МУЗЫКА

 

Сустрэча з Радзімай

Роздум пра катэгорыі часу і адноснасьці ў бардаўскай песьні

Усё ў сьвеце адносна. Гэтая катэгорыя закранае ў тым ліку і бардаўскую песьню, якая здольная часам пастарэць куды хутчэй, чым разьлічваюць ейныя аўтары. Зьмяняюцца жыцьцёвыя абставіны, і актуальнасьць песень траціцца, асабліва калі яны напісаныя былі на злобу дня. Тое датычыць і Сержука Сокалава-Воюша.

У свой час ён, з натуры трыбун, быў надзвычай запатрабаваны. Ягоная творчая душа кіпела ва ўнісон зь вірлівымі падзеямі. Песьні пісаліся хутка і гэтак жа хутка знаходзілі водгук у грамадзтве. Гэта былі хутчэй апэратыўныя праклямацыі, найлепшая зь якіх — “Фронт”. Аднак праклямацыя — жанр здрадлівы. Зьмяніўся “Фронт” не да спазнаньня, былы ягоны лідэр будзённа сышоў з арэны, а аўтар песьні, што ў тыя гады гучна заявіў “Мне чужых краёў ня трэба”, зьехаў з радзімы. Зьдзекавацца з гэтага не лічу дапушчальным, бо ў сказаным табой некалі можна адшукаць што хочаш!

Сокалава-Воюша называюць адным з пачынальнікаў беларускай бардаўскай песьні. Лухта! Бардаўская песьня гучала ў Беларусі ў выкананьні беларусаў яшчэ ці не да зьяўленьня Сержука на гэты сьвет. Што, Арона Крупа габрэйскім сьпеваком называць ці расейскім?! Бо сьпяваў “Все леса, леса, леса Белоруссии...” па-расейску? Ня мова дыктуе якасьць! Дрэнная, пустая, ніякая песьня толькі ганьбіць мову, на якой выконваецца. Можна растыражаваць дзясятак альбомаў, стаўшыся ў пэўных колах жывой легендай, а па-за межамі тых нешматлюдных колаў застацца ўсяго толькі графаманам ад гітары.

Мне хочацца паспрабаваць зьняць некаторы ажыятаж вакол цырымоніі, занадта гучна названай “прэзэнтацыяй” кампакт-дыску. Каб гэтыя запісы зьявіліся гадоў з восем таму, тады яны былі запатрабаваныя.

“Аксамітны вечар” — гэта годны ўзровень, цыкл пра касінэраў — магчыма, пэўная, аднак даволі лякальная паэтычная зьява. А вось песьні, якія можна было б назваць сатырычнымі... Што гэта? Што такое наагул — беларуская сатыра? Кандрат Крапіва? Міхась Скрыпка? Мікола Вяршынін? Песьні гэтыя, асабліва цяпер, успрымаюцца як анахранізм. Дый па мэлёдыях па-за плякатнасьць гэтыя аматарскія па сутнасьці творы не выходзяць.

Можна на працягу многіх гадоў ліць сьлёзы па страчанай дзяржаўнасьці, збэшчанай Пагоні, падраным сьцягу, зьнявечанай мове. Але чым далей, тым больш пазыцыя гэтая робіцца недарэчнай. Песьня “Фронт”, на жаль, маральна састарэла, а новых песень, на яшчэ большы жаль, на тым дыску я не пачуў. Тое, што запісана, вартае цяпер настальгічных пасядзелак у інтэрнацкім пакоі. Час паказаў, што ўсе тыя “высокамастацкія” енкі па мове, сьцягу, Пагоні адыходзяць. Можа, менавіта з-за таго, што мы залішне часу ды энэргіі аддалі, зьвяртаючыся да сумленьня і сьвядомасьці людзей, падчас апошніх выбараў канкрэтных дзеяньняў і было менш за ўсё! Зноў гучалі лёзунгі: “Нам нельга сысьці з гэтай плошчы!”, “На Менск ідуць калёны працоўных!”, “Заўтра пачнецца ўсебеларускі страйк!” І што? Для перамогі не хапіла нейкіх пяці мільёнаў галасоў. На плошчы гучаў новы “бард” Мікалай Трацьцякоў, гучаў Modern Talking. Песень Воюша чуваць не было. Можа, і добра, што ён аддаваў час працы на “Свабо-дзе”, не страсаў паветра, а займаўся нечым канкрэтным.

Сяргей Дубавец пісаў пра Сокалава-Воюша ў часопісе “Мастацтва” ў 1989 г., нібы прадказваючы сёньняшнюю сытуацыю: “Ён (Сокалаў-Воюш — Д.П.) заняты ня столькі самавыражэньнем, колькі забесьпячэньнем грамадзкага попыту на бардаўскую песьню, вершы, лёзунг і г.д.... Ён ня піша для вечнасьці...”.

Каб прэзэнтаваць гэты альбом, варта было б сабраць шматтысячны мітынг. І тады б Сяржук адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Ягоныя песьні пад дахам, у канцэртнай залі, — гэта ўжо нават не тэатральная ўмоўнасьць. Нельга сёньня сьпяваць “Фронт”, калі песьню тую будуць слухаць седзячы! Яна — марш, а гэта ў Беларусі цяпер ня самы папулярны жанр.

Вядома, што творы некаторых паэтаў набываюць шырокую аўдыторыю праз шмат гадоў пасьля таго, як аўтары пайшлі з жыцьця. І яны тады нібыта вяртаюцца да нас. Талент крытыка-публіцыста рэдка калі перасягае талент сапраўднага паэта. Яны могуць жыць у адзін час і пісаць пра адно і тое ж, але публіцыста забудуць ужо на 41-ы дзень. Паэта ж будуць цытаваць многія гады.

Аматарскі ўзровень станаўленьня нацыянальнага ў мастацтве, нават у бардаўскай творчасьці, прайшоў у нас настолькі імкліва, што ў тых, хто на той цягнік спазьніўся, страцілася адчуваньне часу. Пераканаць электарат, які жыве ў атачэньні няхай папсовай па сутнасьці, аднак прафэсійна зробленай музыкі, можна толькі творамі адпаведнага ўзроўню. Палітыкі-аматары ня здольныя перамагчы рэжым, як аматары-пііты — павесьці за сабой людзей. Ян Петшак у свой час напісаў маршавую песьню са словамі “Ад Таронта да Табольску каб жа Польска была Польскай” — і песьня тая зрабілася ня толькі неафіцыйным гімнам “Салідарнасьці”, але й аб’яднала ўсю краіну. Гучала яна і ў Віцебску на ІІ фэстывалі польскай песьні. Нам застаецца толькі спадзявацца на хуткае зьяўленьне аўтара гэткага маштабу.

Калі ён ці народзіцца тут, ці вернецца на радзіму...

Дзьмітры Падбярэскі

“Быліца пра Шыбара”

“…Сокалаў-Воюш уяўляецца мне найбольш выразным тыпам сучаснага беларускага адраджэнца. Даволі лёгка вызначаюцца прычыны і характар ягоных учынкаў. Ён менш інтымны, чым чысты паэт, і больш інтымны, чым Дзям’ян Бедны. Ягоная творчасьць – гэта сьвядомае спалучэньне розуму і інтуіцыі, інфармацыі і дзіва, густу і прымітыву”.

“...Ён ня піша для вечнасьці і сьвядома ідзе на тое, што сёньняшнія ягоныя заўзятары заўтра будуць сарамліва ўспамінаць пра яго як пра сэнтымэнтальны эпізод уласнага нацыянальнага сталеньня. ...Ён — гэта ўводзіны ў беларушчыну, якія перадаюцца з рук у рукі разам зь “Зямлёю пад белымі крыламі” Ў.Караткевіча. Вось што забясьпечвае яму вечнасьць. Яна блізкароднасная зь вечнасьцю Дзюма, Купэра, Лондана. Іхныя творы, пісаныя для дарослых, сталі выхавальнікамі дзяцей”.

Сяргей Дубавец, “Мастацтва Беларусі”, №10, 1989 г.

 

Стракатае “Адраджэньне капэлі”

На адкрыцьці ХІ фэстывалю “Адраджэньне беларускай капэлі” выступаў ансамбль “Клясык-авангард” пад кіраўніцтвам Уладзімера Байдава. Музыка гучала вельмі розная: бліскучыя апрацоўкі танцаў зь “Віленскага сшытку” і “Плянктаў” (касьцельных сьпеваў XVII—XVIII ст.), танцы Голанда і Ельскага, дзьве п’есы чэскага кампазытара Багуслава Марціну, новы і сымпатычны твор беларуса Вячаслава Кузьняцова з красамоўнаю назваю “Кіч-музыка”…

Праграма атрымалася стракатая — у кантрасьце са строгай манаграфічнасьцю ранейшых фэстываляў “Капэлі”. Піяніст Ігар Алоўнікаў зайграў ня толькі Тарасевіча, Манюшку і Агінскага, але і ўласныя транскрыпцыі з эўрапейскай клясыкі. Хор “Унія” выканаў царкоўныя сьпевы ўсіх магчымых стыляў, эпохаў і канфэсіяў. Сёньня ў касьцёле Сьв.Роха адбудзецца канцэрт вакальнай музыкі “Званы старое казкі...”, дзе прагучаць цыклі Шумана, Шубэрта і Брамса ў перакладах на беларускую Васіля Сёмухі.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0