15.10.2001 / 13:00

Прэміі за кожны плён

№ 42 (251), 15 кастрычніка 2001 г.


Прэміі за кожны плён

Штовосень Нобэлеўскі Камітэт рассылае 600—700 лістоў па ўсім сьвеце: на адрасы ўнівэрсытэтаў, выбітных дзеячоў навукі й культуры, ляўрэатаў мінулых гадоў, прапануючы вылучаць кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію.

Заявы мусяць быць пададзеныя да 1 лютага. У галіне фізыкі пачатковы сьпіс утрымлівае звычайна пад 300 заяваў, хіміі – 400, мэдыцыны – 250, літаратуры — 350. Але ў рэальнасьці кандыдатаў меней, бо некаторыя імёны фігуруюць у некалькіх прапановах. Дый паўтараюцца яны з году ў год. Апошнім часам не здаралася, каб ляўрэатам стаўся чалавек, рэкамэндаваны ўпершыню, нават калі ён зрабіў надзвычайнае адкрыцьцё (так, у чарзе па Нобэля дагэтуль стаіць стваральнік кланаванай авечкі Долі Ян Вільмут). Заявы ад асобаў, што рэкамэндуюць самі сябе, не разглядаюцца. Адборам кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію займаюцца адмысловыя Нобэлеўскія камітэты, кожны зь якіх складаецца зь пяцёх (у выпадку фізыкі й хіміі — 10) акадэмікаў. Калі тэма дасьледаваньня навукоўца альбо мова літаратара вельмі ўжо спэцыфічныя, камітэты могуць зьвяртацца па дапамогу да замежных экспэртаў, замаўляючы камэнтары, ацэнкі, пераклады. Перад вылучэньнем ляўрэата кожны сябар Нобэлеўскага камітэту падае свае рэкамэндацыі Швэдзкай акадэміі навук, якая, уласна, і дае ўзнагароды.

Згодна з запаветам Альфрэда Нобэля, ляўрэатаў прэміі міру вызначаюць прадстаўнікі Нарвэгіі. У адпаведны камітэт уваходзяць пяць дэпутатаў тамтэйшага парлямэнту ад розных палітычных сілаў. Часта яны, з-за рознасьці поглядаў, ня могуць прыйсьці да аднае думкі. Тады ўзнагароджаньне адкладаецца на наступны год. Аднак правіла такое, што прэмію міру можна ўручаць не радзей, чым раз на пяць гадоў.

На пачатку лета Швэдзкая акадэмія навук атрымлівае ад камітэтаў даклады з прапановамі канкрэтных кандыдатураў. Пры канцы верасьня адбываецца пленарная дыскусія, падчас якой прысуд зьмяняецца вельмі рэдка.

Напярэдадні афіцыйнага абвяшчэньня павінны быць паінфармаваныя самі кандыдаты, не зважаючы на пару дня ці ночы. Ім тэлефануюць. Прысуд, нават памылковы, канчатковы і нязьменны. Не даюць узнагароды пасьмяротна (было толькі адно выключэньне: у 1961 г. прэмію міру далі генэральнаму сакратару ААН Дагу Гамэршэльду, які загінуў за два тыдні да ўзнагароджаньня).

Сяргей Рак

Прэмія
за спакой

Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі ў пятніцу ААН і ейны кіраўнік, 63-гадовы Кофі Анан. Вытрыманы й заўжды спакойны мурын з Ганы вярнуў ААН давер, які яна страціла падчас кіраваньня эгіпцяніна Бутраса Бутраса Галі, калі ня здолела спыніць разьню басьнійцаў-мусульманаў у Срэбраніцы ды генацыд у Руандзе. У 1996 г. Анан перамог Галі, вылучыўшы лёзунг рэфармаваньня ААН, і захоўвае папулярнасьць дагэтуль: на нядаўніх выбарах генэральнага сакратара за Кофі Анана прагаласавалі прадстаўнікі ўсіх 189 краінаў-сяброў.

У часе ягонага сакратарства ў ААН быў пакладзены канец крываваму канфлікту ва Ўсходнім Тыморы, спынілася вайна ў Босьніі і Косаве. Прадпрымальнікі выдзелілі грошы, якія далі магчымасьць распачаць барацьбу са СНІДам па ўсім сьвеце. Без ананаўскіх рэформаў ЗША, відаць, ніколі ня выплацілі б запазычанасьцяў у ААН. Гэта, бадай, і ўсе ягоныя заслугі.

Заснаваную ў 1945 г. прэмію міру ўжо колькі разоў атрымлівалі агенцтвы ААН ці людзі, зь імі зьвязаныя. У 1961 г. узнагароду пасьмяротна атрымаў і кіраўнік арганізацыі Даг Гамэршэльд. А сярод кандыдатураў на сёлетнюю прэмію фігуравалі і Фідэль Кастра, і Міжнародная футбольная фэдэрацыя FIFA… Такі ў нас мір.

Прэмія
за інфармацыю

Нобэлеўскую прэмію ў галіне эканомікі за “аналіз рынкаў з асымэтрычнай інфармацыяй” атрымалі амэрыканцы Джордж Акерлаф, Майкл Спэнз і Джозэф Сайгліц. Многія рынкі характарызуюцца асымэтрычнай інфармацыяй: адны гульцы ведаюць нашмат больш за іншых. Тыя, хто пазычае, ведаюць пра свае фінансавыя магчымасьці больш, чым тыя, хто дае пазыкі; мэнэджэры й кіраўніцтва ведаюць пра прыбытковасьць кампаніі больш, чым трымальнікі акцыяў; будучыя кліенты дасьведчаныя пра рызыкі кампаніі лепш, чым страхоўшчыкі.

Джордж Акерлаф з унівэрсытэту Бэрклі (Каліфорнія) давёў, што рынкі, дзе прадаўцы ведаюць пря якасьць прадукцыі больш, чым пакупнікі, урэшце пачынаюць працаваць зь нізкаякасным прадуктам. Майкл Спэнз са Стэнфардзкага ўнівэрсытэту вывучаў, як лепш інфармаваны гулец на рынку можа паляпшаць свае паказьнікі: іншыя папросту пачынаюць арыентавацца на яго ў сваіх апэрацыях. Прафэсар Калюмбійскага ўнівэрсытэту Джозэф Сайгліц разгледзеў, наколькі фэномэн асымэтрычнай інфармацыі ўплывае на беспрацоўе і дэфіцыт крэдытных рэсурсаў на рынку.

Прэмія за клеткі

Ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны й фізіялёгіі сталі дасьледнікі клеткавага працэсу. 62-гадовы навуковец Ліланд Гартвэл з Сыэтлу ўзнагароджаны за адкрыцьцё генаў, што кантралююць працэсы жыцьцядзейнасьці клетак. 58-гадовы Цімаці Гант зь Лёндану — за адкрыцьцё цыклінаў, бялкоў, патрэбных для сынтэзу ДНК. Ён таксама высьветліў, што тыя бялкі актывізуюць працэс дзяленьня й гібелі клеткі. 52-гадоваму Полу Нэрсу прэмію далі за вызначэньне й апісаньне характарыстыкаў своеасаблівага бялку–фэрмэнту (цыклінзалежнай протаінкіназы), што ад пачатку да канца ўдзельнічае ў клеткавым працэсе. Ім, такім чынам, можна падмяняць іншыя пратэіны. Дзякуючы дасьледаваньням гэтых навукоўцаў ужо атрыманыя новыя прэпараты для лячэньня ракавых захворваньняў.

Прэміі
за нанатэхналёгіі

У галіне фізыкі ляўрэатамі сталі амэрыканцы Эрык Корнэл і Карл Віман ды немец Вольфганг Кетэрле. Узнагароду прысудзілі за атрыманьне кандэнсатаў Боса-Айнштайна з разрэджаных газаў атамаў шчолачных мэталаў і за першыя фундамэнтальныя дасьледаваньні іхных уласьцівасьцяў.

Як вядома, атам складаецца зь ядра й электронаў, што круцяцца вакол яго па арбітах. У 1924 г. індус Бос вылічыў, што радыюс арбіты электрону залежыць ад ягонае энэргіі: пры паніжэньні тэмпэратуры яны пераходзяць на больш нізкі ўзровень. Айнштайн працягнуў дасьледаваньні й прыйшоў да высновы, што, астудзіўшы атамы да абсалютнага нуля, можна “перасунуць” усе электроны на найніжэйшыя арбіты і такім чынам атрымаць шэраг энэргетычна аднолькавых атамаў. Створаны зь
іх матэрыял (уласна кандэнсат Боса-Айнштайна) мусіць мець унікальныя ўласьцівасьці — звышцякучасьць (адсутнасьць счапленьня зь іншымі матэрыяламі) ды звышправоднасьць (адсутнасьць супраціўленьня пры прапусканьні электрычнасьці).

У 1995 г. амэрыканцы Корнэл і Віман з Калярада здолелі на практыцы стварыць кандэнсат з 2 тыс. атамаў зольнага мэталу рубіду, ахалоджаных да 20 нанакельвінаў (на 0,00000002 градуса вышэй за абсалютны нуль –273,15оС). Незалежна ад іх немец Кетэрле, што працуе ў штаце Масачусэтс, атрымаў кандэнсат з атамаў натру.

Гэтыя дасьледаваньні дазволілі дасягнуць прагрэсу ў галіне нанатэхналёгіяў (нанатэхналёгіі — тэхналёгіі працы зь мікраскапічнымі аб’ектамі, меншымі за 10—9 мэтра). Прыкладам, ствараць цьвёрдыя дыскі вялізнай ёмістасьці памерам ня большым за макавае зярнятка або робатаў-хірургаў, здольных патрапіць у арганізм чалавека праз крывяносную сыстэму.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру