жыцьцёвыя інтарэсы ўсіх беларусаў. Нацыянальныя Сілы павінны ўвайсьці ў кааліцыю з грамадзтвам, а не зь бюракратамі ці лібэраламі. Мы мусім аб’яднаць не палітычныя эліты, але нацыю.

З вышэйсказанага натуральным чынам вынікае, што падтрымка Нацыянальнай Кааліцыі з боку навуковай, спартовай, культурніцкай і іншых нацыянальных элітаў для нас вельмі істотная, паколькі прадстаўнікі такіх элітаў зьяўляюцца лідэрамі грамадзкай думкі й моцна ўплываюць на яе фармаваньне. Людзі давяраюць у пытаньнях палітыкі пісьменьнікам, навукоўцам і спартоўцам значна болей, чым лідэрам палітычных партыяў. Зь іншага боку, падтрымка нацыянальных элітаў патрэбная нашым актывістам дзеля большай упэўненасьці ў сваіх сілах, у слушнасьці таго, што робіць іх партыя. Разам з тым, нават нефармальная прысутнасьць усеагульна прызнаных нацыянальных аўтарытэтаў у складзе новай кааліцыі будзе дадаткова спрыяць яе самаідэнтыфікацыі як менавіта нацыянальнай.

Кожная кааліцыя павінна мець ня толькі агульную глебу для яднаньня, але й канкрэтную мэту. Такой мэтай для Нацыянальных Сілаў павінны стаць выбары ў мясцовыя саветы ў 2003 г. Мы, канечне, мусім узяць удзел у гэтых выбарах, бо далейшае самаўхіленьне ад палітычнай барацьбы на выбарах прывядзе да поўнага заняпаду структураў і канчатковага расчараваньня як нашых актывістаў, так і той часткі грамадзтва, што нам спачувае. Бадай, ня трэба мець ілюзіяў адносна ўмоваў правядзеньня гэтых выбараў – мы будзем сутыкацца й зь ціскам на людзей, і з фальсыфікацыямі, але мы рэальна можам нават у такіх умовах правесьці ў органы ўлады дастатковую колькасьць сваіх людзей. Падрыхтоўку да Выбараў-2003 трэба пачаць ужо сёлета. Застаецца менш за два гады – час дастатковы, але ня болей за тое.

І, нарэшце, аб тым, якая сіла можа аб’яднаць сёньня нас усіх вакол нацыянальнай ідэі. Адказ, як і дзесяць гадоў таму, адзін – БНФ. Нягледзячы на шэраг паразаў, страту часткі прыхільнікаў, унутраныя супярэчнасьці і пошукі, шалёныя рэпрэсіі й шальмаваньне, разгубленасьць і расчараваньне сваіх актывістаў пасьля кампаніі-2001, БНФ застаецца адзінай сур’ёзнай палітычнай сілай, якая вызнае і пасьлядоўна адстойвае нацыянальныя каштоўнасьці. Натуральна, БНФ сам павінны зьмяніцца ў адпаведнасьці са сваёй новай місіяй. Шырокі антыкамуністычны рух супраціву павінны адысьці ў гісторыю разам з камунізмам, на полі палітычнага змаганьня павінна паўстаць правая нацыянальная партыя. Партыя, якая будзе цьвёрда стаяць на грунце беларускіх традыцыяў, адстойваць нашыя каштоўнасьці, якая ўспрыме нашае грамадзтва такім, якім яно ёсьць, партыя сапраўды беларуская й сапраўды народная. Партыя, што аб’яднае нацыю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0