Нябачныя ваяры Джыгаду

Паляваньне на бэн Ладэна выявілася нялёгкай справай. Яшчэ складаней будзе змагацца зь ягоным раскіданым па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў саміх ЗША, нябачным войскам. Бо ў гэтым выпадку амэрыканцы і іх натаўскія хаўрусьнікі маюць праціўніка з абсалютна іншага цывілізацыйнага вымярэньня.

 

Бэн Ладэн і ягоныя ваяры не трымаюцца прынятых на Захадзе мэтадаў вядзеньня ваенных дзеяньняў. Сама канцэпцыя вайсковае гіерархіі зь ейнымі генэраламі, палкоўнікамі, галоўнымі штабамі, апэратыўным плянаваньнем, паветраным і марскім выведам не ўласьцівая “ваярам Аллага”. Бэн Ладэн лічыць традыцыйныя ісламскія мэтады вядзеньня вайны нашмат эфэктыўнейшымі за заходнія. Узоры, якімі яны кіруюцца, — халіф Амар, які ў VII ст. перамог войскі Бізантыйскай імпэрыі, або султан Саладзін, які ў XI ст. ушчэнт разьбіў эўрапейскіх крыжакоў. Саладзін, дарэчы, быў не арабам, а курдам, і ягонае войска складалася зь невялікага ядра адданых яму асабіста камандзіраў і раскіданых па розных краёх “рэзэрвістаў”. Пры пагрозе вайны іх склікалі адмысловыя пасланцы. Па сваёй структуры войска бэн Ладэна нагадвае сярэднявечнае войска Саладзіна. Паводле зьвестак ізраільскіх спэцслужбаў, некалькі дзясяткаў такіх пасланцоў выправіліся мабілізаваць ягоную нябачную армію яшчэ 9 верасьня, за два дні да атакі на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон. Адны пайшлі па ісламскіх мэдрэсэ ды іншых духоўных установах Аўганістану, у якіх налічваецца каля мільёна вучняў. Другія мусілі наведаць 10 тыс. мэдрэсэ ў суседнім Пакістане, дзе бэн Ладэн мае пад 70 тыс. прыхільнікаў. Кожны закліканы ваяр атрымлівае асабістую зброю з адмысловага, прыхаванага на такі выпадак арсэналу.

Такія духоўныя школы зусім не падобныя да заходніх каледжаў ды ўнівэрсытэтаў, бо асноўнай мэтай маюць вайсковую і ідэалягічную падрыхтоўку будучых ваяроў Джыгаду, гатовых без ваганьняў ахвяраваць жыцьцём. Вучыцца сюды прыяжджаюць нават прадстаўнікі радыкальных ісламскіх груповак мурынаў ЗША, накшталт “Чорных пантэраў”. Апроч Кур’ану, яны вывучаюць тэорыю вядзеньня партызанскай вайны, у тым ліку ў гарадзкіх умовах, арганізацыю дывэрсіяў, выраб і выкарыстаньне выбуховых прыстасаваньняў, хімічнай і бактэрыялягічнай зброі, выкарыстаньне звычайнай зброі для барацьбы з самалётамі, гелікоптэрамі і танкамі непрыяцеля, уменьне доўгі час выжываць бязь ежы і вады.

Нябачнае войска бэн Ладэна — гэта не натоўп фанатыкаў-цемрашалаў, а добра навучаная армія адданых ісламу ваяроў, што, паводле самых сьціплых падлікаў, налічвае некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Па баявых якасьцях самыя падрыхтаваныя зь іх не саступаюць байцам элітных падразьдзяленьняў “Дэльты”, “рэйнджэраў” ды “зялёных барэтаў” ЗША, брытанскіх S.A.S. ці беларускіх “Алмазу” і “Альфы”. Некаторыя патэнцыйныя ваяры бэн Ладэна прайшлі навучаньне ў інструктараў-мусульманаў, якія служылі ў розны час у 101-й і 82-й паветрана-дэсантных дывізіях ЗША.

Апроч арміі, што складаецца з жыхароў Аўганістану й Пакістану, у Аль-Кайды ёсьць яшчэ камандзіры-сувязныя ў Паўночнай Амэрыцы, Емэне, Савудаўскай Арабіі, Альбаніі, Косаве, Альжыры, Чачэніі, Таджыкістане, Эгіпце, Этыёпіі, Самалі ды на Філіпінах.

На кожнага камандзіра прыпадае пэўная колькасьць ваяроў. Так, у Паўночнай Амэрыцы налічваюць блізу 2,5 тыс. асабіста адданых бэн Ладэну людзей, у Емэне, адкуль у свой час сям’я бэн Ладэна пераехала ў Савудаўскую Арабію, іх каля 2 тыс. Апроч таго, бэн Ладэн мае добрыя стасункі з Ісламскай вызвольнай арміяй (ІВА), якая складаецца з 20 тыс. чалавек і трымае манаполію на гандаль зброяй на Арабійскім паўвостраве, мысе Горн, у рэгіёне Чырвонага мора і ва Ўсходняй Афрыцы. Сам бэн Ладэн неаднаразова дапамагаў ІВА ў грашовых апэрацыях пры гандлі зброяй і адмываньні грошай. У Савудаўскай Арабіі, дзе жывуць багатыя і ўплывовыя сваякі бэн Ладэна, Асама мае пасьлядоўнікаў нават у шэрагах узброеных сілаў і нацыянальнай гвардыі. Відаць, дзякуючы ім бэн Ладэн мае доступ да самай сучаснай зброі, што знаходзіцца на ўзбраеньні ў савудаўскага войска.

Паводле некаторых ацэнак, у пэўных абставінах па ўсім сьвеце Асама можа адначасова ўзьняць на вайну дзясяткі тысяч чалавек. Пакуль большасьць зь іх бярэ ўдзел толькі ў разавых апэрацыях, а ў перапынках паміж імі жывуць звычайным мірным жыцьцём. Пад 100 такіх чалавек ёсьць і ў ЗША, і ў іншых заходніх краінах. Яны маюць сем’і, але жонкі й сыны часта не падазраюць пра падвойнае жыцьцё іхных мужоў і бацькоў. Гэтыя баевікі нічым сябе не выдаюць да часу. Такія запраграмаваныя на выкананьне адзінага самазабойчага даручэньня “адзінокія ваўкі” гатовыя нанесьці нават бактэрыялягічныя ды хімічныя ўдары. Яшчэ 150 тэрарыстаў-камікадзэ раскіданыя па Паўночнай Амэрыцы, Эўропе і Блізкім Усходзе ў якасьці рэзэрву.

Сетку бэн Ладэна можна назваць тэрарыстычнай арганізацыяй новага тыпу. У сьвеце, які стаў адзіным цэлым дзякуючы разьвіцьцю сродкаў транспарту, камунікацыі і масавай інфармацыі, і сетка тэрарыстаў распаўсюдзілася на ўвесь сьвет, і мэты яна ставіць сабе глябальныя: падрыў стабільнасьці ўсяго сьвету. Стрымлівае іх толькі недаступнасьць сучасных тэхналёгій і няйменьне магутных СМІ.

Уладзь Бараніч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0