З усёй краіны
“Волга” пад Ганцавічамі
На радыёлякацыйнай станцыі (РЛС) “Волга”, што паблізу Ганцавіч, галоўнай расейскай вайсковай базе ў Беларусі, распачаліся чарговыя выпрабаваньні.
Будаўніцтва РЛС “Волга” распачалося яшчэ ў 1982 г. У 1991-м Беларусь замарозіла будоўлю, але праз год пад ціскам Расеі будоўля аднавілася. Праўда, у 1993 г. ужо самі расейцы на год спынілі працу: скончыліся грошы.
У 1995 г. паміж Беларусяй і Расеяй было падпісана пагадненьне, згодна зь якім уся маёмасьць на тэрыторыі РЛС і сам пляц пераходзіў Расеі на 25 гадоў — бязвыплатна. Між тым, за арэнду такой сама станцыі ў Скрундзе Расея плаціла Латвіі 5 млн. даляраў штогод, але нават за гэткія грошы латышы не захацелі трываць на сваёй тэрыторыі падобны аб’ект, палітычна і экалягічна небясьпечны: ледзьве скончыўся тэрмін арэнды, яны ўзарвалі РЛС.
РЛС гатовая да эксплюатацыі на 95%. Сёлета расейскія Касьмічныя войскі наладжваюць сыстэму папярэджаньня ракетнага нападу. Выпрабаваньні будуць цягнуцца да сярэдзіны сьнежня. А ў наступным годзе РЛС “Волга” заступіць на баявое дзяжурства. Яна будзе адсочваць пускі любых ракет на тэрыторыі Эўропы ў радыюсе 4800 км.
РЛС абслугоўваюць выключна расейскія вайскоўцы, а інфармацыя зь яе накіроўваецца адразу ў Маскву. Скарыстацца вынікамі працы “Волгі” ўлады Беларусі ня могуць.
Баранавіцкія анколягі непакояцца, што пасьля ўвядзеньня станцыі ў дзеяньне павялічыцца колькасьць ракавых захворваньняў сярод жыхароў Ганцавіччыны.
М.Б.
Чачэнскі бежанец
Хамзат Дуглаеў — першы чачэнскi ўцякач у Смургонскiм раёне. Нягледзячы на сталы век (61 год), ён пакiнуў родны Гудэрмес, каб пачаць новае жыцьцё ў маленькай вёсачцы Ракаўцы. Разам з сынам уладкаваўся працаваць на калгасную пiлараму, дачка пайшла ў паляводы, унучка — у садок. Хамзатава жонка й дарослыя сыны засталіся на Радзіме — “сьцерагчы маёмасьць”. Жывуць ракаўскія чачэнцы ў нейкай халупе, якую й хатай не назавеш. Ваду грэюць на вогнiшчы ля дому. З мэблі — лава драўляная, пара крэслаў, дзьве койкі. Тэлевiзара няма. А яны ня скардзяцца.
Хамзат паўтарае: “У вас спакойна. Жыць можна”. А ўваччу — туга…
Царква ў імя заступніцы
Пабудавалі праваслаўную капліцу ў вёсцы Вішнева. Пяць гадоў таму асьвяцілі месца і пачалася праца. Калгас дапамагаў, а таксама былы старшыня мясцовага выканкаму. На сьвяточнае адкрыцьцё цаглянае будыніны ў гонар сьв.Эўфрасіньні Полацкай прыехаў нават япіскап Наваградзкі й Лідзкі Гуры. У Вішневе 90% насельніцтва — каталікі. Касьцёл яшчэ ў пачатку ХІХ ст. пабудаваны. І вось, урэшце, пайшлі насустрач праваслаўнай меншасьці. Ім таксама недзе маліцца трэба.
Не хацела такога жыцьця
У вёсцы Стрыпуны Смургонскага раёну павесілася 32-гадовая паштальёнка. Перш чым палезьці ў пятлю, яна абліла хату бэнзынам і падпаліла. Там спаў ейны вечна нецьвярозы мужык. Але ён своечасова прачнуўся і з вогнішча выскачыць пасьпеў. Жанчыну ж выратаваць не ўдалося. Знайшлася перадсьмяротная запіска, у якой было між іншым: “Пахавайце нас разам”. Во што надумала.
Кожны шосты
У смургонскім наркадыспансэры стаяць на ўліку 1003 алькаголікі й 400 п’яніцаў. Па словах нарколяга Сяргея Чыкіна, гэтую лічбу можна сьмела павялічваць у 6 разоў, а то й болей. Смургонскія гандлёвыя кропкі збываюць штодня ад 5 да 15 скрыняў “пладова-ягадных напояў”. А тыя, што працуюць кругласутачна, — ажно па 20.
Чаму ж ня быць кожнаму шостаму смургонцу алькаголікам?
Тацяна Скарынкіна, Смургоні
Крымінальны Слонім
На вуліцы Слоніму быў знойдзены распрануты труп мужчыны са зьнятым скальпам. Міліцыянты лічаць, што гэта не рытуальнае забойства, а спробы замесьці сьляды. Тым часам у Слонім адведаць сваякоў прыехаў амэрыканскі паліцэйскі. Ён падараваў слонімскім міліцыянтам нашыўкі штату Арызона і фірмовы значак. Наўзамен атрымаў міліцэйскія шаўроны і фуражку. Дубінку пашкадавалі.
Паводле “Газеты Слонімскай”
З-за неасьцярожнасьці загінуў бацюшка
Ля заводу “Спадарожнік” у Маладэчне матацыкл зьбіў бацюшку, які на месцы і памёр. 59-гадовы айцец Мікалай, настаяцель Насілаўскай царквы, рамантаваў глушак свайго аўтамабіля, знаходзячыся на другой паласе шашы.
Ксёндз Чарняўскі пайшоў на пэнсію
У Вішневе (Валожыншчына) з канца верасьня будзе новы ксёндз. Гэта веляйчук Уладзімер Шышла. Колішні сьвятар Уладыслаў Чарняўскі — ужо старэнькі. Яму 85 год, зь якіх 48 ён аддаў вішнеўцам, якія ўдзячна звалі яго “наш Уладэк”. Цяпер кс.Уладыслаў жыве ў плябані Чырвонага касьцёлу Менску.
Адведайце айца Ўладыслава, які колькі дзесяцігодзьдзяў прамаўляў у касьцёле па-беларуску.
Паводле “Рэгіянальнай газеты”
Лейкоз наступае
У прыватным сэктары Дарагічыншчыны выяўлена 430 хворых на лейкоз кароў. Гэта значна больш, чым у калгасах-саўгасах, дзе ўсіх хворых кароў зьліквідавалі. Свойская ж худоба — і здаровая, і хворая — пасьвіцца ўся разам, што садзейнічае далейшаму распаўсюджваньню інфэкцыі. А лейкоз можа перадавацца ад каровы да чалавека нават праз сырое малако.
Аляксандар Горбач, Івацэвічы
Сярэднія заробкі ўпалі на 5% за месяц
З 99,3 да 94,2 даляра зьменшыліся пасьля выбараў сярэднія заробкі ў Беларусі. Пры гэтым, як падае Міністэрства статыстыкі, найбольш адчувальныя страты проці жнівеньскага паказчыка панесьлі заробкі калгасьнікаў (адкат адразу на 15,2%), работнікаў саўгасаў (13,2%), чыгуначнікаў (11,3%), будаўнікоў (5,7%), камунальнікаў (3,8%) ды работнікаў прамысловасьці (2,7%).
Па словах галоўнага камунальшчыка сп.Мількоты, у 2002 г. грамадзяне Беларусі павінны аплачваць ня меней за 40% ад сабекошту абслугоўваньня кватэраў, або амаль у 1,3 разу болей, чым цяпер. Калі меркаваць па цяперашніх тарыфах на паліва і электрычнасьць, дык са студзеня за аднапакаёўку давядзецца плаціць 23000, двухпакаёўку — 34000, а трохпакаёўку — 47 тысяч рублёў.
Камітэт дзяржкантролю зноў запатрабаваў ад прадпрымальнікаў мець дакумэнты, якія пацьвярджаюць набыцьцё і якасьць тавараў. Дзе-нідзе на рынках з-за гэтага кантралёры пачалі канфіскаваць рэчы. У адказ гандляры Магілёва і Менску зьбіраюцца страйкаваць.
Ужо падлічылі, што ў наступным годзе полацкія “Дажынкі” будуць каштаваць краіне 8 мільярдаў беларускіх рублёў, ці 4 мільёны даляраў па курсе, які плянуе на гэты пэрыяд наступнага году Нацбанк (да 2000 руб. за даляр). На гэтыя грошы ў горадзе маюць адрамантаваць гатэль, дом культуры, кінатэатар, стадыён “Спартак”, а таксама збудаваць амфітэатар (быццам бы на схілах сьвятое Сафійскае гары) ды праваслаўную царкву. Ідэю пабудовы амфітэатру на Верхнім замку вылучыў старшыня Полацкага гарвыканкаму сп.Тачыла. Супраць выступае сп.Вушак, загадчык аддзелу культуры гарвыканкаму. Аргумэнты старшыні такія: схілы Сафійскага пагорку надта зручныя для разьмяшчэньня падобнага аб’екта, выгоднае месца і для тэлездымкаў — побач са Сьв.Сафіяй. Полацкая інтэлігенцыя ўспрыняла такую ідэю нэгатыўна: краязнаўца Міхась Баўтовіч паведаміў “Радыё Свабода”, што палачане ў выпадку рашэньня аб будаўніцтве амфітэатру на Верхнім замку зьбіраюцца пратэставаць і прасіць рады ў эўрапейскай грамадзкасьці.
Беларускія геолягі праз праграму Эўразьвязу ТАСІС атрымалі кампутары і іншую тэхніку на разьведку новых радовішчаў нафты. Шукаць будуць найперш на Гомельшчыне.
Задуму пабудаваць бізнэс-квартал на Грушаўцы ў Менску выказаў прадпрымальнік Юрась Данькоў. Праект запатрабуе сама меней мільярда даляраў укладаньняў. Але, на думку сп.Данькова, будоўля можа абысьціся безь бюджэтных выдаткаў — маўляў, дастаткова толькі абвясьціць амністыю замежных капіталаў беларусаў.
Сяржук Іваноўскі
Атрымай,
дзярэўня, трактар
На мінулым тыдні ў кіёсках зьявіўся даведнічак “Футбол Беларусі-2001”. У ім анансуецца сёлетні чэмпіянат Беларусі па футболе (які ўжо сканчаецца) ды падаюцца вынікі эўрапейскіх чэмпіянтаў сэзону 1999—2000. Між тым, ужо амаль паўгоду, як мінуў чэмпіянат 2000—2001 г. Вось такая апэратыўнасьць.
Аматар