15.10.2001 / 13:00

З усёй краіны

№ 42 (251), 15 кастрычніка 2001 г.


 З усёй краіны

 

Малафееў застаецца

Пра гэта ён сказаў пазаўчора падчас падвядзеньня вынікаў выступленьня нацыянальнай зборнай. Апошнія два тыдні хадзілі чуткі пра ягоны пераход да маскоўскіх “дынамаўцаў”, але ў чацьвер да Малафеева завітаў асабісты сябар Лукашэнкі Ўладзімер Канаплёў, які год таму і прывёз яго з Расеі, і... ад’езд быў скасаваны.

Малафееў заявіў, што напіша заяву пра адстаўку, а ўжо БФФ вырашыць пытаньне, прымаць яе ці не.

Эдвард Людовіч

Рабунак у Маладэчне

У ноч на 12 кастрычніка ў Маладэчне невядомыя зламысьнікі ўлезьлі ў офіс незалежнай “Рэгіянальнай газеты”. Скралі тры кампутары, лічбавую фатакамэру, два прынтэры, тэлефоны з факсам і нават імбрычак. Зьнік запас тэкстаў і фотаархіў. Незалежны тыднёвік “Рэгіянальная газета” прадаецца ў Маладачанскім, Вялейскім, Валожынскім, Мядзельскім, Смургонскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах, то бок па ўсёй сёньняшняй беларускай Віленшчыне. Галоўны рэдактар Аляксандар Манцэвіч не губляе аптымізму:“Да наступнага чацьвярга мы зробім газэту. Мы мусім зрабіць. Шэсьць зь лішкам гадоў выдаемся, і ні разу не было зрываў”.

Алег Раявец

Зьезд беларусаў Канады

Пазаўчора ў Таронта адбыўся 38-ы зьезд беларусаў Канады. На парадку дня была выпрацоўка пляну працы на два гады.

Згуртаваньне Беларусаў Канады было заснаванае ў 1948 г. тамсама ў Таронта на сходзе беларускіх актывістаў. Цяпер суполкі ЗБК ёсьць у Манрэалі, Садбуры, Гамільтане, Вініпэгу, Атаве, Ашаве, Лёндане (канадыйскім). Беларусы Канады маюць сваю Інтэрнэт-старонку http://www.cyberus.ca/~belarus/

Э.Л.

Кошт бясплатнага праезду

Страты Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі за верасень, калі студэнты ВНУ мелі права бясплатнага праезду на прыгарадных і пасажырскіх цягніках, склалі 81049 тыс. рублёў (пад 54 тыс. даляраў). Вызваленьне ад аплаты матывавалася тым, што студэнты будуць дапамагаць сваякам па гаспадарцы. Аднак найчасьцей яны езьдзілі якраз-такі ў Менск. А многія цягнікі ўвогуле хадзілі пустыя, бо навучэнцы бралі адразу некалькі квіткоў — на выбар.

Беларусы – найлепшыя снайпэры

У Мар’інай Горцы, на тэрыторыі брыгады спэцыяльнага прызначэньня, праводзіліся спаборніцтвы снайпэраў. Узялі ўдзел 19 камандаў зь Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны, Чэхіі. Нядаўна на аналягічным снайпэрскім чэмпіянаце ў Расеі першае месца ўзяла каманда “Алмазу”, спэцпадразьдзяленьня МУС Беларусі па барацьбе з тэрарызмам. “Крапавым барэтам” падаравалі аўтамабіль “Жыгулі”.

Магілёўскія арсэналы

За 10 дзён апэрацыі “Арсэнал”, якая праводзілася на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці ў сувязі з тэрактамі ў ЗША, было канфіскавана 47 адзінак агнястрэльнай зброі, 100 грамаў трацілу і 33 электрадэтанатары. 108 чалавек прыцягнутыя да адказнасьці, зь іх пяцёра — да крымінальнай. Усяго за 9 месяцаў 2001 г. на Магілёўшчыне канфіскавана 380 адзінак агнястрэльнай зброі, больш за 3 кг выбухоўкі. Толькі 93 адзінкі зброі былі здадзеныя добраахвотна.

Злавілі псэўдадыплямата

У Магілёве разьбіраюць справу славака Паўла Мукеры, які называў сябе прадстаўніком дыпляматычнай місіі і, абяцаючы мясцовым жыхарам працу ў Славакіі, браў грошы “на афармленьне неабходных дакумэнтаў”. Такая паслуга каштавала ад 35 да 70 даляраў. Апрача таго, славак пазычаў значныя сумы.

Паводле БелаПАН

Героіка ў буднях

На Чэрыкаўшчыне толькі 9 з 29 жанчын, што маюць па 5 і болей дзяцей, узнагароджаныя ордэнам Маці і карыстаюцца адпаведнымі льготамі. Астатнія прэтэндэнткі пазбаўленыя прывілеяў у сувязі зь непрыстойнымі паводзінамі — злоўжываньнем моцнымі напоямі, абыякавасьцю, а часам і жорсткасьцю да ўласных дзяцей.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Драпежная фотамадэль

Год таму адзін чалавек з Наваполацку знайшоў у лесе параненага каршуна і прынёс яго дахаты. Птушка неўзабаве ачуняла і зноў вярнулася на волю. Аднак каршун так прызвычаіўся да людзей, што празь нейкі час сам прыляцеў у горад і пасяліўся на лоджыі сям’і Шыдлоўскіх. У дадатак да гарадзкой кватэры, каршун хутка займеў яшчэ й добрую працу: знаёмыя пачалі зьвяртацца да Тацяны Шыдлоўскай, якая працуе фатографам у наваполацкім фотаатэлье, з просьбай сфатаграфавацца з прыгожай птушкай. Незвычайны работнік спадабаўся і кіраўніцтву атэлье, бо кліентаў у ім значна паболела.

Васіль Кроква, Полацак

Ах, які быў “аўганец”!

Суд, што днямі адбыўся ў Кобрыні, высьветліў факты, якія прымусілі аслупянець усю Пружану: Павал Юзафовіч, старшыня раённае арганізацыі воінаў-аўганцаў, насамрэч у Аўгане ніколі ня быў, а з 1985 па 1987 г. служыў кухарам у Вугоршчыне.

У якасьці кампэнсацыі ліпавы “аўганец” перадаў райвыканкаму атрыманую незаконна чатыры гады таму кватэру. Прадстаўнікі “вэртыкалі” адразу ж адмовіліся ад грамадзянскага пазову, і Юзафовіч, якому “сьвяціла” ад 7 да 15 гадоў з канфіскацяй... быў адпушчаны.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

Зарабілі сем — атрымалі шэсьць

Кіраўніцтва “Балтыкі” патрабуе зьменшыць кошт акцыяў бровару “Крыніца” які нібыта, апошнім часам згубіў ранейшыя рынкі і зрабіўся неканкурэнтаздольным. Калі беларусы ня знойдуць, чым адказаць, “Крыніца” не атрымае абяцаных 25 млн. даляраў інвэстыцыяў.

У 17 разоў павялічыліся пасля выбараў запазычанасьці па заробках. На Гарадзеншчыне не сплацілі кожны сёмы зароблены за жнівень рубель, на Магілёўшчыне – кожны восьмы, на Берасьцейшчыне – кожны дзясяты. Горш за ўсё даводзіцца калгасьнікам, якія не атрымалі паловы сваіх “даляраў у эквіваленце”.

Беларусь далучыцца да здабычы каменнага вугалю ў Кемераўскай вобласьці Расеі. Плянуецца, што празь пяць гадоў прыбытак ад ягонага продажу складзе пад 800 мільёнаў даляраў у год. Прыбытак падзеляць прапарцыйна выдаткам. Праўда, ва ўсёй Эўропе гэтая галіна стратная. Няма гарантыі, што Тулееў не выцягвае зь беларусаў грошы на заведама безнадзейную справу.

Падвышэньнем цэнаў на гарэлку плянуецца кампэнсаваць сёлетні дэфіцыт бюджэту. Узрасьце і падатак на вываз за мяжу беларускага бэнзыну.

Менскі аўтазавод спыніцца праз пару тыдняў, калі Яраслаўскі завод “Аўтадызэль” уздыме цэны на рухавікі на 12—30%, як абяцаў. У такім выпадку МАЗы зробяцца задарагімі для расейскага рынку. Запасу рухавікоў на заводзе хапае толькі на 10 дзён працы.

75% статутнага фонду ААТ “Слуцкі бровар” хоча набыць маскоўскі камбінат Очаково. Цяпер беларускае прадпрыемства мае на рахунку 1 млрд. рублёў (каля 667 тыс. даляраў). Плянаваная рэнтабэльнасьць слуцкіх півавараў сёлета мінус 1,5%.

З Новага году бяз мыты ў Польшчу можна будзе ўвозіць толькі паўлітра гарэлкі і пачак цыгарэтаў. У польскіх крамах “агнявая вада” каштуе ўдвая больш, чым прывезеная кантрабандай зь Беларусі і Ўкраіны, з-за чаго польскі бюджэт губляе 3 мільярды злотых штогод. Пакуль што палякі дазваляюць увозіць дзьве пляшкі гарэлкі і 20 пачкаў цыгарэтаў.

Сёлета імпарт збожжа ў Беларусь зьменшыцца толькі на 25%. Ужо пачалі шукаць, дзе таньней можна набыць патрэбныя 300 тыс. т харчовай пшаніцы для булак і макароны. Самыя выгадныя цэны прапануюць Украіна й Кубань.

За час жніва камэрцыйныя банкі Беларусі страцілі каля 7% свайго капіталу. Нацбанк папярэдзіў, што тыя банкі, якія да 1 студзеня будуць мець статутны фонд меншы за 10 млн. эўра, страцяць ліцэнзіі. Пакуль гэта не пагражае хіба што “Беларусбанку”, “Пріорбанку”, “Белаграпрамбанку”, “Белзьнешэканамбанку” ды “Белінвестбанку” (былому “Белбізнэсбанку”).

Сяржук Іваноўскі

Цукровая вайна

Украіна абмежавала ўвоз беларускага цукру на сваю тэрыторыю. Дагэтуль на ўкраінскім рынку было рэалізавана каля 150 тыс. тонаў гэтага прадукту. У Беларусі тона цукру каштуе пад 300 даляраў, а ва Ўкраіне — больш за 400. Натуральна, спажыўцы аддавалі перавагу таньнейшаму – беларускаму, і гэта адбівалася на эканоміцы Ўкраіны.

Цукровы бізнэс цяпер вельмі выгадны ў Беларусі. Штогод краіна спажывае каля 350 тысяч тонаў цукру. Імпартуецца значна больш. Галоўны пастаўшчык — фірма кіраўніцтва справаў прэзыдэнта “Белая Русь”, якой дзяржава стварае льготны падатковы і мытны рэжым. Сёлета Лукашэнка даручыў ёй імпартаваць 200 тысяч тонаў цукру-сырцу.

С.І.

Канец футбольнага сэзону

Атрымалася тое, што атрымалася. Беларуская футбольная зборная стала трэцяй у групе, заняла тое месца, якога была вартая. Хто глядзеў па тэлевізіі матч, які адбыўся ў Валіі, ня скажа, што магло быць іначай. Даўнавата не даводзілася бачыць каманду настолькі адмабілізаваную, як валійцы. Камэнтатар Навіцкі ўбачыў у гэтым “кіеўскі сьлед”, але... гэта праблема тых, хто мысьліць падобным чынам. Мы з гэтым нічога ня зробім.

 

Калі ўлічыць, што ў Эўропе было дзевяць адборачных групаў, дык нашае месца ў агульнаэўрапейскім заліку — ад 19-га да 27-га. Што ж, такая наша сіла, і з гэтага можна зыходзіць. Тое, што Малафееў (або, як яго сталі называць, ЭВМ) даў зборнай за такі кароткі тэрмін, можна разглядаць як надбудову да таго, што было раней. А каб атрымаць каманду, якой можна ганарыцца, трэба зьмяняць аснову. Так, гэта пакуль што самы ўдалы наш адборачны цыкл, але нават лепшыя гульні рабіліся зь нейкай натугай, “празь не магу”.

Яшчэ адно трывожнае назіраньне. Нам больш-менш удаваліся першыя таймы, і зусім правальнымі былі другія. Вось як выглядае статыстыка па першых і другіх таймах.

Другі тайм мы выйгралі толькі ў хатняй гульні з Польшчай, дзе супернік даў нам, шчыра кажучы, паблажку. А вось каб гульня працягвалася толькі адзін тайм, то мы ў выніку былі б на жаданым другім месцы сьледам за Польшчай, у якой за першыя таймы 21 пункт (мячы 11—4). Відаць, слабаватая ў нашых фізычная падрыхтоўка. Або выпіваюць зачаста.

Самая вялікая памылка кіраўніцтва зборнай у гэтым цыкле — адмова ад таварыскай сустрэчы з партугальцамі. ЭВМ пасьля скажа, што такія гульні патрэбныя толькі каб праверыць гульцоў, а ён сваіх ведае і так. А пасьля паставіць на гульню з Украінай “неправераных” Качуру з Валадзянковым.

З атрыманых вынікаў трэба зрабіць правільныя высновы. У наступныя год-паўтара беларуская каманда павінна актыўна ладзіць таварыскія гульні. Трэ было б зьмяніць і філязофію падрыхтоўкі зборнай. Дасюль мы напярэдадні адказнага паядынку тры-пяць дзён рыхтаваліся ды настройваліся на канкрэтны матч. А трэба пасьлядоўна адладжваць сваю гульню, каб вынік у канкрэтным матчы быў не выпадковым посьпехам, а вынікам высокае клясы .

Чэмпіянаты сьвету ды Эўропы — не самадастатковыя спаборніцтвы. Гэта спосаб вызначыць найбольш прыстойныя каманды. Шанец даецца ўсім, але скочыць у фінал з 82-га месца — нерэальна. Мы мусім паступова караскацца ўгору. Спатрэбяцца працяглыя зборы для футбалістаў — і гэта мусіць быць прафінансавана. Ня ўсё ж фінансаваць спажыўцоў таннага алькаголю! Патрэбныя новыя гульцы. Пакуль у нас ёсьць выдатны трэнэр, супэрбрамнік (Туміловіч за гэты цыкл заслугоўвае ордэн), пяць-шэсьць гульцоў “асновы”. Не стае хіба добрага выканаўцы стандартаў, кшталту Мятліцкага, які ў свой час чамусьці быў амаль не запатрабаваны зборнай. Варта зьвярнуць увагу на Сяднёва зь “Белшыны”.

...Прыканцы аб самым прыкрым. Неяк паступова нашыя камэнтатары дакаціліся да таго, што рэпартажы пра футбол пачалі рабіць на расейскай мове! Спачатку запрашалі дапамагаць камэнтаваць той ці іншы матч некага са спартовых спэцыялістаў, якія быццам бы ня ведаюць беларускай і нібыта дзеля гэтага і камэнтатар-прафэсіянал пераходзіў на расейскую — спачатку толькі ў размове з партнэрам, а пасьля на ўвесь матч. Гэтым разам рэпартаж з Уэльсу Навіцкі вёў адзін і вёў яго па-расейску. Хто здольны адчуваць сорам за краіну, той адчувае…

A.U.

Пацярпелыя за Беларусь

1 кастрычніка ў Магілёве за “выкарыстаньне незарэгiстраванай сымболiкi” затрымалі Зьмiтра Букатага i Аляксея Гамаюнава, якія несьлі бел-чырвона-белыя сьцягi ў офiс магiлёўскай арганiзацыi Маладога Фронту. Сьцягi канфiскавалi, а на маладзёнаў склалi пратакол. Анатоля Лябедзьку таксама затрымалі ў часе візыту ў Магілёў. Яму інкрымінуецца удзел у несанкцыянаваным пікеце. Берасьцейцу Алесю Леўчуку далі штраф за распаўсюд сатырычнае “Канстытуцыі Белабрысii”. Гарадзенцам Юр’ю Істоміну, Яўгену Клімаву і Юр’ю Корыкаву далі па мінімалцы штрафу за ўдзел у мабілізацыйнай кампаніі. У Рагачове невядомыя зьбілі “зуброўца” Зьмітра Шкулькова. 2 кастрычніка ў Менску падчас пікету супраць прыватызацыі МАЗу былі затрыманыя маладафронтаўцы Алесь Васілеўскі, Ірына Вяткіна, Барыс Гарэцкі, Настасься Карповіч, Павал Севярынец, Алесь Тарасевіч, Артур Фінкевіч і Міхась Шаўцоў. Ноччу 3 кастрычніка бард Валеры Пазьнякевіч падышоў да шапіка набыць цыгарэты. Да кіяскёркі ён зьвярнуўся па-беларуску і гэтым прыцягнуў увагу міліцыянтаў. Апошнія зьбілі яго й завезьлі ў пастарунак, дзе склалі пратакол: быў п’яны, чапляўся да мінакоў, біўся зь няпоўнагадовымі. Тэст на алькаголь паказаў, што затрыманы – цьвярозы. Але справу перадалі ў суд, паседжаньне адбудзецца 17 кастрычніка.

9 кастрычніка Васілю Грамовічу з Шаркаўшчыны, рэгіянальнаму каардынатару незалежнага назіраньня, далі 3 мінімалкі штрафу – нібыта за паклёп. Лоеўскі раённы суд не задаволіў пазову сябра АГП Валер’я Канапляніка да кіраўніцтва вузла сувязі пра аднаўленьне на працы. Звольнілі яго пры канцы жніўня за тое, што зайшоў на выбарчы ўчастак і пацікавіўся, якія дакумэнты патрэбныя, каб акрэдытавацца ў якасьці незалежнага назіральніка. У Клічаве пачаўся разгляд пазову былой выкладчыцы аграрна-тэхнічнага каледжу Людмілы Гушчы, якую звольнілі за ўдзел у “Незалежным назіраньні”.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру