Водгукі

 

Не зьневажайце Малафеева

У сваім артыкуле “Мірыцеся безь зьнявагі” (“НН”, №37) Кастусь Травень разважае, чаму беларусы прайгралі ўкраінцам. Аўтар піша, што Малафееў спрабуе скласьці ўсю віну за паразу на Бялькевіча з Хацкевічам. Не такой натуры чалавек наш трэнэр, каб на кагосьці звальваць віну, ён разумее, што выйграе каманда, а прайграе трэнэр. Дый пасьля матчу з Украінай ён сказаў: ”Зь сябе віны за пройгрыш я не здымаю”.

 

Пасьля Травень піша пра “гульню ад абароны”, у якую павінны былі гуляць беларусы, каб дамагчыся “запаветнай” нічыёй. Чаму гэтая нічыя для нас запаветная? Каб заняць першае месца ў групе, нам трэ было перамагаць і ўкраінцаў, і палякаў, і валійцаў. Калі ж мы займаем другое месца ў групе, то за выхад на сусьветнае першынства мусім змагацца з Ангельшчынай ці Нямеччынай. Малафееў гэта дакладна разумеў і сьвядома пайшоў на актыўную гульню, іншая справа, што нападнікі падвялі.

Бялькевіча з Хацкевічам выключыць назаўсёды са зборнай быў павінен яшчэ Бароўскі, калі перад адказнай сустрэчай з эстонцамі “зоркі” пайшлі “культурна адпачыць” зь півам. Бароўскі выключыў іх тады, але пад ціскам грамадзкасьці вярнуў гульцоў у зборную. А Малафееў ня верне. Таму людзям з нашай футбольнай фэдэрацыі не падабаюцца такія асобы, як сп.Эдуард. Ім патрэбны чалавек, якім лёгка было б маніпуляваць. Фэдэрацыю не хвалюе, што зборная на задворках футбольнае Эўропы!

І Бялькевічу з Хацкевічам, і БФФ далёкія патрыятычныя памкненьні Эдуарда Малафеева.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)

 

Горад мёртвых

У працяг чарнобыльскай тэмы з нумароў ад 25 красавіка і 24 верасьня. Барысу Тумару прысьвячаю.

 

Трагедыя простага чалавека – будзённая зьява, нікому не цікавая. А вось трагедыі ўладароў заўсёды вабяць вока і слых, прыцягваюць увагу кветкамі, афіцыйнымі нэкралёгамі, урачыстымі пахаваньнямі, спачуваньнямі сяброў... Калі памірала жонка Гарбачова, мас-мэдыі данесьлі да кожнага адчай і змаганьне гэтай сям’і са страшэннай хваробай. Дачка Гарбачова на ўвесь сьвет запыталася: “Завошта на нашу долю выпала гэткае выпрабаваньне?” Бо зь ейнага пункту гледжаньня маці – слабая жанчына, муху ня здольная пакрыўдзіць. Але калі кіруеш лёсамі мільёнаў людзей, дык рыхтуйся трымаць адказ за свае ўчынкі...

Чарнобыльская трагедыя прыпала на самы пачатак кіраваньня Гарбачова. Яго турбаваў лёс перабудовы, а не канкрэтных людзей. Ён мог бы сказаць словы перасьцярогі, дазволіць навукоўцам рэкамэндаваць мінімальныя сродкі прафіляктыкі і такім чынам паменшыць кола апрамененых. Але генсак выявіўся няздольным нават паспачуваць. Верхам зьнявагі да тых, хто застаўся жыць у зоне, сталіся ягоныя чаравікі, пакінутыя ў Гомельскім аэрапорце пасьля наведаньня забруджаных радыяцыяй раёнаў. Невядома, у якой ступені віна за ўсё гэта ляжыць на ягонай жонцы, але, несумненна, калі стаяла пытаньне: захаваць уладу ці людзей – Гарбачовы абіралі першае. І прынесьлі ў ахвяру сваім амбіцыям перш за ўсё Гомель.

Вось афіцыйныя дадзеныя пра колькасьць жыхароў Гомеля: 01.01.1985 г. – 465000, 01.01.1987 г. – 488000, 12.01.1989 г. – 497500, 01.01.1995 – 507000, 01.01.1997 г. – 501000.

Такім чынам, з 1985 да 1995 г. насельніцтва Гомеля павялічылася на 42 тысячы чалавек, а за 1995–97 г. скарацілася на 6000 жыхароў. А куды падзеліся дзясяткі тысячаў перасяленцаў, што пераехалі ў Гомель у 91-м, пасьля прыняцьця Закону “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС”? Каб атрымаць адказ, дастаткова павандраваць па могілках (Асаўцы, Рандоўка і інш.), якія імкліва растуць і пашыраюцца.

За Саветамі ў Гомелі сялілі адстаўнікоў з усяго Саюзу, рангам не ніжэй за палкоўніка. Яны таксама зрабіліся закладнікамі Чарнобылю.

Статыстыка ахвяраў аварыі засакрэчаная, і пра сапраўдныя ейныя маштабы можна толькі здагадвацца. Дактары ў прыватных размовах кажуць, што ім забаронена выносіць дыягназ, які нейкім чынам стасуецца з наступствамі Чарнобылю. Звычайна ў пасьведчаньні інваліда пазначана: “агульнае захворваньне”.

Здаецца, няма сёньня на Гомельшчыне сям’і, якая б не сутыкнулася са страшнай хваробай пад назвай “рак”. Вось некалькі прыкладаў – ад бліжэйшых сяброў, бо ня кожны можа распавесьці пра сваё гора, ня кожны мае сілу волі з пэўнай доляй самаіроніі казаць пра сваё, цалкам інтымнае:

В.П. – маці памерла ў 1994 г. – пакутавала на рак маціцы.

М.М. – бацька памёр у 2000 г. – пакутаваў на рак горла.

Г.Э. – памёр у 2000 г. ад раку простай кішкі.

А.М. – цешча памерла толькі што ад раку малочнай залозы...

Сёньня тыя, хто засталіся, адчуваюць сябе загнанымі ў куток. Адны добра ўсьведамляюць, што іхны век будзе нядоўгім. Дачцэ не наканавана перажыць маці, а ўнуку – бабулю. Большасьць вымушаная штодня карыстацца пігулкамі з загадкавым назовам “tamoxifen”. Другія пасьпелі зьбегчы ў краіны блізкага і далёкага замежжа, але ўсё роўна вяртаюцца хоць раз на год, на Радаўніцу, каб наведаць могілкі. Голас крыві мацнейшы за небясьпеку. Трэція топяць сваё гора ў гарэлцы... Дзяржава цікавіцца імі толькі ў часе чарговых выбараў. Чацьвертыя кажуць, што падставаў для хваляваньня няма. Але нешта ніхто ня рвецца прыехаць жыць да нас. Кватэры ў Гомлі ў колькі разоў таньнейшыя, чым, скажам, у Горадні. Дый Гомельскі замак ня горшы за Гарадзенскі, і краявіды таксама... Ласкава запрашаем.

Нябожчык, Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0