Бібліятэка

 

Гуманітарная навука на мяжы немагчымага

Тацяна Шамякіна. Міталёгія Беларусі (нарысы). – Менск: Маст. літ., 2000. – 400 с. ISBN 985-02-0419-2

Зьяўленьне жанчыны ў пераважна мужчынскай кампаніі дасьледчыкаў міталёгіі – падзея заўсёды цікавая. Жаночая эмацыйнасьць і лірызм здольныя зрабіць захапляльную чытанку нават з падручніка па арганічнай хіміі. Ня сталі выключэньнем і нарысы Тацяны Шамякінай, прасякнутыя аўтарскімі перажываньнямі i перакананьнямі.

Вось як вызначаецца прадмет аўтарскіх разважаньняў: “Паганства, нацыянальная міталёгія – гэта радасьць, шчасьце, сіла, буяньне жыцьця, сонца і сьвятло”. Прыгожа, але ж словаспалучэньне “нацыянальная міталёгія” вымагала б пераходу ад сялянскіх вераньняў, хатнікаў ды лазьнікаў да нацыятворчых ідэалягемаў Ластоўскага ды Купалы.

Т. Шамякіна, насьледуючы тэорыі “прамонатэізму”, намагаецца ўпісаць беларускі этнаграфічны матэрыял у канцэпцыю “спрадвечнага адзінабожжа” і замірыць паганскую традыцыю з хрысьціянствам. Яна піша: “гістарычна і сьветапоглядна язычніцтва і хрысьціянства гарманічна дапаўняюць адно другое”. Сьцьверджаньне, мякка кажучы, неадназначнае, але ж аўтарка наперад перакананая, што “хрысьціянства – самая дасканалая ў гісторыі чалавецтва маральна-этычная сыстэма”.

Спасылкі на клясыкаў міталягічнай навукі, такіх, як Леві-Строс, Лосеў, Меляцінскі, Эліядэ, сустракаюцца ў кнізе рэдка, затое ўсур‘ёз цытуецца вядомая падробка “Вялесава кніга”, а таксама твор дасьледчыка-самавука С.Хмары “Аб багох крывіцкіх сказы” (Таронта, 1967), дзе аўтар прыдумаў ці ня ўсіх пэрсанажаў (Прародзіца багіня – Жыва Каляда; Рада – багіня розуму...), які разглядаецца Шамякінай як навуковая “рэканструкцыя крывіцкай міталёгіі”!

Паколькі міт абдымае ўсе праявы жыцьця, дык і нарысы ахопліваюць шырокі спэктар пытаньняў: ад раса- і этнагенэзу да праблемаў сям’і, маралі і экалёгіі. “Д’ябальства, інфэрнальнасьць у славянскіх народаў дастаткова павярхоўныя, яны не адчуваюць пекла інтымна, шчыра”, – ведае спн.Тацяна. Таму “славянства ў гісторыі не дало сатанінскіх параджэньняў, такіх, як Напалеон, Гітлер, Сталін”. (Але ж Напалеон не выразаў насельніцтва гарадоў, як гэта зрабіў Іван Жахлівы ў Ноўгарадзе, далучаючы яго да Масковіі...). Чытаем далей: ...ад недахопу агню нябеснага ... германскія народы вымушаны былі зьвяртацца па дапамогу да Сонца Чорнага, пякельнага, да агню нетраў. Адсюль – разьвіцьцё кавальскай справы... Цывілізацыя, заснаваная на моцы мэталу, ёсьць цывілізацыяй д’ябальскай… адсюль – фашызм”. Значыць, вытокі “фашызму” трэба шукаць у Ірляндыі ці Валіі, бо, пагартаўшы які археалягічны даведнік, аўтарка магла б даведацца, што найбольш абазнанымі ў кавальстве былі найперш кельты, а не германцы. Тым часам далей сьцьвярджаецца: “Каваль, які ведаў таямніцу жалеза і быў зьвязаны са сьвятым Агнём, ... паўстае cьветлым пэрсанажам, без агаворак культурным героем”.

Такіх супярэчнасьцяў у кнізе безьліч. Вось, напрыклад: “Беларусы – і індаэўрапейцы, прычым даволі чыстыя ў расавых адносінах, і славяне (а славяне – асноўны субстрат індаэўрапейцаў)”. Уяўленьне малюе нейкіх двухаблічных беларусаў, якія да таго ж у адной са сваіх іпастасяў зьяўляюцца субстратам саміх сябе ў іншай іпастасі.

Ёсьць у кнізе і пра народную кулінарыю: “Нават прыхільнасьць немцаў да сьвініны ... сьведчыць аб блізкасьці нацыі да антысьвету, бо сьвіньня – жывёла нізу.... Тым ня менш, канстатуецца, што “і ў нас, беларусаў, лепшая ежа на Каляды – стравы са сьвініны”. Калі ўлічыць, што жаба ў беларускай традыцыі – адна з іпастасяў ведзьмы, дык пашчасьціла французам, што яны засталіся па-за ўвагай Тацяны Іванаўны...

Адсутнасьць спасылак на крыніцы ў кнізе – хутчэй правіла, чым выключэньне. Вось, згадваючы нейкія “новыя матэрыялы”, аўтарка сьцьвярджае: “У нашым, беларускім рэгіёне па рэках жылі плямёны: росы, беларусцы, нэўры, будзіны, раксаланы, языгі і іншыя. Т.Шамякіна таксама аднекуль ведае, што “на Ваўкавыскім узвышшы па берагах р.Рось... жылі белыя росы-рудакопы”. Няйначай, акрамя інтуіцыі, аўтарка выкарыстала матэрыялы мастацка-этнаграфічнай кінастужкі “Белыя росы”.

У пытаньнях паходжаньня чалавека, расаў і грамадзкіх інстытуцыяў міталягізацыя дасягае апагею: “Можна меркаваць, што прадстаўнікі першых расаў мелі падабенства з тымі істотамі, якія зь Бібліі вядомыя як Анёлы”, а “адным з найбольш раньніх відаў шлюбу быў, відаць, шлюб чалавека з дрэвам”. Адкуль аўтарцы гэта ўсё “відаць”, застаецца невядомым, аднак нагадаем, што ўсё гэта напісана ў кнізе, дапушчанай Міністэрствам адукацыі ў якасьці навучальнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ! А вось як тлумачыцца паходжаньне чалавечае маралі: “Язычніцкія жрацы – валхвы – лічылі (пры адсутнасьці спасылак трэба чытаць: “лічу я”В.Б.), што кожны зь людзей раней быў дрэвам, і таму мы нясем у сабе іх законы і мараль... Ад зьвяроў мы б не атрымалі запаветаў дабра”. Ну, дзякуй аўтарцы і за гэта...

Кніга насычаная экскурсамі ў эгіпецкую, індыйскую, кітайскую, грэцкую, рымскую ды інш. міталёгіі (матэрыял, які хоць неяк можна лічыць беларускім, займае ня больш за траціну зьместу), што, на думку Шамякінай, мусіла надаць беларускім міталягічным сюжэтам сыстэмны характар клясычнай міталёгіі. У выніку ж замест навуковага аналізу беларускай традыцыі маем маласпажыўную салянку, дзе кампанэнты стравы спалучаныя толькі ґвалтам кухара. Так, Вялес, якога аўтарка лічыць аналягам эгіпецкага Азірыса, “усім душам памерлых каля брамы Ірыю (Выраю) задае самае галоўнае пытаньне: “Ці кахалі вы на Зямлі”. Вядома, хто шукае, той знаходзіць: “Калі яблык упаў на галаву Ньютону, гэта было праяўленьне эрасу”. Т.Шамякіна беспамылкова выводзіць словы “ра-дасьць”, “ра-ніца”, “ра-дуга” і г.д. ад найменьня эгіпецкага бога сонца – Ра. Працягнем жа пералік “радаснай лексыкі на ра-: “ра-бунак” – крадзеж менавіта ў сьветлы час, а “ра-спуста” – прылюдны сэкс сярод дня...

Гэты водгук на “Міталёгію Беларусі” шмат у чым іранічны й несур’ёзны, бо ён – рэакцыя на несур’ёзнае, аматарскае стаўленьне да досьледаў у галіне міталёгіі як да “вольнага жанру”, пазбаўленага прынцыпаў навуковай адказнасьці. Тое, што не дазволена ў іншых гуманітарных навуках, чамусьці знаходзіць сабе месца ў працах зь беларускай міталёгіі: адсутнасьць мэтоды дасьледаваньня, нераспрацаванасьць панятковага апарату, элемэнтарная неабазнанасьць у тэорыі міту – усё гэта выдаецца за творчы палёт навуковай думкі. І калі аўтар за факталягічную базу сваёй працы бярэ публікацыі ў бульварных выданьнях кшталту “Алиби”, “Волхв”, “Чудеса и приключения”, “На грани невозможного”, дык і свой опус друкаваць ён мусіць у тых самых газэтах, ня тлумячы галоваў студэнтам філялягічных факультэтаў ВНУ.

Васіль Брыкун

 

Фаўна, навука, людзі

ІІ

Помніцца, на пачатку 90-х у Літве, таксама як і ў нас, былі ўведзеныя ва ўжытак часовыя разьліковыя адзінкі — далікатныя паперкі з выявамі прадстаўнікоў літоўскай фаўны (а на адвароце — флёры!): тыя ж рысі, ласі, зубры. У дадатак да лясных жывёлаў на тых паперках былі яшчэ птушкі ды яшчаркі. У мяне захавалася невялікая калекцыя тых грошай, бо ведала ўжо тады, што яны — толькі вобліскі Маланкі гісторыі і хутка зьнікнуць...

На зьмену ім прыйшлі каштоўныя паперы з выявамі слынных людзей Літвы. Асабліва цікавай мне падалася асыгнацыя ў адзін літ з партрэтам бабулькі ў далікатнай хустачцы, завязанай ужо вельмі па-беларуску, — літоўскай пісьменьніцы Юліі Жэмайтэ. Жанчына на грошах! І не каралева, а пісьменьніца! Да таго ж, як дзьве кроплі вады падобная да маёй роднай бабулі (і гэта пацьвердзіла мая радня!). Бабуля ўсё жыцьцё пражыла ў вялікай вёсцы пад Маладэчнам, была вясковай краўчыхай і фарсухай да сівых валасоў...

А ў нас, у Беларусі, на пазьнейшых ужо папяровых грашах з павялічаным наміналам пайшлі гістарычныя і архітэктурныя помнікі, нават спартовыя збудаваньні. Людзі так і не зьявіліся. Хіба што ў ролях мізэрных мінакоў ля тых будынкаў... Чаму? Мяркую, таму, што асоба чалавека, ягоны ўнутраны сьвет і энэргія духу не зьяўляюцца вялікай каштоўнасьцю ў нашай дзяржаве, прадметам яе клопату і прыярытэтам унутранае палітыкі. Мы больш не жывем у “краіне герояў”!..

І таму на нашых беларускіх папяровых грошах за гады незалежнасьці так і не зьявіліся партрэты найлепшых сыноў і дачок Айчыны. Шкада! Нібыта яна хворая на бязьдзетнасьць, але ж гэта ня так.

А можа, і добра пакуль? Было б вельмі балюча, калі б у сваю чаргу і іх зьела старая мярзотная бамжыха-інфляцыя...

Людка Сільнова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0