08.10.2001 / 13:00

Водгукі

№ 41 (250), 8 кастрычніка 2001 г.


 Водгукі

 

Наўздагон да пачатку навучальнага году

Выпуск “НН” да 27 жніўня з цэлай паласой, прысьвечанай 1 верасьня, – прыемная зьява. Не адзін чытач газэты прыпомніў сваё 1 верасьня, пачатак школьна-навучальнага шляху. Я дык думкамі перанёсься ў 1 верасьня 1935 г., калі далёка-далёка ад Беларусі пачынаў шкаленьне ў чужым асяродзьдзі. Але ўспаміны – на пазьней! Закінем слова за лемантары. На Бацькаўшчыне першае знаёмства беларускага вучня зь “вялікай кнігай”, “самай важнай кнігай” – Беларускім Лемантаром – дзеля мэтадалягічнае недапрацоўкі, непрадуманасьці, сьпешкі пляну-выкананьня, тэхнічнай неахайнасьці – не спрыяе зараджэньню ды ўмацаваньню ў дзіцячай душы беларускасьці, любові да свайго. Гэткі стан беларускай пэдагогікі абумоўлены нашым недзяржаўным, несамастойным палажэньнем. І гэтая мая заўвага, як кажуць землякі, толькі на маргінэсе – больш дэталёвая гаворка пра лемантары на эміграцыі.

Адзін зь першых бээсэсэраўскіх лемантароў – Беларускі лемантар аўтарства Сьцяпана Некрашэвіча – быў надрукаваны ў 1922 г. у Бэрліне на замову Навукова-Літарацкага Аддзелу Камісарыяту Асьветы БССР.

Язэп Варонка ў ЗША пры канцы 20-х займаўся зь дзецьмі ў розных школах у Чыкага і для беларускіх дзяцей укладаў невялічкія лемантары, каб падкрэсьліць адрознасьць беларускага альфабэту ад расейскага. Гэтыя лемантарыкі ніколі не былі выдрукаваныя.

У часе другое сусьветнае вайны ў беларускіх школах (і садках) у Бэрліне, Вэне, Дэсаў і іншых гарадох Нямеччыны ўжываліся лемантары і чытанкі, якія друкаваліся ў Менску ў гадох 1941–44.

Новы беларускі лемантар ствараецца ды вельмі шырока распаўсюджваецца па другой сусьветнай вайне ў Заходняй Нямеччыне.

У друку ці раз зазначалася, ды аўтары падкрэсьлівалі (В.Пашкевіч, Я.Максімюк), што адной зь вельмі пякучых і важных праблемаў у паваеннае эміграцыі была нястача школьных падручнікаў.

Беларускіх школаў, гімназіяў на эміграцыі ў паваенным часе было пад дзясятак, а патрэбных падручнікаў не было. Да гонару беларускіх настаўнікаў трэба сьцьвердзіць, што яны, настаўнікі, тыя цяжкасьці хутка і якасна імкнуліся ліквідаваць, і ліквідавалі. Адной з такіх “апэратыўных” падзеяў у школьніцтве на эміграцыі было выданьне Беларускага лемантара Апалёніі Радкевіч (А.Савёнак). Спадарыня Савёнак не была новая асоба ў беларускім пачатковым школьніцтве. У 20-х гадох яна працавала ды склала некалькі навучальных дапаможнікаў у Менску разам з “Купаліхай” – Уладзяй Францаўнай Луцэвіч, потым, выкладаючы ў розных школах БССР, рыхтавала, разам з Н.Сіўко, новы лемантар, а, апынуўшыся на эміграцыі ў Рэгэнсбургу, ад верасьня 1945 г. выкладала ў беларускай школе. Бачачы нястачу падручнікаў, А.Савёнак адразу ж узялася за апрацоўку лемантара. У працы ёй шмат дапамагалі А.Міцкевіч, які ў тым часе “аварыйным” тэмпам апрацоўваў беларускія чытанкі, а таксама Мікола Кругловіч, мастак ды тэхнічны рэдактар Эдуард Шпак – Эдуард Шабуня, сын Эмілі Шабуні, пляменьнік Івана й Антона Луцкевічаў. Лемантар, досыць сьціплы выглядам, але мэтадалягічна прадуманы і беларускі, быў на працягу году закончаны і ў 1946 г. надрукаваны пры дапамозе Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Тыраж лемантара быў вельмі вялікі, лемантар быў разасланы вельмі шырака. Па гэтым лемантары правучыліся пакаленьні беларускіх дзяцей. Лемантар прыйшоў і ў ЗША – дзеці, народжаныя ў ЗША, таксама вучыліся па лемантары А.Радкевіч. У 1961 г. беларускі лемантар А.Радкевіч быў перавыдадзены айцом М.Лапіцкім пры дапамозе Парафіі Сьв.Эўфрасіньні Полацкае ў Саўт-Рывэры.

Беларускі лемантар, выдавецтва “Заранка”, а аўтарства таксама знанага беларускага пэдагога Язэпа Гладкага, быў выдадзены ў 1946 г. у беларускім лягеры Ватэнштэт.

Язэп Гладкі, таксама ў выдавецтве “Заранка” ў Нью-Ёрку, у 1964 г. выдаў Беларускі лемантар для школаў і хатняга навучаньня і лацінкай (с.5–66), і кірыліцай (с.69–96).

Да кожнага выданьня лемантара на эміграцыі далучаліся разразныя альфабэты.

У архіве Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку ёсьць таксама манускрыпт лемантара З.Каршака (Я.Станкевіча) Kryvicki (biełaruski) lemantar. Regensburg, 1945. 105 s.

Гэтулькі пра лемантары на эміграцыі.

Вітаўт Кіпель, Нью-Ёрк

Welcome again!

З увагі на тое, што мабільная сувязь ужо цяпер актуальнае пытаньне для Беларусі, хацеў бы выправіць недакладнасьці, дапушчаныя ў артыкуле “Welcome МТС!” (“НН” ад 1 кастрычніка).

 

Найперш, тэрміналёгія. Роўмінг (анг. roam- = бадзяцца, блукаць) – магчымасьць карыстаньня апаратам, зарэгістраваным у адной сетцы, на тэрыторыі дзеяньня іншай. Напрыклад, вы зь беларускай “мабілай” знаходзіцеся ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, і тая трубка зьвініць, калі вашая менская бабуля набрала звыклы нумар. Словазлучэньне “ўнутрысеткавы роўмінг” ня мае сэнсу.

Абанэнты BelCel маюць магчымасьць карыстацца роўмінгам на тэрыторыі Польшчы, прыбалтыйскіх краінаў, Расеі, Украіны й Баўгарыі. Сьцьверджаньне пра немагчымасьць “карыстацца апаратамі па-за межамі краіны” няслушнае. Што тычыцца другога “мінусу” – платы за ўваходныя званкі, дык для кагосьці гэта немалы плюс, бо дае магчымасьць мець для свайго “сотавіка” гарадзкі нумар, на які можна тэлефанаваць зь любога таксафону. Да абанэнтаў, якія ня плацяць за ўваходныя, звоніш як у іншы горад, праз васьмёрку. Падазраю, што бальшыня гарадзкіх абанэнтаў BelCel менавіта з гэтага меркаваньня й зрабіла свой выбар.

Наагул, канкурэнцыя паміж Velcom і BelCel падаецца перабольшанай. Стандарт GSM, у якім працуе першы апэратар, – урбаністычны, малы радыюс дзеяньня перадатчыкаў робіць яго прыбытковым толькі на густазаселеных тэрыторыях. Стандарт NMT (Nordic Mobile Telephone), у якім працуе BelCel, нарадзіўся ў Скандынавіі, дзе шчыльнасьць насельніцтва невысокая, і значна выгаднейшы па-за местам, бо частата 450 MHz дае магчымасьць накрываць вялікія тэрыторыі. А вось у горадзе NMT робіцца ахвярай прамысловых радыёшумоў, ад таго якасьць сувязі горшая за GSM’аўскую.

Розьніца ў эканамічным разьвіцьці паміж буйнымі гарадамі й правінцыяй падказвае, што патэнцыйных абанэнтаў GSM разоў, мабыць, у 50 болей. Але ж і сотня апэратараў гэтага стандарту ня зрушыць пазыцыяў BelCel там, дзе бізнэс вымагае выездаў у правінцыю альбо калі сотавая сувязь выкарыстоўваецца як замена непракладзенаму тэлефоннаму кабэлю (г.зв. стацыянарны сотавы). Канкурэнцыю BelCel’у можа скласьці іншы апэратар NMT, і каб такі зьявіўся – было б няблага для абанэнтаў. Тады BelCel не ленаваўся б напоўніцу забясьпечыць сваіх карыстальнікаў усімі магчымасьцямі NMT, а яны ня меншыя, як у GSM.

Аляксей Бяляеў, Менск


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру