Лекавы сад Віяленція

“Плянтацыя Віяленція” заснаваная на базе Менскай гародніннай фабрыкі ў сярэдзіне 80-х мінулага стагодзьдзя аграномам Георгіем Віяленціем. На кавалку зямлі плошчай 17 гектараў расьце 200 відаў лекавых траваў, зь якіх 70 — рэдкія далёкаўсходнія травы, якія выкарыстоўва-ліся ў тыбэцкай мэдыцыне. Два гектары займае жэньшэнь. У 1996 г. Ірына Віяленці атрымала Эўрапейскую прэмію Форда (2,5 тыс. даляраў) за захаваньне ўнікальнай плянтацыі.

З Ірынай Віяленці, удавой славутага агранома, сустрэлася карэспандэнтка “НН”.

“НН”: Раскажыце пра свайго мужа.

І.В.: Муж мой паходзіў з Капыльшчыны, за 4 км ад ягонай вёскі Заруднае пачынаецца Нёман. Маці Георгія паходзіла з роду Жылкаў. У іхным родзе ўсе добра жылі ў сям’і, і таму вясковая мянушка ў іх была Каханавы. І мой муж быў сапраўдны Каханаў. Пазнаёміліся мы з Георгіем у Наваградзкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Не было каханьня зь першага позірку. Гэта было спакойнае каханьне назаўсёды. Мы пражылі разам 30 год, вырасьцілі дзяцей. Сама я паходжу зь вёскі Повалака Воранаўскага раёну, тады гэта быў Радунскі раён. Маё прозьвішча было Каневіч. Я не любіла свайго прозьвішча і марыла выйсьці замуж за чарнявага, высокага мужчыну з прыгожым прозьвішчам. Калі на плянтацыю прыяжджалі італьянцы, яны пыталіся, адкуль такое італьянскае прозьвішча — Віяленці. Але муж казаў, што яны былі беларусы спрадвечныя.

У яго ўсё атрымлівалася, за што б ён ні браўся. Што ён прасіў у Бога, тое яму і давалася. Яму трэ было толькі адно: каб атрымлівалася тое, што ён робіць.

“НН”: У вас абаіх было пакліканьне да сельскагаспадарчай працы?

І.В.: Ані ў мяне, ані ў яго не было. Я скончыла 8 клясаў у 14 год, грошай дома не было, і я пайшла рабіць на фэрму. Я працавала 3 месяцы. Але ў мяне распухлі рукі аж па плечы. У мяне было 25 кароў, якіх я выдойвала рукамі па 2 разы на дзень. Кіраўнік калгасу пашкадаваў мяне й кажа: хочаш вучыцца — ці на заатэхніка, ці на агранома? Я не зьлюбіла спачатку тэхнікуму. Нават перавялася на завочнае, паехала дахаты, адпрацавала 3 месяцы, і мяне пацягнула назад: гэтак я хацела пабачыць свайго будучага мужа.

А Георгі быў зь вельмі беднай сям’і. Бацьку забілі на фронце. Яму далі накіраваньне ў тэхнічную ВНУ. Ён быў такі майстра ад прыроды! Пакуль мы жылі разам, я нічога з хатняе тэхнікі не насіла ў рамонт. У адным з калгасаў, дзе ён рабіў аграномам, трактарысты хацелі прагуляць дзень і памянялі нейкія шасьцерні месцамі. Кажуць: Георгі Іванавіч, трактар не працуе. Ён умэнт сьцяміў, у чым справа.

Ён быў вельмі сарамлівы. Я сама прапанавала яму пайсьці да шлюбу. Помню: усе пары ў інтэрнаце пасьля танцаў мілуюцца: ці на калідоры стаяць, ці на кухні шэпчуцца, ці ва ўмывальніку, выкладчыкі ходзяць, разганяюць парачкі, а мы пад дзьвярыма майго пакою стаім, і ён мне тлумачыць канструкцыю трактара. Пажаніліся мы сьціпла. Мне было толькі 18 год. Расьпісаліся мы па месцы ягонай працы — Бярозаўскі раён, вёска Шылінок. Ішлі за 12 км пад дажджом, купілі сакратару сельсавету гарэлкі й селядца, і ён пагадзіўся нас расьпісаць. Потым муж пайшоў у войска. Пасьля мы пачалі працаваць разам, нарадзіліся дочкі — Марына й Наталя.

“НН”: А як яму прыйшло займацца жэньшэнем?

І.В.: Ён увесь вольны час прысьвячаў лекавым расьлінам. Выразаў нататкі з газэтаў і часопісаў. Наклейваў, зьбіраў зьвесткі. А потым матэрыял скампанаваў па хваробах. Спачатку Георгі спрабаваў разьвесьці жэньшэнь хаця б у сябе на гародзе. Здабываў насеньне: пісаў лісты ў Тыберду (запаведнік такі на Каўказе) і на Далёкі Ўсход. Яму заўсёды адмаўлялі. Тады Кашэўскі, тагачасны дырэктар гародніннай фабрыкі, прапанаваў Георгію вырошчваць жэньшэнь на фабрыцы. Я памятаю, Георгі прыйшоў дадому й пачаў скакаць па хаце. Такі вялікі, імпазантны чалавек — і скача па хаце! Мы пачалі рыхтаваць адмысловую глебу і зацяняльныя прылады. А я кажу: ну што такое 7 сотак жэньшэню для такое вялікае фабрыкі! Вось я чула, на Далёкім Усходзе ёсьць саўгас “Жэньшэнь”. Вось каб зь імі стэлефанавацца, можа, яны б нам далі расады, мы б больш пасадзілі. Ён кажа: а ты й займіся. А я была ў яго заўжды на падхваце, але не павінна была ўмешвацца ў важныя справы. Я толькі магла нешта спадцішка падказаць яму. Ён мне крычаў: “Жанчына, маўчы!” Нібыта й жартам. Дамастроевец трохі быў.

“НН”: А як жа гэта Вы так паддаліся?

І.В.: Замалада не паддавалася. Але як пабачыла, што ў яго атрымліваецца ўсё, ня стала замінаць. Пазваніла я тады ў Мінгас СССР і Мінздраў СССР, ніхто ня ведаў. А тады я пазваніла ў Вярхоўны Савет СССР. Там узяў слухаўку нейкі незвычайна ветлівы чалавек. Ён выслухаў і кажа: я ня ведаю, але я даведаюся. Пакіньце Ваш тэлефон, я ператэлефаную. І пазваніў. Калі ён прачытае гэтыя радкі, хай знае: я яму дагэтуль удзячная. Усё тады закруцілася. Георгі лётаў на Далёкі Ўсход, пераймаў досьвед, прывёз лекі. Разоў 10 лётаў туды-назад, у тым ліку ў Кітай. Кашэўскі быў захоплены, даваў грошы ахвотна. Георгі пазнаёміўся з батанікамі з Далёкага Ўсходу, падаўся зь імі ў тайгу, пачаў прыносіць лімоньнік кітайскі, заманіху, элеўтэракок, каля 70 відаў у нас расьлін расьце з далёкаўсходняй флёры. А тады ён пачаў выяжджаць на вайсковы палігон непадалёк ад Менскай гародніннай фабрыкі. Там багатае разнатраўе, бо там жа не аруць, ня сеюць і ня лазяць. І ён прыносіў насеньне жменямі. Спачатку саджаў на плянтацыі “чырванакніжныя” расьліны, а тады ўжо менш рэдкія.

Ён быў вельмі моцны мужчына, у яго нават мэдычнай карткі ў паліклініцы не было. Ніколі ён ня быў на бальнічным. І раптам за паўтара месяца чалавека ня стала. Ён памёр — хадзячым. Напісалі: памёр ад крывацёку ў лёгкіх. І тады яшчэ пайшлі чуткі, што доктар, які апэраваў шчытападобную залозу, закрануў парашчытападобную, і таму Георгі памёр. Сёлета я даведалася, што доктара, які яго апэраваў, дыскваліфікавалі. Хто яго ведае, так ці ня так. Ня вернеш ужо. За два гады да сьмерці Віяленці адчуваў, што пойдзе з жыцьця. Набыў кружэлкі з царкоўнымі сьпевамі й чаравікі на сьмерць. Прычым чаравікі на два памеры большыя, чым трэба. Таму што ў нас памёр адзін трактарыст, і Георгі бачыў, што цела ў таго разбухла і туфлі паклалі побач у труне. Георгі казаў: не хачу, каб мяне так хавалі. Трэба, каб чаравікі былі на нагах… Ён паміраў двойчы, першы раз у студзені, толькі адчынялі могілкі ў Калодзішчах. Нам ужо было па пяцьдзясят зь ім, і мы часта гаварылі: няма дзе хавацца. Туды ня хочам і туды ня хочам. Ён бы паехаў на радзіму. А я кажу: я не хачу. І дзеці тут у нас. Трэба, каб дзецям было бліжэй езьдзіць. І вось паміраў ён у ноч з 30 на 31 студзеня, а могілкі адчынілі 1 лютага. Але я прасіла Бога, каб ён не патрапіў першым на гэтыя могілкі. Я кленчыла й прасіла: не забірай яго, не забірай! А на раніцу я стрэлася з доктарам, і ён сказаў: не разумею, як чалавек мог пражыць без дыханьня 10 гадзінаў. Вязуць яго з рэанімацыі, а ён анэкдоты расказвае…

Пасьля сьмерці Георгія Віяленція плянтацыя сталася прадметам спрэчкі паміж ягонай жонкай ды новым дырэктарам гародніннай фабрыкі сп.Кугачом. Па словах Ірыны, ён робіць усё, каб выціснуць яе і ейную дачку з плянтацыі, набраў нетутэйшых работнікаў, пагарджае “старымі кадрамі”, самавольна распараджаецца ўраджаем жэньшэню.

Мікалай Кугач, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што ніякіх парушэньняў на плянтацыі няма: дзьве комплексныя праверкі, якія прыяжджалі па лістах незадаволеных працаўнікоў, ня выявілі фінансавых парушэньняў з боку дырэктара. “Я маю права фармаваць сваю каманду”, — заяўляе сп. Кугач. Ён сьцьвярджае, што ня мае намеру зьнішчыць плянтацыю, а толькі зьбіраецца зрабіць яе эканамічна выгаднай, дзеля чаго шукае рынкі збыту, партнэраў і г.д.

Адным словам, розныя людзі — не спрацаваліся.

Ірына Віяленці хоча, каб плянтацыя сталася філіяй Батанічнага саду, бо гэта скарб нашай краіны. Можа, і слушнае пажаданьне.

Сьвятлана Курс

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0