Беларускі тэрарызм учора і сёньня

 

Сучаснае міжнароднае права не дае адназначнага вытлумачэньня паняткам тэрарызму і тэрору. Найчасьцей сыходзяцца на тым, што тэрор — гэта палітыка запалохваньня, падаўленьня палітычнага праціўніка сілавымі мэтадамі. Адзін тэрор — той, што чыніцца ўладамі. Іншы тэрор — рэакцыя прыніжаных і пакрыўджаных, незадаволеных існым ладам. Пад панятак “тэрарызм” падпадаюць выбухі, скраданьні, забойствы, захоп закладнікаў, рабаваньні, згон самалётаў і г.д.

Адным зь першых прыкладаў тэрору на нашых землях можа быць выкраданьне Станіслава Аўгуста Панятоўскага барскімі канфэдэратамі, незадаволенымі прарасейскай арыентацыяй караля. 3 верасьня 1771 г. змоўшчыкі пад кіраўніцтвам Казіміра Пулаўскага выкралі Панятоўскага на адной з вуліцаў Варшавы і вывезьлі са сталіцы. Манарху пашанцавала, яго вызваліў фурман карэты, якога Станіслаў Аўгуст расчуліў абяцаньнямі й просьбамі.

Наступныя тэракты адбыліся толькі праз 100 гадоў. 1 сакавіка 1881 г. у Пецярбургу беларус Ігнат Грынявіцкі, прыхільнік народніцкага руху, забіў бомбай імпэратара Аляксандра ІІ. Першая бомба, якую кінуў Мікалай Рысакоў, толькі пашкодзіла царскую карэту. Тэрарыста схапілі, а імпэратар выйшаў з карэты, каб даведацца, што адбываецца. Грынявіцкі наблізіўся да яго на два крокі й кінуў бомбу проста яму пад ногі. І імпэратар, і тэрарыст былі сьмяротна параненыя. У выніку гэтага тэракту загінулі яшчэ два чалавекі, шэсьць засталіся калекамі на ўсё жыцьцё.

На зломе ХІХ і ХХ ст. утварылася партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, якая калькавала мэтады барацьбы, прапанаваныя народнікамі. Менскі лекар Рыгор Гершуні (Герш Іцкаў) стварыў у 1901 г. баявую арганізацыю эсэраў, якая ставіла сваёй мэтай палітычны тэрор. Гершуні зладзіў забойства міністра ўнутраных справаў Расеі Сіпягіна, уфімскага губэрнатара Багдановіча, харкаўскага губэрнатара Абаленскага. Калі ў 1904-м яго арыштавалі, баявую арганізацыю ўзначалілі Барыс Савінкаў і Еўна Азэф.

27 студзеня 1906 г. эсэр Іван Пуліхаў на прыступках менскага Петрапаўлаўскага сабору (знаходзіўся ў Верхнім горадзе, узарваны ў 1937 г.) зьдзейсьніў замах на губэрнатара Курлова, помсьцячы за расстрэл дэмакратычнага мітынгу 18 кастрычніка 1905 г. на пляцы перад Віленскім вакзалам (сёньняшняя Прывакзальная плошча). Бомба звалілася ля ног Курлова, але ня выбухнула. Паліцмайстар Нораў з гарадавымі скруціў Пуліхава. Тым часам эсэрка Аляксандра Ізмайловіч, дачка генэрала Ізмайловіча, двойчы стрэліла ў Норава. Трапіла ў шыю. Паліцмайстар застаўся жывы, Пуліхава павесілі, а Ізмайловіч адправілі на пажыцьцёвую катаргу.

У 1908 г. на чыгуначнай станцыі Бязданы, што на паўночны ўсход ад Вільні, баявая арганізацыя Польскай Партыі Сацыялістычнай зьдзейсьніла напад на расейскі паштовы цягнік і экспрапрыявала грошы, якія тым цягніком перавозіліся. На чале ППС стаяў тады Юзаф Пілсудзкі.

У 1921 г. Беларусь падзялілі на Заходнюю і Ўсходнюю. Савецкі ўрад марыў пра сусьветную рэвалюцыю, і Польшча мусіла стаць першай прыступкай для ажыцьцяўленьня пляну. Масква фінансавала бальшавіцкую партызанку ў Заходняй Беларусі. Дывэрсанты з савецкага боку мяжы — Ваўпшасаў, Корж, Арлоўскі — са сваімі атрадамі палілі маёнткі, нападалі на паліцэйскія пастарункі, забівалі паліцыянтаў, памешчыкаў, асаднікаў, лесьнікоў, нават падрывалі цягнікі. У адным 1924 г. было зьдзейсьнена больш за 300 “апэрацыяў”! Толькі ад 1925 г., калі стала зразумела, што ідэя сусьветнай рэвалюцыі правалілася, сталі зьнікаць і тэрарыстычныя банды.

7 чэрвеня 1927 г. на вакзале ў Варшаве навучэнец віленскай беларускай гімназіі Барыс Кавэрда застрэліў савецкага пасла ў Польшчы Пятра Войкава, аднаго з арганізатараў забойства царскай сям’і ў 1918 г. Гэты тэракт можна лічыць апрабацыяй новых мэтадаў барацьбы супраць бальшавізму. Кавэрду далі 15 год турмы. Захопленая беларуская моладзь дасылыла яму ў вязьніцу кветкі й падарункі. Падчас вайны Кавэрда апынуўся ў ЗША, дзе й памёр у 80-х.

Другая сусьветная вайна прынесла Беларусі новы тэрор, пастаўлены на канвэер і прыстасаваны да вайсковых мэтаў. Савецкія дывэрсанты падрывалі цягнікі, забівалі нямецкіх жаўнераў і чыноўнікаў, калябарантаў. У адказ немцы расстрэльвалі закладнікаў, спальвалі цэлыя вёскі.

Ці ня самым выдатным тэрактам у часе другой сусьветнай вайны сталася акцыя камсамольца Фёдара Крыловіча. Малады падпольшчык, што працаваў на чыгунцы ў Асіповічах, у ноч з 29 на 30 чэрвеня 1943 г. заклаў дзьве міны — адну ў хвасьце, другую ў галаве эшалону з палівам. Састаў зь мінамі адвялі ў чыгуначны парк, дзе стаялі яшчэ тры начыненыя тэхнікай, авіябомбамі і снарадамі цягнікі... Адным махам было зьнішчана 20 танкаў-“тыграў” — столькі нямецкая ваенная прамысловасьць выпускала ў месяц. Уся гэтая тэхніка мусіла ісьці пад Курск. Вынікі апэрацыі Крыловіча разьбіралі ў нямецкім генштабе, і восем генэралаў былі звольненыя за халатнасьць.

Хапала тэрактаў і ў ваенным Менску. 5 сакавіка 1943 г. супрацоўнік афіцыйнай “Беларускай Газэты” Алесь Матусевіч забіў ідэоляга беларускага нацыянал-сацыялізму Фабіяна Акінчыца і сышоў у партызаны. 13 чэрвеня 1943 г. сярод белага дня ў Васілішках Лідзкае акругі польскія партызаны расстралялі працаўнікоў беларускай адміністрацыі Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова. Такія факты здараліся ці не штомесяц у тым ці іншым кутку Беларусі.

22 чэрвеня 1943 г. у менскім гарадзкім тэатры была ўрачыстасьць з нагоды “Дня вызваленьня” і дня абвяшчэньня СБМ. А 18.20, падчас спэктаклю па п’есе Францішка Аляхновіча “Пан міністар”, прагрымеў магутны выбух. Партызаны плянавалі забіць Кубэ, але той зьехаў значна раней. Загінула ж 13 маладзёнаў, у тым ліку сын Наталі Арсеньневай і Франца Кушаля — Яраслаў. Ахвяраў тэракту ўрачыста пахавалі на Вайсковых могілках. А праз дзевяць месяцаў ў сваёй віленскай кватэры ад рук невядомых тэрарыстаў загінуў і драматург Францішак Аляхновіч, п’есу якога давалі тады ў тэатры.

Кубэ ж быў забіты 21 верасьня 1943 г. ва ўласным ложку мінай, якую прычапіла да спружынаў ягонага ложка пакаёўка і падпольшчыца Алена Мазанік. Нямецкая паліцыя нібыта наперад ведала пра замах, але сама была ня супраць пазбыцца Кубэ — “сілавікам” не падабалася ягоная лібэральнасьць. Між тым у расплату за тэракт немцы схапілі 300 закладнікаў — і расстралялі б, каб не заступілася беларуская гарадзкая адміністрацыя.

13 лістапада быў забіты рэдактар “Беларускай Газэты” Ўладзіслаў Казлоўскі. Паводле афіцыйнае вэрсіі, зрабілі гэта савецкія партызаны. 6 сьнежня 1943 г. проста перад вокнамі Смаленскага СД у Менску (на рагу Нямігі і Ракаўскай) жалезнымі прутамі быў сьмяротна паранены бурмістар Менску Вацлаў Іваноўскі. Забілі яго, відаць, тыя самыя партызаны, але маглі гэта зрабіць і немцы. Маглі й беларусы, напрыклад, “праваслаўныя экстрэмісты”.

Пасьля вайны ў Беларусі дзейнічала антыкамуністычная партызанка. У 1945 г. у Пінску ўкраінскія падпольшчыкі ўзарвалі клюб, у якім адбываўся абласны партсход, у выніку чаго загінула некалькі дзясяткаў камуністаў. Беларускія партызаны ў тым самым годзе ўзарвалі савецкі цягнік пад Слонімам. Былі і зусім бяскроўныя тэракты: напрыклад, група Янкі Філістовіча ўлетку 1952 г. напала на друкарню МТС у Вязыні (Вялейшчына) і забрала абсталяваньне.

Ці была тэрактам сьмерць Машэрава ў 1980 г.? А ўзарваны ў
1997-м газаправод? А выбух ля расейскай амбасады 24 траўня 2001 г.? А зьнікненьне Ганчара, Красоўскага, Завадзкага, Захаранкі? З часам хтосьці напіша гісторыю тэрарызму ў Беларусі, і мы знойдзем адказы на ўсе пытаньні.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0