“Украінізацыя” Беларусі

Лукашэнка cфармаваў урад “беларускаму Юшчанку”

Зь першым афіцыйным візытам новы беларускі прэм’ер выправіўся ў Кіеў. У расейскім МЗС на гэта паглядзелі не без раздражненьня. Крэмль усталяваў для краінаў-сатэлітаў негалоснае правіла, згодна зь якім іхныя ўрадоўцы мусяць пачынаць сваю дзейнасьць з рытуальнага наведаньня Гранавітай палаты.

 

Падчас візыту ў Кіеў беларускі прэм’ер несьціхана абвяшчаў, што ён прыхільнік лібэралізму ў эканоміцы. Ніякіх добрых навінаў для беларускіх цукровых заводаў — ахвяраў украінскіх абмежаваньняў на ўвоз беларускага цукру — Навіцкі не прывёз. Візыт ня даў канкрэтных вынікаў. Гэта была хутчэй дэманстрацыя. Навіцкі ня мог паехаць са сваім першым візытам у Варшаву, Бэрлін ці Вашынгтон, дык наведаў хоць Кіеў.

Першым прэм’ерам ў часе другога тэрміну кіраваньня Кучмы быў нацыянал-лібэрал Юшчанка. З Навіцкага Лукашэнка хоча стварыць сабе беларускага Юшчанку — лідэра правага і дзяржаўніцкага і, разам з тым, выхадца ня з колаў рэальнае апазыцыі. Але Беларусь — не Ўкраіна. Украінскамоўны Юшчанка прыйшоў на прэм’ерства як бацька грыўні і муж жонкі — амэрыканскай украінкі. Навіцкі — будаўнік, ад якога ніхто ніколі ня чуў слова па-беларуску. За вочы супрацоўнікі апарату прэм’ера называюць яго “новым Чыгіром”, намякаючы на размытасьць пазыцыі і адсутнасьць прамоўніцкага таленту.

Сапраўдная мера рашучасьці Навіцкага выявіцца ў тым, ці адважыцца ён на ўвядзеньне стабільнага талера замест здыскрэдытаванага рубля.

Кучма прызначыў Юшчанку прэм’ерам, але пратрымаў на гэтай пасадзе толькі два гады. Цяпер Юшчанка — лідэр моцнага нацыянал-дэмакратычнага блёку “Наша Ўкраіна”. Стварэньне “моцнага Юшчанкі” спатрэбілася Кучму, каб шантажаваць Расею. Пры аслабленьні Кучмы да ўлады ва Ўкраіне прыйдзе выразна больш незалежніцкі Юшчанка. Гэта прымушае Маскву калі не падтрымліваць, дык прынамсі цярпець самога Кучму.

Лукашэнка, які заўсёды быў дужа заклапочаны гадаваньнем сабе прадказальнай апазыцыі, здаецца, паўтарае гульню свайго наддняпроўскага двайніка.

У такім разе Навіцкі — фігура сапраўды часовая. У задуме ён мае прыняць шэраг непапулярных эканамічных мераў і сысьці ў апазыцыю.

Цяперашняя лукашэнкаўская стратэгія, скіраваная адначасова на ўмацаваньне і асабістай улады, і дзяржаўнасьці краіны, грунтуецца на веры ў сілу бюракратычнага апарату, няздольнага да самастойнай палітычнай гульні, але вернага існай дзяржаве і варожага любым спробам абмежаваць яе самастойнасьць.

Каманду Навіцкаму Лукашэнка падабраў адпаведную, здольную да дзейнасьці, адрознай ад таптаньня на месцы, якое характарызавала ўрады Чыгіра, Лінга і Ярмошына. Гэтак, міністрам адукацыі стаў Пятро Брыгадзін.

Ягоныя калегі зь Белдзяржунівэрсытэту і Акадэміі кіраваньня, якія ён узначальваў апошнія гады, характарызуюць яго як надзвычай сумленнага і актыўнага чалавека. Доктар філялягічных навук Іван Саверчанка спадзяецца, што Брыгадзіну па сілах будзе спыніць карупцыю ў прыёмных камісіях вышэйшых навучальных ўстаноў, а гісторык Зьміцер Дзядзенка мяркуе, што Брыгадзін паспрабуе таксама змагацца зь цяперашняй дыскрымінацыяй беларускай мовы ў сыстэме адукацыі.

Міністрам аховы здароўя стаў ураджэнец Кубані Ўладзіслаў Астапенка — прафэсійны радыёляг, які доўгі час працаваў у Магілёве. Старшынём тэлерадыёкампаніі — 29-гадовы Ягор Рыбакоў, ураджэнец Новасібірску і выпускнік беларускай філялёгіі Магілёўскага ўнівэрсытэту, самы малады з новай хвалі беларускіх “кар’ерыстаў”.

Усё гэта кадры новага, постБССРаўскага прызыву.

“Украінізацыя” па-кучмаўску — згубны шлях. Нявызначанасьць замежнапалітычнага курсу, раскраданьне нацыянальнага набытку, эканамічны застой, цынічныя парушэньні дэмакратыі і паўзучая русіфікацыя — вось і ўсё, чаго можна чакаць ад такое алігархічнае мадэлі.

Барыс Тумар


Пятро Брыгадзін новы міністар адукацыі, нарадзіўся ў вялікай загародзкай вёсцы Моладава, на поўначы Янаўскага раёну, у нетамтэйшай сям’і. Ён выпускнік гістфаку і аўтар шэрагу някепскіх кніг па гісторыі Беларусі. Гаворыць па-беларуску, а таксама на моладаўскай палескай гаворцы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0