Дык дзе ж аб’ектыўнасьць?

Спадзяюся, дзясяткі выступаў у падтрымку свабоды слова і асобных журналістаў на сэсіях Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, абарона прэсы ў Канстытуцыйным Судзе, удзел у заснаваньні Беларускай асацыяцыі журналістаў даюць мне маральнае права выказацца на тэму, якая ўяўляецца істотнай ня толькі ў дачыненьні да журналістаў, але й да ўсяго грамадзтва.

Маю на ўвазе сытуацыю вакол асобы Зянона Пазьняка ў незалежных СМІ. Падчас “альтэрнатыўнай прэзыдэнцкай кампаніі” 1999 г. Пазьняк абвінаваціў аднаго з журналістаў у прадажнасьці, бо той прапанаваў рэдактару пэўнай газэты грошы, каб надрукаваць матэрыялы ў падтрымку аднаго з кандыдатаў. Пра гэта Пазьняку паведаміў сам рэдактар.

Прынятая ва ўсім сьвеце прафэсійная этыка дазваляе журналісту атрымліваць грошы за журналісцкую працу толькі ў рэдакцыі. І толькі ў якасьці зарплаты, ганарару альбо аплаты камандзіровачных выдаткаў. Усё астатняе — хабар.

Так, газэты трымаюцца коштам рэклямы. Так, заплаціўшы, вы можаце надрукаваць камплімэнтарны артыкул — але абавязкова будзе пазначана, што ён друкуецца “ў якасьці рэклямы”. Адпаведным будзе і стаўленьне чытачоў. Таму на Захадзе “тэкставая рэкляма” практычна адсутнічае — ёй не давяраюць. А калі б журналіст атрымаў ад нейкай фірмы “ганарар” за тое, што яе пахваліў — быў бы імгненна звольнены, бо ніводнае выданьне не пажадае трымаць “прадажнага”. І ўжо зусім немагчыма ўявіць, каб карэспандэнт браў грошы ад палітыка. У цывілізаванай краіне гэта назаўсёды пахавае рэпутацыю і аднаго, і другога.

Таму Пазьняк меў рацыю, калі вінаваціў у прадажнасьці тых, хто пагадзіўся ўзяць грошы. Яны, дарэчы, зьяўляюцца сябрамі БАЖ, і першае, што павінна была зрабіць гэтая арганізацыя, — на камісіі па этыцы выслухаць абодва бакі. Калі б выявілася, што Пазьняк памыліўся, — ён мусіў бы папрасіць прабачэньня. Але заява Пазьняка выклікала не расьследаваньне, а напад на самога Пазьняка. Рэдактар Белорусской деловой газеты Пётар Марцаў адзначыў, што “мэнталітэт Зянона Пазьняка мала чым розьніцца ад мэнталітэту Аляксандра Лукашэнкі” (тут і далей — у перакладзе на беларускую), і заявіў: “Калісьці менавіта прэса спрыяла таму, каб Зянона Станіслававіча пачалі ўспрымаць як палітыка новай, дэмакратычнай фармацыі... Цяпер ён абвінавачвае прэсу ў прадажнасьці.. Можа быць, самі журналісты, якія такі доўгі час ляпілі з Пазьняка вобраз рыцара..., у гэтым вінаватыя...”

Насамрэч Пазьняк ня быў “стварэньнем журналістаў”. Прэса яму не спрыяла, хутчэй наадварот. У адрозьненьне ад краінаў Прыбалтыкі ці нават Расеі, нараджэньне беларускай дэмакратыі, якую ўвасабляў БНФ, адбывалася пры поўнай адсутнасьці незалежнага друку і манаполіі камуністычных СМІ. Менавіта камуністычная, а потым і “пракебічаўская” прэса стварыла Пазьняку імідж “фашыста”, “экстрэміста”, “ахвочага вешаць камуністаў” і г.д.

Вось як актывіст выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет у 1990 г. Уладзімер Крукоўскі прыгадвае спробы абвергнуць паклёп: “Цяжка было прабіцца ў сталічную прэсу. Я асабіста абышоў усе менскія газэты. Советская Белоруссия спасылалася на вялікую чаргу, Знамя юности — на ўзрост Пазьняка (ня юны), “Мінская праўда” — на кандыдатаў з вобласьці, а Вечерний Минск “чэсна” заявіў: “Мы ня можам прапагандаваць нашага палітычнага апанэнта” (“НН”, 1999 г.).

Пасьля абраньня Пазьняка дэпутатам сытуацыя не нашмат палепшылася. Адзіным выданьнем, дзе Пазьняк мог надрукавацца гарантавана, была створаная Сярэдзічам “Народная газета”. І толькі некалькі журналістаў паспрабавалі аб’ектыўна разабрацца ў тым, чаго ж дамагаецца Пазьняк. Можна назваць артыкулы Анатоля Казловіча, інтэрвію Аляксандра Ўліцёнка для кнігі “Іншадумцы”, фільм Аляксандра Лукашука і Міхаіла Жданоўскага “Дарога на Курапаты”, публікацыі Аляксандра Старыкевіча — здаецца, гэта ўсё (выбачаюся ў рэгіянальных журналістаў, пра публікацыі якіх магу і ня ведаць). Пятра Марцава сярод іх не было — зрэшты, ён у той час працаваў у БелТА шараговым карэспандэнтам, і ад яго там нічога не залежала. Але калі Марцаў стварыў БДГ і Имя, у якіх ад яго залежала ўсё, — ніводнага станоўчага радка пра Пазьняка ён не надрукаваў.

Даходзіла да абсурду. У красавіку 1996 г. газэта Имя абірала шляхам апытаньня “чалавека месяца”. “Вынікі нашай красавіцкай экспэртызы, — паведамляла газэта, — вельмі нечаканыя: практычна адзінагалосна чалавекам месяца быў прызнаны лідэр БНФ у эміграцыі Зянон Пазьняк”. Але такі вынік не задаволіў, і ў рэдакцыйным артыкуле адзначылі, што “правадыр вандраваў па краінах і кантынэнтах і практычна ніякага ўдзелу ў беларускай палітыцы не прымаў... і, значыць, чалавекам месяца ня можа быць паводле вызначэньня”.

Цікава, калі лідэры “аб’яднанай апазыцыі” выступалі ў камісіі Кангрэсу ЗША, яны ўдзельнічалі ў беларускай палітыцы? Ці гэта быў удзел у палітыцы акругі Калюмбія, дзе месьціцца Капітолій?

У той жа публікацыі быў зьдзеклівы камэнтар да прапановы Пазьняка ўшанаваць хвілінай маўчаньня памяць Дудаева падчас Чарнобыльскага Шляху-96.

Як сёньня наконт Дудаева, калегі? Вы па-ранейшаму лічыце яго бандытам, якога ўдала “зачысьцілі” расейскія спэцслужбы? Ці ўжо нацыянальным героем Чачэніі, у гонар якога чачэнцы назвалі сваю сталіцу?

Ні на кога з палітыкаў у апошнія дзесяцігодзьдзі прэса ня выліла гэтулькі бруду, як на Пазьняка. Спачатку камуністычная і афіцыйная — за Курапаты, за патрабаваньне беларусізацыі, незалежнасьці і ліквідацыі КПСС, за праўду пра Чарнобыль. Потым — незалежная, за тыя выказваньні ды прагнозы, якія празь нейкі час спраўджваліся.

Асабліва яскрава неаб’ектыўнасьць прэсы выявілася падчас апошняга, “падзельнага” зьезду БНФ.

Вось артыкул Аляксандра Тамковіча ў газэце Свободные новости — “Праект «Пазьняк» праваліўся. Эх? Ура?”: “Гэта трэба здолець — на апошнім скандальным зьезьдзе БНФ прыхільнікі Зянона прайгралі “вячоркаўцам” у палітфутбол зь лікам 1:20...”

Насамрэч дэлегаты зьезду падзяліліся амаль напалову (у Пазьняка было на чатыры галасы болей). А вынік, які прыводзіць Тамковіч, быў на зьезьдзе прыхільнікаў Вячоркі, сярод якіх, як бачым, некаторыя ўсё роўна галасавалі за Пазьняка.

І далей: “Зянон ня той чалавек, які здольны быць вечным нацыянальным лідэрам…Пазьняк пойдзе на ўсё, каб назад не вярнуцца. Аж да шчыльнага і плённага супрацоўніцтва з уладай…”. І яшчэ: “Пазьняк прайграў дзесяць гадоў таму… Менавіта Пазьняк больш за іншых вінаваты ў тым, што адбылося з палітычнай апазыцыяй краіны. Вінаваты, бо не пажадаў аб’яднаць вакол сябе пратэсны электарат, бо дэбільным экстрэмізмам, а часта і таннай папулісцкай хлусьнёй спрабаваў падмяніць ідэю нацыянальнага адраджэньня”.

Дзесяць гадоў таму, працуючы ў вайсковай газэце Во славу Родины, Аляксандар Тамковіч не асабліва клапаціўся пра лёс апазыцыі — наадварот, зьедліва пісаў і пра яе, і пра ідэі, якія яна адстойвала. Памятаю артыкул, дзе ён зьнішчальна крытыкаваў патрабаваньне БНФ стварыць незалежнае ад Масквы беларускае войска — тады гэта падавалася яму “экстрэмізмам”. Ня ведаю, што ён лічыць экстрэмізмам сёньня, але ўжываць тэрмін “дэбільны” не дазваляе сабе нават афіцыйная прэса.

Ірына Халіп хоць бы трымалася навуковай лексыкі, заявіўшы ў Имени, што “на Пазьняку гэты генэтычны код і спыніцца. Бо ніводная жанчына не пагодзіцца дапамагчы яму ў справе нараджэньня беларусаў”…

Мэтад скажэньня і абразаў з асобы Пазьняка быў перанесены і на партыю, якую ён узначальвае.

“Бальшавікі сыходзяць аднолькава” — гэткі назоў артыкулу Фядуты ў БДГ. Аўтар папракае партыю, якую ўзначальвае Пазьняк, у супрацоўніцтве з уладай, бо “з рук гэтай улады спадар Беленькі атрымаў рэгістрацыйныя пасьведчаньні партыяў БНФ і БНФ-КХП”. Цікава, а ад каго атрымалі такія пасьведчаньні іншыя апазыцыйныя партыі? А сама БДГ?

“У палітычным жыцьці Зянона Пазьняка былі гераічныя старонкі, — піша Фядута. — Палітычная ж сьмерць ягоная... ганебная, як сьмерць афіцэра, які забыўся пра прызначэньне апошняй кулі ў абойме”...

Гэтыя словы Фядуты, як і ягоны пасаж пра тое, што “лепш ужо куля”, у дачыненьні да жывога чалавека, пакіну без камэнтароў.

А вось на словах зь іншага артыкулу Фядуты — што Пазьняк нібыта падмануў Быкава — спынюся. У сакавіку, наведаўшы Быкава ў Франкфурце, давялося гутарыць зь ім на гэтую тэму. Быкаў сказаў, што не адмаўляецца ад словаў, калі-небудзь сказаных ці напісаных ім пра Пазьняка. “У “Народнай волі” быў надрукаваны ліст чытача “Краіне патрэбны Пазьняк” — дык вось, я падпісваюся там пад кожным радком”, — дадаў Васіль Уладзімеравіч. Сваё стаўленьне да Пазьняка Быкаў пацьвердзіў і падчас нашай сустрэчы ў Празе ў верасьні.

Сёлетняя выбарчая кампанія выклікала новую хвалю зьедлівых публікацыяў. Рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Пазьняка камэнтавалася рэзка адмоўна: “Рэгістравацца ня мае права, бо ня жыў у Беларусі”. Пры гэтым факт, што Чыгір доўгі час жыў у Маскве, пад увагу ня браўся (ня дзіва — расейскамоўная прэса дагэтуль успрымае Маскву як “нашу сталіцу”).

Прыёмы “незалежнай прэсы” не адрозьніваліся ад прыёмаў аглядальнікаў лукашэнкаўскага тэлебачаньня: зьнішчальныя тэзысы бяз доказаў, арыентаваныя найперш на моладзь, якая можа і ня ведаць абставінаў фармаваньня беларускай дзяржаўнасьці.

Так, у інтэрвію Свободным новостям Сініцын заяўляе: “Пазьняк скампрамэтаваў нацыянальную ідэю. Радыкалізм адштурхнуў лю-дзей. У тым, што народ у свой час прагаласаваў за Лукашэнку, — на 50% асабістая заслуга Пазьняка”. Сініцыну, які за часам свайго дэпутацтва ў ВС ХІІ скліканьня не сказаў ні слова па-беларуску, які ў 1994 г. быў кіраўніком выбарчага штабу Лукашэнкі, а ў 1995 у якасьці кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі праводзіў “рэфэрэндум” аб скасаваньні “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцяга і ўвядзеньні дзьвюхмоўя, — пра “нацыянальную ідэю” і “асабістыя заслугі” лепш было б памаўчаць. Паказальна, што газэта ніяк не пракамэнтавала словы Сініцына.

Празь некалькі нумароў тыя ж Свободные новости друкуюць артыкул Аляксандра Коктыша ”Няўлоўны Джо — ён жа Зянон Пазьняк”: “Незалежнасьць звалілася на беларусаў, як сьнег на галаву”, “яе ж Зянон Станіслававіч сваёй антырасейскай гістэрыяй, выбачайце, і прафукаў”.

“Нечаканая”, “лёгкая”, “выпадковая” незалежнасьць — улюбёны тэзыс некаторых палітолягаў, якія забываюцца і пра пакаленьні беларусаў, што ляглі за гэтую Незалежнасьць у лягерах ГУЛАГу, і пра ахвярную працу тысячаў актывістаў БНФ і дэмакратычнага руху, якія Незалежнасьці дамагаліся. Але ізноў жа — у чым “антырасейская гістэрыя” Пазьняка, ягоны “радыкалізм”? У патрабаваньні беларускамоўнай адукацыі? У засьцярогах адносна праімпэрскай палітыкі Масквы? У заяве, што шлях Беларусі — шлях у Эўропу?

Яшчэ праз колькі нумароў Свободные новости прыводзяць словы лідэра Свабодных прафсаюзаў Генадзя Быкава: “...калі паставіць да сьценкі Зянона Станіслававіча і прапанаваць яму выбар “жыцьцё альбо Беларусь”, апошні, безумоўна, аддасьць жыцьцё” — і ставяць над тэкстам загаловак: “Абярэ сьмерць. Ды хто пульне?” У краінах, дзе пануе закон, такі загаловак быў бы адназначна расцэнены як падбухторваньне. У ЗША, напрыклад, гэта катэгорыя цяжкіх злачынстваў з усімі наступствамі.

Кожны мае права лічыць Пазьняка апосталам нацыі, як Быкаў, ці надаваць яму супрацьлеглую характарыстыку, як некаторыя журналісты. Але ўсе гэтыя словы пра “дэбільны экстрэмізм”, “кулі” ды “генэтычны фонд” — эмоцыі. Журналіст мае права на эмоцыі, але першы ягоны абавязак — даваць чытачу інфармацыю.

Вакол Пазьняка, як і вакол ягонай партыі, цягам апошніх гадоў узьведзеная сьцяна сьвядомага замоўчваньня.

Дзясяткі актывістаў КХП-БНФ былі жорстка зьбітыя на плошчы Якуба Коласа ў час леташняга сьвяткаваньня 25 сакавіка (яны адмовіліся ісьці на Бангалор), але пра гэта ў большасьці незалежных газэтаў — ні радка. Прэсавую канфэрэнцыю, якая адбылася наступнага дня, наведаў толькі адзін журналіст — карэспандэнт Беларускай службы Радыё “Свабода”. Астатнія засталіся вернымі “байкоту”. В.а. старшыні партыі Юрась Беленькі некалькі сутак правёў за кратамі — таксама ні слова. Менавіта партыя Пазьняка арганізавала сьвяткаваньне гадавіны Слуцкага паўстаньня — ні радка ў большасьці незалежных выданьняў. Пра тыя дзясяткі акцыяў, што наладзілі актывісты партыі ў Віцебску, іншых рэгіёнах, — маўчаньне. І пра пікетаваньне актывістамі партыі г.зв. “народнага сходу” 18 траўня большасьць выданьняў не паведамілі, як і пра тое, што каля сарака пікетчыкаў былі затрыманыя, а кіраўнікі партыі — Мікола Анцыповіч і Ўладзімер Юхо — жорстка зьбітыя.

Увесну 2000 г. галоўнай актуаліяй палітычнага жыцьця Беларусі былі парлямэнцкія выбары. Партыя Пазьняка першай заявіла, што ня будзе браць удзел ня толькі ў выбарах, але і ў перамовах. Інфармацыя пра гэта замоўчвалася.

Праз паўгоду аргумэнты Пазьняка прызналі іншыя апазыцыянэры (за выняткам партыі Статкевіча) — але час быў страчаны. Ужо два гады Пазьняк гаворыць пра “своеасаблівае” стаўленьне нямецкай дыпляматыі да беларускай дэмакратыі ў ракурсе мэркантыльных расейска-нямецкіх паліўных і транзытных інтарэсаў — гэтыя словы не былі пачутыя (бо не былі надрукаваныя), таму цяперашнія крокі нямецкіх палітыкаў зрабіліся нечаканасьцю (а хутка будуць яшчэ больш непрыемныя сюрпрызы).

У выніку скажонай інфармацыі — памылковыя высновы.

Такія, напрыклад, як у Віктара Марціновіча з БДГ. Год таму, калі партыя Пазьняка ладзіла адну за другой акцыі ў сталіцы і ў правінцыі, ён пісаў, што “КХП-БНФ знакаў жыцьця не падае“ і толькі “...бамбардуе рэдакцыі і інфармацыйныя агенцыі факсамі з запозьненымі камэнтарамі Зянона Пазьняка на ўжо неактуальныя для краіны тэмы”.

Праверыў у сваім архіве: перад выхадам артыкулу Марціновіча Пазьняк выказваўся пра ўзмацненьне ролі спэцслужбаў Расеі ў Беларусі, пра небясьпеку вайсковай і фінансавай інтэграцыі з Масквой, пра паглынаньне расейскім капіталам беларускіх прадпрыемстваў, зьнішчэньне беларускамоўных клясаў. Неактуальна?

“Камэнтатар зь Зянона Станіслававіча ніякі, — працягвае Марціновіч. — Дый жыцьцё апазыцыйнага палітыка ў народнай сьвядомасьці вельмі кароткае. Яно складае некалькі гадоў пасьля зьнікненьня з поля зроку. Хто цяпер памятае палітыкаў Булахава і Дабравольскага? Гэтак і Пазьняк паволі забываецца”.

Цікава, што празь некалькі тыдняў пасьля гэтага артыкулу Булахаў быў прызначаны на ключавую пасаду ў выканкаме СНД. А Дабравольскі пераабраны намесьнікам старшыні адной з самых буйных дэмакратычных партыяў.

Ляйтматыў кожнай другой аналягічнай публікацыі — Пазьняка напаткала палітычная сьмерць. У часе чарговых “палітычных хаўтураў” па Пазьняку ў 1999 г. НІСЭПД правёў дасьледаваньне. На пытаньне “За каго б вы сёньня прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах?” атрыманы такі вынік: Лукашэнка — 38,4%, Чыгір — 3,4%, Шушкевіч — 2,4%, Пазьняк — 1,7%, Багданкевіч — 1,4%, Ярмошын — 0,7%.

Такім чынам, у сытуацыі інфармацыйнай блякады Пазьняк быў сярод асобаў, якія займалі альбо займаюць першыя месцы ў дзяржаве (прэзыдэнт, сьпікер, прэм’ер, старшыня Нацбанку), і ў два разы апярэджваў дзейнага прэм’ер-міністра.

А вось вынікі апытаньня менскай моладзі, зьмешчаныя на вэб-сайце Маладога Фронту ў той час, калі БДГ канстатавала адсутнасьць папулярнасьці Пазьняка ў моладзі (сьнежань 1999 г.): Лукашэнка — 10, Пазьняк — 8, Чыгір — 6, Шушкевіч — 4. У аб’ектыўнасьці МФ, які на “падзельным” зьездзе БНФ практычна ў поўным складзе галасаваў супраць Пазьняка, сумнявацца не даводзіцца.

Існуюць апытаньні, дзе рэйтынг Пазьняка значна вышэйшы, але я сьвядома прыводжу менавіта тыя, дзе ён мінімальны. Бо нават і пры такіх выніках ён уваходзіць у пяцёрку лідэраў. І гэта — пры аплёўваньні як афіцыйнай прэсай, так і большасьцю незалежных выданьняў. Дадам, што ў заходніх краінах палітык лічыцца ўплывовым, калі трапляе ў першую сотню (дарэчы, большасьць кангрэсмэнаў, сустрэчы зь якімі апазыцыянэраў “новай хвалі” падаюцца некаторымі выданьнямі як “міжнародны прарыў”, не ўваходзяць у амэрыканскую сотню — але гэта сапраўды ўплывовыя асобы). Нарэшце, пры інфармацыйнай блякадзе і спадзяваньні толькі на свае сілы актывісты КХП-БНФ сабралі за Пазьняка больш як 70 тысячаў подпісаў (гэта тое, што афіцыйна прызнала камісія Ярмошынай).

Сьцьвярджэньне ж, што толькі той “палітычна не памёр”, хто зойме пасаду прэзыдэнта, а астатнія нічога ня вартыя, — вельмі нагадвае прапанову скасаваць усе газэты і абмежавацца адной.

Прэса ня толькі паказвала Пазьняка асобай, непапулярнай сярод насельніцтва, — апошнія гады яна падкрэсьлівала, што Пазьняк згубіў папулярнасьць сярод беларускіх патрыётаў.

І вось — апытаньне на вэб-сайце Франака Вячоркі (сына Вінцука) — за каго б вы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах? У якасьці асноўных кандыдатаў аўтар сайту вызначыў трох — Домаша, Чыгіра і Ганчарыка, але дадзеныя і іншыя імёны (ад якіх, як напісаў аўтар, “нічога не залежыць”). Вынікі (на момант існаваньня сайту): Пазьняк — 34%, Домаш — 28; Быкаў — 15, Сурвілла — 8, Лукашэнка — 3, Чыгір — 2, Казлоўскі — 1. Як вядома, Сурвілла і Быкаў не вылучаліся на гэтых выбарах.

Газэта “Наша Ніва” праводзіла аналягічнае апытаньне на працягу некалькіх месяцаў. Там Пазьняк таксама аказаўся на першым месцы, набраўшы амаль удвая больш галасоў, чым Домаш. Тое, што Пазьняк працягвае заставацца нацыянальным лідэрам, можа камусьці не падабацца. Але гэта — факт.

Абектыўнае, крытычнае, нават жорсткае стаўленьне прэсы да палітыкаў — закон у цывілізаваных краінах. І было б дзіўным прапаноўваць у дачыненьні да нейкага палітыка ў Беларусі (альбо партыі, якую ён узначальвае) іншую танальнасьць. Стаўленьне можа быць станоўчым альбо адмоўным, але абавязкова — адпавядаць фактам.

Ад прэсы залежыць шмат. Калі б перад другім турам парлямэнцкіх выбараў у 1990 г. Вечерний Минск не надрукаваў, а рэгіянальныя газэты не перадрукавалі паклёпніцкі артыкул пра БНФ, — у Вярхоўным Савеце было б не 30 дэпутатаў БНФ, а 130, і гісторыя пайшла б іншым шляхам.

Каб у свой час журналісты сапраўды падтрымалі Пазьняка (як цяпер Домаша ды Ганчарыка), не ганьбячы за выказваньні, зь якімі потым самі пагаджаліся, — рэйтынг Пазьняка дазволіў бы яму яшчэ сем гадоў таму перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах (праўда, была яшчэ адна ўмова — каб у той час лідэры цяперашняй апазыцыі не прасоўвалі Лукашэнку). Аднак здарылася інакш.

Парадаксальна, але адносіны Пазьняка і прэсы настолькі сапсаваныя, што прэса ўжо ніяк ня здольная зьменшыць гэты самы рэйтынг. Пазьняк цяпер не залежыць ад СМІ, што сапраўды ўнікальна для палітыкаў, якія традыцыйна шукаюць падтрымкі журналістаў.

Але мне падаецца, што нават самыя зацятыя непрыхільнікі Пазьняка пачынаюць разумець, што гэтая фігура — незалежна ад таго, стане Пазьняк прэзыдэнтам ці не, — застанецца ў гісторыі Беларусі.

Надоўга застануцца і артыкулы пра яго.

Кажуць, адзін літаратурны крытык усю старасьць патраціў на выразаньне з падшывак бібліятэкаў тагачаснага СССР сваіх артыкулаў часоў барацьбы з “нацдэмамі”. Нібыта багата газэт папсаваў.

А ў Інтэрнэце ж нажніцамі не пастрыжэш…

Сяргей Навумчык, Прага


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0