З усёй краіны

 

Беларускі шлях Яна Булгака

На Наваградчыне прайшоў пяты міжнародны фотапленэр “Беларускі шлях Яна Булгака”, прысьвечаны 125-й гадавіне з дня нараджэньня фотамастака. Прайсьціся сьцежкамі Булгака сабраліся фатографы зь Беларусі, Літвы і Польшчы. Бераг маляўнічага возера Сьвіцязь, Мірскі, Нясьвіскі і Наваградзкі замкі ў чарговы раз сталіся мадэлямі для амаль 30 фотамастакоў. Іхныя творы складуць калекцыю, якая будзе прадстаўленая на ІV Усебеларускім фэстывалі нацыянальных культур у Горадні, а таксама трапіць у Наваградак, Менск, Варшаву і іншыя гарады з мэтай папулярызацыі спадчыны Яна Булгака.

Удзельнікі пленэру прысутнічалі на адкрыцьці выставы “Наваградчына на паштоўках”, што складаецца з 14 арыгінальных паштовак Булгака ў музэі Адама Міцкевіча ў Наваградку. А сябры фатаклюбу “Менск” прывезьлі ў падарунак школе вёскі Асташына, што месьціцца ў будынку, дзе калісьці нарадзіўся Булгак, копіі ягоных твораў, знойдзеных у фондах Нацыянальнай бібліятэкі.

У літоўцаў і палякаў ужо даўно існуе культ Булгака. Цяпер і беларусы пачалі аддаваць даніну памяці выдатнаму фотамастаку. У дадатак да пленэру й выставаў гарадзенскі скульптар Мікалай Скляр зрабіў памятны мэдаль, а беларуская пошта выпусьціла да ўгодкаў Булгака адмысловы паштовы канвэрт.

Дзяніс Раманюк

Жулікі
з апалонікам

Адзін дуброўскі пэсіянэр захацеў зарабіць у тутэйшым калгасе трошачкі грошай і збожжа. Таму і падмеўся ён памагаць калгасу сеяць. І вось што зьдзівіла чалавека: поліўка з калгаснай сталоўкі, дзе кармілі работнікаў, пахла мясам, а мяса не было.

А падчас праверкі тае сталоўкі санэпідэмстанцыя заўважыла анучу, што тырчала з катла. Як адчынілі яны той кацёл, знайшлі ў анучы ўкручанае мяса. Спрытныя кухаркі, паварыўшы тую ляльку, мяса спажывалі самі, а дух аддавалі работнікам.

Мікола Бусел, Дуброва

Канец сьвету

У Глуску, з прычыны запазычанасьці за электраэнэргію, адлучанае сьвятло ў кінатэатры “Арыён” і дзіцячай бібліятэцы, якая з гэтае нагоды працуе толькі да 18-й. Вінен раённы аддзел культуры і вузлу сувязі — ужо колькі месяцаў у бібліятэках не працуюць тэлефоны.

Ігар Кірын, Глуск

Заапарк
гандлюе дзікамі

Гарадзенскі заапарк прадаў у прыватныя рукі пяць “лішніх” дзікіх парсючкоў. У хатніх умовах іх утрымліваць нескладана: у ежы яны непераборлівыя і за дзесяць месяцаў набіраюць да 100 кг вагі. Далей іх трымаць небясьпечна — робяцца агрэсіўнымі. Па словах дырэктаркі заапарку Цаліны Пагерылы, ёсьць яшчэ на продаж дзьве віетнамскія сьвінкі, але іх асабліва купляць ня хочуць: даражэйшыя (30 тыс. рублёў), дый растуць не такія вялікія.

Паводле газэты “Пагоня”

Сёньня ў Беларусі — дзень памяці Галакосту

У сталічным Доме дружбы прачытаюць цыкл лекцыяў пра катастрофу эўрапейскага габрэйства, пройдуць сустрэчы сьведкаў. Такім чынам мяркуецца ўшанаваць памяць шасьці мільёнаў габрэяў, якія загінулі ад рук нацыстаў.

Туніс
пад чорнымі крыламі

Беларускія чорныя буслы, што выправіліся ў вырай, ужо дасягнулі берагоў Нілу, дзе яны звычайна зімуюць. Увесну птушкі вернуцца на радзіму ў старыя гнёзды, якія, дарэчы, выкарыстоўваюць па пятнаццаць гадоў запар. На сёньняшні дзень у Беларусі налічваюць усяго 250 пар чорных буслоў. Найчасьцей яны селяцца на Гомельшчыне і Берасьцейшчыне.

Паводле Радыё
Балтыйскія Хвалі

Зьнікае па вёсцы
ў год

У Дарагічынскім раёне за верасень зарэгістравана толькі 28 нованароджаных і аж 73 памерлыя. Прыкладна на 400 чалавек штогод зьмяншаецца колькасьць жыхароў раёну — фактычна як адна вёска зьнікае.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

Абрабавалі ксяндза

У ксяндза вёскі Восава Воранаўскага раёну скралі 10 тыс. даляраў і 22 тыс. нямецкіх марак, сабраных вернікамі на пабудову касьцёлу. Грошы ляжалі дома ў маці сьвятара. Міліцыя наракае на нейкага “гастралёра” па наводцы тутэйшых. Злодзея шукаюць міліцыя і парафіяне.

Шалеюць
коткі й хамякі

На Магілёўшчыне сёлета зафіксавана 104 выпадкі шаленства жывёлаў, у тым ліку й свойскіх. Так, хворая котка на лесьвічнай пляцоўцы напала на суседзкага сабаку ды ягоную гаспадыню. А ў Бабруйску 9-гадовае дзіця ўкусіў шалёны хамяк, набыты 4 месяцы таму ў зоамагазыне.

Хлебная мафія

Гомельская ўправа Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй арыштавала намесьніка генэральнага дырэктара вытворчага аб’яднаньня “Гомельхлебпрам” Паўла Кундаса і начальніка аддзелу забесьпячэньня Алега Елісеева. Іх вінавацяць у хабарніцтве і раскраданьні дзяржаўных сродкаў. Зь іхнае згоды “Гомельхлебпрам” нібыта купляў у камэрцыйных структураў па завышанай цане муку, зь якой выпякалі дарагі хлеб. Таму хлеб на Гомельшчыне быў на 26 рублёў даражэйшы, чым, напрыклад, на Гарадзеншчыне.

Зрэшты, цяпер хлеб падаражэў ва ўсёй Беларусі. Урад падвысіў на 20% закупачныя цэны на збожжа, таму цэны на хлеб з мукі новага ўраджаю павялічыліся на 15% ва ўсіх рэгіёнах краіны.

 

Праверкі на беднасьць

У Беларусі плянуецца стварыць “дзяржаўную сыстэму праверкі на беднасьць” грамадзянаў, якія прэтэндуюць на сацыяльную дапамогу. Цяпер ад іх будуць ня толькі патрабаваць даведкі пра даходы, але й вывучаць працоўны патэнцыял, стан здароўя і век чальцоў сям’і ды магчымасьці атрыманьня даходаў ад продажу маёмасьці (за выключэньнем жыцьцёва неабходнай). З другой паловы 2003 г. “праверкі на беднасьць” пачнуцца па ўсёй краіне.

Паводле БелаПАН

Пры сьвятле кастрычніка

У Мсьціславе пашкоджаны помнік Пятру Мсьціслаўцу. Прапала слова “Мсьціславец”, што важыла каля 10 кг. Літары, адлітыя з чыгуну, былі пафарбаваныя бронзавай фарбай, і выкрадальнікі маглі падумаць, што яны зробленыя з гэтага мэталу. Раённая газэта “Сьвятло Кастрычніка” зьвярнулася да зламысьнікаў з просьбай вярнуць надпіс.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Мікашэвічы — горад

У хуткім часе мястэчка Мікашэвічы, што на Лунінеччыне, атрымае статус гораду. Лунінецкі райвыканкам падтрымаў гэтую ідэю местачкоўцаў. Зараз справа за Берасьцем, якое таксама, відаць, пярэчыць ня будзе.

Бізнэсоўцаў
ужо шануюць

19 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь беларускімі бізнэсоўцамі і паведаміў, што ў наступным годзе дзяржава будзе ім спрыяць: зьменшыць падатковы цяжар, створыць выгадныя ўмовы для ўкладаньня грошай у справу. Колькасьць ліцэнзаваных відаў дзейнасьці зьменшыцца да 10—12 відаў (цяпер іх 150). Лукашэнка ня выключыў амністыі капіталаў, якія цяпер ляжаць у замежных банках, а колькасьць праверак на прадпрыемствах паабяцаў абмежаваць дзьвюма на год.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў бізнэсоўцаў укладаць грошы ў прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў, каб тыя не апынуліся цалкам у руках “людзей з-за бугра”.

Лекі ад СНІДу

У 2002 г. у Беларусі пачнецца сэрыйны выпуск прэпарату для ВІЧ-інфіцыраваных — “Заміцыт”. Ён прайшоў клінічныя выпрабаваньні й накіраваны на рэгістрацыю ў Міністэрства аховы здароўя. “Заміцыт” падвышае абарончыя здольнасьці чалавечага арганізму.

Б.Т.

Бяляцкі без вусоў

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі нядаўна згаліў свае раскошныя вусы. Ходзяць чуткі, што ён зрабіў гэта, прайграўшы нейкі заклад, зьвязаны зь верасьнёўскімі выбарамі. Мо й праўда: Алесь — адзін з самых шыбутных лідэраў апазыцыі.

С.М.

Спыненьне рэпрэсій

Органы МУС спынілі крымінальную справу супраць журналістаў крычаўскай газэты “Вольны горад”. У справе адсутнічае склад злачынства. Спыненая й справа па фактах нанясеньня графіці ў Гомелі, у рамках якой канфіскавалі кампутары і аргтэхніку ў арганізацыях “Гарт” і “Грамадзянскія ініцыятывы”. Апошнюю запэўнілі, што забраць тэхніку можна ва ўпраўленьні КДБ.

Андрэй Кузьмін, Крычаў і ўл.інф.

Сядзіба БНФ
не падаражэла

Пытаньне пра падвышэньне кошту арэнды ўзьнікла, калі спатрэбілася працягваць дамову. Памяшканьне славутае сядзібы на Варвашэні, 8 належыць Менгарвыканкаму. Адтуль і прыйшлі паперы з прапановай плаціць за арэнду ў 10 разоў болей, чым раней. Аднак, паколькі ўласьнік ня меў права моцна падвышаць арэндную плату для грамадзкай арганізацыі, юрыстка БНФ спн.Сямдзянава без асаблівых цяжкасьцяў вырашыла справу. Кошт арэнды застаўся той самы. Агульная плошча сядзібы БНФ складае 150 кв.м, а абыходзіцца яна зараз у 70—80 тыс. руб. штомесяц.

Людміла Гулюк

Мурзёнак — лідэр беларусаў Канады

38-ы зьезд Згуртаваньня беларусаў Канады ўхваліў падрыхтаваную Кастусём Акулам заяву пра непрызнаньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. На наступныя два гады старшынём ЗБК абраны беларус з Атавы Пятро Мурзёнак, старшынькай таронцкага аддзелу ЗБК — Надзея Дробіна.

В.К., Таронта

Пачынаецца рэформа войска

У Беларусі павінен зьявіцца Генэральны штаб, штаб сухаземных войскаў, аб’яднанае камандаваньне паветранымі войскамі і супрацьпаветранай абаронай, а таксама тэрытарыяльныя войскі. Стварэньне новых структураў заплянаванае ў праграме рэфармаваньня Ўзброеных сілаў на 2001—2005 г.

 

Лукашэнка на паседжаньні Рады Бясьпекі ўхваліў таксама пакет дакумэнтаў, якія акрэсьліваюць асноўныя кірункі будаўніцтва Ўзброеных сілаў да 2010 г., і Канцэпцыю тэрытарыяльнай абароны.
Цяпер усе вайсковыя фармаваньні будуць падпарадкоўвацца Генштабу Ўзброеных сілаў, што дазволіць у будучым мець цывільнага міністра абароны. Галоўнай умовай уступленьня ў NАТО зьяўляецца існаваньне ў краіне грамадзянскага кантролю над Узброенымі сіламі. Гэта разумее цяперашні міністар абароны генэрал Мальцаў. Перад паседжаньнем Рады Бясьпекі ён выступіў з заявай пра неабходнасьць парлямэнцкага кантролю над войскам. Насьпела і аб’яднаньне паветраных войскаў і супрацьпаветранай абароны. Дзіўна, што ў невялікай краіне існавалі два галоўныя камандаваньні. Аб’яднаньне ў адзін від войскаў дазволіць наладзіць лепшую каардынацыю дзеяньняў.

Праўда, былы міністар абароны краіны Павал Казлоўскі выказвае меркаваньне, што справа чарговага рэфармаваньня Ўзброеных сілаў наўрад ці пойдзе далей за словы.

М.Б.

Заява для друку

Апошнім часам маё імя стала прадметам спэкуляцыі ва ўнутрыпартыйным жыцьці і ў непартыйным друку (гл., напрыклад, газэту “Наша Свабода” за 12 кастрычніка г.г.). Старшыня БСДП (НГ) намагаецца маім імем прыкрыць паход супраць іншадумцаў у партыі, устанавіць у ёй сталінскія парадкі.

Я даваў згоду балятавацца ў склад ЦК толькі таму, што некаторыя апанэнты Мікалая Статкевіча спадзяваліся на “мірнае вырашэньне канфлікту”, ня верылі, што Статкевіч хоча перарабіць партыю на сталінскі ўзор.

14 кастрычніка г.г. на пасяджэньні ЦК БСДП (НГ) адзін з двух яшчэ жывых ініцыятараў адраджэньня беларускай сацыял-дэмакратыі, вэтэран дэмакратычнага руху, чалавек чыстага сумленьня Міхась Чарняўскі пераканаўся, што Статкевіч ня мае аніякіх маральных тармазоў і абмежавальнікаў, і заявіў, што ён ня будзе балятавацца ў склад Цэнтральнага Камітэту партыі. На знак салідарнасьці такую ж заяву зрабіў і старшыня Праграмнай камісіі партыі Леанід Лойка. Аб сваім нежаданьні ўваходзіць у склад ЦК заявіла і былая кіраўнічка справамі Цэнтральнага Камітэту Ніна Шыдлоўская.

Я салідарызуюся з таварышамі, якія прынялі слушнае рашэньне, і не балятуюся на пасаду сябра ЦК БСДП (НГ).

Ёсьць рэчы, пра якія сорамна гаварыць уголас, называць іх сваімі імёнамі. Але настае час, калі маўчаньне становіцца маральнаю правінаю. Таму я кажу: Статкевіч доўга гуляў у дэмакрата і змагара за дэмакратыю, але ў яго не хапіла сілы волі і цярпеньня і далей выконваць гэтую ролю.

У сваёй заяве ў ЦК БСДП (НГ) я напісаў і лічу патрэбным паведаміць пра гэта шырокай грамадзкасьці, што М.Статкевіч – правакатар у дэмакратычным руху (пра гэта сьведчыць і апошняя яго з Аляксандрам Фядутам супольная акцыя), што ён і яго людзі ў БСДП (НГ) сьвядома падстаўлялі людзей з партыі і па-за партыяй пад удары АМОНу, ГБ і пракуратуры, што ён, стварыўшы сабе імідж “мужнага змагара”, злоўжываў і злоўжывае даверам большасьці БСДП (НГ) для забесьпячэньня дабрабыту сваёй сям’і, дабрабыту сваіх людзей у партыі, самавольна, бескантрольна выдаткоўвае сродкі, якія ахвяруюцца на патрэбы партыі.

Анатоль Сідарэвіч

Пацярпелыя за Беларусь

Суд Цэнтральнага раёну Магілёва даў папярэджаньне лідэру мясцовага моладзевага аб’яднаньня “Паходня” Сержуку Гіркіну за ўдзел у верасьнёўскай акцыі “Хочам ведаць праўду”. На акцыі 30 верасьня ён не рабіў нічога супрацьпраўнага – проста трымаў фатаздымак Завадзкага. Маёр міліцыі Чумакоў патлумачыў, што затрымаў Гіркіна, бо ведае яго асабіста, а іншых удзельнікаў акцыі - не. Cтаршыню магілёўскай гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімеру Гайдукову за ўдзел у той самай акцыі далі 20 “мінімалак” штрафу. Падчас пікету ён сеў на зямлю, і судзьдзя палічыў гэта за супраціўленьне супрацоўнікам міліцыі. Лідэру Маладога Фронту Паўлу Севярынцу далі 10 ночаў арышту за арганізацыю пікету ля Менскага аўтазаводу. 7 мiнiмальных заробкаў штрафу далі Рыгору Варвашэвiчу зь Берасьця за “cпробу сарваць прэзыдэнцкiя выбары” на адным з участкаў гораду. Маладэчанскаму “зуброўцу” Сяргею Галавіну далі 10 “мінімалак” штрафу за расклейку налепак.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0