Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю
Беларуская нацыянальная ідэя: Матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі (18–19 красавіка 1999 г., Горадня) / Пад рэд. А.Астроўскага, В.Санька; Прадм. С.Домаша. – Менск: Беларускае выд. тав-ва “Хата”, 2000. – 448 с. – Наклад 100 ас.
Кніга выйшла мізэрным накладам, бальшыня якога пойдзе ўдзельнікам канфэрэнцыі, цікаўныя могуць яе пакуль яшчэ набыць у менскай “Акадэмкнізе” за 20 т.р.
Г.Лыч. Народам звацца. – Менск: Беларускае выд. тав-ва “Хата”, 2001. – 336 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6007-73-9
Зборнік публіцыстычных артыкулаў на надзённыя тэмы. Каштуе 5,2 т. р.
Т.Навагродзкі. Традыцыі народнага харчаваньня беларусаў. – Менск: Нац. ін-т адукацыі, 2001. – 112 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6510-42-2
На падставе досьледаў этнографаў XIX—XX ст. аўтар распавядае пра ежу й зьвязаныя зь ёй традыцыі нашага народу. Цана кнігі 2,6 т. р., прадаецца ў “Акадэмкнізе”.
Міхась Чарот. Выбранае / Для старэйшага школьнага веку; Укл. Л.Каўрус. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 151 с. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0527-Х
Паэт пралетарыяту й працоўнага сялянства Міхась Чарот у кнізе перавыдадзеных твораў рэпрэзэнтаваны вершамі, славутаю паэмаю “Босыя на вогнішчы”, апавяданьнямі, нарысам “1200 вёрст па Беларусі” й п’есаю “На Купальлі”. Кніга каштуе 920 р.
Н.Гілевіч. Родныя дзеці; паэмы / Маст. Г.Грак. – Менск: ГА Бел. тав-ва “Кніга”, 2001. – 448 с.: іл. – (Народная бібліятэка) – Наклад 4000 ас. ISBN 985-6605-07-5
Рэдактарам кнігі сам Ніл Гілевіч. Цана ўсяго 1,3 т. р.
Н.Гілевіч. Шчасьлівыя хвіліны: Вершы, казкі, небыліцы, загадкі / Для дашкольнага й малодшага школьнага веку; Маст. А.Пазьняк. – Менск: Юнацтва, 2001. – 247 с.: іл. – Наклад 3000 ас.
Яшчэ адна Гілевічава кніга выйшла ўжо ў дзяржаўным выдавецтве. Пачынаецца вершам “Я - беларус”. Каштуе 2,2 т. р.
М.Багдановіч. Маладыя гады: Выбранае / Укл. і біяграф. даведка Э.Золавай. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 335 с. – (Беларуская паэзія ХХ ст.) – Наклад 2500 ас.
Кніга выйшла да 110-годзьдзя з дня народзінаў паэта, тэксты друкуюцца паводле 1-га тому Поўнага збору твораў. Цана – 1,5 т. р.
Слоўнік мовы Янкі Купалы. У 8 т. Т. 3: Л – П / Склад. У.Анічэнка (гал. рэд.) ды інш. – Менск: Беларуская навука, 2001. – 413 с. – Наклад 600 ас. ISBN 985-08-0373-8
Цана тому – 8,3 т. р.
У.Шушкевіч. Падарожжа вакол Лепельскага возера. – Лепель, 2001. – 32 с.: іл.
Самвыдавецкая кніжка краязнаўчых нарысаў. У Менску прадаецца ў сядзібе БНФ.
Л.Лаўрэш, У.Круцікаў. Ліда на старых малюнках, паштоўках, фатаздымках. – Ліда: Краязнаўчае тав-ва “Павет”, 2001. – 108 с.: іл. – Наклад 299 ас.
103 старыя выявы места, нарысы з гісторыі, эканомікі, архітэктуры, апісаньні вуліц і пляцаў. У Інтэрнэце кнігу чытайце на адрасе: www.angelfire.com/jazz/lavresh/lida. Набыць можна ў менскай сядзібе БНФ.
У.Гніламёдаў. Ад даўніны да сучаснасьці: Нарыс пра беларускую паэзію. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 246 с. – Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0470-2
Пра паэзію ХХ ст., цана – 1,6 т. р.
А.Макмілін. Беларуская літаратура ў 50 – 60-я гг. ХХ ст.: Манаграфія / Пер. з анг. мовы А.Літвіноўскай. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 332 с.: іл. – Наклад 700 ас. ISBN 985-6698-38-0
Першае выданьне гэтае кнігі выйшла ў 1999 г. па-ангельску ў Кёльне. Ангельскі дасьледнік беларускае літаратуры збоку глядзіць на працэсы, што ў ёй адбываліся, крытычна разглядае творчасьць нават бясспрэчных клясыкаў: І.Мележа, В.Быкава, У.Караткевіча.
Л.Левшун. Леонтий Карпович: Жизнь и творчество. – Менск: Экономпресс, 2001. – 288 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6479-25-8
“Віленскі Залатавуст” – так называлі ведамага царкоўнага й грамадзкага дзеяча XVII ст. Лявонція Карповіча сучасьнікі. Славуты ён быў таксама тым, што стварыў Віленскі Сьвята-Духаўскі праваслаўны манастыр і стаў там першым архімандрытам. У кнізе, акрамя біяграфіі, зьмешчана колькі твораў Лявонція Карповіча па-старабеларуску і ў перакладзе на сучасную расейскую мову. Кніга каштуе 3,7 т. р.
Падрыхтаваў Віктар Мухін