Ад рэдакцыі

Курапаты не павінны стаць месцам арыштаў

У пятніцу скончыліся археалягічныя раскопкі ў Курапатах. Як засьведчыў археоляг Алег Іоў, у тым месцы, дзе плянуецца пашырэньне дарогі, сьлядоў пахаваньняў ня знойдзена. Будаўнічыя працы, што былі спыненыя на час раскопак, адновяцца, відаць, сёньня або заўтра. Актывістка грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” Ірына Жыхар кажа, што іхная арганізацыя будзе намагацца дасягнуць з уладамі наступнай дамовы: будаўнікі гарантуюць стварэньне мэмарыялу ў Курапатах, і тады грамадзкасьць пагаджаецца на аднаўленьне будаўнічых работаў. Але сябры Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды і “Зубра”, якія ўжо трэці тыдзень вартуюць Курапаты, сыходзіць не зьбіраюцца.

Наўрад ці гэта мудрая зацятасьць. Да пратэстаў грамадзкасьці прыслухаліся. Вахта моладзі ў Курапатах не была дарэмнаю. Дзяржаўныя інстанцыі абавязаліся паскорыць стварэньне мэмарыялу. Пляц каля дарогі праверылі. Сьвятыя косткі нявінна замучаных ніхто не патрывожыць. Каб упэўніцца ў гэтым, варта было мучыцца тры тыдні на пакроўскім холадзе. Моладзь зрабіла сьвятую справу.

Галоўнае цяпер — прасачыць, каб будаўнікі не адхіляліся ад будаўнічага пляцу. А таксама — далей рупліва ствараць мэмарыял на Курапацкай гары. Асьвячаныя крыжы не павінны быць зьнішчаныя. Іх мусова перанесьці на магілы.

Догляд нэкропалю — справа доўгага часу, дастойная руплівага беларускага характару.

Месца смутку не павінна стаць месцам боек, новых арыштаў або палітычнае рэклямы. Гэта было б кепскаю славай ня ўладам,
а ўсёй краіне.

Талака ў Курапатах

27 кастрычніка ў Курапатах ладзіцца талака. Не забудзьцеся ўзяць з сабой рыштунак.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0