08.10.2001 / 13:00

Беларусь праз 100 гадоў

№ 41 (250), 8 кастрычніка 2001 г.


 Беларусь праз 100 гадоў

 

Багі вярнуліся

Калі не лічыць перамогі крывіцкай зборнай у чэмпіянаце сьвету па футболе, год 9175 ад “Часоў Першадзеі” (2101 г. паводле ўмоўнага міжнароднага летазьлічэньня) нічым для Нацыі ня вылучыўся. Звыклы год руплівай працы.

Імклівы крызыс хрысьціянства на Крывіцкіх землях пачаўся ў 2006-м, калі былі адкрытыя Лябірынты ў Полацку. Вацлаў Ластоўскі не памыліўся ў сваім прароцтве. Хоць не было пад зямлёю ні жывых людзей, ні гарадоў, Лябірынты захавалі самае галоўнае — Веду. Слова старажытных крывіцкіх рунаў стала грунтам “экаміталягічнай рэвалюцыі”, як назвалі яе заходнія разумнікі. “Сябар ня мае формулы, сябар мае імя” — гэты тэзыс даўніх манускрыптаў стаўся прынцыпам ва ўзаемаадносінах Чалавека і Прыроды на ўсіх узроўнях жыцьцядзейнасьці Крывіцкай Дзяржавы (афіцыйна: з 2007 г. — Рэспубліка Крыўя). Краіна цалкам выйшла з-пад палітычнага ўплыву Расеі, што ў сваю чаргу справакавала вайсковую агрэсію з боку апошняй. Адзіная бітва адбылася 8 верасьня 2014 г. пад Воршай. Дзьве элітныя танкавыя дывізіі расейцаў былі спыненыя крывіцкім аддзелам контразаклёнаў і прэвэнтыўнага чараваньня. Пасьля простых магічных маніпуляцыяў танкістаў непасрэдна ў танках ахапіў жудасны прыступ дыярэі і санлівасьці адначасова, а ўвесь штаб расейскай групоўкі ператварыўся ў вялізных рапух.

Пасьля гэтага прапановы функцыянэраў NATO аб уступленьні Крыўі ў іхную тусоўку зрабіліся асабліва надакучлівымі. Аднак заляцаньні гэтыя сустракалі заўсёды ветлівую, але цьвёрдую адмову.

Адкрыцьцё Лябірынтаў дазволіла грамадзтву пазбыцца шматлікіх сацыяльных фобіяў ды псыхалягічных адхіленьняў. Так, хворыя на “інтэгратызм” пад наглядам вопытных мэдыятараў маглі пакаштаваць “братняй любові” ў Мсьціславе 1654 г., спакутаваныя на “нацыянальны скепсыс і пэсымізм” віртуальна ўдзельнічалі ў бітве пад Воршай 1514 г. ці Кіркгольмам у 1605 г., а тыя, хто меў залішнюю крывіцкую пыху, пазбаўляліся яе падчас захопу Полацку Ўладзімерам у 980 г. ці пасьля рэфэрэндуму 1995 г.

Галоўнай навучальнай установай краіны стала Акадэмія Этнічнае Веды імя Васіля Брыкуна, слыннага крывіцкага чараўніка ХVII ст., урачыста адчыненая прэзыдэнтам Крыўі Лыдзейкам 1 верасьня 2043 г.

Асаблівае месца ў сыстэме вышэйшай адукацыі стала адыгрываць Горы-Горацкая Акадэмія Зямлі і Неба. Паколькі праца земляроба пачала разумецца як сьвятарны ўдзел у быцьці Космасу, паступіць у Акадэмію мог толькі чалавек зь вялікімі здольнасьцямі ў галіне каляндарна-міталягічнай прагматыкі. Менскія ўнівэрсытэты, у большасьці сваёй, рыхтуюць спэцыялістаў, што займаюцца дэмантажом індустрыяльных магутнасьцяў на Радзіме і за яе межамі.

Паводле сацыялягічных апытаньняў, 91,5% грамадзянаў Крыўі не разумеюць, у чым прычына і сутнасьць т.зв. “моўнай праблемы”, якая турбавала іх продкаў яшчэ 100 гадоў таму. На думку апытаных, выракацца мовы, а г.зн. і Веды, можа толькі псыхічна нездаровы чалавек.

На міжнароднай арэне Крыўя выступае прызнаным экспэртам па пытаньнях этнаэкалёгіі і міталягічнага рэнэсансу. Вялікі аўтарытэт краіны прывёў да ўключэньня яе ў Раду Бясьпекі ААН, якую разам зь ёй ачолілі Ірляндыя, Ісьляндыя, Японія, Канада ды Індыя.

Ва ўсіх буйных гарадах Маскоўскай Народнай Рэспублікі (МНР) папы па загадзе расейскага прэзыдэнта Івана Гразнага правялі малебны па “невинно убиенныхъ кривичехъ душегубцами российскими”. Пасьля была наладжаная афіцыйная цырымонія Дараваньня. Падчас яе былі вернутыя на радзіму ўсе каштоўнасьці крывіцкай культуры, што стагодзьдзямі парахнелі ў маскоўскіх сховах, а расейскаму прэзыдэнту быў уручаны падарунак крывічоў — срэбныя стоды Вялеса і Перуна…

Апошнія дні жніўня, але яшчэ досыць цёпла. З паўднёвага захаду імкліва імчыць Перунова хмара. Вецер шкамутае фіранкі, і ўжо чуваць, як грукочуць колы залатой калясьніцы. Выключаю кампутар і кідаю трохі купальскіх зёлак на прысак хатняга ахвярніка. 9175 год. Багі вярнуліся...

Уладзімер Лобач


Новы праект “Нашае Нівы”

2101 год. Якой будзе Беларусь праз 100 гадоў? Якой будзе дзяржава і які дзяржаўны лад? Якімі будуць гарады? Які горад будзе сталіцай Беларусі? Якімі межы краіны? Што беларусы будуць есьці? Якімі будуць беларускія грошы? Якім транспарт? Якімі сродкі масавай інфармацыі? Якая літаратура будзе чытацца? Ці застануцца тэатры? Якія імёны будуць самымі папулярнымі? Якімі стануць лясы і рэкі? Ці можна будзе купацца ў забруджаных сёньня азёрах? Якія зьвяры зьнікнуць, якія новыя расьліны завядуцца? Што будзе з чарнобыльскай зонай? У якіх цэрквах будуць маліцца людзі? Што яны ведацьмуць пра 2001 год? Што будзе з намі?

Штотыдня — фантазіі пра будучыню Вечнай Беларусі, эсэ, прагнозы і футуралягічныя артыкулы ў рубрыцы “Беларусь праз 100 гадоў”. З гэтага выйдзе цэлая кніга! Чакаем Вашых допісаў. Будзем загадваць.


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру