Ліст ў рэдакцыю

Па-за цывілізацыяй

Я катэгарычна супраць абзываньня нашага народу то быдлам, то крэоламі. Панове, дзе жаль, дзе спагада, дзе салідарнасьць з гэтым быдлам? І чым Вашыя аўтары розьняцца ад быдлячай улады, што ставіцца да нас як да быдла? Падчас пахатняга галасаваньня 9 верасьня заходзім у хату (я быў назіральнікам). Там жыве стары сын са старой маці. У аднакамарнай маленькай хаце вельмі чыста і ахайна. З мэблі два сталы, пара зэдлікаў, штатнае радзіва – талерка, пара ложкаў. Печ. Галеча. І прага галасаваць толькі за Яго, за магчымасьць існаваць па-за часам, па-за ХХІ стагодзьдзем, па-за сучаснай цывілізацыяй. Акрамя гэтага прывіднага існаваньня ім нічагуткі ня трэба.

…Шчэ адна паўзе з баразны – капала бульбу. Паўзе зь ягоным імем на вуснах. Дрыжыць, каб не памыліцца, крый Божа, не прагаласаваць за каго іншага. Што ёй, акрамя картапляных турбот? …Шчэ адна выказала шчырае жаданьне: “Трэба сабраць апазыцыю ў чыстым полі і расстраляць з кулямёта”.

Сёньня я атрымаў аванс, 43 тысячы рублёў, 28,6 даляра. Гэта паўтарагадзінная плата галяндзкага работніка 10 год таму. Калі скласьці мой і жончын заробак, падзяліць на сям’ю, то на кожнага прыпадае меней за даляр на дзень.

А тым часам цераз дарогу абнавілі і пафарбавалі ўсе платы, пафарбавалі шлюзы на канавах, заляпілі ямы на шашы і зрабілі на ёй разьметку, пабялілі і парамантавалі прыпынкі, пакасілі быльнёг і дзядоўнік. Па тэлевізіі ўжо гучыць вясёлая мэлёдыя, запрашае на сялянскія “дажынкі”. Двух такіх сялян я спаткаў, як вёз на ровары дадому капусту з поля. Калгасныя электрыкі, зарабляюць па 30 тысяч, пасьля вылічэньня падатку застаецца каля 27-мі. Што ім тыя дажынкі?

Мікола Бусел, Дуброва (Сьветлагоршчына)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0