Дзелім-дзелім Курапаты
КХП—БНФ арганізавала шэсьце ў Курапаты ўчора. А грамадзкая ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” будзе ладзіць свае Дзяды 3 лістапада. Чаму ня разам? Дзеляць-дзеляць тыя Курапаты, як пасвараныя браты, што да сьмерці разьбіраюць хату нябожчыка-бацькі. І няма каму ім сказаць: годзе!
Апазыцыя, не дачакаўшы ад Лукашэнкі масавых расстрэлаў і рэпатрыяцыяў пасьля 9 верасьня, ня ведае, што рабіць. Хацелі адстаяць незалежнасьць — адстаялі. Хацелі зрынуць Лукашэнку — ня зрынулі. Што далей? Пакуль па інэрцыі любое дзеяньне ўладаў сустракаецца агрэсіяй: ня ходзяць ліфты ў Магілёве — улады паадключалі, каб апазыцыі цяжэй жылося.
Беларуская ідэя зьвялася ў большай часткі апазыцыі да ідэі ліквідацыі наяўнага рэжыму. А ён ліквідацыі не паддаўся. Ну, хай і ідэя стаіць разам з намі ў тупіку.
Перш чым ушанаваць памяць ахвяраў, трэба скласьці падрабязны мартыралёг. Гэта заданьне гісторыкаў. Архіў найноўшай гісторыі туліцца ў цесным пакойчыку, зь мінімумам супрацоўнікаў.
Кніга Кузьняцова пра палітычныя рэпрэсіі ляжыць нявыдадзеная. “Беларускі Гістарычны Агляд” і “Спадчына” задыхнуліся ад безграшоўя. Хай бы КХП стала фундатарам першага, а БНФ “Адраджэньне” — выдаўцом другога. Даўно мінуў час, калі мітынгаваньнем можна было прыцягнуць да сябе ўвагу. А во гэтак бы: “Спадчына” — орган БНФ “Адраджэньне”. Кожны ацаніў бы.
Палякі выдалі безьліч кніг ня толькі пра рэпрэсаваных, але і пра ваеннапалонных у савецкіх канцлягерах. Зьбіраюць зьвестку за зьвестачкай. У нас адзіная абагульняльная праца, прысьвечаная палітычным рэпрэсіям — “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў 20—50-х гадах” Уладзімера Адамушкі — выйшла яшчэ ў 1993 г. Дзіва што ў чыноўніка падымаецца рука весьці дарогу праз жалобны лес, а бульдазэрыст не стыдаецца піць на магіле.
Археалягічная камісія з Інстытуту гісторыі на чале з Алегам Іовам ня выявіла пахаваньняў рэпрэсаваных на шляху будаўнікоў. Абаронцы Курапатаў ім адказваюць: самое вядзеньне раскопак тут цынічнае.
Улада пайшла на саступкі: будоўлю спынілі да сканчэньня раскопак. Дарожнікі гатовыя працаваць пад наглядам прадстаўнікоў грамадзкасьці, пабудаваць два пераходы. У Курапаты стане лягчэй дабірацца гарадзкім транспартам. Будуць адноўленыя памятныя знакі. Абаронцы Курапатаў не зьбіраюцца сыходзіць. “Мы будзем стаяць да канца”, — кажуць яны. Г.зн. будзем стаяць, пакуль нас зь міліцыяй адсюль ня вывезуць, а тады заявім: во яна, нялюдзкая ўлада. Цяпер, калі кальцавая падышла ўжо да курапацкага лесу з абодвух бакоў, яны ўяўляюць сабе іншае вырашэньне канфлікту?
Моладзь хоча змаганьня, хоча прадэманстраваць свой гераізм. Аднак найцяжэйшае змаганьне — каторае без гераізму. У дадзеным выпадку — нястомна сачыць за працай дарожнікаў, каб ня ўлезьлі далей у лес. Курапаты не павінны стаць месцам новых арыштаў. На могілках трэба разыходзіцца па-добраму.
Эдвард Людовіч
Традыцыйнае шэсьце
Месцам збору быў бульвар Талбухіна, дзе ахвотным раздавалі крыжы, сьцяжкі, транспаранты. Пакуль кіраўнікі акцыі спалі ў шапку, міліцыя ўзяла на сябе ініцыятыву, прапанаваўшы мітынгоўцам пашыхтавацца па чацьвёра ды заняць адну паласу праезжай часткі. Узначаліў шэсьце айцец Леанід Акаловіч (сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы), побач ішоў у скуранцы, няспынна фатаграфуючы, лідэр КХП Юрась Беленькі. Былі ў натоўпе Вячаслаў Сіўчык, Алег Трусаў і Лявон Баршчэўскі. Іншых палітыкаў не было відаць. Пераважную частку калёны складала моладзь — маладафронтаўцы і зуброўцы.
Каля 15-й калёна дабралася да Курапатаў. Людзі наведалі намёты моладзі, што пільнуе, каб не разбудоўвалі шашы. Адпусьціўшы колькі “кіслых” словаў у бок бульдазэрыстаў, мітынгоўцы сабраліся вакол галоўнага крыжа.
Каталіцкі ксёндз і праваслаўны сьвятар адслужылі малебен. Дзівіла, што большасьць прысутных, якія прыйшлі памаліцца, ня ведалі “Ойча наш”. Падчас малебну нейкі маладзён колькі разоў пракрычаў “Слава Расеі!”. Яго дагналі, схапілі і павялі кудысьці ў лес.
Пасьля таго, як сьвятары асьвяцілі крыжы, пачалася палітычная частка акцыі. Прэс-сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал заявіў, што цяпер у Курапатах праходзіць лінія фронту. Юрась Беленькі ўспамянуў добрым словам Зянона Пазьняка і зачытаў ягоны факс.
Галоўным вынікам мэмарыяльнае акцыі стала ўсталяваньне дзясяткаў новых крыжоў у Курапатах.
Э.Л.
Верныя сыны беларускага народу
Развагі на Дзень памяці
жыву ля так званых Маскоўскіх могілак. Што гэта за могілкі — ведае ўвесь Менск і, мабыць, уся Беларусь. Тут хавалі колісь партыйную эліту. Просты люд сюды не трапляў. Тут спачываюць вечным сном Пётра Машэраў, Ціхан Кісялёў, Хведар Сурганаў, Сяргей Прытыцкі...
Для іх вылучаны асобны клін, пахаваныя яны прасторна, пампэзна. Шмат тут і драбнейшых партыйных сошак: колішніх міністраў бутафорскай дзяржавы БССР, іхных намесьнікаў, членаў ЦК КПБ.
Шмат разоў мне даводзілася быць на іхных хаўтурах, і кожнага разу чуў, як у разьвітальным слове казалі, што хаваюць вернага сына беларускага народа.
А тыя верныя сыны ўжо даўно і роднай мовы выракліся, і думаць самастойна, па-беларуску, адвучыліся. З раскрытым ротам адно глядзелі, толькі слухалі, што Масква скажа. Яны нават свае могілкі, сваё апошняе прыстанішча назвалі Маскоўскімі. Пасьля праведнай, “пакутлівай” працы па разбурэньні беларускага этнасу яны знайшлі вечны спачын на сваім крэўным Маскоўскім могільніку. Але ці спачын? Ці сьпіцца ім?
Калі гэта такое было, каб могілкі ахоўвалі аўчаркі? А Маскоўскія ахоўваюцца менавіта так. Ці па-боску гэта? Што гэта за жыцьцё такое было, калі трэба яго і пасьля сьмерці ахоўваць? І што за грамадзтва стварылі гэтыя “верныя сыны беларускага народу”, калі ў ім квітнее вандалізм і кожную хвіліну вісіць пагроза руйнаваньня іхных апошніх прыстанішчаў?
На Даўгабродзкім могільніку таксама пахавана шмат выдатных дзеячаў, адданых беларускаму народу. Але ж там няма міліцыянтаў з аўчарамі. Затое ёсьць сьвятыня, бажніца — сымбаль спакою нябожчыкаў. Шмат на Маскоўскіх могілках грунтоўных, на вякі, помнікаў. Але ці будуць яны стаяць вякі? Ці ня зробяць нашчадкі “верных сыноў беларускага народу” тое, што зрабілі яны, яшчэ жывыя, пры ўладзе з могілкамі сваіх папярэднікаў — бульдозэрам па жывой гістарычнай памяці? Гэта зь іхнай волі, па іхнай указцы зьніклі могілкі на Залатой Горцы, на Пярэсьпе ды шмат яшчэ дзе.
Ці думалі тыя, хто сёньня спачывае на Маскоўскіх могілках, што, не шануючы памяці продкаў сваіх, яны падрыхтавалі і сабе прысуд?
Ня думайце, што я гэтага хачу. Але прыклад і ўзор падрыхтаваныя.
...Кожны вечар, як толькі апускаецца на зямлю змрок, Маскоўскія могілкі абуджае нязмоўна глухі разьятраны брэх натрэніраваных сабак. Такіх традыцый Беларусь яшчэ ня ведала. Ну што ж, хто як жыў, таго на тым сьвеце заслужыў. Але ад справядлівых дакораў за ўчыненае і аўчары не аберагуць, і пампэзныя помнікі не паратуюць. Гісторыя справядліва кожнаму сваё вызначыць. І ўсё ж хочацца сказаць: “Сьпіце спакойна! Толькі не лічыце сябе вернымі сынамі беларускага народу! Вы імі ніколі не былі!”
Уладзімер Содаль