15.10.2001 / 13:00

Пятро Казак. Сёстры Філістовіча

№ 42 (251), 15 кастрычніка 2001 г.


Сёстры Філістовіча

Сёлета сябры патрыятычнае арганізацыі “Край” гасьцявалі ў сёстраў беларускага нацыяналіста Янкі Філістовіча — Серафімы, Веры і Ганны, — якія жывуць ва Ўкраіне і ў Польшчы. Яшчэ адна сястра жыве ў Даніі. Яны распавядалі пра свае лёсы, пра бацькоў і, вядома ж, пра брата Янку.

 

Вера была найстарэйшай зь дзяцей Андрэя й Зоф’і Філістовічаў. Яна нарадзілася ў 1924 г. у вёсцы Паняцічы. У 1942-м выйшла замуж, але муж праз два гады загінуў ва Ўсходняй Прусіі. Тады ж разлучылася зь сям’ёй, якая выехала ў Польшчу. У 1945-м Вера выйшла замуж ізноў, за савецкага афіцэра, зьмяніла прозьвішча, жыла ў Вільні, а пасьля ў Мёрах. Працавала ў гарвыканкаме старэйшым бухгальтарам.

“Аднойчы прыехаў дзядзька Іван Пехур і кажа: “Верка, прыедзь да нас, прыйшоў ліст ад бацькоў з Польшчы”, — згадвае Вера Андрэеўна. — Я на ровары прыехала. Але замест ліста ўбачыла Янку… Спачатку ён сказаў, што адбываў у Сібіры пакараньне й цяпер вярнуўся. Толькі на другі дзень прызнаўся, што прыбыў з-за мяжы: “Мая Радзіма — Беларусь… Я прыйшоў дапамагчы свайму народу”.

Пасьля гэтага яна бачыла яго толькі аднойчы, калі ён ішоў на чыгуначную станцыю й здалёк памахаў ёй рукой… Чэкісты сачылі за ейнай хатай, пасьля арыштавалі. Веру выратаваў муж, які зацята бараніў жонку і нават кінуў на стол сакратару райкаму партыйны білет.

Яны выехалі ва Ўкраіну. Там Вера вучылася, працавала, пасьля разводу з мужам адна гадавала сваіх дзяцей. Пры канцы 50-х бацькі ўгаварылі яе прыехаць зь дзецьмі ў Польшчу й там застацца, але савецкая дзяржбясьпека не дазваляла Веры наведваць Польшчу з усімі дзецьмі.

Яна заўсёды спрыяла беларусам: кагосьці ўладкоўвала на працу, камусьці дапамагала здабываць асьвету. Жывучы на чужыне, яна хацела хоць нечым дапамагчы свайму народу, за шчасьце й волю якога аддаў жыцьцё ейны брат.

Серафіма Філістовіч шмат расказвала пра сям’ю, пра бацькоў. Пра тое, як ейны бацька цудам застаўся жывы ў чэрвені 1941-га, калі энкавэдысты расстрэльвалі вязьняў Вялейскай турмы, якія пакуты давялося перажыць іхнай сям’і падчас вайны й выезду ў Польшчу. У адным мястэчку на захадзе Польшчы, ужо пасьля капітуляцыі Нямеччыны, Серафіма бачыла Янку. Ён быў сярод моладзі, якую савецкія вайскоўцы сагналі разьбіраць руіны вакзалу. Тады загаварыць яны пабаяліся, а пасьля сустрэцца ім не давялося…

Органы дзяржбясьпекі ведалі, дзе жыве сям’я Філістовічаў. Таму, калі Янку шукалі ў Беларусі, за хатай бацькоў увесь час сачылі агенты.

Сёстры доўга шукалі зьвестак пра Янку, пісалі ў Польскі Чырвоны Крыж. У красавіку 1959-га ім адказалі, што ён памёр на тэрыторыі СССР 19 сакавіка 1954 г. А ў лютым 1992-га Серафіма атрымала з Управы юстыцыі Менгарвыканкаму дакумэнт, у якім паведамляецца, што Вайсковы трыбунал БВА 4—5 лістапада 1953 г. прысудзіў Янку да расстрэлу і што “прысуд выкананы”.

Але сёстры Янкі ня пэўныя, што ён быў расстраляны. Яны прыводзяць шэраг довадаў, яны вераць, хочуць верыць, што Янка мог выжыць, што ён яшчэ жыве, што ён вернецца…

Брат Янкі, Аляксандар, які нядаўна памёр у Польшчы, выгадаваў двух сыноў — Адама й Войтка. Войтак на выгляд вельмі падобны да свайго дзядзькі…

Поўныя тэксты інтэрвію зь сёстрамі Янкі Філістовіча, а таксама з тымі, хто дапамагаў яму ў нелегальнай дзейнасьці ў Беларусі, фатаздымкі зь сямейнага архіву Філістовічаў ды іншае будзе зьмешчана ў кнізе, якая рыхтуецца да друку ў выдавецтве “Голас Краю”.

Пятро Казак

Янка Філістовіч нарадзіўся 14 студзеня 1926 г. у вёсцы Паняцічы (цяпер Вялейскі раён). У гады нямецкай акупацыі вучыўся і працаваў на Вялейшчыне; увосень 1943 г. быў мабілізаваны ў 13-ы Беларускі паліцэйскі батальён пры СД, служыў у Вялейцы і Менску. Па вайне жыў у перасыльных лягерах Нямеччыны, з 1946 г. — у Францыі. У лютым 1948-га паступіў на гістарычны факультэт Сарбоны. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Нацыянальнага Аб’яднаньня Моладзі ў Францыі, рэдактар рукапіснага часопісу “Моладзь”. У 1951 г. навёў кантакты з амэрыканскімі спэцслужбамі, пераехаў у Бэльгію, у Лювэн, дзе працягнуў навучаньне на гістарычным факультэце. Пасьля перабраўся пад Мюнхен, дзе прайшоў кароткатэрміновыя выведчыя курсы, рыхтуючыся працягнуць змаганьне на тэрыторыі Беларусі.

9 верасьня 1951 г. Філістовіч дэсантаваўся з парашутам каля Маладэчна і ўзначаліў партызанскую групу зь пяці чалавек, якая дзейнічала на тэрыторыі Ільянскага раёну. Увосень 1952 г. іх пабрала савецкая “бясьпека”. Філістовіча расстралялі. Усяго па справе Філістовіча былі асуджаныя 17 чалавек.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру