Камэнтар рэдактара

Ці трэба шкадаваць беларусаў?

Сапраўдныя пэсымісты гэта, як вядома, добра інфармаваныя аптымісты. Артыкул выдатнага польскага дасьледчыка Марка Карпа складаецца з букету бліскучых назіраньняў за эвалюцыяй Беларусі ў апошнія гады, геніяльных інтуіцыяў аб прычынах гэтай эвалюцыі і нізкі памылак, выкліканых кепскай інфармаванасьцю. Ці могуць, такім чынам, пэсымістычныя прагнозы Карпа аказацца прагнозамі кепска паінфрамаванага аптыміста?

 

Гутарку журналістаў Gazety Wyborczej з сп.Карпам, прымеркаваную да верасьнёўскіх, горкае славы, выбараў, беларускія СМІ заўважылі. Радыё Свабода спасылалася на яе прынамсі ў двух матэрыялах. Яна сапраўды заслугоўвае спакойнага перачытаньня і камэнтару.

Калі не лічыць тых усё радчэйшых палякаў, якія “беларусінаў” уважаюць за горшую галіну польскага народу, за Бугам здаўна змагаліся два палярныя стаўленьні да Беларусі. Адны кажуць: беларусаў трэба шкадаваць. Яны нікому не рабілі крыўды, затое шмат цярпелі ад іншых. Гэта думка яшчэ Канапніцкай, Фэдэцкага, сотняў міласэрных людзей. Такое шкадаваньне падабаецца шмат каму ў Беларусі, дзе сваю краіну часта малююць у вобразе нявіннай ахвяры — дзьве сусьветныя вайны панішчылі гэты край, як ніякі іншы, Сталін, Чарнобыль... Шкадавалі беларусаў палякі і таму, што самі адчувалі віну. Па меры таго, як адыходзіць у мінуўшчыну міжваенная Польшча, сьціраецца ў палякаў і гістарычная віна перад усходнім суседам за Бярозу-Картускую і за “беларусаў са сьвечкаю ня знойдзеш”, за сотні бязьвінных ахвяраў акоўскае партызанкі. Апроч таго, паміраюць удзячныя ўраджэнцы наднёманскага краю, разрываецца сэнтымэнтальная повязь.

І ўсё часьцей у Польшчы заклікаюць “сьпісаць Беларусь з рахункаў”. Гэта пазыцыя ізаляцыяністаў. Бо за Бугам — проста буфэрная, нэўтральная, шэрая зона, насельнікам якой няма на што спадзявацца. Бо русіфікацыя тамака пайшла занадта далёка, каб можна было нешта зьмяніць. Бо ў гэтай краіны няма трывалае гістарычнае традыцыі. Бо ў Расеі ёсьць сфэра ўплыву і нельга ж аспрэчваць права такой краіны мець сваю зону інтарэсаў. Бо праблемаў занадта ўжо ў тых Украіне і Латвіі, каб думаць яшчэ пра Беларусь. Бо што зьмяняе выпадзеньне Беларусі, калі яна ўжо й так несамастойная. Бо ўрэшце: зірніце на тую беларускую рэчаіснасьць... Прычынаў можна прыдумаць сотню, асабліва калі абапірацца на расейскія імпэрскія міты.

“Мяжа цывілізацый” у сёньняшняй Беларусі сапраўды пралегла між пакаленьнямі. Але! — нават увасабленьне мараў старэйшага пакаленьня, лукашэнкаўская аўтакратыя на чале з Бацькам, які летуціць сябе то Ататуркам, то Аляксандрам Неўскім, нашмат гуманьнейшая за ельцынска-пуцінскую дэмакратыю. Тлумачыць гэта толькі асабістым баязьліўствам лідэра не зусім, мякка кажучы, па-марксісцку. Зь Беларусі спадзевы на тое, што Масква можа “дэмакратызаваць” саюзьніцу, заўжды здаваліся ў лепшым выпадку крывадушшам. А “збліжэньне апазыцыі з Масквой” — наіўнасьцю. Прыкладна такой, як збліжэньне “Салідарнасьці” з Масквой у 80-х.

Над некаторымі трапнымі ацэнкамі М.Карпа можна бясконца доўга разважаць (“Лукашэнка даў беларусам пачуцьцё тоеснасьці” або “ягонае праўленьне — прынамсі зараз — цалкам на руку Маскве”).

Некаторыя ж памылковыя веды непазьбежна цягнуць за сабой неразуменьне беларускай сытуацыі. Напрыклад, аблудныя ідэі пра паходжаньне паняцьця беларускае нацыі і ўяўнае адчужэньне носьбітаў нацыянальнае сьвядомасьці ад “простага народу” ці іх канфэсійную прыналежнасьць. А яшчэ дзіўная неабазнанасьць у рэальнай эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, далёка не адназначнай. Такое ўражаньне, што гэта запазычана з пары працаў пары менскіх эстрадных інтэлектуалаў, чый хлеб — эпатаж публікі.

Зь Менску многае бачыцца інакш: найперш ступень незалежнасьці лукашэнкаўскай Беларусі. Ад сярэдзіны XVIII ст. Беларусь ніколі не была настолькі рэальна самастойнаю, як гэтая васальная РБ. (І ў легендарным пачатку 90-х мелі толькі каліва дзяржавы.)

Па-другое, ступень русіфікацыі. Дзяржава РБ існуе; любая дзяржава нацыяналізуе грамадзянаў, беларуская 90-х — ня вынятак. За 90-я гады ўмацавалася нацыянальная тоеснасьць, што прызнае і сам сп.Карп; ляяльная да беларускай дзяржавы ўплывовая расейская меншасьць пастаўленая на мяжу асыміляцыі беларусамі (гэта паказаў перапіс 1999 г.). “Змус” да навучаньня беларускай мовы — увогуле нейкі паэтычны троп зь лексыкону тых самых “эстрадных інтэлектуалаў”, зь якімі сп.Карп быццам бы ня мае нічога супольнага. “Пазьняк”, дарэчы, таксама. Увогуле ж ад гутаркі са сп.Карпам павявае арыенталізмам, і гэта дратуе.

Здаровай большасьці беларусаў сёньня аднолькава непрыемна і калі іх шкадуюць, і калі іх сьпісваюць з рахункаў. А чакаюць беларусы партнэрства, каб іх бачылі роўнымі — іншымі, але падобнымі. Во што было б найлепшай паслугай беларускай дэмакратыі і незалежнасьці, непадзельным між сабою.

Так думаў і Гедройц, дарэчы.

Паводле перакананьня нас тут у Менску, фармаваньне беларускае нацыі ідзе прыблізна тым самым шляхам, што і ў іншых доўгі час безьдзяржаўных усходнеэўрапейскіх народаў, а грамадзянская супольнасьць у краіне толькі мацуецца ў цяперашняй амаль бяскроўнай барацьбе. І Польшча не такі Ахіл, і Беларусь не такая чарапаха, што за 20 гадоў “дасьпее, але не нагоніць”, дый Лукашэнка не такі ўжо просты “тхор”, якім яго маляўніча тлумачыць сп.Карп. Берасьце знаходзіцца ўсяго за 200 км ад Варшавы, і таму падыход да Беларусі з арыенталісцкімі меркамі заўжды будзе прыводзіць да хібных высноваў.

 

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0