Шматхадовая пазыцыі

Заявы Фядуты, Статкевіча, зьяўленьне сайту КампраматBY

10 верасьня, адразу пасьля выбараў, расейскі канал НТВ, а за ім і беларускія радыёстанцыі распаўсюдзілі надрукаваны “сёньня” ў амэрыканскай газэце Christian Science Monitor артыкул пра марнатраўства беларускай апазыцыі. Яго аўтар Скот Пэтэрсан сьцьвярджаў, што 24 млн. даляраў, выдаткаваных на патрэбы беларускай дэмакратыі, пайшлі на глум. Чаму такая апэратыўнасьць у цытаваньні? Хто яшчэ ў гранках прачытаў артыкул Скота Пэтэрсана ў гэтым ня самым папулярным амэрыканскім выданьні? (Розьніца ў часе між Масквой і ЗША складае 8 гадзінаў). Дапусьцім, што артыкул гэтак хутка растыражавалі проста таму, што 10-га ён зьявіўся ў навінах Yahoo.

Роўна праз два тыдні, 24 верасьня, Белорусская газета надрукавала інтэрвію з Аляксандрам Фядутам пад красамоўнай назвай “Ужо нассаліся”. “Незалежны аналітык” вінаваціў беларускую апазыцыю ў раскраданьні тых самых 24 млн. даляраў, выдзеленых заходнімі дзяржавамі на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Фядута такую лічбу вывеў на аснове ўласных падлікаў: “...Можна вырабіць 10 кашулек, але, выбачайце, засраць імі ўсе незалежныя газэты, сфатаграфавацца ў іх на прэсавай канфэрэнцыі, каб стварыць у спонсараў бачнасьць эфэктыўнай працы”. Фядута распавядае, не называючы імёнаў, як кіраўнікі беларускай апазыцыі куплялі камфартабэльныя кватэры ў Менску. Незалежная прэса, на ягоную думку, не настолькі карумпаваная, як палітычныя партыі (“І калі рэдактар павысіў сабе заробак на 100 даляраў — гэта не найбольшае злачынства”). Відаць, таму ў ёй і друкуе свае опусы сам Фядута. Яшчэ меншая карупцыя, сьцьвярджае ён, у сфэры культуры: ня тыя памеры ахвяраваньняў, каб красьці.

Пры канцы інтэрвію Фядута паабяцаў, што, калі будуць пагрозы з боку апазыцыі, ён назаве імёны і канкрэтныя арганізацыі, пра што нібыта ўжо раіўся з амэрыканскімі журналістамі (Christian Science Monitor?).

У адказ на гэта Мікола Статкевіч, лідэр Народнай Грамады, заявіў, што варта падаць на Фядуту ў суд за дыскрэдытацыю дэмакратычнага руху, але прапанаваў стварыць адмысловую камісію для расьсьледаваньня фінансавай дзейнасьці дэмакратычных арганізацыяў ад 1996 г. За гэта ўхапілася Белорусская деловая газета, і 9 кастрычніка надрукавала матэрыял, прысьвечаны фінансавым разборкам, а таксама інтэрвію са Статкевічам. Грамадовец кляў Фядуту і заклікаў вынесьці пытаньне пра 24 мільёны на палітраду шырокай грамадзянскай кааліцыі. Ён, як і Фядута, папярэдзіў: “Калі нейкія арганізацыі выступяць супраць нашых прапановаў, мы будзем разглядаць гэта як ускосны доказ карумпаванасьці кіраўніцтва гэтых арганізацыяў”.

Каардынатар “Хартыі, 97” Андрэй Саньнікаў, камэнтуючы для БДГ выказваньні Статкевіча і Фядуты, сказаў, што яны граюць на адным палітычным полі (“ініцыятыва Статкевіча абсалютна аналягічная заяве Фядуты”) і што словы Фядуты — нахабная мана.

Не абышоў увагай гэты скандал і “незалежны сайт Кompromatby (www.kompromatby.net), на якім хацелася б спыніцца больш падрабязна. Гэты сайт пачаў дзейнічаць 20 жніўня, чамусьці ў 23.25. Кіруе ім мітычны Константин Калиновский, які заахвочвае наведнікаў сайту “дасылаць любы кампрамэтуючы матэрыял”. Маўляў, будзе неадкладна пастаўлены. Мы даслалі на сайт свой “кампрамат”, але пакуль безвынікова. Мо таму што па-беларуску? Бо ўсе матэрыялы на сайце — па-расейску.

Частка іх перадрукаваная з расейскіх СМІ (Огонёк, Итоги, Эксперт, Новое время, Коммунист.ru і г.д.), але багата і артыкулаў пад псэўданімамі (Тэўтонскі, Брат па зброі, Правасудаў, PR-online і інш.). Штодзень на Кompromatby зьяўляецца нізка выкрыцьцяў (ахоп ад бэн Ладэна да вугліку).

Сайт нібы беларускі — пра гэта мусяць сьведчыць літары by у назве. Праўда, тое by стаіць перад кропкай. Г.зн. зарэгістраваны ён не ў Беларусі. Аднак найбольш увагі надае беларускай рэчаіснасьці, палітыкам і ўладзе.

У зьмешчаным на старонцы рэйтынгу самых згадваных на сайце беларускіх палітыкаў, дзеячаў, журналістаў першае месца займае Лукашэнка (22%), ад 4 да 2% у Шэймана, Паўлічэнкі, Домаша, Ганчарыка, Ціцянкова, Віка, Сівакова, Лявонава. Сярод галоўных пастаўшчыкоў кампрамату на першым месцы нейкі Герасімаў з 5%, ад 1 да 3% маюць Фядута, Васкрасенскі, “Хартыя, 97”, БДГ, Міхаіл Падаляк, Тамара Віньнікава. Васкрасенскі працаваў сёлета разам зь Фядутам у групе Сініцына. Падаляк вядомы правакацыйнымі артыкуламі ў Белорусской газете. Беларусафільскіх матэрыялаў на сайце няма ніводнага.

Пераважная колькасьць аўтарскіх матэрыялаў, прысьвечаных сытуацыі ў Беларусі, напісаныя фармальна з “дэмакратычных” пазыцыяў, крытыкуюць існы рэжым і тым самым мусяць выклікаць давер.

Вось 12 кастрычніка зьявіўся аглядны артыкул “Як зрабіць чалавеку добра?”, падпісаны Agorby. Аўтар апісвае сёньняшняе становішча Беларусі, усімі сіламі падкрэсьліваючы, што яму вельмі балюча за Радзіму. Якіх толькі эпітэтаў ён дзеля гэтага не ўжывае! Называе Беларусь балотнай дзяржавай, якую прэзыдэнт-цемрашал “Сашка” ператварыў у вялікі калгас, і вялікім балотам Александрыя, дзе эканоміка збанкрутавала, а людзі зьнікаюць сярод дня. У артыкуле шмат памылак, якіх беларускі журналіст не зрабіў бы. “Крыўдна, — піша аўтар, — што жыву ў вялікім прыдуркаватым калгасе з шалёным брыгадзірам з шклоўскіх “Нью-Васюкоў...” У павятовым горадзе Магілёве былі разьмешчаныя 600 машынаў “калгасьнікаў”, 300 машынаў зь Менску, і 100 — “збоку”. Усе гатэлі на чатыры дні ператварыліся ў патыхаючыя перагарам, ахоўваныя АМОНам бардэлі. Забулдыгі ад улады атрымалі выпіўку і падарункі, а бюджэтнікам ня выплацілі заробак, бо ўсе сродкі пайшлі на дажынкі!” Во такі кампрамат.

Беларуская ж апазыцыя, на думку Agorby, уяўляе сабой кволае стварэньне, і яе можна бязь цяжкасьцяў перамагчы: “Прапаганда сьцьвярджае: “Лукашэнка — тата родны, а апазыцыя — недабіткі”, і падсоўвае ў якасьці апазыцыі Зянона Пазьняка, Шушкевіча і іншую нацысцкую ці прапольска настроеную нечысьць, якая ахоплівае невялікую колькасьць насельніцтва, прычым пераважна гэта Гарадзенская вобласьць”.

Ёсьць і іншыя матэрыялы, у якіх бэсьціцца Лукашэнка. Прыкладам, артыкул пра падабенства Гітлера і Лукашэнкі (“Сындром А.Г.”, з gerundiy56.chat.ru). Там супастаўляюцца два героі (адзін з альпійскіх лугоў Аўстрыі, другі — з лукавінаў Шклоўшчыны), прычым іхныя імёны не называюцца, толькі ініцыялы — А.Г. Натуральна, што больш увагі надаецца А.Г. са Шклоўшчыны. Ягоная біяграфія выпісаная надзвычай агрэсіўна і абразьліва.

Зь іншага боку, В.Цхведзіяні піша пра “нармальнасьць” беларускай эканомікі, з заробкамі большымі, чым ва Ўкраіне, пэнсіямі і таннымі камунальнымі паслугамі. “Тожа беларус” PR-online піша пра Беларусь як пра бастыён супраць NАТО на заходніх межах Расеі і, адпаведна, цікавасьць ЗША да працэсаў у Рэспубліцы: “Актыўнае спачуваньне беларускай апазыцыі і ўсялякае інфармацыйнае спачуваньне ёй — вось ейная (Амэрыкі) тактыка”. Андрэй Багдановіч з “Экспэрту” піша пра нямогласьць і бесправадырства беларускай апазыцыі.

Увогуле, сярод навалы разнародных матэрыялаў прадуманасьцю вылучаюцца толькі тыя, у якіх Кompromatby вылівае цэбры гразі на апазыцыю. Пачалося гэта ад канца жніўня, калі выбарчая кампанія выйшла на фініш. 6 верасьня, перад самымі выбарамі, зьявіўся кампрамат на Васіля Лявонава, якога вінавацілі ў колішніх сувязях з Валер’ем Ткачовым, што “замаўляў” крымінальныя забойствы ў Магілёве. Дзеля пераканальнасьці падаваліся матэрыялы крымінальнае справы, у якой фігуруе імя Лявонава.

Перад інтэрвію Фядуты — 21 верасьня — на сайт прыйшоў “ананімны ліст” з інфармацыяй, што кіраўнікі БНФ (Вячорка, Хадыка, Бяляцкі) скралі 400 тыс. даляраў, накуплялі маёмасьці, а цяпер запалохваюць сьведкаў, каб схаваць фінансавыя злоўжываньні ад грамадзкасьці: “...У штаб-кватэру БНФ прыбываюць прадстаўнікі рэгіянальных структураў Фронту, якія просяць выдаць ім грошы для разьліку зь людзьмі, што былі задзейнічаныя ў выбарчай кампаніі і, па сутнасьці, працавалі ў крэдыт. Аднак ім заяўляюць пра адсутнасьць фінансаў”.

Іншы ананімны матэрыял распавядае пра фінансавыя махінацыі Багданкевіча і Чыгіра, калі адзін быў старшынём Нацбанку, а другі — Аграбанку. Яны нібыта выдзялялі шматмільённыя крэдыты кіраўнічцы фінансавай кампаніі “Фіко” Натальлі Шаўко, а тая ўжо фінансавала АГП і БНФ. Калі ж новая ўлада зацікавілася ейнай дзейнасьцю і распачала сьледзтва, “...сьледчыя дзеяньні з Шаўко перанесльліся ў спальню. Шаўко нарадзіла дзіця ад супрацоўніка, што вёў справу. Затым нарадзіла і другое”. Такім чынам, прыватныя махінацыі Натальлі Шаўко зьвязваюцца з дэмакратычным асяродзьдзем.

А вось нейкі “габрэй Іван Іваноў” у сваім лісьце абураецца “Габрэйскім нумарам” культурнага часопісу ARCHE. “Самае цікавае і сьмешнае заключаецца ў тым, што “Джойнт” дапамагае кандовым антысэмітам, жыдаедам і нашчадкам гітлераўскіх халуёў, то бок паліцаям... Вось у мяне ў руках часопіс “Арчы” (так у арыгінале — Э.Л.) ... дзе друкуюцца аўтары ... у местачкова-хутарскім разуменьні, з прэтэнзіямі на эўрапейскасьць і культурнасьць”. Пратэст аўтара выклікала нібыта друкаваньне адказу Алеся Пушкіна ў анкеце часопісу. Бо той нібыта антысэміт і выступаў на ўстаноўчым зьезьдзе БНФ з антысэміцкімі выказваньнямі. Абсурд!

Прыканцы Іваноў выносіць ARCHE прысуд: “...Навошта гэтыя кракадзілавы сьлёзы пра Галакост, калі “Джойнт” фінансава падпітвае патэнцыйных хаўрусьнікаў Гітлера і іх нашчадкаў? Чэснаму габрэю гэтага не зразумець”.

Увогуле, беларускамоўнай прэсы аўтары сайту ня любяць. “Уся праўдзівая інфармацыя ў Белорусской деловой газете. На жаль, другія моцныя і дакладныя інфармацыйныя выданьні забароненыя бяз суду і сьледзтва, як гэта было з газэтай Имя. А газэты з нацыяналістычным душком выходзяць, дэманструючы ўвесь свой палітычны інфантылізм”.

Уражвае тое, якая інфармацыя маецца ў распараджэньні аўтараў матэрыялаў. Адкуль узялася крымінальная справа Ткачова, калі не з КДБ? А нібыта новы прыватны адрас Алеся Бяляцкага? А падрабязнасьці прыватнага жыцьця Натальлі Шаўко?

Аўтар сайту слаба ведае беларускую мову і добра арыентуецца толькі ў тых рэаліях нашай краіны, якія дэталёва апісаныя ў СМІ. Пры гэтым ён назваўся імем нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Дзеля чаго?

Такое ўражаньне, што галоўная мэта сайту — канчаткова зблытаць чытачоў, дыскрэдытаваць усіх (гэта як у Фядуты: а журналісты чэсныя, у месяц крадуць усяго гэтулькі, колькі вы зарабляеце).

Статкевіч сам увесну быў абвінавачаны паплечнікамі па партыі ў дэструктыўнай дзейнасьці, аўтарытарызьме і прыўлашчваньні фінансавых сродкаў, у выніку чаго Грамада надкалолася. Летась ён катэгарычна выступіў супраць байкоту выбараў у палатку і ад таго часу вёў уласную палітычную гульню. Калісь Пазьняк называў яго правакатарам. Сьмяяліся тады зь Зянона Станіслававіча.

Фядута таксама прайшоў пакручасты палітычны шлях, каб урэшце выставіць сваю кандыдатуру на выбарах у палату па акрузе Міхаіла Чыгіра і пасьля антычыгіроўскага артыкулу ў Советской Белоруссии напярэдадні выбараў быў жорстка зьбіты ў падваротні (так і хочацца дадаць: нібыта). Сёлета ён дэманстратыўна ня ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі апазыцыі, падтрымліваючы Л.Сініцына. У мінулым “Кур’еры” ён пяе асанну былому шэфу КДБ Мацкевічу, як некалі хваліў крыштальна сумленную жанчыну Ярмошыну. Хто ты будзеш, яго новы герой?

І сайт Компроматby, і заявы Статкевіча зь Фядутам скіраваныя на дыскрэдытацыю ўсёй беларускай апазыцыі ў вачах грамадзтва. Двубой у прэсе здаецца толькі дасьціпным тактычным ходам для дасягненьня гэтага. Фядута ж і сам абмовіўся, што БСДП — адзіная некарумпаваная партыя.

Компроматby даводзіць, што ўсё беларускае — другі гатунак, неістотна, лукашэнскае ці дэмакратычнае. Беларуская прэса — нішто, беларускія лідэры — імпатэнты, Лукашэнка — кіраўнік вялікага калгасу, палітычная эліта Беларусі — набор “унтэрмэншаў”, асуджаных Чарнобылем на выміраньне. Хто, калі не Расея, навучыць Беларусь дэмакратыі і працягне сяброўскую руку дапамогі? Ратуймася Расеяй — чытаецца між радкоў рэфрэн сайту. Ягоная асноўная мішэнь — новая беларуская апазыцыя. У той жа час шальмаваньне Лукашэнкі надта грубае, да абсурду, да гратэску, да бясшкоднасьці.

За сайтам можа стаяць ведамства Сініцына, або адна з расейскіх піяр-кантораў, або менскія спэцслужбы. Зрэшты, няма гарантыі што нехта зь некім не зьвязаны. Ланцуг “выкрыцьцяў” можа быць доўгатэрміновай стратэгіяй дыскрэдытацыі рэальнае апазыцыі. Пачынаюць з палітычнае апазыцыі, бо менавіта яна найбольш аслабленая выбарамі. У сярэдзіне 90-х вінавацілі ў фашызьме БНФ, каб дыскрэдытаваць усё нацыянальнае. Цяпер разгарнулася кампанія дыскрэдытацыі палітычнай апазыцыі, каб пасьля зламаць усё незалежнае грамадзтва — стрыжань беларускай дзяржаўнасьці.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0